Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Не спыняючыся, той машынальна палез у скрынку, дастаў нейкую кніжачку і працягнуў мне. Я хуценька схапіў яе і схаваў. Пакуль я расшпільваў паліто, каб дастаць грошы, ён павярнуў у падваротню, зачыніў за сабою варотцы і знік. З двара пачуліся яго цяжкія крокі, спярша па бруку, потым па драўнянай лесвіцы, а потым ужо нічога чуваць і не было. І раптам я таксама вельмі змарыўся і адчуў, што ўжо позна і што няблага было б вярнуцца дамоў. Я пайшоў баржджэй праз сонную ўскраіну, дабраўся да свайго раёна, дзе сярод парку на месцы старога гарадскога вала, у дагледжаных даходных дамах за газончыкамі і плюшчом жывуць чыноўнікі і дробныя ранцье. Міма плюшчу, міма газона, міма маленькай елачкі я прайшоў да ганка, намацаў куды ўсунуць ключ, знайшоў кнопку асвятлення, пракраўся міма шкляных дзвярэй, міма паліраваных шафаў і вазонаў з раслінамі і адамкнуў свой пакой, сваю маленькую ўяўную радзіму, дзе мяне чакалі фатэль і печ, чарніліца і эцюднік, Наваліс і Дастаеўскі, чакалі так, як чакаюць іншых, правільных людзей, калі тыя вяртаюцца дамоў, маці альбо жонка, дзеці, служанкі, сабакі, каты.

Калі я здымаў мокрае паліто, мне зноў на вочы ўскінулася тая кніжачка. Я дастаў яе, гэта была тонкая, дрэнна надрукаваная на дрэннай паперы кірмашовая брашурка, тыпу кніжак «Тым, што нарадзіліся ў студзені» альбо «Як за восем дзён скінуць дваццаць гадоў».

Але, уладзіўшыся ў фатэлі і начапіўшы акуляры, з са здзіўленнем, з раптоўным адчуваннем, што тут утачыўся сам лёс,

прачытаў на вокладцы назву: «Трактат пра Стэпавага ваўка. Не ўсім».

І вось які быў змест брашуры, якую я, з усё большай цікавасцю прачытаў адным духам.

Трактат пра стэпавага ваўка. Толькі вар'ятам

Жыў раз адзін нехта Гары, празваны Стэпавым ваўком. Ён хадзіў дзвюма нагамі, насіў вопратку і быў чалавекам, але ў сутнасці быў якраз стэпавым ваўком.

Ён навучыўся шмат з таго, чаго здольныя навучыцца людзі здаровага глузду, і быў даволі разумны. Але чаго ён не навучыўся, дык гэта быць задаволеным сабою і сваім жыццём. Гэта яму не ўдалося, чалавек ён быў насупа. Учынілася яно так, мабыць, таму, што ў глыбіні душы ён заўсёды ведаў (альбо думаў, быццам ведае), што ў істоце сваёй ён зусім не чалавек, а воўк са стэпу. Разумныя людзі хай сабе ў спрэчках сцінаюцца, ці быў ён сапраўды стэпавы воўк, ці быў ён, можа, нават да таго, як нарадзіўся, ператвораны нейкімі чарамі з ваўка ў чалавека, альбо ж ягоная перакананасць, што ён воўк, была ўсяго толькі прымарай, галюцынацыяй хворага чалавека. Можна ж, напрыклад, дапусціць, што ў маленстве чалавек ён быў дзікі і ваўкаваты, неакілзаны і неўпарадкаваны, што ягоныя выхаваўцы спрабавалі забіць у ім звера і тым самым прымусілі яго ўявіць і паверыць, што ён і насамрэч звер, толькі прыкрыты тонкім флёрам выхавання і чалавецкасці. Пра гэта можна доўга і цікава разважаць, можна нават напісаць цэлую кнігу на гэтую тэму; але Стэпаваму ваўку такія вымудры нічога не далі б, яму было ўсё адно, што менавіта абудзіла ў ім ваўка - хай тое чарадзейства, хай здзекі альбо ягоная фантазія. Што б ні думалі пра гэта іншыя людзі і што б ні думаў ён сам, нічога не мела яму аніякага значэння, бо вытруціць ваўка з яго не магло.

Дык вось у Стэпавага ваўка было дзве прыроды, чалавечая і воўчая; такі быў яго лёс, лёс, магчыма, не такі ўжо й адмысловы ды рэдкі. Ужо бывалі, кажуць, людзі, у якіх было нешта ад сабакі альбо ад ліса, ад рыбы альбо ад змяі, але яны нібыта не мелі праз гэта аніякіх клопатаў. У гэтых людзей чалавек і ліс, чалавек і рыба жылі побач, адзін аднаму не заважаючы, яны нават дапамагалі адно аднаму, і людзі, якія далёка пайшлі і якім зайздросцілі, часта заўдзячаліся сваім шчасцем хутчэй лісу ці малпе, аніж чалавеку. Гэта ж усім вядома. А ў Гары ўсё было інакш, чалавек і воўк у ім не ўжываліся і ўжо ж пагатоў не дапамагалі адно аднаму, а заўсёды смяротна варагавалі і толькі знясільваліся, а калі ў адной душы і ў адной крыві сыходзяцца два заклятыя ворагі, дык чаго такое жыццё вартае. У кожнага ж свая доля, ні ў кога яна не лёгкая.

У нашага Стэпавага ваўка было так, што, адчуваючы сябе то ваўком, то чалавекам, ён, як усе, у кім замясіліся два пачаткі, быў адмысловы ў тым, што, калі быў ваўком, чалавек у ім чакаў, будучы назіральнікам і суддзёю, а калі быў чалавекам, акурат тое ж самае рабіў воўк. Напрыклад, калі Гары, як што ён быў чалавек, азарала яркая думка і ён насіў у сабе вытанчаныя, высакародныя пачуцці альбо ўчыняў так званае дабро, дык воўк у ім адразу ж ашчэрваўся, смяяўся і з крывавым здзекам паказваў яму, які ён пацешны і карыкатурны, як не красіць увесь гэты рафінаваны спектакль стэпавага звера, ваўка, які выдатна ведае, што яму да душы, а менавіта - гойсаць адзінцом па стэпах, часам хлябтаць кроў альбо ўгоньвацца за ваўчыхай, - і любы чалавечы ўчынак, убачаны воўчымі вачыма, рабіўся тады страшэнна смешным і недарэчным, дурным і марным. Але якраз бо тое самае здаралася і тады, калі Гары адчуваў сябе ваўком і трымаўся ваўком, калі ён паказваў людзям зубы, калі адчуваў нянавісць і смяротную варожасць да ўсяго людства, да іх ілжывай манернасці, да іх перапсаваных нораваў. Тады ў ім насцярожваўся чалавек, і чалавек сачыў за ваўком, называў яго жывёлай і зверам, і засмучаў, і атручваў яму любую радасць ад яго простай, здаровай і дзікай ваўчынай ухваткі.

Вось як яно было ў Стэпавага ваўка, і можна сабе ўявіць, што жыццё ў Гары было не вельмі прыемнае і шчаслівае. Але гэта не азначае, што ён быў нешчаслівы ў нейкай асаблівай меры, хоць яму самаму менавіта так і здавалася, бо кожны ж чалавек лічыць пакуты, якія выпалі на яго долю, найвялікшымі. Так нельга казаць ні пра каго. І той, у кім няма ваўка, не канечне шчаслівы менавіта з гэтай прыгоды. Ды і ў самым нешчаслівым жыцці пракідаюцца свае вельмі светлыя часіны і свае кветачкі шчасця сярод пяску і камення. Так было і ў Стэпавага ваўка. Большасцю ён бываў вельмі няшчасны, гэтага не аспрэчыш, і рабіў няшчаснымі іншых - калі любіў іх, а яны яго. Бо ўсе, каму здаралася палюбіць яго, бачылі толькі адзін ягоны бок. Шмат хто любіў яго як тонкага, разумнага і самабытнага чалавека і потым, калі раптам ашчэрваўся ў ім воўк, жахаліся і запаняверваліся. А не выявіць яны не маглі, бо Гары, як і кожны, хто хацеў, каб яго любілі ўсяго цалкам, не мог схаваць за ілжою ваўка менавіта ад тых, чыя любоў мела для яго вагу. Але былі і такія, якія любілі ў ім якраз ваўка, якраз свабоду, дзікасць, небяспечную неацуглянасць, і іх ён зноў жа страшэнна расчароўваў і засмучаў, калі раптам выяўлялася, што гэты дзікі, злосны воўк - яшчэ і чалавек, яшчэ і сумуе па дабрыні і ласцы, яшчэ і хоча слухаць Моцарта, чытаць вершы і мець чалавечыя ідэалы. Менавіта гэтыя «такія» звычайна і перажывалі асабліва вялікае расчараванне і асаблівую злосць і прыкрасць, і таму Стэпавы воўк уносіў ва ўсе чужыя лёсы, да якіх прычыняўся, сваю дваістасць і раздвоенасць.

Але хто думае, нібыта ведае Стэпавага ваўка і здольны ўявіць сабе яго жалю вартае, растурзанае супярэчнасцямі жыццё, той памыляецца, ён ведае далёка не ўсё. Ён не ведае (а правілаў жа без выключэнняў няма, і адзін грэшнік пры нагодзе мілейшы Богу за дзевяноста дзевяць праведнікаў), што ў Гары таксама ж бывалі шчаслівыя выключэнні, што ў ім часам воўк, а часам чалавек дыхаў, думаў і адчуваў на поўніцу сваёй сілы, што, бывала, нават у вельмі рэдкія часіны, яны заключалі мір і жылі ў добрай згодзе, прычым не проста адзін спаў, калі другі чуваў, а абодва падтрымлівалі адзін аднаго і кожны рабіў другога ўдвая мацнейшым. Часам і ў жыцці Гары, як усюды ў свеце, усё звыклае, буднае, знаёмае і правільнае мела, здавалася, адзіную мэту - адпачыць хвіліну-другую, прыпыніцца і саступіць месца нечамусь незвычайнаму, цуду, мілаце. А ці палягчалі, а ці памякчалі гэтыя кароткія, рэдкія часіны шчасця ліхую долю Стэпавага ваўка, ці ўраўнаважваліся пакута і шчасце, ці кароткае, але моцнае шчасце тых нячастых часінаў, не кажучы ўжо, ці перакрывала ўсю сукупнасць пакутаў, - гэта ўжо іншае пытанне, над якім хай варочаюць глуздамі людзі, якія прывыклі да марнай траты часу. Думаў над ім часта і Стэпавы воўк, і гэта былі яго пустыя і бескарысныя дні.

Але тут след укінуць яшчэ адну заўвагу. Людзей тыпу Гары на свеце - пропадзь, і да гэтага тыпу належаць, у прыватнасці, многія мастакі. Ува ўсіх гэтых людзей дзве душы, дзве істоты, боскі пачатак і д'ябальскі, матчына і бацькава кроў, здольнасць да шчасця і здольнасць да пакуты змяшаліся і перамяшаліся ў іх гэтак сама варожа і бязладна, як чалавек і воўк у Гары. І гэтыя людзі, чыё жыццё

досыць неспакойнае, адчуваюць часам у свае рэдкія імгненні шчасця такую сілу, такую неверагодную прыгажосць, шумавінне імгненнай талані падымаецца часам настолькі высока і сляпуча над морам пакуты, што прамяні ад той кароткай успышкі шчасця даходзяць і да іншых і іх зачароўваюць. Так, каштоўным лятучым шумам над морам пакуты, узнікаюць усе тыя творы мастацтва, дзе адзін пакутнік на гадзіну падняўся над сваім лёсам аж так высока, што ягонае шчасце ззяе, як зорка, і ўсім, хто бачыць гэтае ззянне, яно здаецца нечым вечным, здаецца яго асабістай марай пра шчасце. Ува ўсіх такіх людзей, як бы ні называліся іхнія дзеі і творы, жыцця, калі шчыра, бадай што і няма, гэта значыць, іхняе жыццё не ёсць быццё, не мае пэўнай формы, яны не героі, не мастакі, не мысляры ў тым разуменні, у якім іншыя з'яўляюцца суддзямі, урачамі, шаўцамі альбо настаўнікамі, не, іхняе жыццё - гэта вечны, пакутлівы рух і хваляванне, яно няшчаснае, яно стурзанае і растурзанае, яно жахлівае і бессэнсоўнае, калі не лічыць сэнсам якраз тыя рэдкія падзеі, дзеі, думкі, творы, што ўспыхваюць над хаосам іхняга жыцця. У асяроддзі людзей гэтага тыпу ўзнікла небяспечная і страшная ідэя, што, можа, усё жыццё чалавечае - проста ліхая памылка, праматчын скідзень, дзікі, жахліва няўдалы эксперымент прыроды. Але ў іх жа асяроддзі ўзнікла і другая ідэя - што чалавек, магчыма, не проста жывёла, надзеленая пэўным розумам, а дзіця багоў, якому наканавана неўміручасць.

У кожнага чалавека ёсць свае прыкметы, ёсць адмысловыя рысы, у кожнага свае даброці і заганы, у кожнага - свой смяротны грэх. У Стэпавага ваўка гэта тое, што ён быў чалавекам вечара. Раніца ў яго была кепскай парою, якое ён баяўся і якая ніколі не прыносіла яму нічога людзкага. Ніколі ў жыцці раніцай ён не быў па-сапраўднаму вясёлы, ні разу не было, каб з раніцы ён зрабіў нешта добрае, раніцай яму ніколі не прыходзіла ў галаву ніякай добрай думкі, ні разу з раніцы ён і сабе нічога добрага не рабіў, не тое што, каб яшчэ і іншым. Толькі пасля полудня ён патроху цяплеў і ажыўляўся, і адно толькі ўжо падвечар, і тое ў добрыя дні, бываў плённы, дзейсны, а часам палкі і радасны. З гэтым і была звязана яго патрэба ў самоце і незалежнасці. Ніхто ніколі не адчуваў больш за яго пільнай патрэбы ў адзіноце. Яшчэ замаладзь, калі быў бедны і цяжка зарабляў на хлеб, ён галадаў і насіў на сабе ўсякія транты, але затое меў хоць якую там, але ж незалежнасць. Ён ніколі не прадаваўся ні за грошы, ні за якія даброты, ні жанчынам, ні магутам свету гэтага і, каб захаваць сваю свабоду, сотні разоў адкідаў тое, што іншыя лічылі ягоным шчасцем і выгодай. Нічога на свеце не было яму больш ненавісным і страшным, чым простая подумка, што што след яму засесці нейкую пасаду, неяк размеркаваць дзень і год, падпарадкоўвацца іншым. Кантора, канцылярыя, службовае памяшканне былі яму страшныя, як смерць, а самае кашмарнае, што магло прысніцца, быў палон казармы. Ён умеў ухіляцца ад усяго гэтага, часам цаною вялікіх ахвяраў. Тут праяўлялася яго сіла і годнасць, тут ён быў непахісны і непадкупны, тут яго нораў быў цвёрды і адназначны. Аднак з гэтай годнасцю былі зноў жа цесна звязаныя яго пакуты і лёс. Адбывалася з ім тое, што адбываецца з усімі: чаго ён шукаў і да чаго імкнуўся самымі глыбіннымі памкненнямі сваёй натуры, якраз яно і выпадала яму, але ў такой вялікай дозе, што ўжо не ішлося людзям на ніякае дабро. Спачатку гэта было яго марай і шчасцем, потым стала горкай доляй. Хто любіць уладу, памірае ад улады, хто любіць срэбра, памірае ад грошай, раб - ад рабства, шукальнік асалодаў - ад асалодаў. Так і Стэпавы воўк марнеў і гібеў ад сваёй незалежнасці. Ён дамогся жаданай мэты, ён рабіўся ўсё больш і больш незалежны, ніхто не мог яму нічога ўказаць, ні да кога ён не меўся прыстасоўвацца і, як яму паводзіцца, вызначаў сабе сам. Кожны моцны чалавек канечне дасягае таго, шукаць чаго собіць яго толькі ягоная ж натура. Але сярод дасягнутай свабоды Гары раптам адчуў, што свет неяк злавесна пакінуў яго ў спакоі, што яму, Гары, не да людзей і нават не да самога сябе, што ён спакваля задыхаецца ва ўсё больш пустым паветры адзіноты і ізаляцыі. Сталася так, што быць аднаму і быць незалежным - гэта ўжо не ягоная мара, не ягоная мэта, а ягоная доля, яго наканаванне - што чароўнае жаданне задумана і не можа быць адменена, што ён ужо нічога больш не паправіць, як бы ні прагнуў таго ў нудоце, як бы ні памыкаўся добрай воляй і гатовасцю да яднання з супольнасцю: цяпер яго пакінулі сам-насам з сабою. Пры гэтым ён зусім не абуджаў нянавісці і не быў агідны людзям. Больш за тое, у яго было вельмі шмат сяброў. Многім ён падабаўся. Але гэта была толькі сімпатыя і ветлівасць, яго запрашалі, яму дарылі дарункі, ліставаліся з ім мілымі пісьмамі, але збліжацца ніхто не збліжаўся, яднання не ўзнікала нідзе, ніхто не хацеў ды і не быў здольны дзяліць з ім ягонае жыццё. Вакол было цяпер паветра адзінокіх, тая ціхая атмасфера, тое аддаленне асяроддзя, тая няздатнасць да кантактаў, супроць чаго не мае сілы нават самая палкая воля. Гэта была, нябось, ці не самая важная пазнака яго жыцця.

Іншай адмысловасцю была яго прыналежнасць да самагубцаў. Тут след зазначыць, што няправільна называць самагубцамі толькі тых, хто сапраўды канчае з сабою. Сярод гэтых шмат нават такіх, якія робяцца самагубцамі, так бы мовіць, толькі чыста тэарэтычна, выпадкова, бо самагубства не ёсць іх унутраная патрэба. Сярод людзей не надта яркіх, людзей бляклага лёсу, сярод стадных людзей шмат хто накладвае на сябе рукі, але сваім складам і характарам яны зусім не належаць да тыпу самазабойцаў, і зноў жа вельмі многія, бадай, ці не большасць з тых, хто па сутнасці сваёй уваходзяць у тып самагубцаў, насамрэч ніколі самахоць не ідуць з жыцця. «Самагубца» - а Гары быў якраз такі - не мусова павінен жыць у асабліва цесных стасунках са смерцю, так можна жыць і не будучы самазабойцам. Але самагубцу ўласціва тое, што ён глядзіць на сваё «я» - няважна з поўным на тое правам, а ці не, - як на нейкі небяспечны, ненадзейны і бездапаможны ўтвор прыроды, што ён здаецца сабе вельмі неабароненым, нібыта стаіць на вузкай вяршыні скалы, дзе дастаткова маленькага знешняга штуршка альбо малюпасенькай унутранай слабінкі, каб сарвацца ў бездань. Лёс гэтага тыпу пазначаны тым, што самагубства для іх найбольш верагодны спосаб памерці, прынамсі, у іх уяўленні. Прычынай такой настраёвасці, прыкметнай ужо ў ранняй маладосці, пагатоў у астатнім жыцці, не ёсць нейкі няма ладу які асаблівы недахоп жыццёвай сілы, наадварот, сярод «самагубцаў» пракідаюцца незвычайна ўпартыя, жыццепрагныя і адважныя натуры. Але падобна на тое, як ёсць людзі, схільныя да гарачкі пры самай нікчэмнай хваробінцы, людзі, якіх мы называем «самагубцамі» і якія заўсёды вельмі ўражлівыя і адчувальныя, схільныя пры самым нязначным узрушэнні зацята аддавацца думкам пра самазабойства. Была б у нас навука з дастатковай мужнасцю і дастатковым пачуццём адказнасці, каб займацца чалавекам, а не проста механізмамі жыццёвых працэсаў, было б у нас нешта падобнае на антрапалогію, на псіхалогію, дык пра гэтыя факты ведалі б усе.

Сказанае намі пра самагубцаў тычыцца, вядома, адно знешняга аспекту, - гэта псіхалогія, а значыцца, вобласць фізікі. З метафізічнага гледзішча ўсё інакш і нашмат больш ясна, бо пры такім падыходзе да яго «самагубцы» паўстаюць перад намі з пачуццём віны за сваю адасобленасць, паўстаюць душамі, якія бачаць сваю мэту не ў самаўдасканаленні і сваёй дасканаласці, а ў самаразбурэнні, у вяртанні да маці, да Бога, да сусвету. Вельмі многія з гэтых натураў зусім не здольныя ўчыніць калі-небудзь рэальнае самазабойства, бо глыбока прачулі яго грэшнасць. Але для нас яны ўсё ж самагубцы, бо збавенне яны бачаць у пагібелі, а не ў жыцці і гатовыя ахвяраваць сабою, знішчыць сябе і вярнуцца да пачаткаў.

Поделиться с друзьями: