Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:

Усiх пачвараў хацелася табе аблашчыць. Цёплае дыханне, крыху мяккай поўсцi на лапах - i ты ўжо гатовы любоўна павабiць яе да сябе.

Любоў - небяспека самотнiку, любоў да ўсяго, калi яно толькi жывое! Праўда ж, смешная мая дурнота i мая сцiпласць у любовi!.."

Так сказаў Заратустра i зноў засмяяўся; але тут ён згадаў сваiх пакiнутых сяброў i, нiбыта ў думках звiнавацiўшыся перад iмi, угневаўся на сябе за такiя думкi. I яшчэ ў смеху заплакаў: ад гневу i маркоты горка плакаў Заратустра.

Пра вiдзежы i здагадку

1

Калi сярод матросаў пайшлi

чуткi, што на караблi Заратустра, - бо разам з iм на карабель узышоў яшчэ адзiн чалавек са шчасных выспаў, - усiх разабрала цiкаўнасць, усе чагось чакалi. Але Заратустра маўчаў два днi, быў халодны i глухi ад смутку i не адказваў нi на позiркi, нi на пытаннi. А пад вечар другога дня прачнуўся яго слых, хоць ён па-ранейшаму маўчаў; а на гэтым караблi, якi прыплыў здалёк i меўся плысцi яшчэ далей, можна было пачуць пра многiя дзiвосы i небяспекi. А Заратустра быў сябар усiм, хто робiць далёкiя падарожжы i не можа жыць без рызыкi. I вось, пакуль ён прыслухоўваўся да гаворак, развязалiся аковы яго языка, i зламаўся лёд на сэрцы, i ён пачаў гаварыць так:

"Вам адважным шукальнiкам, даследчыкам i ўсiм, хто пад хiтрымi ветразямi iшоў у жудасць мора,

– вам, упiтым загадкамi, радым мiгатлiваму сумнiўнаму святлу, чые душы пад гукi жалеек iмкнуцца ўведаць падманлiвыя безданi,

– бо вы не хочаце нясмелай рукою намацваць нiтку; i там, дзе вы можаце адгадаць, вы ненавiдзiце рабiць высновы,

– вам толькi раскажу я загадку, якую бачыў я, - твор самотнiка.

Панура iшоў я нядаўна ў мярцвяна-бледных поцемках. Ужо не адно сонца зайшло для мяне.

Сцежка, якая ўпарта лезла сярод камянёў, незадаволеная, адзiнокая, - нi травы, нi кустоў абапал - горная сцежка храбусцела пад настырнасцю маiх ног.

Моўчкi ступаючы сярод насмешлiвага шабуршання дробнага камення, расцiраючы на пыл кожны, аб якi спатыкалася мая нага, я намагаўся падняцца ўгору.

Угору - насуперак духу, якi цягнуў мяне ўнiз, у прорву, насуперак Духу Цяжару - дэману i майму заклятаму ворагу.

Угору - хоць ён сядзеў на мне, паўкрот, паўтрус; кульгавы, ён i мяне спрабаваў зрабiць кульгавым; ён улiваў мне волава праз вушы ў мазгi - i думкi рабiлiся, быццам кроплi волава.

"О Заратустра, - пакеплiва шаптаў ён.
– О камень мудрасцi! Ты высока падкiнуў сябе, але кожны кiнуты камень павiнен упасцi!

О Заратустра, камень мудрасцi, шпурнуты з прашчы, ты знiшчальнiк зорак! Як высока ты кiнуў сябе, але кожны кiнуты камень павiнен упасцi!

Прысуджаны да самога сябе i да самапабiвання камянямi: о Заратустра, высока падкiнуў ты камень, але ён упадзе на цябе!

I тут карлiк замоўк, i надоўга. Але ягонае маўчанне цiснула на мяне; i праўда, часам удвух бывае табе больш самотна, чым аднаму.

Я ўсё падымаўся, я падымаўся, я мроiў, я думаў; але ўсё цiснула мяне. Я быў падобны на хворага, стомленага цяжкiмi пакутамi, якога - ледзь толькi засне - будзiць яшчэ горшы сон.

Але ўва мне ёсць нешта, што я называю мужнасцю: яна заўсёды забiвала ўва мне маркоту. Гэта мужнасць змусiла мяне спынiцца i сказаць: "Карлiк! Цi ты! Цi я!"

Мужнасць - найменшы

забойца, мужнасць, якая нападае: бо ў кожным нападзе гучыць урачыстая музыка.

А чалавек - сама мужны звер: дзякуючы гэтаму ён i перамог усiх астатнiх. Гучнай iгрою ён пераадолеў боль; а чалавечы ж боль - сама глыбокi.

Мужнасць - смертаносная, калi з ёю лунаць над безданню, а чалавек жа заўсёды на краi безданi! Хiба "бачыць" не азначае "бачыць бездань"?

Мужнасць - сама спраўны забойца: яна забiвае нават спагаду. А спагада найглыбейшая бездань: бо як глыбока сягае чалавечы позiрк у жыццё, гэтак жа глыбока сягае ён i ў спагаду.

Мужнасць - найлепшы забойца, мужнасць, якая нападае: i самую смерць яна забiвае, бо пытаецца: "Дык гэта было жыццё? Дарма! Яшчэ раз!"

Многа пераможных акордаў у гэтых словах. Хто мае вушы, хай чуе!"

2

"Стой, карлiк!
– сказаў я.
– Я! Цi ты! Але ж я дужэйшы з нас двух: ты не ведаеш яшчэ маiх бяздонных думак! Iх цяжар табе не па сiле!"

I тут мне палегчала: настырны карлiк саскочыў з маiх плячэй! Ён цыгнуў на блiжэйшы камень; мы спынiлiся якраз каля брамы, праз якую iшла дарога.

"Зiрнi на гэтую браму, карлiк!
– сказаў я.
– У яе два твары. Дзве дарогi сыходзяцца тут: па iх яшчэ нiхто не праходзiў да канца.

Гэтая доўгая дарога назад - яна доўжыцца вечнасць. I гэтая доўгая дарога наперад - другая вечнасць.

Яны супярэчаць адна адной, гэтыя дарогi; яны тут сутыкаюцца лбамi, i тут, каля гэтай брамы, яны i сыходзяцца. А назва ў гэтай брамы напiсана ўгары, над ёю: "Iмгненне".

Але калi хто пойдзе па адной каторай далей - усё далей i далей - цi думаеш ты, карлiк, што яны будуць вечна супярэчыць адна адной?"

"Усё простае хлусiць, - пагардлiва адказаў карлiк.
– Уся праўда - крывая, а сам час - кола".

"Ты, Дух Цяжару!
– сказаў я гнеўна.
– Цi не завельмi лёгка ты рашаеш гэта пытанне? Глядзi, а то пакiну цябе, клышку, сядзець, дзе сядзiш, а я ж цябе нёс угору!

Глянь, - сказаў я далей, - глянь на гэта iмгненне! Ад брамы iмгнення iдзе доўгая, вечная дарога назад: за намi - вечнасць.

Цi не павiнна быць так: усё, што можа адбыцца, ужо калiсьцi прайшло гэтай дарогай, ужо адбылося i мiнула?

I калi ўсё ўжо было, дык што ты думаеш пра гэта Iмгненне, карлiк? Цi не павiнна быць так: гэтая брама - таксама была?

I цi не звязаны ўсе гэтыя рэчы памiж сабою так моцна, што iмгненне цягне за сабою ўсё наступнае? А значыцца - яшчэ раз самое сябе?

Бо ўсё, што можа стацца на гэтай доўгай дарозе наперад - павiнна адбыцца яшчэ раз!

I гэты марудлiвы павук, якi паўзе ў месячным святле, i само месячнае святло, i мы з табою, калi шэпчамся каля брамы пра вечныя матэрыi, - хiба ўсяго гэтага ўжо не было калiсьцi?
– i цi не павiнны мы вяртацца i праходзiць па той дарозе, што ляжыць перад намi, далей, наперад па доўгай i страшнай дарозе: цi не павiнны мы ўсе вечна вяртацца?"

Так казаў я, усё цiшэй i цiшэй: бо я спалохаўся сваёй думкi i далёкага, таемнага намыслу. I раптам я пачуў, як завыў сабака.

Поделиться с друзьями: