Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:

Пра вялiкае тамленне

"О душа мая, я навучыў цябе гаварыць "Сёння", i "Колiсь", i "Раней", i навучыў карагодзiць над усiмi "Тут", "Туды", i "Там".

О душа мая, з усiх закуткаў я вывеў цябе i ачысцiў ад пылу, павуцiны i мораку.

О душа мая, я змыў з цябе дробны сорам i загуменную цноту i пераканаў стаяць голай пад позiркам сонца.

Бурай, iмя якой - дух, бушаваў я над расхваляваным морам тваiм; усе хмары я разагнаў над табою i задушыў душагуба, якi называецца "Грэх".

О душа мая, я даў табе права казаць "Не", як кажа гэтая бура, i

казаць "Так", як адкрытае чыстае неба: ты спакойная цяпер, быццам святло, i праходзiш праз усе буры адмаўлення.

О душа мая, я вярнуў табе свабоду над усiм створаным i няствораным: i хто ведае, як ведаеш ты, асалоду будучынi.

О душа мая, я навучыў цябе пагардзе, але не той, што прыходзiць, нiбы чарвiвасць, а вялiкай пагардзе, якая любiць, якая тады любiць больш за ўсё, калi больш за ўсё пагарджае.

О душа мая, я навучыў цябе пераконваць так, што пераконваеш ты i самыя асновы: падобна сонцу, якое пераконвае мора падняцца да сваiх вышыняў.

О душа мая, я зняў з цябе ўсякае паслушэнства, кленчанне i падуладнасць, я даў табе iмя "Пагарда бедаў" i "Лёс".

О душа мая, я даў табе новыя iмёны i цацкi i назваў цябе: "Лёс", "Кола колаў", "Пупавiна часу" i "Блакiтны звон".

О душа мая, твайму царству зямному даў я адпiць усякае мудрасцi, усiх новых вiнаў, а таксама ўсiх незабыўна-старых вiнаў мудрасцi.

О душа мая, святло многiх сонцаў вылiў я на цябе, цемру кожнай ночы, i ўсякую тугу i маўчанне: i вось - вырасла ты ў мяне, быццам лаза вiнаградная.

О душа мая, цяжкая плодам сваiм, быццам лаза вiнаградная, стаiш ты перада мною, з набрынялымi саскамi i цёмнымi, густа навiслымi залацiстымi гронкамi:

– збянтэжаная i прыгнечаная шчасцем, поўная чакання ў надмеры сваiм i ў сораме ад гэтага чакання.

О душа мая, нiдзе няма i не было падобнай да цябе, з большай любоўю, шырокай i ўсеахопнай! Дзе будучыня i мiнуўшчына сыходзiлiся б блiжэй, чым у табе?

О душа мая, я ўсё аддаў табе, i дзеля цябе апусцелi рукi мае. I вось! Цяпер ты гаворыш мне з усмешкай, поўная смутку: "Хто ж з нас павiнен дзякаваць:

– цi павiнен дзякаваць дарыльнiк, што ўзяў у яго той, хто бярэ? Дарыць цi гэта не патрэба есцi? Браць - цi не ёсць гэта спагада?"

О душа мая, я разумею ўсмешку смутку твайго: цяпер плод твой сам цягне журботныя рукi!

Паўната твая пазiрае на шумнае мора, шукае i чакае; туга ад надмеру глядзiць праз неба вачэй тваiх!

I сапраўды, о душа мая! Хто, бачачы ўсмешку тваю, не сплываў бы слязьмi? Самi анёлы лiлi б слёзы перад мiлатою ўсмешкi тваёй!

Твая даброць i твая звышдабрыня не хочуць скардзiцца i плакаць: але самая ўсмешка твая сплывае жаданнем слёз, i дрыготкiя вусны - прагаю галашэння.

"Усякi плач цi не ёсць скарга? I ўсякая скарга цi не ёсць абвiнавачанне?" - так ты кажаш сабе, i лепей усмiхаешся, чым слязьмi вылiваеш цярпеннi свае:

– патокамi слёз вылiць твае цярпеннi ад твайго надмеру i тамлення вiнаграднай лазы па вiнаградары з ягоным нажом!

Але калi не хочаш галасiць, не хочаш выплакаць пурпуровую скруху, табе дадзена будзе спяваць, о душа

мая! Глядзi, я ўсмiхаюся сам, прадвяшчаючы табе гэта:

– табе дадзена будзе спяваць песню цярпенняў, пакуль моры не ацiхнуць, прыслухоўваючыся да тамлення твайго,

– пакуль на цiхай змаркочанай роўнядзi мора не паявiцца човен, залаты цуд, вакол золата якога кружляцьме ўсё добрае, благое i нябачнае;

– i мноства звяроў, вялiкiх i малых, i ўсе цудоўнае, легканогае, будзе бегаць па блакiтных сцежках,

– туды да залатога цуду, да вольнага чоўна i ягонага гаспадара - да вiнаградара, якi чакацьме з алмазным сваiм нажом,

– да твайго вялiкага збаўцы,о душа мая, - пакуль яшчэ безназоўнага; толькi песнi будучынi знойдуць яму iмя! I сапраўды, ужо водарыць дыханне тваё гэтымi песнямi;

– ужо палаеш i мроiш ты, ужо п'еш суцяшэнне з усiх глыбокiх, звонкiх крынiц, ужо адпачывае туга твая ў шчасцi будучых песень!

О душа мая, цяпер я аддаў табе ўсё, нават сваё апошняе, i дзеля цябе апусцелi мае рукi: я загадаў табе спяваць - вось маё апошняе!

Я загадаў табе спяваць, дык скажы мне, скажы: хто з нас павiнен дзякаваць?
– Зрэшты, не, лепей спявай мне, спявай, о душа мая! I дазволь мне дзякаваць табе!"

Так сказаў Заратустра.

Другая скочная песня

1

"У вочы твае я заглянуў нядаўна, о Жыццё: блiшчала золата ў начы тваiх вачэй - i змоўкла маё сэрца перад палкiм жаданнем:

– я ж бачыў, як залаты човен блiшчаў на цёмнай вадзе, як знiкаў i як зноў паяўляўся, ныраў, вынырваў i да сябе вабiў, залаты човен-гушкалка!

На мае ногi, што парываюцца ў скокi, ты кiнула позiрк - смяшлiвы, пытальны, гарачы, п'янкi.

Сваiмi маленькiмi ручкамi ты толькi двойчы кранула кастаньеты - i вось ужо ногi мае ажылi, адурманеныя танцам.

Пяты адрывалiся ад зямлi, пальцы ног быццам прыслухоўвалiся, каб цябе зразумець: бо слых у танцора - у пальцах яго ног!

Я памкнуўся да цябе - i адступiлася ты ад мяне; зашалясцелi, узляцелi, узвiлiся на мяне хвалi тваiх валасоў!

Ад цябе i ад гэтых змей адхiснуўся я: i спынiлася ты, крыху адвярнуўшыся, i палкае жаданне гарэла ў паглядзе тваiм.

Хiтрымi позiркамi вучыш мяне ты дарогам крывым; на дарогах крывых вучацца хiтрасцi ногi мае!

Зблiзку я баюся цябе, здалёку - абагаўляю; твае ўцёкi вабяць, твой позiрк зысклiвы - спыняе: я пакутую, але чаго я не адцярпеў бы дзеля цябе!

Дзеля цябе, чый холад успалымняе, чыя нянавiсць чаруе, чые ўцёкi прывязваюць, чые кпiны хвалююць:

– хто не адчуваў нянавiсцi да цябе - якая скоўвае, аблытвае, спакушае, шукае, здабывае! Хто не любiў цябе - невiнаватую, нецярплiвую, шалапутную грэшнiцу з вачыма дзiцяцi!

Куды надзiш мяне цяпер, ты - верх дасканаласцi i неўтаймавальнасцi? I зноў уцякаеш - салодкая i няўдзячная ветрагонка!

У танцы iмкнуся я за табою, па найменшым следзе, табою пакiнутым. Дзе ты? Падай мне руку! Хоць адзiн пальчык падай!

Тут пячоры i зарасцi: можна заблудзiцца! Стой! Пачакай! Хiба не бачыш ты, як праносяцца совы i кажаны?

Поделиться с друзьями: