Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы
Шрифт:
…А каб свінні паздыхалі і хата згарэла, як мне гэта прымачае жыццё надаела!..

Ці гэтую — журботна-задушэўную:

…Як хороше, як весело на білім світі жить! Чому ж у мене серденько І ние, и болить?..

Людзі стаялі, слухалі, і людзям было добра. То задумацца можна, то весела стане, то засумуецца. Так па-святочнаму, незвычайна.

Бо вось паселі гэтыя двух каля плота, адзін нават выцягнуў на траве кавялу. Гэта Ўладзік, што

з Вялікай Айчыннай прыйшоў без нагі. Антосю ж яшчэ ў першую сусветную паадбівала пальцы на правай руцэ. Першаму будзе за шэсцьдзесят, і не ведаючы пазнаеш, а другому ўжо і на восьмы дзесятак трохі пайшло. Можна сказаць: лебядзіная песня. Правалачы сваю безліч дзён і начэй праз войны, нястачы, трывогі, некалькі зменаў улады — тут можна і стаміцца, і засумаваць. А людзі гэтыя спяваюць! Так шчыра, хораша. На два галасы. Нягучна, аднак яшчэ ўсё молада. І ім самім, відаць, таксама добра. І сумна і добра. Можа, нават і так, як бывала ў іх рэдка калі…

Як і нам цяпер, хлопцы, сябры мае, ужо таксама даўнія, не ўчарашнія партызаны.

Маёр Асмалоўскі

Вось так. А цяпер мне — думай, як ад такой узнёсласці вярнуцца зноў да смеху?

Што ж, і ў жыцці яно так: бывае самае нечаканае чаргаванне.

…Дык мы сядзім сабе, спяваем за сталом. Акно адчынена ў зялёны сад, асветлены з хаты. І раптам у гэтае акно з таго саду даволі спрытна гоцнуў чалавек, якога я прывык лічыць… бадай што і нябожчыкам.

Ускочыў, выхапіў з-пад пінжака (пад гальштукам!) добры аполак сала, пляснуў яго на стол, сказаўшы: «Мой уклад!» — і працягнуў мне цераз стол руку:

— Здароў, Антонавіч!

— Сідар — ты?! — гукнуў я міжволі.

— Сідар — я! — адказаў ён у тон мне і засмяяўся: — Хрыстос васкрэсе, браток!

І трэба ж было (і такое бывае), што зранку дома, тады на рэчцы, пасля зноў дома — і ніхто мне ані слова пра тое, што Сідар-гоп і сапраўды ўваскрос, другі ўжо раз пасля вайны!..

Пра Сідара пачнём з мянушкі. Проста ён смешна танцаваў, няўдала падскокваючы ды падрыгваючы ў польцы, а то і ў вальсе, таксама без толку і ладу. Калісьці, гледзячы збоку, Уладзік Чыркун падбадзёрваў яго: «Сідар — гоп!», гэтае «гоп» падхапілі мы, падшыванцы, і так яно прыліпла назаўсёды.

Сідару вельмі ж хацелася ў войска, а яго ўсё бракавалі. Пазней я даведаўся, што па Версальскім дагаворы Польшча Пілсудскага мела права толькі на трыста шэсцьдзесят тысяч войска, таму і адбіралі «пабаровых» так прыдзірліва. Сідару першы раз далі адтэрміноўку, на другі год таксама, а ўжо на трэці забракавалі зусім. Паміж другім і трэцім годам надзеі з Сідарам здарылася такое, што ён лічыў нядрэнным козырам. На ўзгорку за нашай вёскай паставілі «маяк», трыганаметрычную вышку, якая нам, пастушкам, здавалася проста паднебнай. Аднак знайшоўся чалавек (не з тых, што ставілі «маяк»), які не толькі залез на яго да самага верху, але, ашчарэпіўшы нагамі шпіль, апусціўся ўніз галавою. Гэта быў Штокала, вядомы местачковы жулік. Другі да шпіля далез Сідар-гоп. Зачапіцца нагамі і павіснуць уніз галавою ён не асмеліўся, рэкорд свой адзначыў тым, што скінуў адтуль галёш. Была ўжо восень, гразь, і галёш, прасвістаўшы снарадам, урэзаўся ў раллю. А вясною, «на здачы», Сідар-гоп казырнуў маяком: «У мяне вельмі моцная галава, вазьміце ў лётчыкі!..» Не памагло. Выхад сваёй няўрымслівасці ён знайшоў у іншым… Зноў тлумачэнне патрэбна — не была б гэта гістарычная тэма!..

У бліжэйшым ад нас, невялікім маёнтку быў панам Сідараў дваюрадны брат. У рэвалюцыю пані Ядкова (тая самая, што згубіла «седэмнасце злотых») са страху і дзеля самастрахоўкі ўзяла да дачкі прымаком сялянскага дзецюка, стала такім чынам нібы і сама сялянкай. Потым панская ўлада вярнулася, і ўсё стала наадварот, — прымак, звычайны, нават не вельмі спраўны Ганнін Мечык, з прозвішчам, як і Сідар-гоп, Асмалоўскі, з мянушкаю Сэпель, зрабіўся панам Мечыславам. Панскай радні, якая жыла ў асноўным у Варшаве, не гонар быў такі сваяк, але, параіўшыся, пагадзіліся на тым, што паслалі яго на нейкія курсы, каб трохі абгладзіць. А ён пасля, не вельмі зазнаўшыся на пасадзе панінага мужа, узяў да сябе, у маёнтачак, і свайго

дваюраднага. Ведаючы яго другую, пасля мілітарнай, страсць — лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара, узброенага двума класамі царкоўнапрыходскай школы, на ветэрынарныя курсы, з якіх ён, дарэчы, вярнуўся хутчэй, чым чакалі.

Ці так, ці гэтак, а нашы Ніжнія Байдуны набылі сваю арыстакратыю — пана і доктара.

Пан співаўся настолькі паслядоўна ды настойліва, што да верасня трыццаць дзевятага года ад яго маёнтачка засталіся ўжо толькі рожкі без ножак. А доктар лячыў сялянскую жывёлу так самааддана і ўдачліва, што неўзабаве набыў сабе славу на некалькі вёсак і мястэчка. І гэта — без адрыву ад уласнай гаспадарачкі, якую яны вялі сяк-так з малодшым братам і сястрою. Праўда, калі людзі прыходзілі з яго рэцэптамі ў аптэку, аптэкар круціў галавой і ўсміхаўся ад Сідаравых польскай і, тым больш, лацінскай моў, аднак здагадваўся, чаго пан ветэрынаж Асмалоўскі хоча: з гадамі ён прывык да невялікага асартыменту Сідаравых лекаў.

Сідар лячыў душою і нахабствам. Вязе яго, скажам, які-небудзь не з нашай вёскі дзядзька да хворай каровы, а той доктар ужо на пад'ездзе да вёскі ажно гарыць. Не чакае, пакуль і веснікі адчыняць — гоп цераз іх, пінжак ці кажушок з сябе, на плот, і крычыць гаспадыні: «Цёплай вады!» За вочы людзі пакеплівалі, аднак бралі яго ахвотна, бо да гміннага ветэрынара з мужыцкай капейкай не вельмі было даступіцца, а гэта і свой чалавек, і цаны ніякай не вызначае, — што хто дасць. Нават і чаркі з яечняй ды добрага слова хапала.

Трэба дадаць яшчэ адно. Сідар-гоп быў усё-такі «доктарам» не афіцыйна, толькі народным, ці што, і на лячэнне яго гмінная ўлада глядзела праз пальцы: няхай сабе, як-ніяк — панскі сваяк.

Ветэрынарства гэтае Сідара і падвяло.

У ліпені сорак трэцяга, у дні вялікай блакады нашай партызанскай пушчы, у мястэчку спыніўся быў уласаўскі карны батальён. Сідара хтосьці там з местачковых рупліўцаў ці проста дурняў падаткнуў: «Вунь стаіць ніжнебайдунскі доктар…» Яго забралі як патрэбнага пры конях, і так ён знік з родных мясцін, а для добрых людзей — «прапаў за сабаку».

А ўлетку сорак шостага, праз тры гады, я прыехаў да брата і на вуліцы роднай вёскі, у сонечны дзень — проста аслупянеў…

Насустрач мне ішоў, злёгку накульгваючы, шыкоўны савецкі маёр — з залатымі пагонамі, з двума ордэнамі і, як адразу здалося, мноствам медалёў. Ён падпіраўся далікатнай кульбачкай, відаць, не толькі для большай важнасці, але і з патрэбы, бо на яго парадным кіцелі была і жоўтая стужка цяжкага ранення.

Тады я першы раз выгукнуў сваё: «Сідар — ты?!», а ён адгукнуўся ў тон мне, з прастадушна шырокай усмешкай: «Сідар — я!»

У адказ на маё маўклівае недаўменне ён выняў з кішэні кіцеля свой ваенны білет, яшчэ (не памятаю які) дакумент, адкуль у памяць маю назаўсёды ўступіла фраза: «Смыл кровью вину перед Советской Родиной и восстановлен в звании майора». Іменна, іменна гэтае «восстановлен»! У чалавека, што ні ў польскім войску, ні ў Чырвонай Арміі да вайны не быў нават і радавым. А тут: «майор Исидор Алексеевич Осмоловский»… Гучыць?

Яшчэ адным пераканальным доказам поўнай Сідаравай легальнасці была яго жонка. Бо чалавек нарэшце і ажаніўся. Пад яблыняй у дзядзькавым садочку, на вярблюджай коўдры, з белай падушкай ляжала завітая дамачка ў ярка-стракатым халаце, з кнігай. Сідар нас пазнаёміў. Я даведаўся, што Злата Аркадзьеўна — ваенфельчар, і заўважыў, што яна па-мірнаму цяжарная.

Далейшае адбылося без мяне, я толькі чуў пра гэта ад некалькіх землякоў, і з тых расказаў, дадаўшы іх да Сідаравых, склалася даволі выразная карціна вялікага пераўтварэння нашага Сідара-гоп у маёра, а потым наадварот.

З таго карнага батальёна ён перабег у партызаны, на развітанне як быццам атруціўшы ўколамі некалькі ці нават многа коней. Сідар мог і дадаць сёе-тое, так што ўсяму не надта і верылася. У арміі, куды ён трапіў з партызан, прыйшлося праясняцца ў штрафніках. Пры штурме нейкай вышыні «загінулі ўсе камандзіры», адчайны Сідар (гэта — без іроніі) павёў рэшткі роты ў атаку, вышыня была ўзята, а цяжка паранены Асмалоўскі апынуўся ў шпіталі. Калі ён апрытомнеў і ў яго спыталіся пра былое званне, Сідар доўга не выбіраў.

Поделиться с друзьями: