Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выбраныя творы
Шрифт:

Ён нагнуўся да панскага вуха і штосьці зашаптаў. Пасля кіўнуў у мой бок галавою і зноў зашаптаў. Панок паглядзеў на мяне. Спадылба, таямніча. Нічога не сказаў. Кураўку ён, ужо сам, без просьбы, прапанаваў папяросу. Працягнуў тую пачку і мне, а калі я адмовіўся, ён паглядзеў яшчэ раз і моўчкі адышоўся да свайго калегі.

Ужо ў дарозе ўсе смяяліся з таго, што там Кураўка пашаптаў.

— Пане, кажу яму, ён ні за што вас, як муху, плясне. Ён ужо трох забіў. А сам у турму не сядзе. Апраўдаюць. Самі не ведаем чаму — але не сядзе.

Так я і пахадзіў пасля з яшчэ адной мянушкаю — Двухжыльны.

«Няма чаго пакрываць!..»

Кураўка смяшыў заўсёды на поўнай сур'ёзнасці, а сам часцей усміхаўся, чым рагатаў.

Едзем мы,

скажам, з таго абозу, вяртаемся ўлегцы. Восень позняя, але яшчэ ўсё цёплая, добра ляжаць на возе. Коні з узгорка падварушыліся трухта і даганяюць — узбоч гасцінца, па сцежцы ідзе незнаёмая спраўная маладзіца. Кураўка, угрэўшыся пад кажухом, ляжыць сабе на баку, падпёрся далонню пад правую сківіцу, ласа глядзіць на шуструю загладуху, а потым, калі зусім параўняліся, ціха гукае:

— Кабето!

— Што, дзядзько?

— Купі качалко на лето.

— На чорта мне яно? — разгублена спыталася яна.

— Як на чорта? — зусім сур'ёзна здзівіўся ён. — Макарону будзеш качаць.

Урэшце здагадаўшыся, тая зачырванелася і плюнула.

А ён глядзіць ды прыязна ўсміхаецца, нібы нічога лішняга і не сказаў, і не падумаў.

Чуць і бачыць Васіль быў мастак.

У Арэся была тады незамужняя дачка Марыля, таксама здаравенная, не вельмі, як і тата, складная. Але ўсяго дзявочага было ў яе нямала. І дабрадушная. Каля яе прыпасваўся суседскі Вінцучок, дзяцюк нярослы, але спрытны і памаўзлівы. Сядзяць мужчыны ў Арэсевай хаце зімою, яшчэ трохі завідна, гамоняць ды пакурваюць, а Марыля ляжыць на цёплай печы жыватом, тырчыць сваім багаццем угару. Усё ў мужчын нібы перагаворана, а то яшчэ, здаецца, і не ўсё, і хтосьці кажа, без усякага на што-небудзь намёку:

— Вінцучка нешта сёння няма. Няўжо ён з лесу яшчэ не прыехаў?

— Прыехаў, — спакойна і ўпэўнена, як быццам ведаючы гэта, гаворыць Кураўка. І дадае, кіўнуўшы на печ: — Ужо вунь і сані перавярнуў…

Пайшоў зімовай ноччу, задоўга да світання, будзіць суседа — ехаць у лес па дровы. Суседзяў было ў адной хаце двух, братоў жанатых, але не падзеленых. Бо і дзяліць не было асабліва чаго, і ленаваліся абодва, асабліва старэйшы, вечна пануры, кіслагубы Авос. Такая мянушка, бо яму не хапала чамусьці свайго «што?» і ён перапытваў па-местачковаму, па-жыдоўску: «А вос?» І заўсёды і ўсюды насіў у кішэні портак камень з гусінае яйцо, цёплы, абгладжаны там рукою. На пытанне: навошта ён, Авос адказваў: «А як сабака?» На чалавека, чаго добрага, камень таксама мог прыдацца. Зрэшты, нічога такога не памятаю. Затое бачыў, як ён, Авос, вось-вось заплача, калі чытаецца штосьці пра чалавечую крыўду… Меншага брата, які ўсё-ткі гаспадарыў сяк-так, звалі Мікіта, а мянушка, за пэўныя, так сказаць, хімічна-абаронныя якасці, Тхорык.

— Ледзьве я дастукаўся да іх, — неяк расказваў Кураўка. — Алена Мікітава адчыніла. Сам Тхорык сядзіць на пасцелі, чухаецца. А ў другім кутку Авос сама цяпер зрабіў буду…

Гэта — пра зорны час на жанатым, няхай сабе немаладым пасланні.

Неяк пры Польшчы мястэчка наша моцна гарэла і пасля гэтага дружна сабрала грошай на матароўку, маторную помпу. Для большай пэўнасці набожныя мешчанчукі вырашылі яе пасвянцаць. Пасля абедні поп з дзякам і пеўчымі выйшаў на паперць. Унізе, ад плошчы, адчынілі святую браму, і малайцы-пажарнічкі, не паздымаўшы сініх форменных канфедэратак, а толькі па-службоваму апусціўшы раменьчыкі пад бараду, па ціхай камандзе «бегем марш!», без гіку ўскацілі матароўку на высокі ўзгорак, у вялікі натоўп прыхаджан. На той час і гэта было не абыякое відовішча, культурнае мерапрыемства. Поп нараспеў маліўся, пеўчыя стройна спявалі, а нейкая бабка, што прыпазнілася, ніяк жа, людцэ мае, не магла праціснуцца наперад, да таго цікавага… І трэба ж ёй было спытацца якраз у нашага Кураўкі:

— Сынок, а што гэта яны там робяць? Я ўжо дадому была пайшла, але вярнулася.

— Карову, бабко, да быка пускаюць.

— Вой, а чаму ж гэта тут?

— Папову, бабко. Да камендантавага быка.

— Камендантавага? Гэта таго, што ў пастарунку?

— У пастарунку, бабко. Ты толькі так не крычы, а цішэй. Зараз во будуць і ў званэ званіць…

Адзін час, таскама пры Польшчы, Мітроша — Важнае ліцо быў у нас солтысам. Праўда, вёска на яго не скардзілася — от сабе смешная

важнасць, і толькі. Нават купіў нейкую скураную куртачку, чорна-бліскучую, у якой праводзіў сходы. Перад сваёй хатай, на вуліцы. Сам ён звычайна прыпазняўся, выходзіў з хаты тады, калі ўжо мужчыны і збяруцца, і пачакаюць. Следам за ім выходзіла маці, старая, нядаўна аўдавелая Рагачыха, станавілася ў гародчыку за плотам, паміж кустамі бэзу, і час ад часу ўстаўляла сваё, рэжысёрскае:

— Дзе што добрае зробіцца, дык усё ж мы, Рагачэ ды Рагачэ. Ніхто ж другі не глядзіць, ніхто ж не пастараецца…

— Ціха, мамаша, дай гаварыць.

І гаварыў, упэўнена і важна, як з трыбуны.

Зімой па Ніжніх Байдунах пачала лятаць незвычайная галка. На валляку ў яе, на моцным шнурочку, вісела круглая, як медаль, фанерынка, на якой выразна, каломаззю было кругам напісана «Soltys». Выйдзеш з хаты — сядзіць на плоце: «Каў!..» І паляцела. На другі двор, на трэці, чацвёрты… Усе двары аблятае за дзень. Не было б таго медаля, дык і не падумаў бы ніхто, што гэта ўсё адна ды тая самая.

І да Мітрошы, вядома, лятала. Ён і пра гэта гаварыў на сходзе, ужо ў хаце:

— Дурная безабразія! Каб я толькі ведаў, хто такую насмешку зрабіў…

Што тады быў бы за страх — невядома. Толькі пазней стала ясна, што зрабіў гэта Кураўка. Пры дапамозе свайго старэйшага, школьніка, які і выдаў іхнюю таямніцу.

Васіль быў дабрадушны, ціхі. І вельмі бедны, з найбольшым правам на смех.

У партызанах нехта аднойчы падшапнуў новаму камандзіру нашага атрада, што іменна ў яго, у Кураўкі, схаваны ў гумне два кормныя япрукі. І ён, наш Сашка-лейтэнант, нядаўна прысланы з Вялікай зямлі, паверыў і даручыў паехаць «изъять излишки» іменна мне. Колькі я ні ўтлумачваў яму, што гэта жывая лухта, Сашка ўпёрся і паслаў нас з Коржыкам удвух, хоць той быў і не наш, а з Хлюпіч. «Няма чаго залішне пакрываць сваіх аднавяскоўцаў», — сказана было нават і так.

І мы паехалі. Ёлкі зялёныя, — паклікаў я таго багацея на двор (хата старэнькая, поўна малых) і расказаў яму, што да чаго. Толю Коржыка, маладзенькага, баявога хлопца, Кураўка не ведаў, і мы, каб усё прайшло па ўсіх законных правілах, пайшлі на пошукі ўтрох.

Ішло прадвесне, і, як у нас гаворыцца, у многіх бог Вярбіч (першая ажывае вярба) паеў ужо і сена, і салому, і амеці. У прыстаранках Кураўкавага гуменца было амаль зусім пуста. Утрох з гаспадаром шуршэлі мы па прыстаранках, хто ботамі, а ён лапцямі, нават пасвечвалі трафейнаю батарэйкай, вось-вось гатовы засмяяцца, палохалі тых фантастычных, створаных дурным падшэптам, парсюкоў: «Аюсь! Аюсь!..» А потым і засмяяліся — і мы з Кураўкам, і Толя, які і так паверыў мне раней, а цяпер, пачаўшы з хаты, і сам убачыў, што наш Сашка-лейтэнант заслугоўвае слова, якое тут жа было і сказана. Пра Васілёву беднасць я ведаў змалку, пра тое, што ён звязаны з партызанамі — толькі здагадваўся, а потым, пасля вызвалення нашай мясцовасці, і пачуў. І ад самога яго, і ад хлопцаў з суседняй брыгады, якой Кураўка добра памагаў. Нават медаль яму далі — партызанскі, другой ступені.

На фронце, калі фарсіравалі з боем рэчку Шэшупэ, граніцу з Усходняй Прусіяй, Васіль са сваім аддзяленнем першы ступіў на той бераг. Але героя не далі, хоць перад боем і гаварылася.

— А што далі? — спытаўся я.

— «За адвагу».

Адказваў ён без найменшага жалю ў голасе ці ў вачах, толькі з усмешкай, як заўсёды, сціпла-хітраватай. І дадаў, памаўчаўшы:

— Ох, і далі ж мы ім тамака! Кацюша як жарне, як жарне — толькі шыняле ўгару ляцяць!..

Грэх ці не грэх

У гэтай сціплай і няпоўнай галерэі маіх вясёлых літаратурных продкаў па мужчынскай лініі асобнае месца займае кравец Рафалак.

Дваюрадны брат майго бацькі, ён быў яшчэ татаў і мамін кум, а мой хросны. З мяне хапіла б і гэтага, другога сваяцтва, тым больш што хросная мая засталася ў Адэсе, дзе я нарадзіўся, дзе тады быў у бежанстве і хросны. А бабкі-павітухі я наогул не меў, бо мяне не бабіла, а прымала, як гаварыла маці, дзяжурная акушэрка.

Бабкі, хросныя, кумы — гэта ў той час было сваяцтвам, няхай не кроўным, а ўсё ж блізкім. Сем'і такія не толькі клікаліся (на вяселлі, радзіны, хаўтуры), але і дружылі, што асабліва падабалася малым.

Поделиться с друзьями: