Выбраныя творы
Шрифт:
Найбліжэйшы зверху
На чыгуначнай станцыі, дзе не спыняюцца хуткія цягнікі, яшчэ ўсё стаяць дагэтуль аблезлыя рэшткі атынкаванай невысокай абгароджы, якая больш за паўстагоддзя таму назад здавалася мне высачэзнай, даўжэзнай і таямнічай белай сцяной.
За гэтай сцяною тады кудысьці знік мой хросны. Упершыню ў жыцці з'явіўся і неўзабаве знік. Потым з'явіўся зноў. Ды ўжо не выйшаў з пугай з-за сцяны, а выехаў адтуль з канём і з возам. Каб больш ніколі не знікаць.
Гэта тлумачыцца вельмі проста. Мы вярнуліся з горада, і на апошняй станцыі нас сустрэлі сваякі, у тым ліку і хросны, які вярнуўся з бежанства настолькі раней, што я зусім не памятаў яго. Павітаўшыся, сваякі пайшлі
Хроснага я палюбіў, відаць, з таго самага дня. А неўзабаве, гадоў праз шэсць ці сем, ужо хацеў і пісаць пра яго. Потым пісаў, а яшчэ пазней і друкаваў напісанае, на працягу гадоў расцерушыўшы гэты вобраз на многіх і розных старонках. Цяпер я не падбіраў у памяці рэшткаў гэтага вобраза, асцерагаючыся паўтораў, а думаў, што раскажу пра яго, нарэшце, усё. Ды вось жа зноў няма яго — такога адчування. І справа, вядома, не ў фактах яго сціплага жыцця, якія вычарпаць ды падлічыць не надта цяжка…
Апошняя наша сустрэча была такая ціхая і светлая. І — перш за ўсё — яна тады аніяк не здавалася нам апошняй.
Перад вялікімі чыстымі вокнамі новай хаты, пабудаванай яго наймалодшым, Жэнікам-трактарыстам, у агародчыку, дзе былі кветкі і яблыня, на яблыні гэтай зязюля збірала вусеняў. І зусім не баялася нас. Пашалясцела ціхенька, папералётвала з галінкі на галінку і махнулася шэрая — паляцела далей, у іншыя сады і агародчыкі. Такая звычайная, будзённая, нібы артыстка, якую пасля яе паэтычных, аддаленых сцэнай «ку-ку» сустрэнеш у магазіне з авоськай.
Мы з хросным сядзелі на суседавай лаўцы, цераз вуліцу, і штосьці сонечна гаварылі, а можа, і маўчалі больш, таксама сонечна.
Ён любіў кветкі, галубоў, гусей. Калі гусі, сказаўшы «цвяроза», гэта смачнае мяса і мяккае пер'е, дык галубы і кветкі, адны ў падстрэшшы ці ў палёце, а другія ў агародчыку ці ў вазонах, — гэта ўжо толькі паэзія. Дый з гусямі таксама.
Каля Ніжніх Байдуноў цячэ, ледзь прабіраецца па пашы безыменная рачулка. Старыя ў маім маленстве людзі казалі, што раней, на іхняй памяці, рачулка была рэчкай, мела імя і ў ёй «сплаўлялі» валоў, таксама ўжо, як і яна цяпер, гістарычных. Цяпер на рачулцы экскаватар выкапаў вадаём, для гусей ды качак не мелкі. Над гэтай вадою, як у народнай песні, расце вярба, а пад вярбою, куды старэйшай за вадаём, у цяньку на траве часта сядзіць, як той патрыярх Аўраам пад мамврыйскім дубам, адпачывае «во время зноя дневного» мой хросны Рафалак. На старасць ён амаль аслеп ад шыцця, ужо толькі гусі пасе. Белыя гусі з жоўтымі гусянятамі. І памагаюць яму дзве маленькія ўнучкі, якіх каля вады трэба пасвіць куды пільней, чым гусянят. Пад вярбу ён іх, унучак, то гукае, то прыманьвае казкай. А ў адзіноце то думае, то не думае, то спявае, калі спяваннем можна назваць той песенны шэпт, за якім у душы тваёй гучыць, нячутная для іншых, песня.
…Пазней, зімою, яго кароценькую труну неслі на змену чатыры сыны, уключаючы хрэсніка, тры пляменнікі і два братавы ўнукі, — усё мужчыны ды юнакі. Гэтаю сілай мы і хавалі яго пад соснамі. Нібы дзіця. Такая была труна, такая яма і такое адчуванне. Нават на той чыгуначнай станцыі, дзе я ўбачыў яго ўпершыню і ўпершыню засмуціўся, што адразу ж і страціў, бо ён не вернецца з-за той белай сцяны, хросны здаваўся найменшым сярод усіх вялікіх, а праз гэта і найбліжэйшым зверху. Толькі, вядома, пасля мамы і таты, хоць яны ўжо тады і не бралі мяне на рукі.
Калі я вярнуўся з палону, пасля першай вялікай разлукі з усім родным, хросны здаўся мне яшчэ меншым, чым быў заўсёды. Ён, радасна заплаканы, хацеў мяне абняць, і мне прыйшлося нізка нагнуцца.
Ад усяго царкоўнага, калі яно і было ў мяне хоць у зародкавым, прыўнесеным стане, даўным-даўно нічога не засталося, слова «хросны» заўсёды было толькі прывычным азначэннем старэйшага друга, па-бацькоўску блізкага, бездапаможна чыстага чалавека.
Нават малога, як дзіця.У той марозны дзень на заінелых могілках адчуванне гэтае было асабліва ясным. І светла, хоць і праз горыч, думалася, што чым далей я ад'язджаў ды адлятаў ад найбліжэйшых на Зямлі мясцін, тым лепш, радней, чысцей ён бачыўся здалёк.
1974–1975
Золак, убачаны здалёк
Думаю пра сябе, а гляджу на яго.
Думаю пра яго — і самога сябе раскрываю.
1
Рака шырокая, пакуль што чыстая, трыснёг, лаза і асака абноўлена зялёныя, сонца зноў, як штогоду, грэе па-летняму, і ліпа ў самай квецені, гудзе ад цямна да цямна. Сяджу пад ёю ў халадку, і гуд пчаліны люба пяе ад высокай травы, да якое звісае духмянае голле, і ў самае неба, ажно тая ліпа варушыцца ўся. Пчол, паважаючы працу, баяцца не трэба. Можна зблізку паназіраць, як яны робяць сваё. Бясконцае, нястомнае і вельмі важнае.
Ліпа тут, над ракой, на ўзлессі, не адна. За палянай, дзе пачынаецца белая грэчка, стаяць яшчэ чатыры такія красуні, таксама ў шчодрай духмянасці і неабсяжным гудзе.
На адной з дзвюх бліжэйшых ліп хаваецца ў кроне буслянка. Мноства разоў на дзень жыхары яе зверху абмахваюць бела-чорнымі крыламі зялёна-залацісты гуд, то асядаючы на гняздо, то зноў узлятаючы. Сям'я з трыма падлеткамі, што яшчэ чарнадзюба хекаюць ад спёкі і, стоячы ў гняздзе, з трывожнай цікаўнасцю разглядаюць бліжэйшае наваколле. Дрэвы, раку, траву, будынкі лесніковага двара, чырвоныя, сінія, жоўтыя скрыначкі вулляў — усё, над чым так добра і так яшчэ боязна планіраваць на няўпэўненых, радасных крылах. Далей за ракою — лугі, за імі каласіста-спелыя прасторы палёў, якія цяпер, амаль апоўдні, у парнай смузе. У другім баку, за леснічоўкай, зялёнае мора хвойных і лісцяных вяршыняў — пушча. Ды ўсё гэта для буслянят — тое «вельмі далёка», што яшчэ будзе ў вялікім, хвалюючым іхнім «пасля».
Ад новай хаты з ашклёнай верандай, з кветкамі ды слоікамі суніц у вялікіх чыстых вокнах, з тэлеантэнай над шыферным дахам па сцежцы ў траве ідуць да ракі дзве дзяўчынкі. Большая з доўгімі чорнымі косамі, у стракатай сукеначцы не да каленяў, голыя ногі, рукі і твар хораша загарэлі. А меншая, светлая, што пацешна тэпае перад большай, загарэла-голенькая ўся, да поўнай святасці без крыльцаў.
Недзе далей ёсць яшчэ два галышы — яны нядаўна таксама прайшлі па сцежцы да ракі. Хлопчыкі з горада — блізняты, «купленыя оптам».
Так мне толькі што гаварыла іх цётка, маладая вясёлая леснічыха, маці дзяўчатак.
— Яны там купляюць у горадзе, не тое што нам тут буслы, дзякуй Богу, прыносяць.
— Малавата купляюць, — сказаў я.
— Грошай, відаць, у абрэз.
— Дый вам не надта носяць. Буслы з бусліхамі. Хоць і за так.
«Бусліха» Яня звонка смяялася — грудзі шчодра трасліся, зубы чыста блішчалі. Пасля ўздыхнула:
— Ой, Міхайлавіч! Хоць бы нам гэтых на ногі паставіць. Цяперашнім светам. Тома ўжо ў трэці пойдзе, а Натка такое ж яшчэ горкае дзіця… — Зноў засмяялася. — Учора плакала, чаму ў яе няма пісунчыка, як у Андрэя з Валеркай. Во як! Дурное яшчэ.
Яна пайшла, а я яшчэ ўсё весела маўчу. Бо меншая леснічаначка, колькі б мы з ёю разоў на дзень ні сустрэліся, усміхаецца мне ці то ўжо сарамліва, ледзь не па-дзявочы, ці то неяк зусім па-даросламу асэнсавана і шматзначна. Скажам, учора, калі я застаў іх, голенькую тройку меншых, без Томы-наглядчыцы, у пяску над ракою. Залатая галоўка, Наташа, усміхнулася крыху спадылба, і вачыма, і губкамі, і па-сталаму растлумачыла нам:
— Гуляем тут.
Нібы яна, трошкі старэйшая за дваюрадных брацікаў, адказвае за іх і рада, што ўсё ідзе ладам.