Выбраныя творы
Шрифт:
У свіных пастушкоў гульні былі яшчэ зусім дзіцячыя.
Скажам, сёння мы капалі новую печку ў адкосе вузкакалейкі або, калі старая печка была яшчэ добрая, гульню пачыналі адразу са снедання. Як заўсёды былі выбраны тата і мама, дзед і бабуля, сыны і дочкі, і кожны стараўся адпавядаць сваёй ролі: кашляць, бурчэць, камандаваць, сварыцца, плакаць — паўтаралася тое, што мы бачылі дома. Сёння была ў спектаклі нядзеля, і снедалі мы, як заўсёды ў святы дзень, аладкамі, напёкшы іх з пяску. Потым сям'я збіралася хто куды. Дзед і бабуля «лезлі на печ»: проста сядалі трохі збоку, дзед бухукаў, а баба нешта ўсё наракала. Тата з мамай ехалі ў госці: сядалі воддаль на траве, тата цмокаў на ўяўнага каня, сцябаў яго сапраўднай пугай і ледзь не зусім па-даросламу лаяўся, а мама, на гэты раз, па нечай
Пасля танцаў моладзь разыходзілася парамі, «ухаджваць». Сядзелі, абдымаліся, хіхікалі. Потым тата і мама вярталіся з гасцей. Тата быў п'яны. Бабуля з печы лаяла яго, дзед кашляў, добрая мама ўсіх супакойвала, а потым ужо лажыліся спаць: дзед з бабай сабе, тата з мамай сабе, усе паабдымаўшыся, як тыя парачкі, што яшчэ ўсё буркавалі на сваіх «лаўках».
Такія спектаклі без гледачоў, калі не лічыць свіней, што трохі воддаль, абыякава плямкалі ды парохквалі на адкосах вузкакалейкі, кожны раз наладжваліся па-іншаму. Бывалі святы, бывалі і будні, калі мы і пралі, і ткалі, і падшывалі лапці, і калолі вепрука, і аралі… Вепруком артысты бывалі ахвотна, піск пад уяўнай швайкай бываў страшэнны. Хто іграў ролю плуга, той лажыўся на спіну і задзіраў ногі, за ступакі якіх араты трымаўся, як за ручкі, цмокаючы на ўяўнага каня і падганяючы яго нагою пад плугаў азадак. Словам, усё, чаго не хапала, жыва ўяўлялася, бо галоўнае — былі мы самі, заўсёды нястомныя, цікаўныя, з вострай памяццю, назіральнасцю, уяўленнем.
Гульні свіных пастушкоў былі працягам гульняў вольнага часу, гадоў да шасці, калі гулялася яшчэ зусім наіўна. Праўда, ужо і тады мы часамі хадзілі на сена, дзе гуртам гулялі ў «тату і маму»: лажыліся спаць, абдымаліся, ціскаліся, але ва ўсім гэтым не было яшчэ ні разумення, ні сораму, хоць ад вялікіх мы і хаваліся. Разуменне і сорам прыйшлі пазней, спакваля — трохі тады, калі мы ўжо выганялі свіней, а яшчэ больш — калі пасвілі кароў, калі найменшаму, як мне, магло быць дзевяць, а найбольшаму і трынаццаць, як нашай Мані Вароне.
Вучыліся ўсе ад усіх, і вучыцца было ад каго. Першы, штодзённы прыклад прастаты адносін давала прырода. З самага малку, калі ў чалавека бывае найбольш ненатольных «чаму?», мы бачылі, як гэта робіць усё жывое. Слоўнік для акрэслення таго, і брыдкага, і панаднага, быў адпаведна багаты. Коні палявалі, каровы бегалі, свінні гукалі, авечкі маркатавалі, сабакі гандлявалі, каты марцавалі. Пра птушак, усіх аднолькава, гаварылася: граюць. І куры, і буслы, і вераб'і, і галубы. У буслоў гэта адбывалася пад самым небам, на гумне, а ў галубоў найпрыгажэй: яны спачатку доўга цалаваліся, пяшчотна гудучы. Вясной славутая трэска лезла на трэску. Нават жабы і тыя паркаваліся, цяжка скакалі верхам адна на адной, і гэта называлася нерасам. Што было смешна, а што — напрыклад, галубы — ужо і хвалявала нас, не называючыся каханнем.
Не лічачы звычайнай і штодзённай грубасці, прастаты ў акрэсліванні ўсяго сваімі словамі, была яшчэ і мацярная лаянка, якое мужчыны навалаклі з усіх казармаў царскай імперыі, а потым ужо і польскага «паньства», дзяржавы. Не ўсе бацькі асцерагаліся гаварыць пра гэта пры малых. У цясноце хат маладыя, жанатыя не заўсёды спалі ў каморы і не заўсёды маглі дачакацца, пакуль тыя хатнія паснуць. А хто і не вельмі хацеў засынаць, прыслухоўваўся, хоць і набегаўся за дзень на пашы. Прочымаў Цімох ажаніўся, як гаварылася, на вельмі прыгожай Зосі з далёкай вёскі. Мы, хлапчукі, падпільнавалі, як тая тоненькая
Зося купалася раз адна ў рацэ, а потым гуртам абмяркоўвалі і тое, што пабачылі, і тое, што ўяўлялася ў дачыненні з целюкаватым здаравяком Цімохам. Сабраўшыся на вуліцы ці, зімою, у нечай хаце, мужчыны маглі свабодна ўзняць і такую тэму: «Ну, хлопцы, давай раскажам, як у каго было ў першую ноч». І ўсё гэта пры малых, не вельмі іх адганяючы, калі на вуліцы, а ў хаце нібы не памятаючы, хто іх слухае з печы. Каханне дзецюкоў з дзяўчатамі, у асноўным патаемнае, выходзіла наверх то вяселлем, то гаворкаю пра тое, як тая ці іншая няўдала скінула, ад чаго «бедная» або і «сучка гэтая» вось і «сохне цяпер», то спробамі атруціцца самой ці піхнуць у рэчку шчаслівейшую суперніцу, а то і проста цяжарнасцю ашуканай дзяўчыны, з якое тады за вочы і ў вочы кпілі: «Што, з'ела павука?..»Зімой, на масленіцу, жанчыны гулялі «на доўгі лён»: каб ён ім улетку добра ўрадзіў. Спачатку пакуль валіцца на сані ды імчацца з песнямі ў другую вёску, яны галёкалі ў чыёй-небудзь хаце, а мы і дарослыя дзецюкі і мужчыны стаялі ды начэквалі цікавага. І яно пасля пачыналася. Трохі падвыпіўшы, маладзіцы і весялейшыя цёткі з крыкам і смехам высыпалі на вуліцу. Некаторыя былі «за мужчын», у шапках і ў портках, намазаўшы сажай вусы, а порткі ўзброіўшы морквінай ці тонкім бураком. Мама мая гаварыла, што як жанчына вылаяцца матам, дык пад ёю на цэлы сажань углыбіню загарыцца зямля — такі грэх. Бабы звычайна і не лаяліся па-мужчынску, у сварках далей «пацалуй ты мне» ці «а во табе» не даходзіла. А цяпер, на масленіцу, быў і мат, нейкі нягеглы ў вуснах жанчын, і такія прыпеўкі, што проста не верылася: няўжо тая ці гэтая, маладая ці трохі старэйшая цётка цішком насіла ў сабе дагэтуль ажно такую смешную брыдоту… Ды што казаць пра маладых… Дзед Богуш быў добры, разумны і смелы. Пра дабрату яго я ведаў і сам. Раз я прыпасваў свае каровы на папары, паміж Прочымавым жытам і Богушавым аўсом, трохі прыціх, задумаўся седзячы, потым прылёг і, заўсёды гатовы, заснуў…
— Унучак, уставай! — катурхаў мяне дзед. Я ўсхапіўся і ўбачыў, што каровы мае — у іхнім, Богушавым, аўсе! Толькі пысамі ўгару патузваюць, цярэбячы яго, яшчэ зялёны. Я страшэнна спалохаўся, мне было вельмі брыдка, нават і так падумалася балюча, што вось канец і нашай з Шурам дружбы — як ты зойдзеш цяпер да іх у хату. А дзед сказаў:
— Адвярні іх, унучак. І не ляжы, бо зноў заснеш.
Больш нічога. Кульба ў яго руцэ засталася толькі падпоркай.
Пра дзедавы розум і смеласць.
У вайну, калі тут стаялі расейцы, у Богушавых жыў афіцэр. І ўсё свістаў у хаце, як быццам тут ні людзей, ні іконаў. І дзеду такое вельмі не падабалася. Спачатку ён маўчаў — што ж, усё-такі пастаялец не абы-хто, а ваша благародзіе. Потым не вытрымаў.
— Свішчы, свішчы, — сказаў, — ужо семнаццаць губерняў прасвістаў, васемнаццатую свішчаш?
— Молчи, старик! — уз'еўся той штабс-капітан.
А дзед:
— Вось давай мы з табой, як людзі, і памаўчым.
Пра гэта расказвалі, а другі раз, ужо на маіх вачах, польскі камендант паліцыі ехаў па нашай вёсцы конна. Было нейкае свята, і мужчыны сядзелі перад дзедавай хатай. Пан камендант спыніўся каля іх, спачатку пачакаў, а потым:
— А чэму ж то не вітаце сень зэ мнон?
Усе маўчаць, а дзед яму, як заўсёды спакойна:
— У нас яно спрадвеку так, што калі добры чалавек да людзей падыходзіць або пад'язджае, вось як ты, дык сам і вітаецца першы.
— Цо, цо ты мувіш, стары галгане?
— А ўжо ж, калі я цябе разумею, дык і ты падвучыся, і будзеш ведаць, што я гавару.
Дзеда я паважаў і любіў разам з Шурам, можа, і таму яшчэ, што свайго ў мяне не было. І дзеда не было, і бацькі я не памятаў. А да таго ж яшчэ, да дабраты, розуму і смеласці, ён быў такі магутны і стары. Адно, праўда, уяўлялася, а ўжо другое, дык было відаць. Неяк калі ён прыйшоў да ракі, дзе мы купаліся, і пачаў распранацца, я з вады вельмі здзівіўся, што ён не толькі сівы сам, але і ўсюды ў яго ўжо сіва. І дзіўным, да сораму дзіўным, ужо не толькі смешным тады здалося мне тое, што нядаўна пра дзеда расказвалі. Як удава Яроміха папрасіла яго па-суседску набіць на цабэрак абручы, а калі ён набіў і прынёс, яна пачала яму дзякаваць і пытацца: