Выбраныя творы
Шрифт:
Апроч гарадской фатаграфіі на сцяне, дзе яго тата з мамай, таксама невядомай Шуру, зняты яшчэ да яго нараджэння, мелася ў іх і яшчэ адна памятка па Шуравым бацьку. Памятка патаемная, якую ні дзед Богуш, ні дзядзька Іван не паказалі б мне, а Шура паказаў.
Гэта была не проста якая-небудзь адна — шэптам кажучы — бальшавіцкая афішка, за якую катуюць у пастарунку і гоняць у турму — гэта было аж некалькі газет, на кожнай з якіх вялізнымі і нібы гнутымі літарамі стаяла ў загалоўку: «Правда»…
Праз многа гадоў і мноства падзей, я, савецкі пасляваенны студэнт, бачыў у бібліятэцы
«…С польскими крестьянами и рабочими у нас нет ссор, мы польскую независимость и польскую народную республику признавали и признаем…»
Гартаючы тую падшыўку, успамінаў я Шуру (з якім мы, дарэчы, разам і партызанілі) і ў мнагалюднай бібліятэчнай цішыні з усмешкай бачыў, як мы, малыя змоўшчыкі, чыталі гэтыя лісты, замкнуўшыся ў Богушавай хаце. Загучнае слова — чыталі: проста гарталі, шапталіся, як заварожаныя тым вялікім словам — «Правда», яшчэ праўдзівейшым ад забароны гаварыць яго ўголас, на людзях…
Шураў тата таму і забавіўся быў у іхняй хаце, заскочыўшы ў яе другі раз, што Шура тады яшчэ ўсё нічога не гаварыў, не разумеў. А потым тату, калі ён, ранены куляй, зваліўся з каня, уланы дабівалі шаблямі…
Ці не згадаў Шура яго і тады, на аўтагонках, калі кабыла панесла ў поле няўдалага ездака-каменданта?..
Ці не пра Шуравага бацьку намякаў нам у злосці ды ў страху Камар, калі ставіў нас на калені, а сам крычаў: «Я вас ведаю! Ведаю!..»
Словам, і Аляксандр Сяргеевіч быў сірата ваенны.
Аднак ні ён, ні Зяма, нават ні Тоня не называліся — брыдкае, непрыемнае слова! — байструкамі.
Такімі былі ў нас два хлопцы — Валодзя Казак і Толя Немец.
Яшчэ студэнтам, на бульбе ў калгасе, пачуў я ад цёткі, у якой мы з сябрам кватаравалі, мянушку Пяціхвілінка. Пра малую дзяўчынку, суседчыну. «Чаму?» «А гэта ўжо як нашы немцаў гналі, дык яе адзін баец за пяць хвілін змайстраваў». Мы пасмяяліся разам з тою гаваркою цёткай. Можна, вядома, і пасмяяцца з трапнага слова, але тады гэта, калі не думаць пра тую дзяўчынку.
Неяк пры мне, у санаторыі, за абедзенным сталом, адзін паважаны таварыш у гутарцы з другім паважаным, да таго ж яшчэ і пісьменнікам, расказваў салідна, з пэўным, амаль непрыкрытым разлікам:
— Я быў у свае мамы выблядак. Нашай змене, падрастаючым пакаленням, вы самі гэта панімаеце, каб добра, шчацельна апісаць, было б очань палезна ведаць, як гэта з выблядка палучыўся такі чалавек, як я…
І ніхто з нас тады, ні я, ні нават пісьменнік, не сказалі таварышу: «Бедная ваша маці!..»
Народ і ў грубасці сваёй мудры, і прымаўку мае спрадвеку: «Байструк — з божых рук». У гэтым азначэнні ёсць і тая праўда, што такія дзеці найчасцей бываюць спраўныя ды здольныя, а ёсць і іншае: крыўдзіць такога грэх. Трэба думаць,
што не толькі ў нас, беларусаў, ёсць такая разумная прыказка. Спецыяльна я гэтым не займаўся, але нядаўна, у «Первых воспоминаниях» іспанкі Аны Марыі Матутэ, з прыемнасцю сустрэў дзве цікавыя рэчы. Аказваецца, і ў Іспаніі ў гады майго малалецтва ў вёсках рабілі хадакі з аўтамабільных пакрышак, як і ў нас, у Заходняй Беларусі, дзе і прымаўка была: «што ні беларус, то і аўтабус» — след такі самы. І другое, — і там, у Іспаніі, байструкоў, «незаконных» дзяцей, народ называе божымі дзецьмі.Дзіця-то божае, але ж доля ліхая.
Жылі ў Аўсяніках дзве дваюрадныя сястры, Каця Курыца і Жэня Паганка. Каця, бялявая, ціхманая, хадзіла паволі, нібы і ў белы дзень крадучыся, і час ад часу неяк па-курынаму цікавала на неба: то адным вокам збоку ўгару, то другім. Ад гэтага і мянушка пайшла. А Паганка была чарнявая, прыгожая, разбітная, з мянушкай спадчыннай — ці ад грыбоў такіх, ці ад нейкай у іхнім родзе па-язычаску свавольнай весялухі. У Каці пасля бацькоў засталася старая хата і шнурок поля, яна сяк-так і гаспадарыла. А Жэня, яшчэ раней асірацелая, хатку сваю і палоску прадала і паехала, як многія тады, у Пецярбург, працавала там на панчошнай фабрыцы, гады ў рады наведваючыся ў Аўсянікі, дзе жыла іх цётка, адна на дзвюх з Кацяй.
Апошні раз Жэня прыехала ўлетку 1916 года, ды так ужо і засталася ў роднай вёсцы, бо знайшла сабе казака. Усякія ў нас пабывалі тады: данскія, кубанскія, арэнбургскія, цярскія… Яе быў арэнбургскі. Спачатку ехаць ад яго ў свой Піцер Жэні не хацелася, бо ён і павянчацца абяцаў, завезці да бацькоў. Пасля, калі яго сотню кудысьці перавялі, Паганка была ўжо тоўстая, а неўзабаве і абрадзінілася, і цётка, жанчына добрая, нікуды яе не пусціла. Тады прыйшла «свабода», адна ўлада, другая — чорненькі, шустры, як венік, Валодзя рос вясковым байстручком, мама якога, у сваіх успамінах і ў кепіках суседзяў, доўга яшчэ заставалася «піцерскай».
У Жэні дык хоць каханне было, яе той казак, гаварылі, на руках цераз гразь пераносіў, каб чаравічкаў не забрыдзіла. Ёсць што ўспомніць пра шчасце, першае і адзінае на ўсё жыццё. А Каці, калі ўжо смяяцца, як у нас смяяліся, пашанцавала знячэўку. У студзені 1918 года немцы ішлі на ўсход і па дарозе, начуючы ў Аўсяніках, нейкі ландштурміст-абознік, згаладнелы па сваёй фраў, пашкадаваў гаспадыню без лішніх песняў, а назаўтра паехаў у сваім параконным фургоне — чортведама куды, адкуль ён сам і хто ён. Калі і казаў ёй што ноччу і ўранні, дык і няшмат, і нічога не разбярэш… Да наступнай зімы і Каця ўжо была з прыбыткам.
Такім чынам, сярод усяго іншага, што засталося ў нашай вёсцы пасля амаль сямі гадоў ваеннага ліхалецця, былі яшчэ і два салдацкія варожыя сыны — Казак і Немец.
Пра іх паходжанне мы, сябры-аднагодкі, даведваліся спакваля, з усёй той грубай і вясёлай непрыкрытасцю, якая ў наша разуменне працэджвалася з гутарак дарослых. Ад гэтага бруду, ад гэтай дзікасці і мы, чыстыя душы, у пэўнай меры лічылі сябе вышэйшымі за гэтых хлапчукоў, а ў злосці, здавалася, нават бачылі на іх таўро пагарды: «Ах ты, казацкі, ах ты, нямецкі байструк!..»