Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Юстыцыя

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

— Ведаю.

— Вы возьмецеся за яе?

— Рашыў узяцца.

— Мне вядомыя ўмовы, — сказала яна. — Вось вам чэк. Гэта аванс. Пятнаццаць тысяч. Плюс яшчэ дзесяць. На выдаткі па справе.

Элен працягнула мне чэк. Я ўзяў яго і склаў напалам.

— Ваш бацька не паскупіўся, — сказаў я.

— Ён вельмі зацікаўлены, каб вы ўзяліся за яго даручэнне, — патлумачыла.

— Прыкладу ўсе намаганні.

Я сунуў чэк у кашалёк. Мы абое памаўчалі. Яна больш не ўсміхалася. Я адчуў, як яна падбірае словы.

— Гер Шпэт, — загаварыла нарэшце з запінкай, — я разумею, што бацькава даручэнне

не зусім звычайнае.

— Нават вельмі.

— Гер Фёрдэр думае гэтак сама.

— Ахвотна веру.

— Але тым не меней яго трэба выканаць, — сказала яна рашуча, амаль горача.

— Дзеля чаго?

Яна ўмольна глянула на мяне.

— Гер Шпэт, я магу бачыцца з татам раз у месяц. Ён дае мне ўказанні. Справы ў таты вельмі заблытаныя, але яго абазнанасць шакіруе. Ён загадвае, я выконваю. Ён бацька, я дачка. Вы ж разумееце, я слухаюся яго.

— Ну, вядома ж.

Элен разгарачылася. Яе гнеў быў непадробны.

— Асабісты сакратар і адвакаты хочуць назначыць над ім апеку, — сказала яна. — На маю карысць, як яны кажуць. Але я добра ведаю, што мой бацька ў сваім розуме. А тут яшчэ даручэнне, за якое вы ўзяліся. Асабістаму сакратару гэта чарговы доказ.

Мы зноў памаўчалі.

— Нават калі я не магу яго зразумець, — ціха дадала яна.

— Фройляйн Колер, — адказаў я, — для юрыста даручэнне даследаваць забойства прафесара Вінтэра, зыходзячы з пасылкі, што забойца не ваш бацька, мае юрыдычны сэнс толькі ў тым выпадку, калі забойца не ваш бацька. Але такая пасылка немагчымая. І тым самым даручэнне не мае ніякага сэнсу. З юрыдычнага боку. З чаго, аднак, не вынікае, што яно не мае сэнсу і з навуковага боку.

Яна здзіўлена паглядзела на мяне.

— Як мне разумець вас, гер Шпэт?

— Я ўважліва агледзеў гэты пакой, фройляйн Колер. Ваш бацька любіў свой більярд і свае прыродазнаўчыя кнігі…

— Так, і больш нічога, — упэўнена сказала яна.

— То ж бо тое і яно.

Яна не дала мне дагаварыць.

— Менавіта з гэтай прычыны ён і не здатны на забойства. Яго нейкім пачварным чынам прымусілі…

Я перамоўчаў. Адчуваў, што было б непрыстойна так згопалу бабахнуць па ёй праўдай. Я не мог убіць у яе недарэчную, дзікую ісціну, што яе бацька забіў менавіта таму, што не любіў нічога на свеце, апрача свайго більярда і кніг. І недарэчы было б расказваць ёй пра сваё празарэнне, бо гэта была толькі голая інтуіцыя, а не факт, які можна даказаць.

— Бачыце, фройляйн Колер, мне нічога не вядома пра матывы ўчынку, за які ваш бацька быў асуджаны, — асцярожна пачаў я, — гаворка ў нас ішла пра іншае. Пра тое, што магло б растлумачыць не яго ўчынак, а даручэнне, якое ён мерыўся даць мне. На падставе гэтага даручэння ваш бацька хоча даследаваць межы магчымага. Ён сцвярджае, быццам такая яго навуковая мэта. Мая справа — строга трымацца гэтага пастулату.

— Але ж у гэта нельга паверыць! — усхвалявана ўсклікнула Элен.

Я не згадзіўся.

— Асабіста я абавязаны верыць, — сказаў я Элен, — абавязаны, бо прыняў яго даручэнне. Для мяне гэта гульня, якую ваш бацька можа дазволіць сабе. У іншых гэта скакавыя коні. У мяне — гульня. Як юрыст я лічу гульню вашага бацькі больш цікавай.

Яна задумалася.

— Не сумняваюся, — нарэшце неяк

нерашуча сказала яна, — што вы знойдзеце сапраўднага забойцу, знойдзеце кагосьці, хто прымусіў тату забіць. Я веру свайму бацьку.

Яе роспач засмуціла мяне. Я рады быў бы дапамагчы ёй, але гэта было мне не па сіле.

— Фройляйн Колер, — адказаў я ёй, — буду з вамі да канца шчыры. Я не думаю, што мне ўдасца выявіць гэтага «кагосьці». З той простай прычыны, што яго няма на свеце. Ваш бацька нікому не дазволіць, каб яго прымусілі.

— Вы са мною вельмі шчыры, — ціха адказала яна.

— Хацелася б, каб вы давяралі мне.

Яна ўтаропіла на мяне пільны і змрочны позірк. Я не адвёў вачэй.

— Я давяраю вам, — сказала.

— Гатовы дамагчы вам толькі ў тым разе, калі вы адкінеце надзею, — сказаў я. — Ваш бацька — забойца. Вы зможаце зразумець яго толькі ў тым выпадку, калі не скіруеце свой пошук на няправільны след. Матывы злачынства вашага бацькі трэба шукаць у ім самім, а не ў кімсьці іншым. І не думайце больш пра ягонае даручэнне. Цяпер гэта справа мая.

Я ўстаў. Яна таксама паднялася.

— А чаму ж у такім разе вы згадзіліся?

— Бо мне патрэбны грошы, фройляйн Колер. Не рабіце сабе ніякіх ілюзій што да мяне. Нават калі ваш бацька бачыць у сваім даручэнні навуковую каштоўнасць, у мяне ж гэта не больш, чым магчымасць зрушыць з месца сваю адвакацкую практыку. Так што не майце марных ілюзій.

— Разумею, — сказала яна.

— Я не магу сабе дазволіць рабіць інакш, чым раблю, я павінен выканаць просьбу вашага бацькі. Але хачу, каб вы ведалі, каму давяраеце.

— Якраз вы і дапаможаце мне, — сказала Элен і падала мне руку, — была шчаслівая пазнаёміцца з вамі.

За агароджай мяне ўсё яшчэ чакаў Лінгард у сваім «поршэ», толькі цяпер ён сядзеў не на месцы шафёра, а побач і курыў з адсутным выглядам, увесь у сабе.

— Усё ў парадку, — сказаў я. — Даручэнне прынята.

— А чэк? — спытаўся ён.

— Таксама.

— Выдатна, — сказаў Лінгард.

Я сеў за руль. Лінгард прапанаваў мне цыгарэту, даў агню. Я курыў, абедзве рукі на баранцы, успамінаў Элен і быў шчаслівы. Радаваўся будучыні.

— Ну і што? — спытаўся Лінгард.

Я раздумваў, яшчэ не ўключаючы запальванне.

— Ёсць толькі адна магчымасць, — адказаў. — Для нас Колер больш не забойца. Цяпер мы павінны падыгрываць.

— Згода.

— Дапытайце сведак яшчэ раз, — працягваў я. — Вывучыце мінулае Вінтэраў, хто там вораг, хто сябар.

— Зоймемся доктарам Бэна, — адказаў ён.

— Алімпійцам? — здзівіўся я.

— Сябрам Вінтэра, — паясніў Лінгард. — І Монікай Штаерман.

Моніка Штаерман была адзінай спадчынніцай Дапаможных майстэрняў «Трог» А/О.

— Чаму? — спытаўся я.

— Прыяцелька Бэна.

— Не, лепш не будзем ублытваць яе, — задумліва сказаў я.

— О'кей, — сказаў Лінагард.

Нешта тут было не так.

— Дзіўна ўсё-такі, - сказаў я.

— Што менавіта?

— Вас парэкамендаваў мне Колер.

— Чыстая выпадковасць.

Я ўключыў запальванне і асцярожна крануў з месца. Яшчэ ніколі мне не даводзілася сядзець за рулём «поршэ». На віядуку Лінгард спытаўся:

— Шпэт, а вы знаёмы ў Монікай Штаерман?

Поделиться с друзьями: