Шрифт:
І
Над горадам у клубах пылу адгучэла жудаснае "даеш!" і ў ляску капытоў пакацілася на захад.
I стала цішыня.
Палкі біліся недзе ўжо каля Баранавіч, хадзілі ў штыкавыя атакі, з боем бралі ў Белавежы паляўнічы царскі палац, а тут сядзеў на тумбе паважны пузаты хлапчук і засяроджана аддзіраў казырок ад рассечанай канфедэраткі: прымяраўся, што можна з яго зрабіць.
Сляпіла сонца. На белыя муры сабораў і касцёлаў балюча было глядзець, і беспрычынна вясёлая каза абдзірала з мура тысячны ўказ. Абывацель і глядзець не хацеў,
Апошнія часы прыходзілі.
Арсень Воўкаў скочыў з тачанкі, якая спынілася перад будынкам рэўкома, неасцярожна стаў на правую нагу і зморшчыўся. Кульгаючы, патэпаў да дзвярэй.
У вестыбюлі на пашчапаным паркеце стаялі ў козлах вінтоўкі, сядзелі і ляжалі людзі. Матросік з яснымі вачыма сядзеў ля дзвярэй у калідор і метадычна, з зайздроснай трапнасцю пляваў на жалезны ліст пад печкай. Зусім ашалеў ад нудзьгі чалавек.
— Гэй, браток, як мне тут да таварыша Кандратовіча? — сказаў Арсень.
— Мандат? — напаўзапытальна працягнуў матросік.
— Вось ён.
Матросік пажвавеў.
— Бач ты, з фронту, значыць? Ідзі вось калідорам. Там зала.
У зале Арсеня аглушыў кулямётны трэск рэмінгтонаў, гоман людзей, мітусяніна. Урыўкі тэлеграфных стужак блыталіся пад нагамі. Нехта крычаў надарваным голасам:
— Што вы мне паперкі пад нос торкаеце? Няма зброі і няма.
I ў адказ такім самым голасам:
— Ты маўчы. Ты мне контррэвалюцыю не разводзь, грамадзянін. Наша, 79-я, беларуская, голымі рукамі ваюе. Мы пад Свіслаччу штыкамі іх размалацілі, генерала ў палон узялі. Маеш ты рэвалюцыйнае сумленне?! Давай зброю!
— Ты ў Даўгялы быў?
— Пяты ў яго кароткія, у твайго Даўгялы, а надзімаецца, быццам ён самога Скірмунта байструк… Бюракрат паршывы!
Арсень усміхнуўся. Зброі няма, але гэты даб'ецца. Зубастага паслалі.
— Дзе тут Кандратовіч? — спытаў у нейкага салдата.
— Унь за сталом сядзіць. Ты пачакай. Яго зараз нашы хлопцы абселі. Зброя патрэбна.
Непадалёку ад стала вядомы ўсяму гораду маляр-жывапісец Піня Райхер, загрунтаваўшы напалову партрэт Кацярыны Другой, маляваў з нейкай паперкі Маркса. Імператрыца какетліва ўсміхнулася паўзверх Марксавай сівізны. Піня адарваўся ад працы і, павярнуўшыся да нейкага з гледачоў, вырашыў:
— Два атрымаецца.
— Угу. Баба была гладкая і матар'ялу на партрэт не шкадавала.
Арсеню ледзь удалося перачакаць людзей, што абступілі Кандратовічаў стол. Нарэшце тыя адступілі, і Воўкаў пабачыў мажнага, вельмі сівога мужчыну з маладым шырокім тварам. Перад ім, на зярцале, вісела будзёнаўка. Чырвоныя павекі навісалі на вочы цяжка і стомлена. Пабачыўшы цень, які лёг на стол, чалавек з сілаю правёў далонню па твары, быццам умыўся, і спытаў перасеўшым голасам:
— Адкуль, таварыш?
— Памочнік камандзіра палка беларускай брыгады шаснаццатай арміі Арсень Воўкаў… Вось мандат.
Кандратовіч падняўся.
— Чакалі, таварыш, чакалі. Што новага?
— Усё ў гэтым пакеце… Фарсіравалі Буг. Пяць дзён біліся.
— Малайцы, — Кандратовіч раздзёр канверт.
Толькі хвілін праз пяць Арсень пабачыў яго вочы, блякла-сінія ад стомы.
— Страты вялікія,
таварыш?Арсень уздыхнуў.
— Трэцяя частка наяўнага складу. Тысяча штыкоў, трыста шабель. 3 харчамі цяжка. Але гэта нічога… Зброі, таварыш Кандратовіч, няма. У мёртвых бярэм. Не скардзімся пакуль што, але яны ў лясах засекі ро-бяць, танкі ў іх, аэрапланы… Грудзьмі на дрот ідуць людзі.
Кандратовіч зноў "умыўся". Сказаў з сумнай іроніяй:
— Бачыш, партрэтаў нават няма.
Як быццам гэта было адно, чаго не ставала.
— I зброі няма. Апошнюю толькі што забралі.
Падумаў.
— Ёсць гэтыя дрындушкі, кулямёты нямецкія. Ствол як палена і дзірка, каб ваду наліваць… Тры штукі… Болей нічога… Ты паранены?
— Гэта ваяваць не перашкаджае, — суха сказаў Арсень. — На кані ваюю…
I раптам Кандратовіч ажыў.
– Слухай, гэта не цябе чэхі пад Пензаю расстралялі?
— Мяне.
— Дык я ж пра цябе шмат чуў, д'ябал ты чортаў. Ану, выкладай, чым займаўся за апошнія два гады.
Арсень пачырванеў.
— Кажы. Для справы патрэбна.
— Ну… з гайдамакамі біўся, з чэхамі, - у складзе брыгады, — быў у коннай разведцы.
— Палкоўніка Смажака з штаба не ты ўкраў?
— Мая справа там была цялячая.
— А залатую зброю за гэта табе далі. Ты глядзі, Воўкаў, бывае ціхмянасць пачэ гонару. Далей.
— Далей у чэрвені — ліпені хадзіў з разведкаю па тылах, за Бярозай, перайшоў да сваіх трэцяга ліпеня, напярэдадні наступлення. Сувязь у мяне з нашымі была… Ну а потым справа ясная.
— Т-так, — сказаў Кандратовіч, — справа ясная. А мы толькі што шукалі чалавека талковага, каб з фронту быў, каб становішча ў вызваленых мясцінах ведаў. Аж пра ваўка мова, а воўк у хатку… На фронт не паедзеш, справу табе дамо. Усё адно ты паранены.
— Мяне на пяць дзён адпусцілі. Мне ваяваць трэба.
— Ты што, дысцыпліны не ведаеш? Бач ты, партызаншчына якая!
I крыкнуў да кагосьці:
— Юстына сюды давайце, хлопцы.
Арсень, засмучаны да глыбіні душы, махнуў рукою. Кандратовіч уважліва разглядаў дваццацігадовага хлопца, які стаяў перад ім. Пабачыў сухі загарэлы твар, цыганскія вочы з выгінастымі веямі, бліскучыя чорныя валасы, цвёрдыя мускулы каля вялікага прыгожага рота.
— Ты сядай, сынок. Чаго ўскочыў? Знаёмся лепей. Юстын Шлык.
Перад Арсенем стаяў чалавек у бушлаце, і першае, што Воўкаў заўважыў, былі вялікія рукі, якія на дзве пядзі высоўваліся з кароткіх рукавоў. Пасля ён пабачыў надпіс вышэй левай кісці ("Бацька, ты спіш, а я пакутваю"), пасля драўляны кабур маўзера. Вясёлыя сінія вочы, ясныя, як майская вадзічка, глядзелі на Арсеня. У Шлыка былі белыя, як у сабакі, зубы, ружовыя, відаць, толькі ад здароўя, шчокі. Бялявыя хвалістыя валасы кудламі падалі на лоб. Яму магло быць гады дваццаць тры.
— А гэта Арсень Воўкаў… Той самы, што з магілы вылез.
Юстын трахануў руку новага знаёмага.
— Шлык, брат, таксама цаца. Матрос былы. Партызаніў. Мост высадзіў у паветра на лініі Мінск — Вільня. Ён будзе твой целахраніцель. Да таго ж, толькі што вярнуўся з ліквідацыі банды Андрэя Апостала. Быў і на хлебанарыхтоўках. Таму можа быць карысны.
— Траханулі белую сволач, — прыемным барытонам сказаў Шлык.
Селі. Кандратовіч скруціў вялікую "сабачую ножку", пусціў хмару едкага дыму.