Паэзія розных гадоў

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Паэзія розных гадоў

Паэзія розных гадоў
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Уладзімір Караткевіч

Паэзія розных гадоў

Казка пра сноп

Восенню чырванню ліст памячае. Ўдзень ў гародзе пахне акроп... Па шляхах пачарнелых дыбае, З воза ўцёкшы, вясёлы сноп. Сам такі таўшчэзны, пузаты, Паяском перавіты ўвесь Ў залацістым прыгожым халаце, З буйным чубам на галаве. Ён уцёк ад сваёй нявесты, Што сасватаў Гуменнік яму. Свет чырвоны вакол, пярэсты - Проста на ногі стаў - і прамуй. А нявеста яго шукае... Вось ужо і зіма надышла, Бач - сугорбак, рукой разрывае І пад ім жаніха знайшла. Пацямнеў ён, стаў шэрым як трэба, Нежывым лёг пад белы плат, Чуб асыпаўся ў мёрзлую глебу, Пацямнеў залаты халат. Плача-плача над ім дзяўчына... Але вось пачарнелі гарбы, Снег зароў у глыбокіх лагчынах, Небасхіл пасміхнуўсь праз дубы. І жаніх пацягнуўся сонны І ажыў пад ветрам тугім, Падаслаў пад сябе зялёны, Малады,
пушысты кілім.
Калі ж восень другая настала З сумным шорахам пушч і гаёў - У гумно нявеста ўязджала З цэлым возам вясёлых снапоў.

На рацэ

Далечыня. Блакітныя абрывы І Днепр зялёны ў веснавой пылі, І сіняй пушчы млеючыя грывы Павольна калыхаюцца ўдалі. Разбіты човен. Ля яго дзяўчынка Спакойна спіць, прылёгшы на прычал, І сонца залатое безупынку На ногі ёй накладвае закал. А поруч загарэлыя бы маўры На конях, з спін якіх нясецца пар, Шалеюць трое хлопчыкаў-кентаўраў, Вадою плешчучы адзін другому ў твар. 

Вясновая непагода

Харалуг замест неба. Вакол лазнякі, Плынь гайдае ў пратоках чарот, Дождж стучыцца па шэрай паверхні ракі, Толькі скінуўшы першы свой лёд. Беспрыютна, панура, але паглядзі Лёд зышоў, гай прачнуўся ад сна, На азёрах прызыўна трубяць лебядзі, Блізка сонца, каханне, вясна. Хутка ў небе сонца распусціцца квет, Ўсё сагрэе мілым цяплом. І адразу пакрые ўвесь белы свет Чысты лебедзь блакітным крылом. 

"П'юць галубы блакiт iз каляiны..."

П'юць галубы блакіт із каляіны І вось адзін, падняўшыся ўгару Пад мірным небам, ласкавым і сінім Як камячок святла трыпоча на вятру. А далей, над калгаснымі палямі, Дзе млеюць нівы ў сонечным цяпле - Зусім нябачны жаўранак крыламі Ў цымбалы сонечных праменняў б'е. Прыпомні беларускае паданне, Як на абшар замёрзлае зямлі, Каб першым людзям даць магчымасць існавання Дзве птушкі гэтыя цяпло і мір зняслі. 

"Вагеньчык у яблынным садзе..."

Вагеньчык у яблынным садзе Як вецер дыхне па начах, Яблыкі частым градам Са стукам ляцяць на дах. Тут так прытульна і ціха, Тут добры такі народ, Як быццам засталася ліха За шуламі гэтых варот. Тут цягне жыць і кахаці, Тут добра так, як нідзе, У старасвецкай хаце, У дзедаўскім родным гняздзе. Бо з гэтай няяркай зямліцы, З абрываў рудых, з лугоў, З садоў у начной расяніцы Наш корань у свет пайшоў. Блукаем па свету самі, Часам звяртаючысь ў сад, Каб слухаць як начамі Яблыкі ў дах стучаць. 

"I зашумяць асiны над ракою..."

І зашумяць асіны над ракою, І будуць светлымі улетку дні, І зацвітуць на скалах над вадою Спакойныя купальскія агні. Як знак таго, што ўсё мінае ў свеце, Сарве іх шэрань прагнаю рукой, І толькі ты адна ва ўсім сусвеце Навекі застанешся маладой. 

Бацька

Бярозкі ствол усхвалявана-тонкі, Пясчанікавых скал крутыя йлбы, Над берагам зялёным явар звонкі І моцныя, спрадвечныя дубы. Вось буслава гняздо над старай хатай Вячэрнім, залатым агнём гарыць І там, ля пуні, дзе вішняк калматы, Сплятае сетку бацька мой стары. Даткнуцца б рук яго, такіх знаёмых, Карычневых ад сонца і зямлі, Ад сонца, што цяплей за ўсё удома, Ад той зямлі, дзе ён і я раслі. 

Алень

Лісце ў пушчы як цудоўны ложак. Вечар. І ад дрэў гусцее цень. Недзе за ялінамі прыгожымі Ўсхвалявана затрубіў алень. Гукі, што з дзяцінства мне знаёмыя. І калі ў душы яны гучаць, Гэта значыць - я нарэшце ўдома. Добры дзень, чырвоны лістапад! Добры дзень, прызыўны кліч аленевы! Памаўчы, бо я ў цішы гаёў Сам трубіць пачну ў тузе асенняй, Каб каханне адшукаць сваё. 

Зямля дзядоў

Паэма
І
Блакітнае, жамчужнае змярканне, Снуецца ў сэрцы ціхіх думак рой. Чырвоны месяц выйшаў на спатканне З нячутнаю і цёплаю вадой. Не можна ад нябёс адрозніць повень: І там і там адна і тая ж бель. Плыве пад ветразем крылаты човен Як казачны ў паветры карабель. Зямля дзядоў! Такою ж залатою Яна была і ў той далёкі век, Калі зубры ішлі да вадапою І на дубах хаваўся чалавек. Гады мінулі, пазгнівалі троны, Ахуталі як коўдрай палыны Руіны замка "каралевы Боны" І над Дняпром шырокім курганы. Даўно мяне не бачыла адрына, Дзе я калісьці
дзічкі ў кут хаваў,
І пыл на вулках, мяккіх як пярына, Ног змораных даўно не цалаваў.
І вось ізноў трава знаёмых вулак І за Дняпром сівым абрыс сяла: Збароў, дзе некалі мая матуля Вясковаю настаўніцай была. У дальні свет шырокія дарогі, Асін трапюткіх нечаканы ўздых, Дзядамі узараныя разлогі, Калыска і прыстанак вечны іх.
ІІ
Абрыў ад ног у плынь Дняпра нырае. Заціхні, сэрца, - знову за сваё? Гарэза-ветрык волас папраўляе На непакрытай галаве маёй. Там - плынь Дняпра, шырокая, як мора, Тут - скочкі і заглухлы бэз капцоў. Стаю і думаю. І хвояў шорах, Як слова даравання ад дзядоў. Вайна нанесла нават мёртвым раны, Не кажучы пра цёплых і жывых. Стаптаныя дзядоў маіх курганы! Увесну бэзу не цвісці на іх. Непадалёк ад ледзь жывой капліцы, Над бабчынай магілаю старой Як слёзы залацістыя, жывіца Цячэ з параненых магутных хвой. З гурбы жывой, з гурбы безабароннай Яны сюды вадзілі па адным, Пускалі па спадзістаму адхону, І у патыліцу стралялі ім. І нехта адказаў так званым "людзям" З пагардай, хоць вялі яго на смерць: "Калі страляеш, дык страляй у грудзі І мей адвагу ў вочы мне глядзець". Усё праходзіць. Пад дняпроўскай хваляй, Там, ля Прарова берагоў густых, Вышэй ад горада, згніваюць палі Напалеонаўскіх спаруд старых. А поруч з імі, ў водарасці рыжай, У нетрах "жабніку", "багновак", "скул" Чужынскі танк з павучым чорным крыжам Зарыўся грозным хобатам у мул. Культуры вашай варты жалю ўламак, Бандыцкі танк са звернутым ствалом Прыстасаваў пад непрыступны замак Вусаты, тлусты ваявода-сом. Жывымі не ўцяклі, як і калісьці, Са зброяю сваёй пайшлі ка дну... І не паспелі іх сляды заплысці, Як зноў крычаць пра новую вайну, Звуць "боскую бязлітасную буру", З амбонаў абвяшчаюць зноў і зноў Паход за еўрапейскую культуру Супроць "славянскіх цёмных дзікуноў".
ІІІ
Вы, гордыя сваёй грудзінай белай, Надушаныя з ног да галавы, Мае ж дзяды тады пісаць умелі, Калі фарсілі ў воўчых шкурах вы! Калі у замках вы жылі па-свінску, Палілі на агні жанчын старых - У нас тварылі Будны і Цяпінскі, Паэты, дойліды і разьбяры. У вас калматая бы ў малпы скура, Не звыклі вы да вопраткі сваёй, А вы прыйшлі "прышчэпліваць культуру", Прыйшлі таемнай, воўчаю хадой. Вам, спевакам грызні і новых войнаў, Што за "культуру" ліць спраможны кроў! Культура - справа мірных і любоўных, Не катаў, не забойц, не дзікуноў. Нас нішчыць? До дурніц. Замала сілы. Зямля, дзе ўсе жывуць адной сям'ёй, Дзе ваяваў Вячко, дзе жыў Вашчыла - Не можа быць пахілаю рабой. Не вырвеш з нас жывую нашу душу Бы з дзяснаў слабых набалелы зуб, Бо мы народ вялікі, непарушны, Народ, што да зямлі прырос, як дуб. Хоць моцныя, а з сукаватай кульбай Мы не сядзелі на чужым гарбу, Бо зведалі мы смак нішчымнай бульбы, І бомбы, і пажар, і барацьбу. Сціскаюць моцна нашы рукі зброю. Не рушце нас. Не цяжка зразумець: Капцы жадаюць вечнага спакою, Жывыя - працаваць, кахаць і пець. І не крычыце пра сваю культуру, Не выдаткуйце гожых слоў запал, - Мы зразумелі на уласнай скуры Бязлітаснае слова "капітал". Мы самі радасць зносілі і гора. Ніколі не казалі нам айцы Прасіць свой хлеб на мірны падвячорак, Сваю зямлю на мірныя капцы. І аддаваць сваю чужынцам працу, І воўну - на чужыя дываны, Сваю сасну - на вашыя палацы, Сваю спіну - пад вашы бізуны. Сваю зямлю, любімую, святую, Якую грубым словам не назваць, Такую светлую, такую залатую Распусніку ў наложніцы аддаць? Даволі языком дарэмна звягаць! Ад нашых ніў зялёных - рукі прэч! Нам не патрэбны новыя варагі, Калі ж прыйдуць, дык атрымаюць меч. Гісторык грэчаскі эпічна й проста Пра нас даўным-даўно паспеў сказаць: "Жыве ў Гіпербарэі люд дзівосны, Якому не балюча паміраць, Калі ў яго забраць жадаюць долю, І нівы ў жоўтай повені жытоў, І родны кут, і родныя таполі, І родны гай, і залатую волю І ўдзірвянелыя капцы дзядоў". Калі ў той час мы не згіналі спіны, Як давядзеш баранячым мазгам, Якімі моцнымі мы стаць павінны Ад новай праўды, зразумелай нам. Я ведаю, цяжкімі будуць годы, А нам стаяць, не гнуцца як трысцё, Бо лёс славян і лёс майго народа - Нялёгкае і гордае жыццё. Нам першым даглядаць усходы волі, І першымі іх потым паліваць... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Даволі успамінаў, досыць болю, Патрэбна неяк жыць і працаваць. Надзену шапку. Выйду на адвалы. Смяецца сонца ў хмызняках густых, Смяюцца зайчыкі на свежых хвалях: "На добрае здароўечка твой чых". Дождж крочыць недзе па лугах далёкіх: Ад хмары ў полі дымная мятла. І над вадою, над Дняпром шырокім Вясёлка светлай аркаю лягла.
Комментарии: