Абеліск
Шрифт:
Ну, тут збеглася паліцэйская зграя, жандары, скруцілі Марозу рукі, здзерлі кажушок. Як прывялі ў стараставу хату, Бохан і кажа ціхенька так, мусіць, каб паліцаі не ўчулі: «Не трэба было, настаўнік». А той адно толькі слова яму ў адказ: «Трэба». I болей нічога.
I вось тут, павінен табе сказаць, і ўсчалася тая шарада, якая нарабіла столькі блытаніны з эпілогам усёй гэтай трагедыі. Я так думаю, што менавіта праз яе Мароза столькі гадоў марынавалі і столькі ўсё гэта вымагала турботаў. Сталася так, што калі ў сорак чацвёртым турнулі нарэшце адсюль немчуру, у мястэчку і ў Гродні знайшлі сякія-такія паперы: дакументы паліцыі, СД. Усё гэта, вядома, было падабрана, распрацавана кім трэба. I вось сярод іншых аказалася адна паперка адносна Алеся Іванавіча Мароза. Сам бачыў: звычайная паперка са школьнага сшытка ў клетку, напісаная
Як ні дзіўна атрымалася, але і мы ненаўмысля пацвердзілі гэты дурацкі міф паліцая. Аказалася во як. Ужо ўлетку, калі насталі для нас гарачыя дзянёчкі і набралася нямала забітых і параненых, патрэбавалі неяк у брыгаду даныя аб стратах за зіму і вясну. Кузняцоў склаў спіс, прынёс сам з Селязнёвым на подпіс і пытаецца: «Як будзем паказваць Мароза? Можа, лепей зусім не паказваць? Падумаеш, два дні ўсяго ў партызанах пабыў». Тут, ведама, я запярэчыў. «Як гэта не паказваць? Што ж ён тады, седзячы на печы памёр?» Селязнёў, памятаю, нахмурыўся — ён не любіў успамінаць тую гісторыю з Марозам. Падумаў і кажа Кузняцову: «А што круціць! Так і напішы: папаў у палон. А далей не наша дзела». Так і напісалі. Прызнацца, я тады прамаўчаў. Ды і што б я сказаў. Што сам здаўся? Хто б гэта зразумеў? Так да нямецкага дадаўся яшчэ і наш дакумент. I паспрабуй цяпер абвергнуць гэтыя дзве паперкі. Лягчэй аказалася Волгу з Донам злучыць, чым да гэтае ісціны дакапацца. Дзякуй вот нашаму Міклашэвічу. Ён усё ж дакапаўся.
Да. А ў Сяльцы тады што ж? Аказаліся ўсе ў зборы, можна было адпраўляць у паліцэйскі ўчастак. Пад вечар вывелі ўсіх семярых са свірна, усе стаялі на сваіх нагах, апроч Бародзіча. Той быў збіты да крыві, і два паліцаі ўзялі яго пад пахі. Астатніх пастроілі па два і пад канвоем пагналі да шашы.
Вось тут ужо блізка фінал, і што і як было далей, мне расказваў сам Міклашэвіч.
Хлопцы яшчэ ў свірне дужа апанурыліся, як пачулі ў двары голас Алеся Іванавіча. Рашылі — схапілі і яго. Дарэчы, да самага іх канца так ніхто і не падумаў інакш — лічылі, не ўбярогся настаўнік, папаўся немцам. I ён ім нічога не сказаў пра сябе. Толькі падбадзёрваў. Сам стараўся вясёлым быць, наколькі, вядома, гэта яму ўдавалася. Казаў, што жыццё чалавечае надта несувымернае з вечнасцю і што ці пятнаццаць гадоў, ці шэсцьдзесят — усё не болей чымсьці імгненне ў вечнасці часу. Яшчэ казаў, што тысячы людзей хоць бы ў тым жа Сяльцы нарадзіліся і адышлі ў нябыт за вякі, і ніхто іх не ведае, не памятае. А вось іх будуць памятаць, і ўжо ў тым іхняя ўзнагарода. Найвялікшая з усіх магчымых у свеце ўзнагарод.
Мусіць, гэта тады ўсё ж мала іх суцяшала. Але тое, што з імі быў іхні настаўнік, іх заўсёдны Алесь Іванавіч, вядома, аблягчала незайздросны іх лёс. Хоць, пэўна, яны б тады шмат далі, каб ён уратаваўся — яны-то яго шанавалі, як бога.
Расказвалі, як вывелі іх на вуліцу ад старасты — збеглася ўся вёска. Паліцаі пачалі адганяць. I тады старэйшы брат гэтых блізнятаў Кажаноў — Іван вылез наперад і да нейкага немца: «Як жа так, маўляў, вы ж казалі: калі прыйдзе Мароз, дык хлопцаў адцусціце. Пусціце ж цяпер». Немец яму парабелумам у зубы, а Іван яму ботам у жывот. Ну той і стрэліў. Іван так і скорчыўся ў гразі. Што там усчалося тады: гвалт, слёзы, праклёны. Ну але ім што — павялі хлопцаў.
Вялі па той самай дарозе цераз масток. Масток направілі трохі, пешкі можна было прайсці, а фурманкі яшчэ не ездзілі. Ішлі, як я ўжо гаварыў, парамі: наперадзе Мароз з Паўлікам, за імі блізняты Кажаны — Астап і Цімка, потым аднафамільцы — Смурны Яўген і Смурны Коля. Ззаду два паліцаі вялі пад рукі Бародзіча. Паліцаяў, казалі, было чалавек сем і чатыры немцы.
Ішлі моўчкі, гаварыць не давалі. Ды і не хацелася, мусіць, гаварыць. Зналі ж, вядуць на смерць. Бо што іх яшчэ магло чакаць у мястэчку. Рукі ва ўсіх былі звязаны ззаду. А наўкола разлегліся палі, знаёмыя ад маленства мясціны. Прырода ўжо дружна
кіравала к вясне, на дрэўцах парастрэскаліся пупышкі. Вербіны стаялі бухматыя, абвешаныя жоўтымі махрамі ў голлі. Казаў Міклашэвіч, такая журба напала на яго, што хоць крычы. Яно і зразумела. Каб хоць пажылі, а то па чатырнаццаць — шаснаццаць гадоў хлопцам. Што яны бачылі?Так падышлі да ляска з тым мастком. Мароз усё маўчаў, а тут ціха так пытаецца ў Паўліка: «Бегчы можаш?» Той не зразумеў спярша, паглядзеў на настаўніка: пра што гэта ён? А той зноў: «Бегчы можаш? Як крыкну, бяжы па кустах». Павел здагадаўся. Наогул, бегацьто ён быў вялікі мастак, але за гэтыя тры дні ў свірне без ежы, у пакутах і катаваннях умельства яго, мусіць, убавілася. Але ўсё ж гэтыя словы Алеся Іванавіча далі надзею. Паўлік захваляваўся, казаў, аж ногі задрыжэлі. Здалося тады, што Мароз нешта знае. Калі так кажа, дык пэўна ж можна ўратавацца.
I хлопец пачаў чакаць.
А лясок — ужо во ён, побач. За дарогай адразу кусцікі, хвойкі, ядловец. Праўда, не дужа густа, але ўсё ж схоўна. Паўлік тут ведаў кожны кусток, кожную сцяжынку, паваротку, кожны пянёк. Толькі б паболей сілы. Такое напружанне ўзяло хлопца, што, казаў, здавалася, сэрца лопне ад хвалявання. Да першага кусціка заставалася ўжо крокаў з дваццаць, пасля дзесяць, пяць. Во ўжо і кусток. Але Мароз чамусьці маўчыць. Во ўжо і лясок абапал — алешнік, елачкі. Направа нізінка, тут, вядома, бегчы лягчэй. Тады Паўлік здагадаўся, што, мусіць, менавіта гэтую мясціну і меў на ўвазе Мароз. Дарога вузенькая, на фурманку, не болей, два паліцаі ідуць спераду, па два абапал. У полі яны трымаліся крыху далей, за канавай, а тут ідуць поруч, рукой ухапіць можна. I, ведама, усё чуюць. Мусіць, таму Мароз нічога не сказаў болей. Маўчаў, маўчаў ды як крыкне ўбок: «Во ён, во — глядзіце!» I сам улева ад дарогі зыркае, плячом ды галавой паказвае, быццам там убачыў каго. Вядома, хітрасць не бог ведае якая, але так гэта натуральна ў яго атрымалася, што нават і Паўлік туды зірнуў. Але зірнуў толькі раз, ды як скочыць, бы заяц, у другі бок, у кусты да нізінкі, праз голле, цераз карчы — у лес.
Некалькі секунд ён усё ж урваў для сябе, паліцаі празявалі той самы першы, самы галоўны міг. Але секунды праз тры нехта ўжо бухнуў з вінтоўкі, затым яшчэ. Двое кінуліся ў кусты наўздагон, пачалі біць раз за разам.
Бедны, няшчасны Паўлік! Казаў, ён не адразу і сцяміў, што папалі. Ён толькі здзівіўся ад неразумення, што гэтак пякотна ўдарыла яго ззаду паміж лапатак. I чаго так не ў пару падламаліся ногі. Гэта найбольш яго ўразіла, падумаў: можа спатыкнуўся. Але ўстаць ужо не мог, ды так і выцягнуўся на леташняй калючай траве ў малінніку.
Пасля ўжо расказвалі людзі — чулі, мусіць, ад паліцаяў, бо ніхто болей нічога не бачыў, а тыя, што бачылі, ужо не раскажуць. Даганятыя прывалаклі хлопчыка на дарогу. З-пад кашулі з грудзей лілася кроў, хлопец не варушыўся і быў як мёртвы. Кінулі яго ў гразь і ўзяліся за Мароза, Павалілі, білі нагамі, прыкладамі. Пабілі так, што і Алесь Іванавіч ужо не падняўся. Але на смерць забіць яго было нельга — настаўніка трэба было даставіць жывым. Двое ўзяліся яго цягнуць у мястэчка. I тады Каін падышоў да Паўліка, ботам перавярнуў яго тварам угору, бачыць — мярцвяк. Для пэўнасці яшчэ стукнуў прыкладам па галаве і спіхнуў у канаву з вадой.
Там яго і падабралі ўночы. Кажуць, тая самая бабка, у якой Мароз жыў. I што ёй там трэба было? У прыцемках знайшла, вывалакла на сухое, думала, нежывы і нават рукі на грудзях склала, па-хрысціянску каб. Ды чуе, сэрца нібыта стукае. Ціхенька так, ледзь-ледзь. Ну, бабка ў вёску да суседа, Антона Аднавокага. Той нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. I тут, скажу табе, бацька аказаўся малайцом, не глядзі, што біў некалі. Прывёз доктара з горада, лячыў, хаваў, сам колькі нацярпеўся, а сына выняньчыў. Апошнім часам на хутары ў далёкай радні хавалі. Уратаваў ад пагібелі.
А тых шасцярых давялі да мястэчка і патрымалі яшчэ дзён пяць. Скатавалі ўсіх — не пазнаць. У нядзелю, якраз на вялікадня, вешалі. На тэлефонным слупе ля пошты прымацавалі перакладзіну — тоўсты такі брус, атрымалася накшталт крыжа, і па трое з кожнага боку. Спярша, вядома, Мароза і Бародзіча. Пасля іншых — то з таго, то з другога боку. Дзеля раўнавагі. Так і стаяла гэта карамысла некалькі дзён. Як знялі — закапалі ў кар'еры за цагельняй. Пасля ўжо, мусіць, у сорак шостым, калі вайна скончылася, перахавалі бліжэй да Сяльца.