Адна ноч
Шрифт:
– Слухай, Фрыц. Вылезем туды, - ён паказаў пальцам угору, - давай палон. Рус плен - i вайна капут. Га?
Немец уважлiва выслухаў, нешта зразумеў, але з раздумнаю цвёрдасцю пакруцiў галавой.
– Нiкс плен. Плёхо плен. Рус энкеведэ дойч - Сiбiр. Пуф-пуф дойч.
– Нiхто цябе не будзе пуф-пуф. Чаго ты баiшся?
– загарачыўся Валока.
– Ты ведаеш, колькi у нас вашых камарадаў плен?
Фрыц зноў уздыхнуў, нявесела ўгледзеўся ў агеньчык запальнiчкi ў сцяне. З ягоных вачэй выплыла i атулiла ўвесь твар туга чалавека, якi колькi нi прыкiдваецца сам сабе, як нi абнадзейвае сябе, а ўсё ж нiяк не можа пазбыцца вялiкага i нязбыўнага, як смерць,
– Майн фрау ўнд кiндэр. Дрэздэн, - сказаў ён i падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлiвасцю да чужога, але зразумелага i па-чалавечы дарагога наблiзiў картку да слабенькага святла запальнiчкi.
З фатаграфii на яго пазiралi жанчына i трое малых. Старэйшы - галаногi хлапец у кароткiх штонiках стаяў каля крэсла, дзяўчынка сядзела на каленях у мацi, сярэднi - хлопчык год дзесяцi - стаяў ля старэйшага i трымаў пад пахай паласаты мячык. Ззаду вiднеўся невялiчкi, але ладна адбудаваны i дагледжаны домiк з верандаю, высокi чарапiчны дах, у прасценках густая лiстота вiнаграднiку. На хвiлiну баец ажно ўпiўся ў гэта вачмi.
– Ладная дамоўка, нiчога не скажаш, - уздыхаючы, прагаварыў Валока, адчуўшы ў душы цiхенькi самотны боль не то ад разбуджанага суму па спрадвечнаму, мiрнаму, гаспадарчаму жыццю, цi мо ад успамiнаў аб сваiх там, дома... З прытоенай зайздрасцю i скрухаю ён аддаў картку назад.
– Драй кiндэр!
– сказаў Фрыц, хаваючы у кiшэню паперы.
– Плёха плен. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен, - фрау, кiндэр ком, ком унд канцлагер. Плёха!
Валока зразумеў. Пэўна ж, так, яны, гэтыя немцы, не дужа там няньчацца i са сваiмi - ён ужо чуў, што за такiя справы сем'i гэтых фрыцаў па галовах не гладзяць. Ну, але што ж тады iм рабiць?
А Фрыц тым часам ямчэй усеўся на цагляным зломку i, памагаючы сабе рукамi, пачаў нешта тлумачыць.
– Фрыц нiкс буржуй, Фрыц арбайт!
– Нiбы ў доказ таго ён выцягнуў перад сабой шырокiя, дужыя, працавiтыя далонi.
– Маркi мала-мала Фрыц. Айн хаўз Фрыц. Хагеман - бедны чалавек. Рус Iван - бедны чалавек. Цвай бедны чалавек, паказаў Фрыц два пальцы.
– Мi панiмайт.
– Ну гэта... Якi я бедны?
– невядома чаму сумеўся Валока.
– Чаго Iван бедны? Што я, беспрацоўны? Калгаснiк я.
– Я, я, - пагадзiўся немец.
– Плёха рускi кальхаснiк. Кальхас бедна.
"Што ён мяне тут ахмурае, - падумаў Валока.
– Куды гне?" I яму дужа захацелася быць не горшым, чым гэты немец, - не ўступiў жа ён яму ў нядаўняе бойцы, быў роўны ў працы, i цяпер вельмi ж нежадана было яму аказацца нейкiм бедняком, вартым спачування. Унутры ў iм усё запратэставала супраць гэтага абразлiвага варожага спачування.
– Наш калгас багаты. Вось! У нас не такiя - у нас яшчэ лепшыя дамы. Мы шыферам крылi. I хлеба - во!
– гаварыў ён, паказваючы далонню да шыi. Немец, здаецца, нiчога не зразумеў i казаў свае:
– Плёха рус кальхас... Бедна...
Баец адчуў, што не дужа абхiтрыш гэтага немца, якi прайшоў палову Расii i, пэўна, нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца.
– Мала што дзе там бедна. а ў нас багата. Во. Мы хлеба па сто пудоў палучалi. I бульбы. I гароху. I масла па пуду, i грошы - тысячу рублёў. Тысячу, разумееш?
– з пафасам назваў ён суму, якая ў даваенным сялянскiм разуменнi была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякiм разе за гэтыя грошы можна было купiць добрую карову.
– Тысяча! От!
– Таўсенд! Кiлёграм масле?
– здзiвiўся немец i недаверлiва паглядаў то на лiчбу, то на байца. А той, адчуўшы, што немец памыляецца, але, бачачы яго захапленне, не стаў выкрываць непаразумення i нахабнавата пацвердзiў:
– Ну! А ты думаў...
Немец загасiў у вачах недаверлiвы агеньчык i паскроб патылiцу.
– Усё было. Да вайны, - гаварыў далей Валока з такiм адчуваннем, бы рашыўся на штосьцi адчайна забароннае, адкуль назад нiякага ходу ўжо не было. I ён лез напралом.
– Радыё было - раз, - пачаў ён загiнаць на левай руцэ пальцы.
– Лiсапед.
– Для нагляднасцi ён падабраў ногi i пакруцiў, бы педалямi, у паветры.
– Рад, - здагадаўся немец.
– Во, во, рад - два.
– Iх iмель крафтрад, матацыкль, - аб'явiў немец.
– Матацыкл? Матацыкл што? Матацыкл ерунда. а ў мяне была... ведаеш што? Гэта што плавае - чых-чых-чых! Маторка звалася. Во!
– паведамiў ён, знайшоўшы свой галоўны ў гэтай спрэчцы козыр.
– Лодка?
– Ага, лодка. От жылi. Каб не вы, фашысты... Фрыц падумаў, яшчэ паўзiраўся ў байца, наморшчыў лоб i ўздыхнуў, няпэўна супакойваючыся. "Паверыў", коратка, з надзеяй, падумаў Валока.
– Фашызм нiкс гут. Плёха фашызм, - сказаў Фрыц, i баец цяжка падняўся з месца. Немец таксама ўстаў, услухаўся, але скрозь было цiха.
Яны зноў пачалi разбiраць завалле, выцягваць каменныя выварацiны з праломiны ў сцяне, але канца гэтае справе не было вiдаць. За праломiнай iшла суцэльная сцяна друзу, i хутка з яе ўжо нiчога нельга было выдраць - так там усё было туга спрасавана. Абодва за той час дужа ўходалiся, запылiлiся. Валока, не перастаючы, кашляў ад пылу. Урэшце ён вылаяўся i вылез на вальнейшае месца. Стала вiдаць, што калупацца там - справа дурная i марная.
Яны памаўчалi, змарыўшыся, пасля Валока пайшоў абмацваць усе закуткi гэтага падзямелля. Запальнiчка свяцiла слаба, i ён больш вобмацкам, чым бачачы, натрапiў на нейкую патарчаку, што высоўвалася ўгары са столi. Гэта было ў баку ад таго месца, дзе ўдзень прабiваўся праменьчык. Баец гукнуў, i Фрыц прынёс сюды свой мiзэрны свяцiльнiк. Мiльготкая iскрынка праплыла ў цемры i, толькi калi немец падняў яе ў кулаку пад самую столь, трошкi асвяцiла цьмяны кавалак бетону.
Слабенькае святло хлiпка блукала па столi, два твары напружана ўзiралiся ўгору. Валока напяўся - зломак кратаўся. Немец свяцiў адной рукой, а другой таксама ўпёрся ў край гэтае выварацiны.
– Ахтунг! Памалё! Малё трэба, Iван, - засцярожлiва сказаў ён, i баец пачуў яго цёплае дыханне ля вуха. Там, ззаду, за спiной, вiсеў яго аўтамат, якi лёгка можна было ўхапiць, але Валока ўжо не звяртаў на гэта ўвагi.
– Што там "ахтунг!". Ану, дужэй. Раз, два, узялi! Шырока расставiўшы ногi, яны ўперлiся, Валока папiхаў
зломак у адзiн бок, у другi, той яўна паддаваўся iхняе сiле. Тады баец напяўся яшчэ, i зломак зрабiў шырэйшы ход туды i назад. Здавалася, у гэты раз яны сапраўды знайшлi выйсце. Валока аж акрыяў духам i, змораны, сабраў у сабе рэшту сiл. Зломак паддаваўся, вось-вось павiнен быў выпасцi, як раптам немец засцярожлiва ўскрыкнуў, запальнiчка ўраз пагасла, i нейкi жахлiвы цяжар, прарваўшыся, рухнуў на Валоку. Ён i не ўцямiў нават, што сталася, уваччу блiснула аранжавая зарнiца, i страшны боль у галаве пагасiў адчуванне.