Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:

— А Докшыцы яшчо ў iхных руках?

— Чуў, што ўчора iх адтуль выбiлi. Праўда, там нашых усiх, значыцца з нашых управаў, перабiлi.

Гаварылi спакойна, бязь нiякага паднечаньня цi зьдзiўленьня.

— Слухай, Антось, я цяперака ўжо сёе-тое думаў. Самааховы тутака нам нiяк ня ўдасца сарганiзаваць, сам знаiш. Нiма сваiх афiцэраў. А от цяперака палiцыю пераняць у свае рукi можна. Iх многа выбiлi. Кумекаiш?

— Ты, мусiць, тое думаеш, што i я думаю.

— Ага.

— А як Левандоўскi? Уцалеў?

— Нiякi чорт яго нi ўзяў.

— А калi яны будуць людзей набiраць?

— Ды хоць i зараз. Начальнiк быў сягоньнiка ранiцай у мяне й казаў, значыцца пытаўся, цi магу каго пасулiць яму…

— От як, — дзiвiўся Антось.

— Падумай, ды не марудзь.

Найболi пару дней. Я яму параю сваiх людзей. Хачу, каб i ты там быў.

— Буду. Але яшчо зь Нiнай пагавару.

Аграном сьпяшыўся. Антосль i Янук хутка разьвiталiся зь iм. Назад iшлi ўжо вулiцай i дакладней прыглядалiся сьлядом учарашняга бою.

На трэцi дзень вярнуўся дамоў Мiкола. Без каня. У хату прынёс вялiкую радасьць. Змораны, галодны, ён сьпярша пад'еў, а тады цэлы вечар апавядаў пра свае прыгоды, як «цыганскае войска» злучылася з бальшавiкамi, ды як падчас наступленьня апынуўся ён у хвасьце «баявой» армii. Як Немцы пачалi нацiскаць, а «цыгане» й «тая брыда» завярнулi ў лес, удалося яму зноў застацца ў хвасьце. Каня застрэлiлi. За дзень прыкульгаў дадому. Захарук вярнуўся дадому назаўтра, таксама без каня. Апавядаў, што зацягнулi яго далей у пушчу, але, ведаючы, што з возам уцячы ня ўдасца, пакiнуў каня й сам абхiтрыў «начныя ўлады».

Якi тыдзень цi два пасьля баёў у Докшыцах i Гацях, у Глыбокае наехалi спэцыяльна вышкаленыя для забiваньня безбаронных людзей латыскiя адзьдзелы. На працягу двух дзён яны лiквiдавалi ўсё насельнiцтва жыдоўскага «гетто». Жыды спрабавалi адбiвацца зброяй i тады латышы пачалi iх выпальваць. Гэткiм чынам выгарэў вялiкi кут гораду побач Вiленскай вулiцы на захад ад галўнага рынку. Жыдоўскае пытаньне ў Глыбокiм было «канчаткова разьвязана».

30

Swiatu kretactwo sie dzisiaj snigdzie tyzlko spojrzysz wkrag,i jestes sam i smutno ci,zycie twe drzy od mak.Hej w gore szklanice,niech szybko plynie czas,nigdy, przenigdynie zgniebia nas!

Песьня прылятала дзесьцi зь левага боку, з трэцяй цi чацьвертай камэры. У маладым мужчынскiм тэнары — зьнямога й разам сквапнасьць нязьведанага, бадзёрасьць i сумлевы. I песьнi гэнай, i тэнару таму цесна ў менскай вязьнiцы таксама, як цесна там i Януку. Усё ягонае цяперашняе навакольле чатыры, некалi зялёныя, а цяпер шэрыя, запэцканыя сьцены камэры й круглы «ваўчок» у дзьвярох. А з другога боку. пад самай стольлю, пядзя неба праз краты.

Зьняможаны, — так хацелася пiць! — сядзеў у камэры сам, на чужых нарах журыўся. Усе пайшлi на працу, пад канвоем, дзесьцi ў нейкiх менскiх развалiнах падбiраюць хлам. А ён, Янук, яшчэ да суду павiнен у камэры сядзець. Пасьля мо й яго на працу пусьцяць.

Дзесьцi на змроку, з бойкiм голасам, у лiку iншых, прыйдзе з працы пензенскi злодзей Мiшкiн, ён-жа камэры гаспадар. Яго ўлада. Спрабуй, не паслухай. Ля яго ацiраецца мянчанiн, пабiты воспай твар, чырвоны п'янiцы нос, Кабылкiн. Ён вечна ў той чырвоны нос нешта гугнявiць. I яшчэ прыйдзе некалькi людзей, а можа навет i хто з «новабранцаў» зьявiцца. На нарах даволi месца для чатырох, а рэшта на халоднай цэмантовай падлозе сьпiць. Найнавейшыя пачынаюць ад парогу, ад гадкай сьмярдзючай парашы, каторую ачышчаюць раз на дзень.

Праўда, нiхто не пачынае ад парашы два разы, а Янукова пачынаньне даўно мiнула. Першую ноч прачнуўся, як у камэры, перапоўненай да адказу, нехта ня трапiў у мэты й яго абмачыў. Цемра. Юнак вылаяўся, стукнуў чалавека ў балючае. У вадказ — праклёны Мiшкiна, адтуль, зь верхнiх нараў, дзе ён побач сваiх падачак спачываў. Трохпавярховы мат i пагроза: — Не перастанеш, сукiн сын, так я тебе сейчас носом!

Hej w gore szklanice,Niech szybko plynie czas…

Голас

Паляка крыху ацiх. Цiкава, што за чалавек. Пэўне-ж за нейкую палiтыку, а можа за спэкуляцыю сядзiць. Скарэй за апошняе. Iх, гэтых спэкулянтаў-анткаў на шляху Вiльня-Менск маса. Зь iмi й Бахмач сюды трапiў. Мусiць i яго за спэкулянта палiчылi, хоць яны й ня пыталiся.

У канцы лiстапада Лявон i Янук, падарозе зь Вiльнi дамоў, каб прывезьцi харчоў, наважылi ў Менск заехацца. Нельга сказаць, каб Менск падарозе ляжаў, але юнаком, зь iх прыгоднiцкай натурай, як-жа яго абмiнуць. Да гэнага часу Загорны нiколi ў сталiцы ня быў i, наслухаўшыся пра яе ад Бахмача, загарэўся ахвотай.

Цягнiком ехалi «на зайца». У Вiльнi проста амаль немагчыма было дастаць дазвол на праезд чыгункай ад мясцовага нямецкага камiсара. Злажы заяву, пачакай два цi тры месяцы й пасьля таго яшчэ на двое бабка варажыла. Спэкулянты падкуплiвалi ўраднiкаў за грошы й прадукты, а бедныя студэнты мусiлi галадаць. Ехаць «зайцамi» небясьпечна. Нямецкiя кандуктары, часта пры помачы жандармаў, праводзiлi дакладную кантролю пасажыраў з таварных вагонаў, бо ўсе асабовыя вагоны займала войска.

Маладосьць i рызыка, — мiж iмi трэба было-б знак роўнасьцi паставiць. Паколькi ў нашых гэрояў хапала аднае i было ўволю другога, у канцы лiстапада, далёка ўбок ад свае радзiмы, яны ў Менск заехалiся. Прыехалi ранiцай, найперш зайшлiся да Нiны Рашкевiчыхi на Камароўцы, заглянулi ў рэдакцыю беларускiх газэтаў, дзе Янук атрымаў сьцiплы ганарар за свае вершы й карэспандэнцыю зь Вiльнi. Пасьля аблазiлi й авгледзiлi цэнтар гораду, зазiрнулi на Чэрвеньскi рынак, зайшлiся ў рэстаран, дзе наелiся смачнай капусты й бульбяных аладак з лоем.

Як на дзiва, вечар быў цёплы й цiхi, шамацела яшчэ пад нагамi лiсьце ля калiшняга ўнiвэрсытэцкага гарадка й не спраўляў хаўтураў мiж руiнаў вецер. Хлопцы былi ў добрым настроi, жартавалi воддаль ад вакзалу ля «таварняка» iз спэкулянтаў, якiя, абладаваўшыся рознымi валiзамi, мяхамi й iншымi кошыкамi, ужо сплывалiся сюды на падарожжа ў Вiльню. Да адходу цягнiка заставалася даволi часу. Руiны гораду расплывалiся ў змроку, нiхто сьвятла не палiў, адно гучным жыцьцём кiшэла войска ля сваiх «нур фюр дойчэ» кухняў i цягнiкоў. Анткi, збыськi й iншыя малгосi, быццам куры на курасадню, усаджвалiся ў таварныя вагоны, дзялiлiся апошнiмi навiнамi пераклiкалiся розныя знаёмыя. Сярод iх юнакi чулiся быццам дома. Як-нiяк, гэта была гамонка («гвара») так добра iм ведамага вiленскага рынку.

Янук, як пасьля шмат каму расказваў, улез аж дзесьцi ў сярэдзiну вагону й толька пачаў разглядацца, дзе падзеўся сябра, як сталася нешта нязвычайнае. Пачулiся крыкi i з двух бакоў вагонаў зьявiлiся зялёныя мундзiры. Янук намагаўся клiкнуць сябру, але той ужо недзе зьнiк. Неўзабаве вайскоўцы сiлай пачалi выкiдаць людзей з вагонаў i зусiм iхным багажом, ставiлi iх ў калёну, абкружылi канвоем i загадалi йсьцi. Янука быццам маланка сьцебанула. Арыштавалi!

Побач чыкiльгалi анткi й малгосi, праклiнаючы пад нос, валачылi цяжкi багаж, якога заўтра ранiцай чакалi на вiленскiм рынку людзi. Адно Янук трымаў рукi ў кiшэнях i прыглядаўся мурлатым людзям у зялёным. Усе яны шырокаплечыя, як-бы хто на адну мерку iх выбраў. На рукавох Бахмач спасьцярог чырвона-бела-чырвоныя шчыткi. «Латышы, каб вы пагарэлi. Поскудзь. Пэўне-ж зь мясцовага СД». Маладому юнаку давялося ўжо бачыць розных акупантаў i паразiтаў, а такiх вось сустрэў упяршыню. Што гэта за народ? Калi ён быў, адкуль узяўся? Казалi людзi ў Лiтоўцах, што гэта яны вымардавалi ўсiх Жыдоў у глыбоцкiм «гетто». I прыгадалася iншае. Зь iншага часу й тэрыторыi: латыскiя стралкi на стражы кастрычнiцкай рэвалюцыi. Калi зьняможаныя вязьнi з турмы народаў ськiнулi ярмо, пачалi на ногi станавiцца, свае нацыянальныя дэмакратычныя дзяржавы будаваць, бацькi во гэтых мурлачоў узялi зброю, каб стануць на старожы ленiнскае брыды-пачвары, што тады ледзь пры жыцьцi ў пялёнках лiпела. Гэтыя нелюдзi памаглi пачвары ўздужэць, клыкi выгадаваць, каб пасьля мiлiёны нявiнных спажываць магла.

Поделиться с друзьями: