Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:

Праводжаны воплескамi, Астроўскi пакiнуў трыбуну, а на яго месца зьявiўся мажны выглядам, новавыбраны прэзыдэнт кангрэсу Яўхiм Кiпель, якому ўжо прапануюць цэлы прэзыдыюм.

Зорка й Пушчанская ўважна сачылi за ходам дзеяў i хоць Януку карцiла пагаварыць зь iмi, на сцэне, як-нiяк, адбуывалася гiсторыя. Янук зiрнуў у той бок, дзе кагадзе стаяў Антось Дзяркач. Там зьявiўся той дзяцюк, зь якiм раней гаварыў Антось, а Дзеркача нiдзе ня вiдаць. На самым фронце, перад трыбунай, сядзелi нямецкiя афiцэрскiя чыны, побач iх i афiцэры зь Ярылавымi крыжамi. Там-жа сядзелi й сьвятары, адзiн зь iх, як здалося Януку, япiскап. Далей разьмясьцiлiся юнакi й юначкi ў формах Саюзу Беларускае Моладзi, а той шустры з правага боку, — гэта Ганько. Бачыў яго цi раз Бахмач у хранiкальных фiльмах. З масы людзей, што запоўнiла тэатр, — можа каля паўтары тысячы, Янук мог-бы палiчыць на сваiх пальцах тых, каторых знаў.

— …мы

мусiм самi ўзяцца за будаўнiцтва свае будучынi, — прамаўляў новавыбраны прэзыдэнт кангрэсу Кiпель. — Ад нашага iмя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскiя заправiлы, яны там вызначаюць апякуноў, якiя ўжо рыхтуюць шыбенiцы нашаму народу. На нашы землi прэтэндуюць польскiя паны. I вось чаму ў гэты час мы павiнны голасна сказаць усяму сьвету, хто мы й чаго мы хочам.

Iзноў хлынулi шчодрыя воплескi. Цэладзённыя прамовы толькi пачыналiся й таму дэлегаты заўзята ў далонi плёскалi. Нагода надзвычайная, гiстарычная. Як-нiяк, паняволеная й зганьбаваная краiна рэдка калi зьбiрала ў Менск цьвет свайго народу, калi не бальшыню дык прынамсi вялiкую часьць палiтычных мазгоў i моладзi. Адчувалася напружаньне. Яно вiдаць было, як здалося Януку й на тварах дэлегатаў, i — за вонкавым спакоем, — на тварах сяброў прэзыдыюму кангрэсу. Яго цяжка было скрыць. Другi вораг наблiжаўся да сталiцы, а першы ўжо аглядаўся, каб як найскарэй i больш бясьпечна адсюль змыцца. У горадзе-ж, як усiм у той час было добра вядома, чакала добра зарганiзаванае бальшавiцкае падпольле. Умовы ня вельмi спрыяльныя для доўгiх i дакладных разважаньняў пра лёс i будучыню беларускага народу на вечы. Трэба было мяркаваць, што й бальшыня дэлегатаў, каторыя запраўды складалi асноўны патрыятычны шпень так вынiшчанага ды iз нацыянальнага кiраўнiчага элемэнту выпаласканага народу, ня мела значных сумлеваў адносна запраўднае функцыi кангрэсу. Трэба-ж было быць абсалютна наiўным, каб верыць, што ўдасца зрабiць больш, чымся апрабаваць ужо падрыхтаваныя дэклярацыi й рэзалюцыi. Навет ня было калi. Трэба ўжо было думаць пра эвакуацыю, а некаторыя дэлегаты, каб вярнуцца дадому, мусiлi-б ехаць ужо пад бальшавiцкую акупацыю.

Усяночная бяссоньнiца ў цягнiку падарозе ў Менск цяпер хiлiла набок Янукову галаву. Прырода дамагалася свайго й перад ёю мусiла капiтуляваць навет надзвычайная Янукова зацiкаўленасьць жывой гiсторыяй. Калi пасьля ўступнай Кiпеля, запрасiлi ў прэзыдыюм удзельнiкаў Першага ўсебеларускачга Кангрэсу, Янук здалёку прыглядаўся тым людзям, што занялi, зноў-жа пры агульных воплесках, месца ля стала на сцэне. Сярод усiх увыдатнялася, у Януковых вачох, дамiнуючая фiгура Кастуся Езавiтава.

Зараз пачаў справаздачу прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскi. Голас ягоны, гэтым разам скарэй настаўнiцкi чымся прэзыдэнцкi, барабанiў манатонна, заглыбляючыся ў гiсторыю й статыстыку. Пад гэткi гоман лёгка можна было заснуць. I ледзь Янук задрамаў, як разбудзiлi яго воплескi. Няўцямна зiрнуў на слуцкiх настаўнiц, а нос падказаў яму, што ад iх, асаблiва ад Зоркi, нясло танным адэкалёнам. Заля й людзi зноў некуды адплылi…

Гарачае лета. Трэба абавязкова пчол дапiльнаваць, каб ня выраiлiся, а калi й будзе той, дык каб ня ўцёк. Праўда, учора вечарам падслухоўваў вульлi, цi няма дзе вясельля… Розныя галаскi, — ведаў iх добра Янук, калi заводзiць матка, а там, мiж агульнага шуму, можна паслухаць «сватоў» i «свацьцяў». Здавалася, што вясельля ня было. Але, хто iх ведае. Памылялiся-ж i раней. Бывае, што вясельля не падслухаеш, а рой бывае. Гэту трывогу Янукову раптам засланiў курадым.

— Бяры, сынок, куры iх добра дымком, а я буду рамкi выцягваць.

Гэта бацькаў аўтарытэтны голас. Янук не марудзiць, бярэ курадым, цiсьне мяшок i нюхае сiняваты дымок, што йдзе з рыльца, ад спарахнелага карча ўсярэдзiне. Бацькавы рукi, жылiстыя зьверху й мазолiстыя на далонях, адчыняюць вечка вульля, ды намагаюцца за рамку ўзяцца. Але што такое робiцца? Вулей раптам… Ды не гэта ня вулей, а дамавiна… Васкова-жоўты матчын твар. А чаго-ж ён з тым дымам…, чаго Янук з тым дымам у матчыну дамавiну? Гэтта вялiкi перапалох сьцiснуў Януку грудзi, а раптам аднекуль вялiкiя гучныя воплескi цi яшчэ нейкi гук…

— Спадар Бахмач!

— Га? Што? — прахапiўся Янук i перад сабой, амаль зусiм упрытык убачыў твар случчанкi Зоркi.

— Вы гэта што, спадар Бахмач? Прадстаўнiк народу прыехаў на кангрэс спаць?

— Кангрэс? — няўцямна, прыцiшаным, спалоханым голасам спытаўся Янук. Перад iм лагодненькая ўсьмешка курносенькай дзяўчыны. Але не пра ейную прыгажосьць цяпер думаў Бахмач. Навокал людзi. Некаторыя глядзяць на яго. А iз сцэны манатонны голас чарнявага чалавека ў чорных акулярах.

— Прабачце, задрамаў. Цэлую ноч ня спаў у цягнiку.

— …паўсталi шматлiкiя батальёны Беларускае Краёвае Абароны, — гаварыў Астроўскi, — якiя пакрылi

сабою ўсю тэрыторыю наступных акругаў: Менскае, Барысаўскае, Слуцкае, Баранавiцкае, Слонiмскае, Навагрудзкае, Вялейскае й Глыбоцкае.

Зноў воплескi. Янук цяпер разглядаўся, сам плёскаў у далонi й намагаўся камтраляваць ацяжэлую галаву.

— Калi рэзультат правядзеньня мабiлiзацыi быў доказам нацыянальнай сьпеласьцi беларускага народу, то постаць нашага жаўнера, — далей чытаў прэзыдэнт БЦР, — часта голага й босага, па каленi ў балоце, на холадзе, моцна трымаючага вiнтоўку ў сваiх руках, зьяўляецца доказам яго надзвычайнай сiлы й бясконцай адданасьцii сваьму народу й бацькаўшчыне.

I далей: — Найбольшую цяжкасьць мы мелi й маем з камандным складам. Агулам гаворачы, жаўнер беларускi вельмi добры, але камандны склад вымагае яшчэ вялiкай апрацоўкi й падрыхтоўкi. За гэты час ужо праведзена двое курсаў перападрыхтоўкi афiцэраў i падафiцэраў, а з пятнаццатага чэрвеня арганiзавана афiцэрская школа ў Менску для нашых юнакоў зь сярэднiх i iншых школаў.

«Так, — думаў Янук, — постаць нашага жаўнера, голага й босага, па-каленi ў балоце… доказ надзвычайнай сiлы… Што той бэцээраўскi прэзыдэнт вярзе? Янка Сарока зь Вiльнi. Iншыя, зялёненькiя гадамi, ганаровую варту трымаюць. Зь пятнаццатага чэрвеня, значыцца два тыднi назад пачалi школу. Жаўтаротыя пiскляты… А тут ужо на паляваньне трэба, а гэтыя яшчэ парадкам сабак кармiць не ўзялiся…»

I Янукова думка крута ў другi бок павярнула. Вядома-ж, бяз гэтага кангрэсу, бяз гэтых справазачаў i нарадаў нельга. Яны патрэбныя беларускаму народу ў гэты крытычны ў гiсторыi момант як рыбе вада. Але, усё-ж… Сёе-тое гаворыцца, абы падгладзiць абы там якiя дзiркi заткнуць, паказаць што нешта ёсьць, што вось, маўляў, зiрнеце, якiя мы малайцы, гаспадары. Арганiзаваная афiцэрская школа для юнакоў, такiх, як i сам Янук. Брава! Колькi трэба намаганьняў i сродкаў, а перадусiм часу, каб вышкалiць чалавека на афiцэра? А там ужо чатыры днi назад пачалася поўная афэнзыва. Пала Орша, Магiлёў, клiнамi хваля паўзе пад Бабруйск, Слуцак, Полацак, Барысаў. Цi адзiн раз i цi адзiн мудры чалавек сказаў пра палiтыкаў: сяньня радзяць пра ўчарашняе, а заўтрашнiх праблемаў i ня бачаць. Але. Калi-б вораг ня прыблiжаўся з-за Дняпра, можна было-б iз кпiнамi да сяго-таго, гэтта сказанага, аднесьцiся. Ды няма калi кпiць. Тут трэба, як мага сiлаў, нешта радыкальнае выдумаць. Ня будзеш падчас таго, як пажар трэба тушыць, разважаць пра рэгулямiн пажарнае аховы… А з другога боку, што меў гаварыць Астроўскi? Бэрлiнскiя вяльможы да апошнiх часоў не давалi дазволу на арганiзацыю беларускага войска. Навет i цяпер, калi самiм вораг на горла лезе, адно батальёны дазволiлi, дый тыя пад iх камандай. Можа лепш уважна паслухаць што тут на кангрэсе гаворыцца?

Яшчэ пару разоў засынаў Янук, але суседка, жартуючы, як добрая апякунка, не давала «народнаму прадстаўнiку» праспаць так важных гiстарычных падзеяў. Бачыў Янук зноў Антося Дзеркача, аднойчы зь левага боку ззаду, iншы раз на першым паверсе на бальконе. Цэлы час гацкi палiцыянт пiльна пазiраў ва ўсе бакi. I пераглядаўся зь iншымi, якiя, вiдаць, таксама мелi «спэцыяльнае заданьне».

Пасьля прыняцьця справаздачы Астроўскага, наступiлi прывiтаньнi кангрэсу, насамперш ад фон Готбэрга, на якое прынялi запрапанаваны Астроўскiм адказ з падзякай. Пасьля йшлi па чарзе прывiтаньнi ад Беларускае Карёвае Абароны, жаўнераў парадкавае службы Ўсходняга фронту, ад беларускiх сялянаў, работнiкаў i iнтэлiгенцыi; ад беларускага праваслаўнага духавенства прамаўляў архiяпiскап Фiлафей. Былi й вiтаньнi ад эвангелiкаў-баптыстаў i ад беларускiх рыма-каталiкоў. Найбольш урачыста й прыгожа вiтаў кангрэс Саюз Беларускае Моладзi, калi галоўны шэф-праваднiк Мiхась Ганько, у асысьце кiраўнiчкi жаночага адзьдзелу СБМ д-ра Н. Абрамавай, юнакоў i юначак, з трыбуны запэўнiў дэлегатаў, што «мы, моладзь, прысягаем перад вамi, рэпрэзэнтантамi волi Беларускага Народу, што будзем з гонарам несьцi сьцяг змаганьня за народную волю, што нiколi ня зганьбiм i ня здрадзiм нашага нацыянальнага iдэалу»

Даклад вiцэ-прэзыдэнта БЦР Шкялёнка разглядаў прэтэнзii й нелегальныя пасягненьнi суседзяў, - Польшчы й Расеi ды бальшавiцкае Масквы, — да Беларусi, ды iхныя розныя махiнацыi ў навейшыя часы, каб трымаць беларускi народ у няволi.

39

Першае паседжаньне кангрэсу скончылася пад полудзень. На дварэ, як быццам на якiм усенародным фэсьце, людзi стаялi групамi перад тэатрам, хадзiлi па маленькаму парку, некаторыя раскладалi на траве харчы, каб паабедаць, а iншыя шлi ў сталоўку Беларускае Самапомачы. Усё гэта адбывалася пад ласкавым, пяшчотным чэрвеньскiм сонцам. Адно недалёка ад тэатру галоўная вулiца 25-га Сакавiка стагнала пад цяжарам вайсковых грузавых аўтамашынаў, што пылiлi па вакольнай зеленi й руiнах.

Поделиться с друзьями: