Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:

– Такая вясна - на ўраджай, - сказаў Хрысан Андрэевiч на днях, калi начаваў з Алёшам у Iвана Iванавiча.

Скора яны выганяць авечак на пашу, але Алёша цяпер да самых вакацый будзе толькi "выправаджваць" з бацькам чараду ранiцаю i "сустракаць" за вёскаю вечарам.

Алёша i адзiн прыязджаў некалькi разоў. У такiя днi яны з Толiкам не разлучалiся i пачыналi зноў шукаць Бiма, мiлыя хлапчукi. Але аднойчы, калi ўсе разам пiлi гарбату

ў Iвана Iванавiча, Хрысан Андрэевiч памеркаваў так:

– Калi ўжо ў газетах надрукавалi ды не аб'явiўся, то, выходзiць, яго нехта звёз далёка. Расея вялiкая, матухна, паспрабуй знайдзi. Калi б ён загiнуў, то абавязкова нехта б заявiў па аб'яве: так, маўляў, i так - памёр ваш сабачка, бачыў яго там-та. Галоўнае тут - жывы, вось што. Не кожны знаходзiць свайго сабаку. I тут фактычна нiчога не зробiш.

З таго дня пошук спынiўся. Засталася толькi памяць, i засталася яна хлопчыкам на ўсё жыццё, да сканчэння дзён. Магчыма, праз многа год, яны, нашы хлопчыкi, раскажуць сваiм дзецям пра Бiма. Таму што кожны тата цi дзядуля, калi ў яго быў сябар сабака, не прамiне, каб не расказаць пра забаўныя цi сумныя гiсторыi, якiя здаралiся з iм. I тады падлетку захочацца мець свайго сабаку. Адыходзячы, Хрысан Андрэевiч паклаў за пазуху месячнага шчанюка аўчаркi - падарунак Iвана Iванавiча. Алёшка быў у захапленнi.

...У кватэры забаўляўся са старым чаравiкам новы шчанюк, таксама Бiм, пародзiсты, тыповага акрасу ангельскi сетэр. Гэтага Iван Iванавiч дастаў на дваiх - сабе i Толiку.

Але старога сябра ён ужо нiколi не забудзе. Не забыць яму паляўнiчых досвiткаў, падараваных Бiмам, не забыць яго дабраты i ўсёдаруючага сяброўства. Памяць пра вернага сябра, пра яго невясёлы лёс трывожыла старога чалавека. Менавiта таму ён i апынуўся на той самай палянцы i сеў на той жа пянёк. Агледзеўся. Ён прыйшоў паслухаць лес.

Быў неймаверна цiхi вясновы дзень.

Неба густа апырскала палянку пралескамi (кропелькi неба на зямлi!). Многа разоў у жыццi Iвана Iванавiча паўтараўся гэты цуд. I вось ён прыйшоў зноў, цiхi, але магутны сваёю шчыраю прастатою i кожны раз дзiўны i непаўторны ад навiзны нараджэння жыцця - вясна.

Лес маўчаў, толькi-толькi ачынаючыся ад сну, пакрэплены небам i патрывожаны ўжо цёплымi сонечнымi зайчыкамi на блiскучых i такiх млява пяшчотных язычках яшчэ нявыгарнуўшагася лiсця. Iвану Iванавiчу здалося, што сядзiць ён у велiчным палацы з блакiтнаю падлогаю, блакiтным купалам, з калонамi з жывых дубоў. Гэта было падобна на сон.

Але раптам... Што б гэта магло абазначаць? Па лесе пракацiўся глухi кароткi

шум - глыбокi ўздых. Было вельмi падобна на ўздых палёгкi ад таго, што пасля доўгага чакання жыццё абуджаецца зноў, ужо азначылася язычкамi раскрыўшыхся пупышак. Iнакш чаму ж варухнулiся галiнкi i ўслед за гэтым засвiсталi сiнiцы, а дзяцел бадзёра застрачыў музычным барабанным россыпам, клiчучы сяброўку, апавяшчаючы лес пра пачатак кахання? Ён жа адзiн з першых, як i слонка, падае сiгнал да ўрачыстае вясновае сiмфонii, але толькi слонка клiча цiха, у прыцемках, асцярожна, клiча зверху: "Хор-хор! Хор-хор!" - гэта значыць, добра-добра! А дзяцел, знайшоўшы сваё дупельца на запаветным суку, неўтаймавана, смела, рашуча абвяшчае на спрадвечным iнструменце радасцi: "Пр-р-р-р-р-р-р-р-р-рыгажосць!"

Таму i ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся i прыйшоў час здзяйснення надзеi. I птушкi адгукнулiся яму, магутнаму велiкану i выратавальнiку. Iван Iванавiч чуў гэта выразна. Ён жа i прыйшоў сюды, каб паслухаць лес.

I ён быў бы шчаслiвы, як i кожны год, у такiя часiны, калi б на краю палянкi не адрознiваўся пятняк, абазначаны толькi свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мiнулагоднiм лiсцем. Сумна глядзець на такi пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасцi ў прыродзе.

Але затое знiзу ўгору добрымi, наiўнымi, ласкавымi i невiноўнымi вачаняткамi глядзеў на Iвана Iванавiча новы маленькi Бiм. Ён паспеў пакарыць ужо Толiка, ён так i пачаў жыць з дабраты, маленькi Бiмка.

"Якi ж будзе ў яго лёс?
– падумаў Iван Iванавiч.
– Не трэба, не, не трэба, каб у новага Бiма, якi пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не хачу гэтага. Не трэба".

Iван Iванавiч устаў, выпрастаўся i амаль што ўскрыкнуў:

– Не трэба!

Лес кароткiм рэхам паўтарыў некалькi разоў: "Не трэба... не трэба... не трэба..." I зацiх.

А была вясна. I кропелькi неба на зямлi. I было цiха-цiха.

Так цiха, быццам i няма нiдзе нiякае бяды.

Але ўсё-такi ў лесе нехта... стрэлiў! Тройчы стрэлiў!

Хто? Нашто? У каго?

Магчыма, нядобры чалавек паранiў таго прыгажуна дзятла i двума набоямi дабiваў яго... А магчыма, нехта з паляўнiчых закапаў сабаку, i было яму тры гады...

"Не, не спакойна ў гэтым блакiтным палацы з калонамi з жывых дубоў", - так падумаў Iван Iванавiч, стоячы з непакрытаю белаю галавою i гледзячы ў неба. I гэта было падобна да вясновае малiтвы.

Лес маўчаў.

Поделиться с друзьями: