Блакит
Шрифт:
Па меры росту сваёй вядомасьці і папулярнасьці Быкаў усё больш адчуваў сябе чужаком у калектыве, хоць паводзіў сябе гранічна сьціпла, нават, здавалася, саромеўся сваёй славы. А калі ўсё разьвярнулася на сто восемдзесят градусаў і хваласьпеў зьмяніўся шальмаваньнем, адносіны Быкава з калегамі ў калектыве яшчэ больш ускладніліся. Родную газету, якая ну ніяк не магла знайсьці дастойных крытыкаў і контрпрапагандыстаў на месцы, змушалі перадрукоўваць брудныя пагромныя пасквілі з менскіх і маскоўскіх выданьняў. Васіль Уладзіміравіч ведаў, што рэдактар Андрэй Колас ставіўся да яго, наколькі мог, лаяльна, з разуменьнем, супраціўляўся гэтым перадрукам, пераконваў сакратароў абкама, аднак гэта было малое суцяшэньне. Нікога рэдактар ня мог ні пераканаць, ні ўгаварыць – была каманда з самага верху, аж з самай першапрыстольнай, аслухацца якую ніхто ня мог. Многія ў рэдакцыі сталі асьцерагацца мець справу з Быкавым – як бы чаго ня выйшла, абыходзілі бокам, апусьціўшы вочы. Самае дзіўнае і сьмешнае: часьцей за ўсё гэта былі вядомыя рэдакцыйныя “закладоншчыкі за каўнер”, якія вельмі цанілі нескупярдзяйства Быкава і добра “бралі на халяву” за ягоны кошт. Асобныя з іх – быў такі Віктар Яркін – высоўваліся нават з крытыкай і асуджэньнем “памылак” Быкава. Але дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што ў
Недзе тыдні праз два пасьля пераезду ў Гродна пад вечар, ідучы з работы па вуліцы Савецкай, каля аблсаўпрафу напаткаў Быкава. Павіталіся. Аказалася, што ён ідзе ў Дом Ажэшкі да Карпюка і нам па дарозе. Ён павіншаваў мяне, падалося, ня без іроніі з “начальніцкай пасадай”, я абсалютна шчыра адказаў, што ня ведаю віншаваць ці спачуваць трэба, расказаў, як усё адбылося. Ён выслухаў моўчкі, сказаў задумліва і няпэўна:
– Хто яго ведае, мо гэта і добра...
Адчувалася, маё прызначэньне і зьдзівіла, і, здаецца, трохі насьцярожыла яго, бо было яно надта ж нечаканым і нелагічным: па-першае, актыўна абмяркоўваліся зусім іншыя, больш вопытная і спрактыкаваныя кандыдатуры з абласной газеты і радыёкамітэту, а па-другое... Яшчэ не забылася, што ня так даўно ў дакладзе на абласной ідэалагічнай нарадзе з удзелам творчай інтэлігенцыі мяне ў зьвязцы з Карпюком і Быкавым жорстка раскрытыкавалі за "очернение социалистической действительности”, якое ўгледзелі ў напісаным вершам фельетоне ў воранаўскай раёнцы. Я быў малады, гарачы – ня сьцерпеў, папрасіў слова і даў рашучы адлуп ня толькі той крытыцы, але і нагаварыў яшчэ воз “крамолы”: пры цары і то прасьцей было маладым аўтарам надрукавацца, выдаць кніжку, а тут быў альманах “Нёман” – і невядома чаму закрылі, пры панскай Польшчы толькі ў Гродне, ня кажучы пра Вільню, выходзіла чатыры ці пяць газетаў па-беларуску, а зараз няма ніводнай.
...Канечне ж, у заключным слове мяне “паправілі”, пасьля чаго можна было лічыць, што на маёй журналісцкай кар’еры пастаўлены крыж... А тут гэткі нечаканы кульбіт: узялі на працу ў абкам загадчыкам сектару друку... Праўда, ні Быкаў, ні хто іншы ня ведаў, што пасьля той нарады паклікаў мяне сакратар абкаму Ульяновіч і, не заходзячы ў кабінет, у калідоры амаль прыязна, але па-бацькоўску строга сказаў: “Ты – нармальны і таленавіты хлопец і мая табе парада – ніколі ня лезь на ражон з адкрытым забралам, бо так можна і шыю зламаць. Зразумеў?”.. Тады зразумеў толькі адно: мусіць, пранесла...
Многія чакалі, дый сам Васіль Уладзіміравіч па натуры ніколі ня быў вялікім аптымістам, што чэхаславацкія падзеі нададуць новае дыханьне антыбыкаўскай кампаніі, якая і без таго ўдосталь напсавала яму крыві і нерваў; і ён усур’ёз стаў падумваць аб пераезьдзе ў Вільню, куды клікалі літоўскія сябры: Прыбалтыка ёсьць Прыбалтыка... Аднак, мусіць, заўсёды ўсялякая кампанія разьвіваецца па сваіх унутраных законах: нараджаецца, разьвіваецца, дасягае кульмінацыі, ідзе на спад, канае, ператвараецца ў сваю супрацьлегласьць. Іншага лёсу не магло быць і ў кампаніі па шальмаваньню Быкава. К таму часу, калі воляю выпадку ці лёсу я апынуўся ў абласных калідорах улады, яна ўжо выдыхалася, набывала камічнафарсавыя адценьні і нават ідэалагічна вострыя чэхаславацкія падзеі ўжо ня ў стане былі надаць ёй новае дыханьне... Першае, што мяне ўразіла: у абкаме ніхто, за выключэньнем хіба некалькіх састарэлых артадоксаў з парткамісіі, усур’ёз ворагамі, ідэалагічнымі дыверсантамі Быкава і Карпюка не лічыў. Ні Грышкевіч, ні Ульяновіч, ні Мікуловіч. Дзіўна тады: чаму на кожным пленуме абкаму, гаркаму, райкаму, кожным партгасактыве, кожнай нарадзе, незалежна, што на іх абмяркоўваецца, пляжаць Карпюка і Быкава? Карпюк заўсёды фігураваў першы, паколькі быў членам партыі і з яго больш патрабавалі, хоць амаль усе прэтэнзіі тычыліся твораў
Быкава. Было ўражаньне, што гэта ледзь ці ня нейкае заклінаньне, шаманскарытуальнае дзейства. І па лініі партыі, і па лініі Саветаў, камсамолу, прафсаюзаў... І яшчэ ў мяне, сьвежага чалавека, было ўражаньне, што ўсе разумеюць недарэчнасьць гэтага дзейства, але ніхто не рашыцца перапыніць яго...
Рыхтаваўся пленум па сельскай гаспадарцы, дакладней – пленум па выкананьні рашэньняў чарговага пленуму ЦК КПСС. Пасьля таго, як першаму сакратару абкамуМікуловічу спадабаўся падрыхтаваны мною тэкст пасланьня нашчадкам, якое ён зьбіраўся закласьці ў капсулу на Кургане славы з наказам ускрыць у сотыя ўгодкі Вялікага Кастрычніка, а таксама ягонага артыкулу для “Полымя” без адзінай заўвагі і паправачкі, ён распарадзіўся, каб усе падрыхтаваныя яму даклады і ягоныя выступленьні на пленумах, розных іншых важных мерапрыемствах у Менску і Маскве чытаў і правіў я. Загад першага ёсьць закон, і нават член бюро загадчыца арганізацыйна-партыйнага аддзелу Чагіна, заўсёды трохі ніякавеючы, прыносіла на чытку і праўку матэрыялы для Мікуловіча. Дык вось загадчык сельгасаддзелу Рэпкін напярэдадні пленуму прынёс мне сельскагаспадарчы даклад на старонак 60, у якім пасьля праблемаў штучнага асемяньненьня кароў і пастаноўкі задачаў агітатарам, лектарам, рэдакцыям газетаў і радыё па прапагандзе перадавога вопыту – як заўсёды, два абзацы прыкладна такога сэнсу: у той час, як пад кіраўніцтвам мудрай ленінскай партыі калгаснае сялянства ардэнаноснай Гарадзеншчыны праяўляе небывалы гераізм і працоўны энтузіязм, так званыя пісьменьнікі Карпюк і Быкаў сеюць песімізм і нявер’е ў стваральню сілу і высокі маральны дух будаўнікоў камунізму, займаюцца ачарніцельствам, льюць ваду на млын нашых ворагаў і г.д і т.п.
Во напісаў і падумаў: да якога ж сьмяхоцьця, да якога маразму даходзіла тая антыбыкаўская кампанія! І міжволі прыйшло параўнаньне з апошняй, рэанімаванай больш чым праз трыццаць гадоў тымі ж пабітымі мольлю, але з брэндамі “сучасныя паліттэхнолагі” людзьмі адносна ўжо сусьветна вядомага, Народнага, адзначанага самымі высокімі ўзнагародамі і рэгаліямі Быкава, што змусіла старога, хворага чалавека пакінуць родны кут і чэзнуць на чужыне. У несусьветнай лухце, якую гналі тады, у шасьцідзясятыя гады, на Быкава, можна было ўгледзець хоць нейкі, хоць у самым зародку пробліск хай сабе і скажонай, але нейкай логікі з прыкметамі інтэлекту. А паспрабуй адшукаць хоць самыя што ні ёсьць кволенькія проблескі інтэлекту, тым больш элементарнай логікі ў аўтараў лухты кшталту: “Гэта ня той Быкаў. Таго Быкава, удзельніка вайны, выкрала амерыканская разьведка, калі служыў на Далёкім Усходзе, і падмяніла сваім шпіёнам, у задачу якому паставіла ўзарваць наш
лад знутры...” Гэткую чысьцейшай вады шызафранічную туфту на пачатку 21-га стагоддзя на паўнейшым сур’ёзе гнала ў эфір дзяржаўнае радыё... Незаўсёды, аказваецца, розум, у тым ліку і дзяржаўны, разьвіваецца па дыялектычнай сьпіралі...Рашуча выкрасьліў з дакладу тыя два “карпюкоўска-быкаўскія” абзацы, даправіў з улікам Мікуловічавых стылёвых схільнасьцяў тэкст да канца, аддаў Рэпкіну і стаў чакаць, якая ж будзе рэакцыя. Той пайшоў удакладняць пазіцыю майго
шэфа – загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі Грышкевіча, але асьцярожны і хітраваты Анатоль Аляксандравіч ухіліўся ад прамога адказу, паслаў яго да Мікуловіча: ён дакладчык, хай сам і вырашае... Далажылі першаму. Той паклікаў мяне, нахмурыўся, спытаў строга:
– А чаго ты крытыку Карпюка і Быкава выкінуў?
– Якая ж гэта крытыка, Іван Фёдаравіч? Ды ўсё гэта падобна на конскае брыканьне. Колькі ж можна выстаўляцца людзям на сьмех!..
Першы паглядзеў уважліва, падумаў і нечакана сказаў:
– Ладна, і праўда, ляганьне... Ты і з майго выступленьня ў ЦК выкрасьлі таксама...
Адсутнасьць у дакладзе нават упамінку Карпюка і Быкава ў чыноўнага люду выклікала лёгкае зьдзіўленьне і ўспрынята... У чым-чым, а ў такой справе спрактыкаванаму, чуйнаму на павевы і нюансы ў настроях начальства чынавенству ня трэба паўтараць, разжоўваць, даказваць – усё хапае на лёце. І я з усьмешкай назіраў, як вопытныя выступоўцы з райкамаў, райвыканкамаў, вучоныя-аграрыі, нават разумныя старшыні калгасаў пачалі сьпешна выкрэсьліваць са сваіх тэкстаў абзацы. Карпюка і Быкава па-ранейшаму грамілі толькі радавыя прадстаўнікі калгаснага сялянства, выступленьні якім, звычайна, рыхтавалі інструктары райкамаў партыі і выступоўцы мелі строгае ўказаньне: ні на слова не адступаць ад тэксту... З таго пленуму ў вобласьці фактычна спынілася дурная рытуальна-шаманская сьвістапляска вакол пісьменьнікаў. І на рэспубліканскім пленуме было заўважана і ўспрынята адпаведным чынам выступленьне гарадзенскага першага... Не хачу прыпісваць сабе нейкія асаблівыя заслугі, проста – спантанна, кіруючыся здаровым сэнсам, не пасьпеўшы добра ўведаць чыноўныя прамудрасьці, згодна якім высоўвацца з падобнага кшталту ініцыятывамі рызыкоўна і небясьпечна, па сваёй наіўнасьці патрапіў у самую кропку, зрабіў тое, да чаго ўжо было гатова начальства. Гэта праз гады пацьвердзіў мне і сам Мікуловіч, калі прыгадваў той выпадак з хітраватай усьмешкай:
– А я і ведаў, што ты выкінеш... Думаеш, мне не дакладвалі, што ты яшкаешся з Быкавым?
Мяне гэта страшэнна ўразіла. Паашываўшыся трошкі ва ўладных калідорах, многа чаго пабачыўшы, тым ня менш я ня мог і думкі дапусьціць, што тады ў Гродне за Быкавым так пільна сачылі і дакладвалі на самы верх, хто з ім сустракаецца і, пэўна ж, якія гаворкі вядзе... І прыгадалася, як неяк у тыя часы Васіль Уладзіміравіч са шчырай заклапочанасьцю запытаўся, ці не баюся я гэтак адкрыта, на людзях сустракацца з ім? Я недаўменна і абсалютна шчыра зьдзівіўся: а што тут страшнага і незаконнага – мы ж ня змову супроць Савецкай улады ўчыняем? Ён нічога не сказаў, толькі ўсьміхнуўся неяк сумна і трохі загадкава. Па сваёй наіўнасьці я тады не даваў веры Быкаву, што да яго гэтак па-дурному чапляецца цэнзура. У мяне ў сейфе быў той знакаміты сакрэтны “Перечень” – салідны фаліянт, змацаваны пячаткай і подпісам галоўнага маскоўскага “літчыка”, дзе тое, што забаронена друкаваць, даходліва і акуратна раскладзена па палічках, а ўсе аператыўныя зьмены прыкладваліся на асобных паперках з той жа пячаткай і тым жа подпісам. Таго, за што, па словах Быкава, чапляліся да яго, ні ў “Перечне”, ні ў ягоных дадатках і блізка не было. Васіль Уладзіміравіч толькі ўсьміхаўся маёй наіўнасьці, а я паверыў значна пазьней, калі самому давялося сутыкнуцца... Аказалася, “перечень перечнем”, а “літаўскія” жанчынкі, кіруючыся нейкім іншым, тайна спушчаным ім “перачнем”, праяўляюць куды большую ідэйную вытрымку і рэвалюцыйную пільнасьць, чым аўтар, які ў Маскве стацыянарам з чырвоным дыпломам закончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС і займае пасаду загадчыка сектару ЦК. Ды што казаць пра мяне ці Быкава, калі яны “літавалі” нават самога Машэрава. Насамрэч нейкая д’ябальская сіла стаяла за гэтымі “літаўскімі” жанчынкамі...
Памаленьку, са скрыпам ня толькі ў Гродне, а і ў Менску пасьля рашучых пісьменьніцкіх выступленьняў у абарону Быкава кампанія па цкаваньні пісьменьніка губляла энергію, глухла, выраджалася, хаця сям-там па інерцыі адыёзныя артадоксы і форменныя прыдуркі працягвалі “бараніць сьвяшчэнныя прынцыпы сацрэалізму ад Быкава і яму падобных”. Аднак гэта быў ужо фарс. Быкава на нейкі час пакінулі ў спакоі, бы забыліся, потым сталі зьяўляцца стрымана-асьцярожныя артыкулы, у якіх ужо была спроба аб’ектыўна прааналізаваць ягоныя творы, ягоныя філасофскія, этычныя і эстэтычныя прынцыпы. Тым больш, што была добрая зачэпка для такой гаворкі і сур’ёзнага аналізу – амаль штогод і ў арыгінале, і ў перакладзе на рускую мову выходзілі ў Менску ў “Маладосьці” і ў Маскве ў “Новом мире” новыя аповесьці Васіля Быкава, якія заўсёды мелі шырокі чытацкі розгалас.
А потым... А потым паступова і, канечне ж, заканамерна антыбыкаўская кампанія паціху-памалу пераходзіла, праз няпоўныя два гады перайшла ў сваю супрацьлегласьць. Спакваля, нясьмела, бы вінавацячыся перад пісьменьнікам, сталі гаварыць, пісаць пра станоўчае ў ягонай творчасьці, а неўзабаве ўсё тое, што яшчэ зусім нядаўна шальмавалася, пачало прызнававцца, падавацца як сьмелае наватарства, як найвялікшае дасягненьне Быкава-празаіка. І гэта была праўда. Аднак, як заўсёды ў нас, не абыходзілася без шараханьняў у крайнасьці, перасолаў і перасалодаў, казённай алілуйшчыны, якая так цешыць вушы і душы абласканых уладай творцаў, а сьціпламу, цкаванаму гэтулькі год уладамі і аглабельнай крытыкай Васілю Уладзіміравічу ад гэткай увагі і хваласьпеваў часта хацелася скрозь зямлю праваліцца. Пра гэта ён з поўнай шчырасьцю сказаў у “Доўгай дарозе дадому”, апісваючы свой душэўны стан на ўрачыстым сьвяткаваньні пяцідзесяцігадовага юбілею ў Гродне. Я назіраў за ім тады з сярэдзіны вялізнай залы самага сучаснага і раскошнага на той час Палацу хімікаў. Што я толькі-толькі вярнуўся з Масквы і знаходжуся ў зале – ён і не здагадваўся. Рабіў спробу раніцой пазваніць, павіншаваць, але марна. Мы даўнавата ня бачыліся, я ня мог не прыйсьці на ягоны вечар, пра які даведаўся з абвесткі, як толькі ступіў на прывакзальную плошчу. Шчыра кажучы, было вельмі цікава на свае вочы пабачыць, як адаптуецца ён да грамадскай увагі, да свайго заслужанага прызнаньня, парадавацца за яго. Ад хлопцаў даведаўся, што Быкаў, як толькі мог, упарціўся, адбіваўся ад грандыёзнага публічнага сьвяткаваньня, але не ўстаяў пад напорам абкама, менскіх сяброў, а перш за ўсё Карпюка, які зрабіў сваёй вялікай саюзьніцай жонку Васіля Уладзіміравіча Надзею Андрэеўну.