Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:
– Але воблакi такiя недаўгавечныя, - сказаў Клён Дубровiч.
– На Вары таксама ж бываюць дажджы. Пайiпоў дождж - i няма воблака.
"Правiльна, - згадзiўся Аюс.
– Вось чаму страбы надзвычай хутка выводзяць птушанят i адразу вучаць iх пераносiць гнёзды з воблака на воблака. Гнёзды яны робяць са сваiх пер'яў i з павуцiны. На Вары, у шчылiнах скал, жыве павук-залаталапiк. Вецер абрывае ягоную павуцiну, уздымае аж пад воблакi. Страбы там яе ловяць".
– Як гэта, напэўна, здорава - плаваць на воблаках, - паглядзеў на неба Клён i ўсклiкнуў: - Страб вяртаецца!
Магутная птушка, як метэарыт, упала з нябёсаў на той жа самы камень, i Аюс не пакаралеўску жвава падбег да яе.
Праз некаторы час Клён ужо ведаў у агульных рысах план вызвалення Радаслава i Веры. Аюс Першы вырашыў правесцi франтальную
XII
Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, загадаў Жалезным Людзям прывесцi да сябе Радаслава Буслейку. Робаты, сiнхронна грукаючы цяжкiмi металiчнымi чаравiкамi, накiравалiся ў Залу Новых Нараджэнняў, а дакладней, у самы сапраўдны мартэнаўскi цэх, што быў пабудаваны ў тоўшчы застылай лавы. Там мелiся тры мартэнаўскiя печы, у якiх пераплаўлялiся пакалечаныя або зусiм спарахнелыя ад iржы i старасцi робаты. Непадалёку ад адной з такiх печаў стаялi, прывязаныя дротам да металiчнага слупа, Радаслаў Буслейка i Вера Хрысцiнюк. Iх трымалi менавiта тут не таму, што ў Нябесным Зубе не хапала iншых памяшканняў, а, пэўна, дзеля таго, каб запалохаць бясконцым грукатам i смуродам, мiгценнем агню, снапамi яркiх iскраў. Побач з мартэнаўскiмi печамi, за тонкай крацiстай перагародкай, былi кузня, дзе цяжка вухкаў паравы молат, i зборачны цэх з канвеерам. Зямляне бачылi, як павольна плыла стужка канвеера, на якой стаялi, сядзелi i ляжалi новенькiя робаты. У некаторых пакуль што не мелася галоў, рук, ног, тулава, i не пакiдала ўражанне, што знаходзiшся ў нейкiм вар'яцкiм шпiталi або ў пекле. Жалезныя Людзi адвязалi Радаслава, цесна абкружылi, павялi.
– Не адчайвацеся, Вера, - сказаў ён.
– Я хутка вярнуся. Я ўпэўнены, што нашы сябры-плазмоiды i Зямля не дадуць нас у крыўду.
Веры Хрысцiнюк, вядома ж, было нязвыкла i страшна ў такiх абставiнах, але яна валодала сабой, нават усмiхнулася, толькi папрасiла:
– Даведайцеся хоць што-небудзь пра Клёна. Бедны хлопчык.
Старшы па званнi мiж Жалезных Людзей, начальнiк дзесяткi, у кантралюемую праграму якога была закладзена роўна тысяча слоў, манатонна прамовiў, звяртаючыся да яе:
– Ты не Жанна д'Арк. Супакойся. Ты - Вера.
– А ты - заўтрашнi металалом, - адрэзала Вера.
Пяцiног, чакаючы Радаслава Буслейку, павольна хадзiў-перакочваўся па спецыяльна для яго пракладзенай Дарожцы Ўспамiнаў. Гэта дарожка была зроблена ў круглай зацемненай зале i ўяўляла сабой вузкую, шырынёю да сарака сантыметраў, металiчную стужку, на якой былi запiсаны малюнкi-вобразы Сiняй Зоркi, радзiмы Пяцiнога. Калi адначасова дзве нагi дакраналiся да шурпатай цёмна-сiняй Дарожкi Ўспамiнаў, спрацоўвала электрамагнiтнае рэле, пасылаючы хвалепадобны iмпульс у мозг Пяцiногу. Акрамя Пяцiнога ў зале знаходзiлiся пятнаццаць чырвоных i пятнаццаць фiялетавых плазмоiдаў. Яны з найвялiкшай пачцiвасцю кружылiся над Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы, суправаджалi яго ў задумлiва-мройных блуканнях па Дарожцы Ўспамiнаў, з'яўляючыся як бы своеасаблiвым ганаровым эскортам. Часам Пяцiног прыпыняўся, замiраў, толькi залацiстае або жоўта-зялёнае святло лагодна пульсавала, мякка струменiлася ва ўсе бакi. Тады i плазмоiды замiралi над iм i ў зале пачынала звiнець абсалютная цiшыня. Немагчыма было паверыць, што непадалёку адсюль, у гэтай жа падэшве старога тысячагадовага вулкана, люта грымiць гарачы молат, знясiлена скрыгоча жалеза.
Пяцiногу бачылася бязмежная прастора Сусвету, чорны мiжгалактычны калiдор, i ў самым канцы, як надзея, як поклiч, як апафеоз
усяго - Сiняя Зорка. Там востра ўразаюцца ў неба сiнiя металiчныя слупы, ззяюць азёры, напоўненыя ртуццю, рассыпаюцца i зноў злучаюцца ў адно цэлае мiльёны блiскучых адпалiраваных касмiчным ветрам шароў i шарыкаў. Гэтыя шары i шарыкi, цяжка грукаючы, збiваюцца ў агромнiстыя рухомыя горы, падступаюць да стромкiх адкаваных з метэарытаў сцен Палаца Розуму i адразу ж ператвараюцца ў прах, у нiкчэмны пыл, бо нельга iм, сляпым шарам i шарыкам, хоць на iмгненне, хоць у думках параўнацца з тымi, што жывуць i мысляць за метэарытнымi сценамi. А жывуць i мысляць там несмяротныя, якiя абралi формай свайго цела залацiстую зорку, якiм падуладны Ўчора, Сёння i Заўтра...Жалезныя Людзi прывялi Радаслава Буслейку да Пяцiнога, i самi спынiлiся каля ўвахода. Стрэсаператар жа прайшоў у самы цэнтр залы, сеў на крэсла-вяртушку.
– Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, вiтае цябе, жывая iстота з планеты Зямля, - урачыста данеслася з таямнiчага паўзмроку, i Пяцiног зноў пайшоў-пакацiўся па Дарожцы Ўспамiнаў. Следам за iм, як бы прыцягнутае магнiтам, пачало павольна кружыцца Радаславава крэсла.
– Называй мяне чалавекам, а не iстотай, - з годнасцю сказаў Буслейка. I адпусцi на волю маю спадарожнiцу i мяне. Нiхто не мае права трымаць у палоне грамадзян з планеты Зямля.
– Нават я?
– спытаў Пяцiног.
– Нават ты.
Падалося, што Пяцiног ледзь-ледзь запаволiў сваю ўрачыстую кругавую хаду, але, пэўна, гэта толькi падалося. Як стрэлка гадзiннiка на цыферблаце, ён працягваў няспынны рух. Радаслаў Буслейка, седзячы ў крэсле-вяртушцы, чакаў, чым скончыцца гэтае маляўнiчае, у нечым тэатральнае шэсце.
Нарэшце Пяцiног спынiўся, i адразу ж спынiлiся плазмоiды.
– Вы, жыхары планеты Зямля, невылечна хварэеце антрапацэнтрызмам, загаварыў Пяцiног, быццам ягоная размова з Радаславам не перарывалася нi на хвiлiну.
– Вы атоесамлiваеце эвалюцыю ўсяго жывога з развiццём чалавечага мозгу. А гэта далёка не адно i тое ж; З'яўленне вашага розуму - вынiк гульнi сляпога выпадку, неабавязковае здзяйсненне адной з многiх раўнацэнных магчымасцей эвалюцыi жывога. А цi задумвалiся вы, што так званае развiццё ад малпы да чалавека можа ўспрымацца той жа малпай як перамена не ў лепшы, а, наадварот, у горшы бок?
– Не ведаю, цi займалiся такой праблемай зямныя вучоныя, а я аб гэтым не думаў, - прызнаўся Радаслаў.
– Цудоўна, - задаволена зрабiў абарот вакол сваёй восi Пяцiног. Значыць, мы на Сiняй Зорцы не памылялiся. Значыць, у бясконцых прасторах Метагалактыкi, якая ўмяшчае ў сябе некалькi мiльярдаў галактык, толькi Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, беспамылковы, бяспройгрышны, бо iдзе цэнтральным шляхам пазнання, а ўсе астатнiя, у тым лiку i чалавечая цывiлiзацыя планеты Зямля, тупiковыя сцяжынкi ў нiшто. Я - частка Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы з Сiняй Зоркi. Як я ганаруся гэтым!
На нейкi мiг падалося, што зараз Пяцiног затанцуе.
– Навошта ж табе мая спадарожнiца i я, калi ты такi звышмудры?
– спытаў Буслейка.
– Пазнанне не ведае межаў, - паблажлiва сказаў Пяцiног.
– Нават мы, несмяротныя з Сiняй Зоркi, павiнны асвойваць усё новыя i новыя экалагiчныя нiшы.
– Вы несмяротныя?
– перапытаў Радаслаў.
– I ў гэтым, як я пачынаю здагадвацца, ваша таямнiца?
– Так. Ты правiльна здагадаўся.
– Нiколi не верыў, што калi-небудзь сустрэну несмяротнага, - пасля маўчання раздумлiва прамовiў Радаслаў.
– Нiколi не верыў... Хаця чаму здзiўляцца? Яшчэ ж блажэнны Аўгусцiн сказаў: "Цуды не супярэчаць прыродзе, яны супярэчаць толькi вядомай нам прыродзе". А зараз перада мной - невядомая прырода. I я рады, вельмi рады такой сустрэчы, хоць, магчыма, мне пагражае смяртэльная небяспека. Ён пацёр правай рукой лоб, папрасiў: - Адпусцi жанчыну i мяне.
– Я павiнен правесцi эксперымент. Эксперымент - вышэй за ўсё, - жорстка сказаў Пяцiног.
– Хiба мы, зямляне, марскiя падвопытныя свiнкi?
– вочы ў Радаслава налiлiся гнеўным бляскам.
– Хiба мы давалi табе сваю згоду?
– Яна непатрэбна, ваша згода, для несмяротнага, - перарваў яго Пяцiног.
– Я абавязаны абшукаць усе самыя патаемныя куточкi твайго i жаночага мозгу. Вышэй усяго - iнтарэсы Сiняй Зоркi.
– Але я пратэстую!
– закрычаў Радаслаў i хацеў устаць з крэсла.