Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Шрифт:

– Я не раб, - смяяўся Карпук.
– Я - дулеб. Чуў пра такi народ? Ён перажыве цябе i тваiх псоў. Чуў пра раку Дулебку i князя Клёна?

("Князь Клён, - успыхнулi словы ў самай патаемнай глыбiнi душы Гая Дубровiча.
– Мой сын таксама Клён. Гэта невыпадкова. У гэтым - найвялiкшы сэнс".

"Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Спадар Гай Дубровiч! Выходзiм на плюсавое пераўтварэнне! Выходзiм на плюсавое пераўтварэнне!")

I амаль адразу ж зазвiнела цецiва, свiснула страла над блакiтнай вадой...

– Як самаадчуванне, спадар Дубровiч?
– асцярожна пацiкавiўся доктар Метэор.

Яны сядзелi ў доктаравым кабiнеце, глядзелi тэлевiзар. Перадавалi Ўсепланетныя Навiны.

Вы прымусiлi мяне ўдзельнiчаць у вельмi цяжкiм эксперыменце, - сказаў Гай.

Каштанавыя загнутыя вейкi ў доктара ўздрыгнулi. Адчувалася, што ён не хацеў бы чуць такiя словы.

– Кожнага чакае перакрыжаванне на жыццёвай дарозе, дзе ад нечага варта адмовiцца, - павольна, як бы з неахвотаю прамовiў Метэор i спытаў: - Вы былi дулебам?

– Так. Дулебам. Апошнiм дулебам.

Гай iмклiва ўзняўся з крэсла, загаварыў стоячы, бо падумалася, што тое, што ён зараз скажа, неабходна неяк падкрэслiць, вылучыць.

– Вялiкi дзякуй вам, доктар. Вы яшчэ не ведаеце самi, што зрабiлi. Вы ажывiлi мне душу. Вы далi мне новыя вочы, новыя вушы i новае сэрца. Так-так. Я кажу гэта з усёй шчырасцю, паверце. Старадаўнiя мудрацы навучалi: "Час асвятляецца людзьмi". Дык вось гэты юны дулеб, гэты горды непакорны славянiн, якога хацелi зрабiць скацiнай, быдлам, асвятлiў i асвяцiў, зрабiў, як кажуць па-расейску, "угодным Богу" жыццё маiх далёкiх продкаў. Я зразумеў сэнс iхняга i майго з маiм сынам Клёнам iснавання. Без нас, учарашнiх, сённяшнiх i заўтрашнiх, чалавецтва было б аднакрылым. I гэта не прыгожая фраза. Можаце мне паверыць.

– Цiкава, вельмi цiкава.
– Узняўся са свайго крэсла доктар Метэор.

Было вiдно, што яму, як прафесiяналу, дужа прыемна пераканацца ў карыснасцi i неабходнасцi сваiх пошукаў. Твар па-маладому заружавеўся, у вачах з'явiўся востры цёплы бляск.

– Мой сын у вялiкай бядзе, - працягваў мiж тым Гай Дубровiч, - але я ўпэўнены, што ўбачу яго жывым i здаровым. Такую ўпэўненасць далi мне вы, доктар. Цвёрдасцю i мужнасцю вы напоўнiлi ўсю маю iстоту. Яшчэ раз дзякуй.

У гэту хвiлiну зазванiў тэлефон. Доктар Метэор узяў трубку.

– Нехта хоча пагаварыць з вамi, - сказаў ён, перадаючы трубку Гаю.

– Гай Дубровiч слухае, - прамовiў Гай, усё яшчэ не астыўшы ад свайго маналога.

– Хто гэта?
– глухавата спытаў далёкi голас.

– Гай Дубровiч.

– А я думаў - Гай Юлiй Цэзар, - сказаў незнаёмец, здзеклiва засмяяўшыся.

I адразу ж запiпiкалi кароткiя гудкi.

– Нiчога не разумею, - развёў рукамi Дубровiч.
– Цi гэта недарэчны жарт, цi... Нiчога не разумею.

Людзi ВЭП даўно адвыклi ад хамства - бытавое яно або службовае. Усе гэтыя "шпiлькi", "падсечкi", "падсадкi" абляцелi, абцерабiлiся, як прыкрае шалупiнне. Чалавек паступова навучыўся казаць у вочы iншаму чалавеку ўсё, што ён аб iм думае, цi амаль усё. Вось чаму непрыемна здзiвiў Гая гэты нечаканы званок.

– Экспедыцыйны корпус пад камандай маёра Хвалiбога тры днi назад адбыў на планету Вар, - сказала тэлевiзiйная дыктарка.
– Пяцьсот чалавек, памiж якiх цывiльныя добраахвотнiкi i рэспублiканскiя гвардзейцы, павiнны вызвалiць Клёна Дубровiча. "Я не вярнуся ў Менск без Клёна", - заявiў нашаму карэспандэнту маёр Хвалiбог.

Доктар Метэор i Гай Дубровiч пераглянулiся.

– А зараз перадаем паведамленне асаблiвай важнасцi, з якiм выступiць дырэктар Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Лех Патоцкi.

На экране з'явiлася барадатая галава Патоцкага. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Побач з iм у студыi сядзеў стрэсаператар Карл Гакенхольц.

– Панове, - басавiта загаварыў Патоцкi, - па свайму службоваму абавязку мы з панам Гакенхольцам павiнны папярэдзiць вас, што ў раёне гарадоў Стакгольм, Рыга, Вiльнюс, Менск, Чарнiгаў, Варонеж з гадзiны на гадзiну,

падкрэслiваю - з гадзiны на гадзiну, чакаецца суперканцэнтрацыя адмоўнай энергii, атака СЦ, якая ацэньваецца намi, стрэсаператарамi, як атака дзевятай i нават дзесятай катэгорыi. Гэта небяспечна для людзей, асаблiва для малых дзяцей. Не забудзьце праверыць, каб у кожнага з вас пад рукой быў iндывiдуальны Ўзмацняльнiк Волi. Усiм, хто сядзе за руль аўтамабiля або за штурвал верталёта, патрэбна вельмi ўважлiва сачыць за сваiмi дзеяннямi, за паказаннямi прыбораў. Запомнiце: чакаецца бунт аўтамабiляў. Яшчэ раз паўтараю: чакаецца бунт аўтамабiляў, якi справакавала СЦ. Псiхiятрам i брыгадам "хуткай дапамогi" неабходна падрыхтавацца да рэзкага павелiчэння колькасцi выклiкаў, дэпрэсiй i спроб самазабойства. Завастраю ўвагу супрацоўнiкаў Дамоў зняволення i духоўнага перавыхавання, што могуць быць рэцыдывы непадпарадкавання адмiнiстрацыi. Але асаблiвую ўвагу звярнiце на сваiх дзяцей. Пакладзiце iх раней спаць, дайце вады з мёдам, змажце скронi ментолавым маслам, пад падушкi насыпце свежай мяты. Глядзець тэлевiзар, кiнабаевiкi катэгарычна не рэкамендуецца.

– Закруцiлася кола, - уздыхнуў доктар Метэор i па селектару пачаў аддаваць неабходныя загады гаспадарчым i ахоўным службам Дома Пераўтварэнняў.

Гай жа сядзеў, як уражаны громам. Калi чакаецца яшчэ адна атака СЦ, значыць, Клён, сын ягоны, не стаў, як абяцалi, Гарантам Вечнага Мiру, значыць, ён у гэтыя самыя хвiлiны можа быць мёртвым. Гай абхапiў рукамi галаву.

– Супакойцеся, - мякка паклаў яму далонь на плячо доктар Метэор.

Шж тым Лех Патоцкi перадаў слова Карлу Гакенхольцу. Той, адкашляўшыся ў круглы загарэлы кулак, сказаў:

– Па маiх асабiстых падлiках, гэта ўжо сто сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi. Можа, я памыляюся, дык няхай мяне паправяць болып кампетэнтныя спецыялiсты. Але чаму зноў разгараецца полымя, якое, як мы ўсе спадзявалiся, пачало патухаць? На гэты конт чакаецца афiцыйная заява З'езда Ўсiх Зямных Канфедэрацый, i ўсё-ткi я, карыстаючыся дазволам, якi маю, пастараюся, паважаныя тэлегледачы, накiдаць хаця б пункцiрную схему таго, што адбылося i што мусiць адбыцца.

Ён паглядзеў на Патоцкага. Пан Лех адабральна кiўнуў галавой.

– Справа ў тым, што з-за межаў нашай метагалактыкi грамадзянам планеты Зямля i ўсiм насельнiкам Блiжняга Космасу паступiў цi то ўльтыматум, цi то парада вышэйшых па iнтэлекце (заўважце - не багi-алiмпiйцы, а проста вышэйшыя па iнтэлекце) унесцi значную, я б сказаў, кардынальную карэкцiроўку ў перспектывы развiцця чалавецтва. Нейкi нябачны касмiчны дырыжор уладна ўзмахнуў палачкай i хоча, i патрабуе, каб мы спявалi толькi па ягоных нотах. Хто ж гэты дырыжор? Гэта цывiлiзацыя планеты Сiняя Зорка. Да нядаўняга часу астраномам i ўсiм вучоным Зямлi нiчога не гаварыла гэта назва. Сёння ж мы ведаем, што жыхары Сiняй Зоркi практычна бяссмертныя, адным словам, яны навучылiся жыць неабмежаваную колькасць гадоў i стагоддзяў. Яны валодаюць крынiцамi суперэнергii. Яны могуць перамяшчацца ў прасторы з хуткасцю думкi. Заўважце, не гуку, не святла, а думкi.

– А цi хутка яны думаюць?
– умяшаўся Лех Патоцкi.
– Сярод жывых iстот ёсць жа значны працэнт тугадумаў.

– Гэта ўжо iншая справа, - суха адказаў Гакенхольц, якi не любiў дыялогаў, - мяркую, калi яны дыктуюць умовы нашай высокаарганiзаванай цывiлiзацыi, думаюць яны i хутка, i эфектыўна. Па апошнiх звестках, Сiняя Зорка цi бярэ, цi ўжо ўзяла пад свой кантроль цывiлiзацыю планеты Вар, так, так, той самай, якую СЦ лiчыць прарадзiмай i на якой усё яшчэ знаходзiцца Клён Дубровiч. Вар, на вялiкi жаль, робiцца плацдармам, адкуль эмiсары Сiняй Зоркi пагражаюць Зямлi. Сёння яны прыслалi ўльтыматум. Што ад iх i ад iхнiх саюзнiкаў чырвоных i фiялетавых плазмоiдаў можна чакаць заўтра?

Поделиться с друзьями: