Чазенія
Шрифт:
Зайшоў у пакой, выняў з шафы просціны, коўдру, падушку, кінуў на тахту.
– Адпачывайце. I лепей не расчыняйце акон. Матылі спаць не дадуць. Ну, і іншыя могуць быць абуджэнні... Часам непрыемныя.
Палез у рукзак, дастаў палову кеты, загорнутую ў газету, чэрствы хлеб, нейкае цёмнае вяленае мяса, слоік з чырвонай ікрой і пачатую бутэльку каньяку.
– Каб не думалі, што скупеча. Сапраўды, бабы ў доме няма, то тут вам будзе лепей. Раскашней. А я позна вярнуся, разбуджу. Выпіў бы з вамі, ды мне на сустрэчу з адным сябрам трэба. Баюся, што тая сустрэча для яго кепска
– Дзякуй вам. Але што ж я адзін піць буду?
– Апошняя справа, – згадзіўся Дзянісаў. – Ну, можа чарку. Для апетыту. Заўтра прыйдзеце да мяне – дам пропуск. Без гэтага ў нас нельга. I хатку як знайсці – раскажу.
Усміхнуўся нейкай адсутнай усмешкай.
– Што, харошая яна дзяўчына?
– Па-мойму – вельмі. Ды я нядаўна яе ведаю.
– I гэта лепей, што яна вам нашы джунглі пакажа. У супрацоўнікаў, прабачце, часу няма. Гарачыя зараз дні. Штат маленькі. Да зімы рыхтавацца трэба. Вось і выходзіць, што я не гаспадар, не гасцінны застольнік, а нейкі кяржак.
– Кіньце, – сказаў Севярын. – Мне аж сорамна...
– Пайду, – сказаў Дзянісаў. – Дарэчы, за дзвярыма вуды складныя. Як пойдзеце – вазьміце. Стол багацейшы будзе. Толькі сіму не лавіце. Забаронена. Урэшце, яна на нерасце і не есць, а значыць – і не клюе. А мальму, стронгу, бярыце колькі трэба. Пустая рыба. Смачная, а для запаведніка пустая. Ікру ў сімы жарэ... Ну, адпачывайце.
Кедры зашумелі за акном. Севярын здрыгануўся, і адразу радасць працяла ягонае сэрца. Радасць, бо гэты вялізны дом у джунглях хоць на адну ноч, але належаў толькі яму.
"Малайчына, Дзянісаў. Ведаў, што робіць".
Веранда. Кухня з рукамыйнікам, лаўкай, пральнай машынай, сталом, электрапліткай і плітой на тры канфоркі.
Яшчэ пакой. Напаўпусты. У ім нейкія калекцыі, чучалы, прыборы. I ўрэшце той, дзе тахта. Шафы з кнігамі. Між іх пісьмовы стол і прыёмнік. Карта Прымор'я. Над тахтой – плахта, распісная талерка з хаткаю і казачным крумкачом, а таксама рогі казулі. На іх – бінокль і фотаапарат.
На тахце – дзве сшытыя ваўчыныя шкуры.
Ля дзвярэй – фотапартрэт старамоднай бабулі, якая рассунула чараты і з замілаваннем глядзіць на гняздо з яечкамі. Вусны выцягнуты. Твар у добрых зморшчынах. Пэўна, нейкі аматар-арнітолаг... На вучоную не падобная. Па тыпу, пэўна, амерыканка.
А на дзвярах выразаны нажом смяшлівы і смешны Бураціна.
Севярын хутка павячэраў, выйшаў на двор. Над галавою было высокае халаднаватае неба з празрыстымі, ледзянымі, вельмі высокімі зорамі. Высокімі, пэўна, таму, што над імі былі хрыбты.
Вярнуўся ў хату. Лёг на халодныя просціны, пад якімі адчувалася цёплая ваўчыная шкура, выцягнуўся і засмяяўся ад прадчування нейкага цьмянага, але вялікага шчасця.
Змрочныя начныя кедры спявалі за сцяной.
VII. РАНІШНЯЯ ПЕСНЯ ПРА ДЗІКАГА КАТА, ЯКІ ДАЎ МАХУ
На дне вялікай падзі ляжала яшчэ світанкавая імгла, і толькі вяршыні самых высокіх гор бранзавелі ў першых прамянях сонца.
Там кучаравіліся лясы, там было відаць ледзь не кожную галінку – такое празрыстае
было тут паветра. А ў катлавіне быў зялёны змрок, пранізаны туманна-залацістым водсветам заранкі.Севярын выйшаў з хаты ў адных трусах і пайшоў па расе да Тыгравай. Было холадна, але гэта быў не той холад, што бярэ за косці, а той, які прымушае глыбока дыхаць, рухацца, адчуваць сябе маладым і здаровым, той, у якім, здаецца, мерзнуў бы і мерзнуў.
Высока-высока залацілася сонца на вяршынях. Тыгравая бруіла на каменьчыках, сінела і серабрылася на іх, ясна стаяла ў глыбокіх ямах. Кожную пясчынку на дне было відаць: вада, здавалася, была больш празрыстая за паветра. I ў ёй хадзілі стракатыя невялікія мальмы – стронгі, як іх называлі тут. Была іх процьма.
Шырокая круглая спіна мільгнула пад вадою. Рыбіна даўжынёю нешта пад метр ішла ў вытокі ракі, змагаючыся з плынню. Ён здагадаўся, што гэта ідзе на нераст сіма. Ёй было зручна заходзіць у раку. Вада пасля шторму і залевы пэўна паднялася.
Будрыс выбраў месца, дзе, як яму здалося, будзе па шыю, скочыў у ваду і... сербануў ад нечаканасці. Тут было метры два з паловаю, калі не болей. А здавалася – ну, метр семдзесят. Так падманвала чысціня вады. Тады ён выбраўся на больш плыткае месца і доўга стаяў, адчуваючы, як крыштальны холад крадзецца ў грудзі і жывот. Стаяў і глядзеў, як усё больш наліваюцца золатам горы, як залатая лава ўсё хутчэй спаўзае з вяршынь у падзь.
...Дырэктар быў у канцылярыі.
– Рана.
– Ды і вы – рана, – сказаў Будрыс.
– Я не рана. Я яшчэ – позна...
Твар ягоны, сапраўды, быў трохі памяты. Але па ім усё ж не было відаць, што праведзена бяссонная ноч: карычнева-румяны загар, рот усміхаецца.
– Хадзем.
Яны зайшлі ў лабараторыю. I тут Севярын трохі ачмурэў. Справа была не ў тым, што паўсюль ляжалі гербарыі, што на паліцах шафаў бялелі чарапы буйных звяроў і шкілеты дробных, што паўсюль віселі шкуры, што колбы, рэторты і іншае грувасцілася на сталах у нейкім невядомым яму парадку. Было іншае.
...Лабарантка ўзважвала на звычайных магазінных вагах дзікага ката. Кот быў стрункі, дужа даўганогі, з пушыстым і кароткім хвастом. На невялікай галоўцы – дзве невялікія крывавыя плямы. Зялёныя вочы глядзяць ашклянела, пашча люта разяўлена.
Футра ў ката было вельмі прыгожае. Дымчата-рыжае, трохі ў бруднаватую вохру, і ўсё ў цёмна-шэрыя і бурыя ільсняныя вялікія плямы. На хвасце – амаль чорныя колцы.
Кот ніяк не хацеў змяшчацца ў шалі вагаў, не хацеў ляжаць: то нага звешвалася, то галава, то саслізгваў тоўсты азадак. Урэшце яго сяк-так змясцілі: ляжаў клубочкам, толькі лапы звісалі.
– За што гэта вы яго?
Зморшчынак ля дырэктаравых вачэй пабольшала:
– Трэба ж вывучаць. Чым гадуецца ў гэтую пару, які хабітус?
Кот насцярожана глядзеў на Будрыса.
– Гэ-эх, коця, як жа гэта ты так даў маху?
– Шкадуеце? Гэта добра, – сказаў дырэктар. – Заставайцеся ў нас. Работу дам. Дужа патрэбны людзі, якія шкадуюць жывое.
Лабарантка клала раўнавагі, быццам не звера ўзвешвала, а адпускала кіло сухога кісялю. З абсалютна абыякавым выглядам.