Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чазенія

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Я вам – біч?! – ажыў духам чалавек. – Экс-чэмпіён краю вам – біч?! Вось я вам зараз дам. Самі вы бічы, а не кітабоі! Дзярмо!

"Кiтабоi... I сапраўды, падобна. Адсюль, вiдаць, i скутасць у нязвыклых гарнiтурах, i гэтыя вялiзныя, як рыдлёўкi, далонi рук. Каб ведаў – трохi падумаў бы, перш чым звязвацца".

Але цяпер было позна. Той, што разглядаў яго, спытаў:

– Ты што, думаеш, у нас адных кітоў б'юць?

– Ды не, чаму ж? – як мага спакайней адказаў ён. – Я думаю, можна і кітабояў таксама.

Нехта пусціў смяшок. Жарт, відаць па ўсім, дайшоў. Але ўсё ж невядома, чым

бы ўсё гэта скончылася, каб адзін з хлопцаў, боўдзіла пад два метры, не асэнсаваў чагосьці.

– Брэшаш ты, – сказаў ён чалавечку. – Ты на вопратку сваю зірні. Біч бічом.

– А і ты на сваю зірні. Вахлак вахлаком. Нібы з турмы ўцёк, інтэлігента ў завулку абдзёр ды вопратку на сябе нацягнуў. Граміла!

Усіх нібы водум узяў ад шалёнага каскаду параўнанняў.

– Прозвішча як, калі не брэшаш? – спытаў боўдзіла.

– Ну, Паўлаў. Не твая сабачая справа, кашалот слiнявы.

Кампанія нібы зліняла. Пасля бамбіза з удаванай паблажлівасцю сказаў:

– Ды хадзем, хлопцы... – I звярнуўся да чалавечка: – Тваё шчасце. Жыві.

– Пастараюся не падвесці вас у вашых спадзяваннях, мілорд, – сказаў чалавечак. – Жывіце і вы. – I звярнуўся да нечаканага заступніка, які ўсё яшчэ мыў рукі: – Не ўмывайце рукі. Вы што, Пілат? Развітайцеся з сeрам. Дайце яму "драстуй". Пасля яшчэ раз памыецеся.

Ляснулі дзверы. Чалавечак працягнуў руку:

– Вы з'явіліся акурат. Даўно марыў пазнаёміцца. Васіль Паўлаў.

– Севярын Будрыс.

– А-а... – нібы пазнаў чалавечак. – Мяркую, гэта і ёсць самая прычына выпіць.

I не адстаў, пакуль не прыйшоў за Севярынам да ягонага століка, не падсеў, не зрабіў заказ – вялізны, – не закурыў.

"А, бадай, сапраўды біч, – падумаў Севярын. – Па тым, як навязваецца, па лёгкасці, з якой падсеў, – біч. Аціраецца больш у порце, чым у рэйсах, спаўна скарыстоўвае "прастой", жыве спрытам. Не дзіва, што сапраўдныя маракі біць хацелі. Цікава толькі, хто за ўсё гэта будзе плаціць. Калі зараз пачне брахаць – значыць, я. Расплаціцца байкамі аб Сінгапуры. Усё жыццё марыў зведаць гэтую пароду людзей..."

Чалавечак, між тым, задаволена адарваўся ад мінеральнай вады "Кука" і абвёў позіркам нявінных вачэй залу. Сказаў у прастору:

– Будрыс. "Тры ў Будрыса сына, як і ён, тры ліцвіна..." Вы літовец? Прозвішча літоўскае, – сказаў, як заведзены, без усякай інтанацыі.

"Бач ты, Міцкевіча цытуе... У перакладзе Пушкіна!".

– Прозвішча не літоўскае, – сказаў Севярын. – Гэта проста размоўнае імя ад афіцыйнага "Варфаламей" – Баўтрамей, Бахрым, Баўтрук, Будрыс.

– На якой мове "размоўнае ад афіцыйнага"?

– На беларускай. Я з поўначы Беларусі.

– Севярын Варфаламей, – без усякага выразу абкатваў новую інфармацыю чалавечак. – Севярын Будрыс. На беларускай. З поўначы. Беларус. Размоўнае ад афіцыйнага...

– Што гэта вы, як кібер, працуеце? – з усмешкай спытаў Севярын.

– А вы што, мелі з імі справу?

– Даводзілася.

– Разгубіўся проста... А набілі б, сволачы. Га?

– Набілі б, – сказаў Будрыс.

– I я кажу, – пасур'ёзнеў Паўлаў. – Будрыс. З поўначы. Беларус... А я вось не ведаю, хто я. Тут табе і хахлы, і латышка, і ўсякага жыта па лапаце. – I ўжо зусім нечакана дадаў: – Мой прадзед быў жандарскі

палкоўнік.

"Пачынаецца, – падумаў Севярын. – Плакалі мае грошыкі..."

Як большасць безабаронных слабавольных людзей, ён адразу ж прымірыўся з гэтым.

"Ну і добра. Не хапае, ці што? Прынамсі, мяркуючы па першых авансах, брахня будзе цікавая. Вып'ю. Сядзець буду позна. Можа ад віна і стомы хоць гэтая ноч пройдзе спакойна..."

Выпілі. Паўлаў частаваў.

– Кальмар. Вы ў нас тут навічок, то вам, пакуль тое, экзотыку давай.

Кальмар нагадваў смачную гуму, нарэзаную, як лапша. Паўлаў зноў выпіў і раптам без усякага выразу ў сініх вачах паўтарыў, нібы сам здзіўляючыся гэтай акалічнасці.

– Жандарскі палкоўнік... Але ён быў харошы жандарскі палкоўнік... Добры жандарскі палкоўнік. Ён быў... – I выпаліў, нібы са стромы ўніз галавою кінуўся, нібы ведаў, што ўсё адно ніхто не паверыць: – Ён быў... закаханы ў Веру Фігнер.

"Час ад часу не лягчэй! Пахне трэцяй бутэлькай..."

– Праўда. Добры жандарскі палкоўнік. Спачуваў нарадавольцам. Быў закаханы ў Веру Фігнер. Памагаў рэвалюцыянерам. А я вось – экс-чэмпіён. I зноў буду. Я ім так не дамся. У мяне – прадзедаў гарт...

I ён са значэннем узняў палец.

Нешта напаўзабытае, цень нейкага невыразнага ўспаміну, прамільгнула ў Будрысавай галаве. I сапраўды, недзе ён чытаў, чуў пра жандарскага палкоўніка, які... Урэшце, ці ён адзін? Многа было такіх. А таго, здаецца, саслалі.

– Прабачце, яшчэ раз прозвішча?..

– Паўлаў.

"I сапраўды, здаецца, так. Што ж, калі гэта і хлусня – дык хоць не сумная... Тым цікавей будзе слухаць..."

– А дзед мой купіў сабе рабыню-яванку. Тут у той час было цяжка з жанчынамі. А ў Сімеонаўскі Коўш прыходзілі паруснікі, джонкі, проста чаўны. Ён і купіў. Разам з вязкай бананаў і ракавінай-трыдакнай. Дагэтуль яны ў нас. То бок, бананы, вядома, яшчэ тады з'елі...

– Хіба праваслаўным дазвалялася пасля рэформы мець рабоў?

– Ды вы не зразумелі... Ну, кітайцам можна было.

– Хіба дзед – кітаец?

З вамі гаварыць немагчыма. Які кітаец? Хто сказаў, што кітаец? Падобен я на кітайца? Вось каб да кітайца ў рабыні не трапіць, яна і згадзілася, каб дзед яе купіў. Пане ты божа мой, хіба не ясна?! Ён перагаварыў з ёю, яна згадзілася, ён яе купіў. Стала яна, тым самым, свабодная. Тут яе адразу ў царкву. Тут папу хабар. Тут яе адразу з купелі – на што рускім жанчынам мінімум шаснаццаць год патрабавалася – ды вакол аналою. Ды гулянка, ды... Словам, гэта мая бабка... А вы вось лепей, размоўны ад афіцыйнага сябра Будрыс, скабляначкі з трапангаў... Ды пад яе...

Скаблянка сапраўды была дзівосная. Мяккае, смачнае мяса, у чымсьці падобнае да грыбоў, плавала ў карычневай падліве і таяла ў роце.

Паўлаў кудысьці адышоў, і Севярын, грэшным чынам, падумаў, што ён знікне. I награшыў на чалавека. Жандарскага палкоўніка праўнук і ўнук рабыні з Явы прыйшоў і прыцягнуў з сабою, "па асобым заказе", бутэльку японскага сакe, рысавай гарэлкі.

– Падагрэтую піць будзем. Бачыце? Паспрабуйце дастаць. А раней у Каўшы не толькі бабку, але і гэта – колькі хочаш купляй. Страціў каларыт горад... Не той стаў горад. Ну і дзякуй богу, што не той...

Поделиться с друзьями: