Дары мудрацоў
Шрифт:
– Абстрыгла і прадала, – адказала Дэла. – Ты ж усё адно мяне любіш, праўда? Гэта ж па-ранейшаму я, хай і без валасоў.
Джым цікаўна агледзеў пакой.
– Дык ты цяпер без валасоў? – спытаў ён, і пытанне яго прагучала неяк па-ідыёцку.
– Не трэба іх шукаць, – сказала Дэла. – Я прадала іх. Кажу табе: абстрыгла і прадала,
Джым нарэшце ачомаўся. І ён сціснуў сваю Дэлу ў абдымках. Давайце, на дзесяць секунд пакінем нашых герояў і з дбайнай пільнасцю спынім свой погляд на чым-небудзь іншым. Што болей – восем даляраў у тыдзень або мільён у год? Матэматыкі і разумнікі не адкажуць слушна на гэтае пытанне. Мудрацы прынеслі найбагацейшыя дары, але ў іх не было аднаго. А чаго менавіта, мы даведаемся ў самым хуткім часе.
Джым выцягнуў з кішэні паліта скрутак і кінуў яго на стол.
– Не падумай пра мяне дрэннага, Дэл, – сказаў ён. – Ні праз якія стрыжкі, прычоскі ці шампуні я не пачну любіць маю любачку меней. Проста разгарні гэты скрутак, і ты зразумееш, чаму я так разгубіўся.
Белыя пальцы спрытна разарвалі заматаную паперу. Затым раздаўся радасны крык захаплення, а затым – авой! – уласцівая жанчынам перамена: слёзы роспачы і скрушлівы плач, што патрабавала неадкладнага ўмяшання ўсіх суцяшальных сілаў гаспадара кватэры.
На стале ляжалі Грабеньчыкі – набор грабеньчыкаў, рознага памеру і формы, які Дэла доўга разглядала ў адной з брадвейскіх вітрын. Прыгожыя грабеньчыкі, з сапраўднай чарапахі, аздобленыя каштоўнымі каменьчыкамі, акурат пад колер ейных раскошных страчаных валасоў. Яна ведала, гэта былі дарагія грабеньчыкі, і ейнае сэрца прагнула іх і тужыла, не маючы нават надзеі
калі-небудзь імі валодаць. І цяпер яны належалі ёй, але кудзераў, якія мусілі аздабляць жаданыя ўпрыгажэнні, больш не было.Яна прыціснула іх да грудзей і нарэшце здолела падняць заплаканыя вочы і ўсміхнуцца.
– У мяне вельмі хутка растуць валасы, Джым! – сказала яна.
Раптам Дэла падскочыла, як ашпаранае кацяня, і ўскрыкнула:
– Ах, што ж гэта я!
Яна ж яшчэ не паказала Джыму свайго цудоўнага падарунку. Дэла расціснула далонь і працягнула яму ланцужок. Бледны і дарагі метал, здавалася, зіхацеў, адлюстроўваючы святло і цеплыню ейнай душы.
– Бачыш, які цуд, Джым. Я аббегала ўвесь горад у пошуках. Цяпер ты будзеш спраўджваць час па сто разоў на дзень. Давай сюды гадзіннік. Я хачу зірнуць, як яны будуць глядзецца разам.
Замест таго каб выканаць яе просьбу, Джым плюхнуўся на канапу, заклаў рукі за галаву і пасміхнуўся.
– Дэл, – прамовіў ён, – давай пакуль схаваем нашыя калядныя падарункі. Надта цудоўныя яны, каб адразу ж імі карыстацца. Я прадаў гадзіннік, каб набыць табе грабеньчыкі. А цяпер давай вячэраць.
Вядома ж, вы памятаеце тых мудрацоў – а яны былі надзвычай разумныя людзі, – што прынеслі дары Немаўляці ў яслях. Менавіта ад іх ідзе звычай дараваць на Раство падарункі. Паколькі яны былі мудрацамі, то і дары іхныя былі мудрыя – яны пакідалі за сабой права замяніць іх у выпадку супадзення. Тут жа я няскладна апавёў вам нічым не прыкметную гісторыю двух бязглуздых дзяцей, якія так безразважна ахвяравалі адно адному найвялікшыя свае скарбы. І скажу яшчэ слова мудрацам сённяшніх дзён: з усіх людзей, якія даруюць падарункі, гэтыя двое былі самыя мудрыя. З усіх, хто дорыць і атрымлівае падарункі, самыя мудрыя тыя, хто робіць гэтаксама. Дзе б і кім яны ні былі. Яны і ёсць мудрацы.