Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Добры вечар, дарагая
Шрифт:

"Здарылася тое, чаго я найбольш баяўся, - думаў ён.
– Вытурылi мяне на добрыя паўгадзiны аднаго з гэтай жанчынай... Яна, напэўна, скарыстае момант i будзе патрабаваць ад мяне тлумачэння, якога чакае ўжо дзесяць год... Забаўна!.. Улiп, называецца... I няўжо Франсуазе хочацца, каб гэты мiнiстр, надзьмуты, як iндык, пусцiўся да яе ў залёты?"

– Як цудоўна пахне! Што гэта?
– запытала Сабiна Ламбер-Леклерк.

– Гэта цытрусавыя. Альтанка, дзе мы былi, абсаджана апельсiнамi, лiмонамi, глiцынiямi i ружамi... Але нашы ружы здзiчэлi, прыйдзецца зноў iх прышчапляць... Калi ласка, унiз па гэтай дарожцы...

– А вы самi не здзiчэлi тут, Антуан, адзiнокi, забыты?

Я?.. Я заўсёды быў дзiкуном... Вы што-небудзь бачыце ў цемры? З абодвух бакоў гэтага абкладзенага кафлямi басейна - зараснiкi цынерарый... Прынцып планiроўкi саду - супрацьпаставiць колерам цёмным - фiялетаваму, сiняму ярка-жоўтыя сонечныя плямы... Ва ўсякiм разе такой была задума Франсуазы... Тут на схiле ёй захацелася стварыць некранутыя нетры - жаўтазель, масцiкавае дрэва, папараць, царская карона...

– Мне прыемна пабыць з вамi адной, Антуан... Я шчыра люблю вашу жонку, але ж мы былi вялiкiмi сябрамi перад тым, як вы з ёю сустрэлiся... Вы яшчэ не забылi?

На ўсякi выпадак ён пайшоў павольней, каб не быць да яе надта блiзка.

– Як можна, Сабiна!.. Вядома, успамiнаю... Не, iдзiце прама, нiякага павароту, зараз будзе масток... Вось i манастыр... Што за кветкi памiж плiт? А гэта браткi, звычайныя браткi...

– А вы помнiце баль у клубе, мой першы баль?.. Вы мяне прывезлi дадому ў машыне вашага дзеда... Мае бацькi ўжо спалi; мы разам увайшлi ў маленькую гасцiную, i вы, не сказаўшы нi слова, абхапiлi мяне, i мы, шчаслiвыя, закружылiся ў танцы. |

– У той вечар я, здаецца, вас пацалаваў?

– Здаецца!.. Мы цалавалiся цэлую гадзiну!.. Гэта было так прыемна!.. Вы былi маiм героем.

– Падмануў я вас, ашукаў!..

– Наадварот, у пачатку вайны вы былi такiм малайцом!.. Вы мне так падабалiся!.. Я помнiла ўсе вашы ўзнагароды. Я i цяпер iх помню, магу вам назваць... Потым, калi вас паранiлi на фронце i, папраўляючыся, вы абручылiся з Франсуазай Паскаль-Бушэ, шчыра прызнаюся, удар быў цяжкi. Што ж тут дзiўнага!.. Я вамi так захаплялася! Калi я ўгледзела, што вы жэнiцеся з дзяўчынай, якую я добра ведала, якая была маёй школьнай сяброўкай у Сэн-Жане, з дзяўчынай прыгожанькай, але крыху ду-дурнаватай (прабачце мне, Антуан), я здзiвiлася, я засмуцiлася... I не толькi я - увесь горад...

– Але чаму?.. Франсуаза i я - мы людзi аднаго кола, добра падабраная пара... Палюбуйцеся, Сабiна: гэта сцяна, усыпаная агнямi - скала Манака... Не нахiляйцеся!.. Тэраса крутая i над самым морам... Асцярожна, Сабiна!..

Мiжвольна ён прытрымаў яе за талiю. У тое ж iмгненне яна павярнулася i горача пацалавала яго ў губы.

– Тым горш, Антуан... Я тады страшэнна раўнавала... Як цяжка не сустракацца з чалавекам, якога любiш!.. А помнiце, як мы цалавалiся, гуляючы ў тэнiс?.. О! Вас гэта шакiруе!.. Пазнаю характар Кеснэ. Я ўпэўнена, што вы былi верным мужам...

– Самым верным... Нi разу не саграшыў...

– За дзесяць гадоў? Бедны Антуан!.. I вы былi шчаслiвы?

– Вельмi шчаслiвы.

– Тады ўсё к лепшаму, даражэнькi Антуан... А толькi цiкава тое, што выгляд ваш зусiм не сведчыць аб шчасцi.

– З чаго вы ўзялi?

– Сама не знаю... Нейкая ёсць у вас узбуджанасць, раздражнёнасць, ад незанятасцi цi што... I ўсё ж, Антуан, вы той самы Кеснэ з Пон-дэ-Лёра, чалавек энергiчны, гаспадар... I вы жывяце тут, далёка ад прывычнай справы, ад вашых сяброў... Я добра ведаю, што вы ўсё падпарадкавалi густам вашай жонкi. Але не можа быць, каб вы не шкадавалi аб гэтым?

– Магчыма, спачатку, калi выехаў, i сумаваў крыху. Але я знайшоў сабе тут iншае поле дзейнасцi. Я заўсёды захапляўся гiсторыяй... Я працую... Апублiкаваў некалькi кнiг, якiя мелi пэўны поспех.

– "Пэўны

поспех"? Яны мелi надзвычайны поспех, Антуан, гэта - выдатныя кнiгi... Асаблiва ваш "Людовiк Адзiнаццаты"...

– Вы iх чыталi?

– Каб я ды не чытала! Мо сто разоў... Спачатку таму, што, як i вы, люблю гiсторыю... А потым шукала ў iх вас. Я нiколi не была раўнадушнай да вас, Антуан... Вы - цудоўны пiсьменнiк... Не, не, я не перабольшваю. Мне было нават прыкра, калi за абедам Франсуаза не прамовiла нi слова пра творчы бок вашага жыцця... Разы два мой муж прабаваў загаварыць аб вашых кнiгах, Франсуаза яго спынiла. Па-мойму, яна павiнна ганарыцца вашымi кнiгамi...

– А чым тут асаблiва ганарыцца?.. Яно то праўда, што яна не цiкавiцца маiмi работамi гэтага кiрунку.Яна больш чытае раманы. Затое ў сваёй галiне сапраўдны мастак: умее трапна выбраць гарнiтур, навесцi парадак у садзе... Уявiце сабе, тут кожная кветачка, кожны кусцiк дагледжаны ёю асабiста... З таго часу як крызiс закрануў Пон-дэ-Лёр i нашы прыбыткi намнога ўпалi, Франсуаза ўсё робiць сама.

– "Франсуаза ўсё робiць! У Франсуазы выключны густ!" I што смяшней за ўсё, ён у гэта верыць!.. Ах, якi вы непераборлiвы чалавек, Антуан! Я ж ведала Франсуазу дзяўчынкай... Тады ў яе не было нiякага густу... альбо не, была прагнасць да розных цацак, бляшак, аздоб... Нешта манернае, штучнае... Гэта вы яе выхавалi, прывучылi да хараства лiнiй строгiх, натуральных, да парадку... I што самае галоўнае, гэта вы далi ёй сродкi, каб яна магла жыць, не абмяжоўваючы сябе... Яе вячэрняе плацце - прыгожае, якраз па фiгуры, але не забывайце, мiлы мой, што гэта плацце ад Скiпарэлi... А там лёгка праявiць густ.

– Вы памыляецеся, Сабiна... Гэта плацце Франсуаза пашыла сама разам са служанкай.

– Дзiва што! Хто вам дасць веры! Даражэнькi Антуан, не расказвайце падобных баек жанчыне... Ёсць тэхнiчныя тонкасцi - розныя вытачкi, складкi... Апроч таго, атэлье Скiпарэлi ахоўвае свае сакрэты: спалучэнне залацiстых гузiкаў са стракатым барвенкам могуць вынайсцi толькi там... Але гэта не мае значэння...

– На жаль, гэта мае большае значэнне, чым вы думаеце... Я вам сказаў, прыбыткi нашы зусiм не тыя, што былi раней... Далёка не тыя! Пон-дэ-Лёр не дае мне нiчога, i Бернар пiша, што гэты спад можа цягнуцца некалькi год... Ну, кнiгi мае разыходзяцца нядрэнна... Я надрукаваў некалькi артыкулаў... Але гэтага мала, каб бедная Франсуаза магла заказваць плаццi ў модных атэлье.

– Тады гэта цуд, даражэнькi Антуан... Цуд, недаступны розуму... З пашанай схiляю галаву... Мiж iншым, я заўсёды адчувала прыхiльнасць да Франсуазы... Толькi нiяк не магла зразумець, чаму яе людзi не любяць.

– А хiба яе не любяць людзi?

– Ненавiдзяць... Вы што, не ведалi? Мяне страшэнна здзiвiла, што i ў Нiццы яе асуджаюць гэтак жа, як i ў Пон-дэ-Лёры.

– За што ж яе асуджаюць?

– О! Усё тое самае. Эгаiстка... З мужчынамi - какетка, з жанчынамi хiтруля. За крывадушнасць... Нарэшце, адсутнасць такту... Я яе заўсёды абараняла. Яшчэ школьнiцай, калi мы жылi разам у iнтэрнаце Сэн-Жана, я казала: Франсуаза Паскаль-Бушэ куды лепшая, чым здаецца на выгляд... Непрыемны голас i фальшывы тон, вось што ў ёй абурае...

– Вы знаходзiце, што ў яе непрыемны голас?

– Антуан!.. Вядома, пражыўшы дзесяць гадоў сумесна, вушы прывыкаюць... Зрэшты, гэта не яе вiна, i я не папракаю... Але што цяжэй за ўсё дараваць, дык гэта тое, што, падхапiўшы сабе такога мужа, як вы, яна...

– Што яна?

– Ды так, нiчога...

– Вы не маеце права, Сабiна, пачынаць фразу з намёкам i абрываць яе. Цi не шапнулi вам вашы iнфарматары, што ў Франсуазы былi палюбоўнiкi?

– Вы сур'ёзна пытаеце, Антуан?

123
Поделиться с друзьями: