Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дубянецкі

Неизвестно

Шрифт:

А вось цяпер пачынаецца сур’ёзнае. Стась прынёс “Правду” з вершам Яўгена Яўтушэнкі “Кабычегоневышлисты”. Спрытнае прыдумаў славечка, даўгаватае, праўда, але нічога, я яго ўжываю ўжо без найменшай запінкі. Яно і па-беларуску таксама ж гучыць: “Кабычагоневышлісты”.

Прачытаў. Уражаньне выбухнуўшай вось тут перада мной бомбы. Гэты верш варты цэлага добрага дакладу на якім-небудзь пленуме, а то і на зьезьдзе. Яго ж можна выкарыстаць як сігнал да “Адлігі-2”.

Пачынаю ліхаманкава прыкідаць што і да чаго. Пакуль набег такі чарнавы першапачатковы эскіз:

Перакладаем на беларускую. Перакладчык павінен быць не абы-хто, а той, хто пацярпеў і церпіць ад гэтых маразматыкаў “кабычагоневышлістаў”,

ад іх чырвоных алоўкаў.

Кнігу называем “Кабычагоневышлісты”. Даюцца паралельна абедзьве мовы. Мабыць, трэба даць прадмову і, можа, слоўнічак. А галоўная частка кнігі – “Дадатак: “Кабычагоневышлісты за працаю”.

Тут даць жывенькія:

1) загад М. Дзяльца пра спыненьне першага нумару штогадовага альманаху “Спадчына” з п’есаю “Тутэйшыя” Янкі Купалы і іншымі цікавеннымі матэрыяламі;

2) запіску Галоўліту БССР пра антыпартыйную, антысавецкую дзейнасьць выдавецтва “Мастацкая літаратура”;

3) стэнаграму катаваньня мяне і Серафіма – Зяньковічам, Паўлавым з дапамогаю Яцко1;

4) стэнаграму “абмеркаваньня” галоўлітаўскага даносу ў ЦК (таго самага Дзяльцоўскай вышэйшай сходкай (калегіяй);

5) загад Дзяльца пра “ўсе ідэйна-палітычныя грахі “Мастацкай літаратуры”

6) маё пасьляслоўе і каментар.

Гэтым стрэлам мы праверылі б сапраўдныя намеры “Праўды” і тых, хто за ёю стаіць. Мы вялі б справу да “Адлігі-2”. Мабілізавалі б неабходныя сілы…

15 верасьня 1985 году. Знаходжуся пад уражаньнем “Кабычагоневышлістаў”. Стась газету даў толькі “пакарыстацца”. Званю дадому, каб не заматалі дзе нашую. Мы ж выпісваем “Правду” – беспартыйная жонка – “члену партыі” (невядома толькі якой? – М. Д.) – мужу. Ірынка праверыла ўсю нашу карэспандэнцыю за 9 верасьня. “Правда” там сапраўды ёсьць. Але… з выразаным Яўтушэнкавым вершам! Гэта, вядома, таксама рэклама твору, а заадно і той ідэі, што ў ім закладзена (хоць не абышлося там без Яўтушэнкаўскага падхалімажу, цяпер ужо ў адрас Гарбачова. Гэта Жэнька можа!)

Сёньня мне стала вядома, што ў час побыту М. С. Гарбачова ў Менску “публіку” яму арганізоўвалі райкамы партыі. Выклікалі людзей і давалі пэўныя заданьні кожнаму. Во свабода слова. Усіх прызначылі на тыя месцы, якія прызначаны для паказу “правадыру”. Там ён будзе думаць, што гутарыць з “народам”, а аказваецца, пад выглядам народу туды назганялі ўсякага рангу правераных начальнічкаў. Усяго там сагналі 20 чалавек.

Усім ім загадалі зьявіцца ў пэўны час (нават далі цэтлікі каму на які) у Дом мод ці Дом мадэляў, што на вуліцы Мельнікайтэ...

17 верасьня 1985 году. Аўторак. Урач Алена Сяргееўна “мела шчасьце” абмяняцца думкамі з тутэйшым найвялікшым бонзам (найвялікшы бонза – той, хто займае здвоеную палату – нумар 409, там спальня, кабінет, пярэдняя, санвузел) Дз. В. Цябутам1. Тэмаю ў іх было: “Кабычагоневышлісты” Яўгена Яўтушэнкі. Ад Цябута нічога і нельга было іншага чакаць. Ён сказаў:

– А я даўно ведаю, што Яўтушэнка антысаветчык.

– Дык, бачыце ж, надрукавалі, ды ў “Правде”, – нясьмела кажа ўрач…

– А што, у “Правде”, у “Правде”! Думаеце там дурняў няма? – Колькі хочаш!” Вось гэты, хто дазволіў такую беліберду яўтушэнкаўскую ў “Правду” памясьціць – той адпеты дурак. Больш я вам нічога не скажу.

…Мяне сёньня наведалі Марыя з Ірынкаю і Коля з Віктарам Са­хар­чуком.

Увесь час я адчуваў сябе кепска, хоць намагаўся нікому гэтага не пака­заць…

Палата ўжо ўкамплектаваная. Пасьцельны рэжым ня зьняты.

Днём выклікаў да тэлефону Валодзя Паўлаў. Хацеў прайсьці ў палату, але не пусьцілі: не прыёмны дзень. Паразмаўлялі па тэлефоне даволі доўга. Пераслаў мне кур’ерам “Неделю” №37/1985 – нядзельны дадатак да газеты “Известия”. Я яе рэдка чытаю. Цяпер паглядзеў. Кінулася ў вочы “Пазабытая сенсацыя. Надта праўдападобная містыфікацыя” – як Конан-Дойл адпомсьціў

свайму нядобразычліваму суседу, які кепска пра яго раманы гаварыў – адвакату, аматару-археолагу Рычарду Дэусону – падкінуў на месца яго раскопак шкілет саштукаваны з падоранага яму знаёмай Джэсі Фаулес чэрапам з грабніцы старажытнарымскай са сківіцаю, купленаю ў аднаго аматара-заолага з вострава Барнео. Гэта было ў 1908 годзе ў маёнтку таго ж адваката паблізу гораду Пілтдауна. “Пілтдаунскі чэрап” зрабіўся сенсацыяй у навуковым сьвеце, будучы прад’яўленым навуковаму таварыству Брытанскага музею. Усеагульны энтузіазм быў такім значным, што К. Дойлу ў такой сітуацыі небясьпечна было абвяргаць. Аднак у дзёньніку ён пазначыў: “Замест таго, каб зваліць невукаў у яму іх невуцтва, я сам закапаў там навуку”. У 1953 годзе з дапамогаю рэнтгеналагічнага і хімічнага аналізаў, праведзеных у лабараторыях Скотланд-Ярду, версія вучоных скептыкаў пра фальсіфікацыю была пацьверджаная.

А гэта ж знаходка так шчасьліва дапаўняла ланцуг эвалюцыі, якая пройдзена разумным чалавекам!..

Пра ўдзел Артура К. Дойла дакапаўся амерыканскі вучоны Джон Хетуэй-Уінслоу, які захапляўся вывучэньнем гістарычных фальсіфікацыяў.

Апрача таго, быў Стась. Заўтра ён з тымі самымі масквічамі едзе ў Пінск і Брэст.

22 верасьня 1985 году. Нядзеля. Былі Алесь Адамовіч і, вядома, Марыя.

Алесь едзе са сваім кінафільмам “Ідзі і глядзі…” ў ФРГ.

Абмеркавалі плёткі, што ходзяць вакол Алеся. Асабліва тую, што ён павінен быў узяць у цітры Я. Брыля і У. Калесьніка.

Ён днямі цікава выступіў у “ЛГ”. АТК2 сказаў, быццам бы, што, “цяпер у цябе (Алеся) будзе ворагаў яшчэ больш”.

Расказаў мне пра дзіўную сувязь Ніла Гілевіча з Сачанкам.

Дарэчы, чуткі “народныя” аддаюць ужо Нілаву пасаду – Алесю. Вельмі арыгінальна.

Марыя нарабіла столькі прыгажэнных букетаў, што заўтра трэба будзе падарыць Алене Сяргееўне і Ірыне Аляксандраўне. У мяне застанецца самы прыгожы, у самай прыгожай вазе.

Вячэрнія замеры: ціск 120/80; пульс 64. Рэдкасны штыль!

Перагаварыў з Жанай Сьцяпанаўнай Шалянок. Усё стала на свае месцы. Яна валодае такім дарам прыводзіць у сістэму нечыя хаатычныя ўяўленьні пра што б там ні было. Вельмі каштоўны сьпецыяліст!

Бадай што найбольшае шчасьце меў ад ліста Галечкі. Яна напісала яго ў Планерскім 18.09. Менск атрымаў праз тры дні. Ну а я – яшчэ праз адзін. Відаць, з Ірынкаю ў іх была дамоўленасьць пра нейкія “зразумелыя ўсім” шыф­ры-скарачэньні, як напрыклад, “Жыўслаўдзіў”, “Годаразн” (= надвор’е рознае). Бо далей-такі ідзе пра яго: “Сумаваць не дае. Паказвае Крым ва ўсіх іпастасях. Мора – нясьцерпна цудоўнае. Балтыйскай тэмпературы. Але занадта цывілізавана. Горы – вось гэта стыхія! Прападаю ў гарах: хвароба ўзыходжаньня ў вострай форме. На гэты час у бліжэйшых ваколіцах няма ніводнага “ня ўзятага” мною піка. Рыхтуюся да штурму больш аддаленых вяршыняў. Ногі ня хочуць ужо ісьці на ўзроўні мора. Мой гонар – узыходжаньне на Карадаг (дзякаваць Богу, не адбіўся на маім бюджэце). Сёньня еду глядзець Карадаг з мора.

Даведалася ўсё пра Валошына. Улюбілася. Зьдзейсьніла паломніцтва да высокагорнай магілы.

Цяпер мне здаецца, што няма прыгажэйшай мясьціны за Кактэбель. Зоры – як у планетарыі. Адпачываю душой і целам. Як вы? Пакуль ад вас нічога не атрымала. Усяго самага! Галечка”.

24 верасьня 1985 году. Яшчэ ў бытнасьць Мікіты Хрушчова “начальнікам” СССР, мне расказалі, што нейкая былая цэнзарка Дадзіёмава ў Менскім оперным тэатры прабралася за дазволеную лінію і кінула Хрушчову ліст.

Гэтая гераічная жанчына ўсё жыцьцё змагалася за свае і чужыя правы, але яна дапускала пры гэтым маленькую “памылачку”: яна верыла, што ў цэлым савецкая ўлада справядлівая, што гэта толькі асобныя ліхадзеі псуюць народу настрой.

Поделиться с друзьями: