Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дубянецкі

Неизвестно

Шрифт:

Ці ж можа Лёня і Лёні мець нешта агульнае з сёньняшнімі “народнымі”, “лаўрэатамі” і г. д., якія тады выказвалі такім чынам сваю радасьць? Лёня кажа, што гэта іх тады натхняла(!!!), а нас цяпер і БАМы не натхняюць, і няма ў нас таго ідэалу, які быў у тых пакаленьняў. А тое, што ў нас ёсьць, мы і выказваем такім чынам, што гэта чамусьці, і на жаль, не падабаецца Тым. А зрэшты, хто яны нам тыя? Калі мы перастанем азірацца на іх!

29 красавіка 1985 г. Прыезд у санаторый “Аксакаўшчына”, на “рафіку”. Прыехала чалавек 8-9. Сьняданьне. Рэгістрацыя: санкніжка 386, палата 222, аддзяленьне клінічнае. Тэрмін лячэньня з 29. IV. па 22. V. Урач Сяргей Сяргеевіч Карыцька. Паважаю і люблю яго яшчэ з першага свайго побыту тут. Дарэчы,

я не сустракаў такіх, хто б яго не любіў. А гэта дзіўна, бо ён жа ня толькі ўрач, але і адміністратар – загадчык клінічнага аддзяленьня.

Прыйшоў у сваю палату. Яна на другім паверсе. Мой сусед пенсіянер нара­джэньня 1926 году – Яўгеній Сяргеевіч Пераверзеў, служыў, як кажа, у пракуратуры, якая яго і зрабіла так рана інвалідам. Перанёс некалькі інфарктаў, да таго ж яшчэ мае кілаграмаў 30 лішняе вагі. Аднак цікава: маім суседам па палаце 406 у бальніцы таксама быў пракурор у адстаўцы, не стары, гадоў 60, а не працуе ўжо каля 10 гадоў – меў інфаркты і г. д. Сустрэўся з урачом. Свайго ўражаньня пра яго не памяняў, нават наадварот.

У першы ж дзень сустрэў тут аднаго з суаўтараў майго інфаркту – Марыну Канстанцінаўну Высоцкую. Сустрэча была халоднаю. Яна нешта зьбіралася спытаць пра здароўе, паспачуваць, але я не ўцягнуўся ў яе войканьні. Яна тут без інфаркту (дый ня дай Бог ёй гэтага: яна яшчэ маладая, мае сям’ю і ў прынцыпе з ёю можна было б працаваць, каб на яе ня ціснулі цыркуляры і “адданае” справе начальства.

1 мая 1985 г. Па радыё ледзь-ледзь прабіваецца ў мой пакой “першамай”. У душу не пранікнуў. Тут сітуацыя ранейшая, дзякаваць Богу. Разам з інфарктам не прышчапілі “першамайства”.

З дому перадаюць, што ўсе гэтыя дні багата тэлефонных званкоў, у асноўным ад пісьменьнікаў, цікавяцца здароўем, некаторыя – дакладным адрасам: В. Быкаў, А. Адамовіч, Л. Салавей, М. Мушынскі (сьпецыяльна прышоў да Галі, каб перадаць прывітаньне: “Такіх людзей усе мы павінны аберагаць, клапаціцца пра іх. Гэта сапраўдны дзеяч культуры. Толькі з-за такіх і разьвіваецца культура”.) Таксама В. Каваленка, А. Сабалеўскі, Я. Сіпакоў і інш.

Учора дзень прайшоў без асаблівасьцяў... Ніякіх зігзагаў у лячэньні і паводзінах не было. Хіба што ад тэлеэкрану і газетаў, якіх я праглядзеў, на жаль, забагата, і адразу абурыўся неаб’ектыўнасьцю ў адносінах да саюзьнікаў па вайне (у асноўным жа ўсё запоўніла вайна).

3мая 1985 г.

Witaj majowa juіrzenko,

W naszej polskiej swiec krainie.

My uczcimy cie piosenka.

Ktora nigdy nie zaginie:

Witaj Mai, 3-ci Maj,

Dla Polakow blogi raj!

Вось, што я нават памятаю пра Трэцяе мая! “Пёсэнка! – заслугоўвае крытыкі з боку беларусаў. Але ж тая дата, тая падзея, якой яна прысьвечана, – ні ў якім разе: яна ж залатымі літарамі на векі вечныя ўпісаная на самую сьветлую старонку гісторыі Чалавецтва. Беларусы, як і палякі, глыбока шануюць тую Вялікую Падзею і шчыра смуткуюць, што ёй, на жаль, не наканавана было стаць julrzenka.

Божа мілы! Колькі і беларусы разам з палякамі страцілі ад гвалтоўнай сьмерці той julrzenkі! Калі мы нагонім страчанае?!

У сваім post-інфарктным стане я, аднак, настроены даволі ваяўніча. І я цешуся гэтаму: значыць не зламалі, значыць, гартуюся ў баях. А гэта ўжо баі! Жудасныя баі! Я вытрымаў іх, Радзіма-маці! Абяцаю табе не выпускаць ініцыятывы са сваіх рук, пакуль…

А, можа, мая “ваяўнічасьць” – гэта рэакцыя на тую ваяўнічасьць, якою запоўнены ўсе гэтыя дні эфір, друк?..

4 мая 1985 г. Учора ўсе насельнікі санаторыя былі прадастаўлены самі сабе, за невялікім выключэньнем: працавала сталоўка, як звычайна, можа, яшчэ якая драбяза. Затое вечарам – нейкі прапагандысцкі Даўжэнкаўскі фільм і танцы. Надвор’е кепскае, у лесапарк ня пойдзеш, дождж (туляйся з кутка ў куток у палаце). Крыху чытаў, знаёміўся з тэмпланам свайго выдавецтва на 1986 год. А гэта занятак, калі з толкам рабіць, – не на

адзін дзень.

Сёньня...

Мабыць, я хацеў сказаць, што сёньня ў санаторыі звычайны “рабочы” дзень. Даводзіцца бегаць (калі можна так сказаць пра тэмп маёй паскоранай хады) на ўсе працэдуры і “аздараўляльныя” мерапрыемствы. Апрача таго, што ў мяне было, з сёньняшняга дня пачаў хадзіць на масаж, накіравалі на электракардыяграму, можа, і яшчэ што якое, але ня ў гэтым справа..

Тое “Сёньня…” я пакінуў нерасшыфраваным таму, што адначасова з яго нанясеньнем на паперу ў палату зайшлі: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Васіль Вільтоўскі. Апошні, жартуючы, уручыў мне ладны пук невядомай мне дагэтуль расьліны чарамшы:

– Гэта чарамша. Ёю і закусваць можна моцныя напіткі і спажываць у выглядзе салаты, можна з алеем, са сьмятанаю, а то і проста з сольлю. Пакаштуйце, калі ласка.

Я адкусіў вострую “дзюбку” ад прыгожага сваёй незамыславатасьцю ліста, вельмі падобнага на ландышавы, павольна пажаваў і выразна адчуў пах, вастрыню і смак часныку, праўдзівей, яго зялёнай наземнай часткі. Ня ведаючы, што я з гэтай “гароднінаю” буду рабіць, я прыняў яе з Васілёвых рук і паклаў, ня гледзячы, на падаконьнік. Паміж мною і гасьцямі з першай секунды іх зьяўленьня пачалася ажыўленая размова пра ўсе тыя справы, што прывялі мяне сюды.

Васіль Антонавіч хутка разьвітаўся і сказаў, што пойдзе паглядзіць на гаспадарку гэтай “гаспадаркі”. Мы ўтрох засталіся. Паміж намі была поўная згода ў ацэнцы сітуацыі.

Інфаркт міякарда, нанесены Дубянецкаму, гэта не лакальная справа, што замыкаецца на ім жа. Гэта інфаркт атрымала беларуская літаратура. “Строгае” папярэджаньне, адрасаванае ў афіцыйных грозных дакументах М. Дубянецкаму, гэта перш за ўсё папярэджаньне, адрасаванае ўсёй літаратуры. Тыя “грахі”, што інкрымінуюцца кіраўнікам выдавецтва, не яны ж іх самі зрабілі. Яны проста да аўтараў ставіліся самі паблажліва, і з рэдактараў не спускалі шкуру, калі тыя нешта “прапускалі”.

Аб’ект гэтага ІМ (як скарочана запісана ў санаторнай кніжцы, выдадзенай адразу ж тут) выбраны правільна. Ён цяпер найбольш небясьпечны праціўнік. А як біць? Балюча біць: удар трэба наносіць, як вучыць ваенная тактыка, па мажлівасьці сьмяртэльны, альбо такі, каб вывеў праціўніка са строю.

Дурні! Надта позна разгледзелі “аб’ект”. Хіба не маглі яго ацаніць яшчэ ў 1962 годзе, калі гэты “аб’ект” адкінуў ледзь ня з першай рэдагуемай ім кнігі аж 50 цэнзарскіх умяшаньняў! Ды яшчэ ў дадатак назваў гэтую ўстанову Трэцім упраўленьнем. Што ж, правялі гучны сход у матузаўскім выдавецтве, аднак, галоўнае сьпісалі на нявопытнасьць. Намесьнік начальніка Галоўліту Захарава прызнала, што яшчэ гісторыя беларускай (думаю, што і ўсёй савецкай) цэнзуры ня ведала такога нахабна наіўнага рэдактара. Вельмі зручны быў момант “распазнаць” яго і тады, калі ён, насуперак “дзяржаўнай” думцы Камітэту па друку арганізаваў выданьне 30-томнага збору “Беларускай народнай творчасьці”, а пасьля, праз некалькі гадоў рашуча адбіў гэтае эпахальнае для беларускай культуры выданьне ад партыйнага функцыянера Паўлава. Дазволілі “пагуляць” яму і ў энцыклапедыі. Тут “даручылі” вернаму Броўку выхоўваць у належным духу, ня выхаваў.

І нарэшце – выдавецтва. Тут гэтага свавольніка дагнала-такі даўно заслужаная ім узнагарода. О, як ён ганарыцца Ёю, гэтай узнагародаю! Гэта ж найвышэйшы ордэн Беларусі! Мы ўсе ордэны ведаем. Найвышэйшы мае тры ступені: Першая ступень будзе прысуджана тым, хто загінуў за Рэспубліку. Другая – за рубцы на сэрцы, за турмы і ссылкі строгага рэжыму. Трэцяя – за сур’ёзныя ганеньні.

Прыйдзе час, і, можа, Бог дасьць, буду і я гатоў узыйсьці на найвышэйшую прыступку. Я з радасьцю падымуся туды, калі ўжо зраблю ўсё для Радзімы. А цяпер пакуль яшчэ вельмі багата магу і буду рабіць. Але малю Бога, каб як найменш падымалася нас на гэтую апошнюю прыступку. Хопіць і тых вялізных ахвяраў, што мы панесьлі…

Поделиться с друзьями: