Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Некалькi гадоў таму ў краму прыйшоў комiваяжор i паказаў пану Франсуа адну такую забаўку.

"Гэта сапраўдны лiможскi фарфор, - растлумачыў ён.
– Iх роўна тысяча абсалютна аднолькавых. Не буду расказваць пра тонкасць фарфору i колеру: самi бачыце. Гэта частка велiзарнага заказу... Партыя розных жывёлiн, на экспарт... Што здарылася, пра што думаў мастак, як так магло выйсцi, што на заводзе нiхто не прыкмецiў памылкi, не ведаю. Так цi iнакш, праца была выканана, калi ўрэшце нехта заўважыў, што парсючкi бясхвостыя... Ну, дык вось, пан Франсуа: бясхвостых iх нiхто не хоча купляць... Я аддаю

вам усю партыю, тысячу штук... Колькi вы за яе дасце?.."

Гаспадар назваў смяхотную цану - i назаўтра ў яго былi поўныя скрынi гэтага дабра. За год ён прадаў толькi двух парсючкоў: кожны раз, калi паказваў забаўку клiенту, той круцiў галавою:

"Шкада як, што хвост адламаны..."

"Ён не адламаны - яго нiколi не было..."

Аднак патроху парсючкi знiкалi адзiн за адным з крамы. Больш таго, тыя клiенты, што забiралi iх, не прадавалi забаўкi зноў, не шукалi нiчога ў краме, толькi пыталiся, ледзь пераступiўшы парог:

"У вас ёсць фарфоравыя парсючкi?"

Пры гэтым адбывалася нешта зусiм дзiўнае. Калi клiент пытаўся пра цану, гаспадар думаў больш, чым звычайна, i называў амаль кожны раз iншую.

"Дваццаць два франкi..."

Або дваццаць адзiн цi дваццаць тры, радзей - менш за дваццаць. А iншы раз, напрыклад, i ўвогуле толькi адзiн франк.

Дваццаць два франкi - дваццаць дзве гадзiны, вось што гэта значыла. Дзесяць гадзiн вечара. Адзiн франк - гадзiна ночы. У гэты час пан Франсуа мусiў чакаць клiента ў сябе на вiле.

Такiм чынам, усе гэтыя людзi маглi прыходзiць да гаспадара ў краму, i нiхто чужы нi пра што не здагадваўся. Дый госцю, нават новаму, не трэба было нiчога расказваць: толькi ён пытаўся пра парсючкоў, як адразу ж рабiлася ясна, што прыслаў яго сюды свой чалавек, якi прадаў яму арыгiнальную забаўку, - i гаспадар назначаў клiенту час спаткання ў Жуанвiлi.

– Ён прынёс табе што-небудзь?
– спытала Жэрмэн, утупiўшыся позiркам у бацьку.

– Гэты раз - не, - пацiраў той хворую нагу.

Марсэль прыходзiў да яго тры цi чатыры днi назад... А пяць-шэсць дзён таму гаварыў з ёю пра паездку ў горы...

– Ну, i чаго яму ад цябе было трэба?..

– Таго, дзеля чаго звычайна прыходзяць, калi з грашыма нявыкрутка... Бабкi прасiў... Калi ў iх ёсць што пiхнуць мне, тады яны памяркоўныя i прымаюць маю цану моўчкi... А як не свецiць нiчога, дык тон у iх мяняецца... Песня адна i тая ж: "Вы няблага зарабiлi на мне... Апошнi раз вы мяне абдурылi... Вы б маглi пазычыць мне колькi тысяч, пакуль выгарыць справа..." I тут яны пачынаюць расказваць, на што выйшлi. Ну, сенсацыйныя проста палотны: Рэнуар, Сезан, а то ажно i старыя майстры... "Праз тыдзень прынясу, не, праз пяць дзён, добра?.. Трэба, каб я пачакаў зручнага выпадку, разумееце?.. Гэта ж больш у вашых iнтарэсах, чым у маiх: якi будзе мой заробак - i якi ваш..."

Ён перадаў усё гэта лянiва, з пагардаю. Уздыхнуў.

– Усе аднолькавыя! Думаюць, я скупы. Дзiўлюся нават, як гэта хто з iх не прыйдзе сюды, каб прыкончыць мяне ды прыхапiць мае бабкi... Бо ж думаюць, я сплю над iмi, што матрац у мяне набiты купюрамi, золатам...

Зрэшты, Жэрмэн знала, што ён не быў скупы. Яна была, бадай што, адзiны чалавек, якi ведаў яго. Бацька не быў скупы - ён быў маньяк.

Мала

якiя з карцiн i iншых каштоўнасцей з тых, што кралi яму на вiлах i ў багатых кватэрах гэтыя дурнi (як казаў, бязмерна пагарджаючы клiентамi, пан Франсуа), прадавалiся. Аматар мастацтва згаджаўся развiтацца з некаторымi набыткамi толькi тады, калi яны выклiкалi ў яго сумненне ў сваёй арыгiнальнасцi або былi вiдавочна другарадныя.

Лiчылi, што нявартыя рэчы iшлi ў Амерыку, а большасць калекцыi, творы сапраўды каштоўныя, заставалiся на вiле, i па вечарах стары ў адзiноце з асалодаю аглядаў сваё багацце.

– Ты яму што-небудзь даў?

– Не.

– Што ён табе сказаў?

Яна добра ведала бацьку. Менавiта таму, што ведала, i пайшла аднойчы з яго дому. Ёй не было тады яшчэ i дваццацi.

Адзiн з яго клiентаў, дваццацiдвухгадовы хлопец, загiнуў, здабываючы бацьку антыкварную рэч. Ён таксама купiў у аднаго з ранейшых клiентаў бясхвостага парсючка, прыйшоў у краму, на сценах якой вiселi жудасныя лiтаграфii ў чорных рамках. Хто б мог надумацца шукаць у гэтым склепе якiя-небудзь шэдэўры?

Жэрмэн выпадкова апынулася сведкам iх размовы.

"Толькi дзве тысячы, - упрошваў малады чалавек.
– Клянуся вам, што прападаю без iх... Мая сяброўка хворая... Трэба рабiць аперацыю... Я не хачу пасылаць яе ў дзяржаўны шпiталь... Вы разумееце?.."

Бацька ўздыхнуў:

"Што ты прынёс мне апошнi раз?"

"Маленькага Манцiчэлi, вы ж памятаеце... Вы далi мне хiба толькi за адну раму... Я пытаўся пасля i ведаю, што карцiна каштуе сама меней сто тысяч франкаў..."

"Але ж яе яшчэ трэба прадаць i не папасцiся... Бачыш, дружок, я таксама бедны чалавечак... Прынясi мне што-небудзь сур'ёзнае, i я заплачу табе як след... Я не настолькi багаты, каб строiць з сябе фiлантропа..."

"Але ж гэта будзе толькi аванс..."

"За што - аванс?"

"За тое, што на днях прынясу..."

"У цябе ёсць на прыкмеце што-небудзь вартае?"

Ясна было, што не. Хлопец вагаўся, расчырванеўся.

"Вось калi б ты прынёс мне Манэ... Толькi аднаго маленькага Манэ..."

У той час ён захапляўся Манэ. У яго пастаянна было якоесьцi галоўнае захапленне.

"Што там ёсць?" - спытаўся хлопец.

"Яшчэ не ведаю... Вiдаць, усяго патроху, але гэта нялёгкая справа прабрацца ўначы на выставу..."

"Ноччу яе сцерагуць... А электрычная сiгналiзацыя i процьма ўсялякiх новых штучак..."

"На тым тыднi адзiн банкiр набыў там на распродажы карцiну, якая б мне спадабалася..."

"Што за ён?"

"Люка-Мартон... Запомнi, тое, што я табе кажу..."

"Калi я прынясу вам ягонага Манэ, - перапынiў хлопец, - колькi вы мне дасце?"

"Хоць дваццаць тысяч... Трыццаць нават..."

Праз два днi Жэрмэн прачытала ў ранiшняй газеце, што ў доме ў пана Люка-Мартона, у Версалi, начны вартаўнiк забiў дваццацiдвухгадовага злодзея ў той момант, калi той спрабаваў зламаць дзверы i залезцi ў хатнюю галерэю.

"Ты чытаў?" - спыталася яна ў бацькi.

Ён прабег вачыма паведамленне - i нават жылка не сцепнулася ў яго на твары.

Поделиться с друзьями: