Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Музыка ў бары сціхла, з дынаміка пачуўся мужчынскі голас, але буфетчыца прыёмнік не выключыла — не заўважыла, што музыка скончылася. Толькі што яна намацала пальцам прышчык за вухам. Намагалася разгледзець яго ў люстры, што вісела ззаду над стойкай, ды так, каб наведнік не заўважыў, і таму рабіла выгляд, што папраўляе пасмачку валасоў. Шафёр сказаў:

— У Шоні вялікія танцы былі. Кажуць, забілі там некага ці штосьці такое. Нічога не чулі?

— Не, — адказала буфетчыца і пяшчотна памацала прышчык за вухам.

Чалавек падняўся з падножкі, паглядзеў цераз капот на бар. Потым зноў сеў і дастаў з бакавой кішэні

капшук з тытунём і кніжачку курыльнай паперы. Не спяшаючыся, умелымі пальцамі скруціў цыгарку, з усіх бакоў агледзеў яе, акуратна падраўняў табачынкі, нарэшце запаліў і ўтыцнуў непатушаную запалку ў пыл пад нагамі. Набліжаўся поўдзень, сонца пакрысе паглынала цень ад грузавіка.

У бары шафёр расплаціўся за каву і ўсунуў здачу — дзве пяціцэнтавыя манеты — у проразь ігральнага аўтамата. Цыліндры закруціліся, але нічога не выдалі.

— Яны так хітра зроблены, што ніколі не выйграеш, — сказаў шафёр буфетчыцы.

Яна адказала:

— Аднаму тут вялікі выйгрыш выпаў. Не болей як гадзіны дзве таму. Калі назад праедзеце?

Ужо адчыніўшы дзверы, шафёр адказаў:

— Праз тыдзень ці дзён праз дзесяць. У Талсу еду, а там заўсёды замінка.

Буфетчыца буркліва сказала:

— Мух напусціце. Ідзіце ці дзверы зачыніце.

— Да хуткага, — сказаў шафёр і выйшаў.

Дзверы за ім з грукатам зачыніліся. Стоячы на санцапёку, ён здзіраў абгортку з жавальнай гумкі, грузны, плячысты, ужо з прыкметным жывоцікам. Румяны твар, вочы блакітныя і вузкія, як шчылінкі, ад прывычкі жмурыцца на яркім святле. На ім былі армейскія штаны і чаравікі з высокай шнуроўкай. Паднёсшы жавальную гумку да губ, ён крыкнуў буфетчыцы праз сеткаватыя дзверы:

— Ну дык паводзь сябе добра, а то да мяне ўсё роўна дойдзе.

Буфетчыца стаяла тварам да люстра. Яна нешта буркнула ў адказ. Шафёр паволі пачаў раскусваць гумку, шырока адкрываючы рот і энергічна працуючы сківіцамі. Потым пайшоў да грузавіка, на хаду размінаючы жвачку зубамі, нарэшце засунуў яе пад язык.

Падарожнік, які стараўся ехаць на спадарожных машынах, падняўся з падножкі і скрозь акенцы кабіны паглядзеў на шафёра.

— Можа, падкінеце, містэр?

Шафёр глянуў на бар.

— Хіба не бачыш, што ў мяне на ветравым шкле?

— Ну ясна — бачу… Але прыстойны чалавек заўсёды застаецца прыстойным, нават калі якая-небудзь багатая сволач прымушае яго ездзіць з такой наклейкай.

Шафёр марудна палез у кабіну, разважаючы над гэтымі словамі. Адмовіш, дык не толькі абняславіш сябе, але яшчэ і прызнаеш, што цябе прымушаюць ездзіць з такой наклейкай, пазбаўляючы людской кампаніі ў дарозе. А возьмеш пасажыра, дык прылічыш сябе да людзей прыстойных, якія да таго ж не дазваляюць усякай багатай сволачы распараджацца табой, як ёй захочацца. Ён разумеў, што трапіў у пастку, але выйсця з яе не бачыў. А яму вельмі хацелася быць чалавекам прыстойным. Нарэшце ён зноў глянуў на бар.

— Як-небудзь прымасціся на падножцы да таго вунь павароту, — сказаў ён.

Чалавек нырнуў уніз і ўхапіўся за дзвярную ручку. Матор зароў, счапленне бразнула, і вялізны аўтафургон скрануўся з месца — першая скорасць, другая, трэцяя, потым машына пранізліва заскрыгатала і перайшла на чацвёртую скорасць. Перад вачамі чалавека, што прыпаў да падножкі, з галавакружнай хуткасцю праносілася дарога, зліваючыся ў мутную пляму. Першы паварот быў за мілю ад бара,

там грузавік збавіў ход. Чалавек на падножцы выпрастаўся, прачыніў дзверцы і прабраўся ў кабіну. Шафёр зірнуў на яго праз шчылінкі вачэй, не перастаючы жаваць гумку, быццам думкі яго і ўражанні прыводзіліся ў належны парадак з дапамогай сківіц і толькі пасля гэтага пранікалі ў мозг. Яго позірк затрымаўся спачатку на новай кепцы, потым на новым касцюме і нарэшце слізнуў да новых чаравікаў пасажыра. Той усеўся ямчэй, зняў кепку і прамакнуў ёю пот на лбе і падбародку.

— Дзякуй, дружа, — сказаў ён. — А то капыты мае забаставалі.

— Новыя чаравікі, — прамовіў шафёр. У голасе ў яго была тая ж змоўніцкая хітрынка, што і ў позірку. — Хіба ж можна пускацца ў дарогу ў новых чаравіках, ды яшчэ такой спёкай!

Чалавек глянуў на свае запыленыя жоўтыя чаравікі.

— Другіх не было, — сказаў ён. — Што ёсць, тое і носіш.

Шафёр уважліва паглядзеў праз ветравое шкло на дарогу і крыху павялічыў скорасць.

— Далёка выбраўся?

— Ага. Я асіліў бы дарогу да канца, каб капыты не забаставалі.

Шафёр распытваў яго так, быццам вёў тонкі допыт. Закідваў сеткі, ставіў пасткі.

— Шукаеш працы?

— Не. У майго старога тут участак — сорак акраў. Ён арандатар-здольнік, але сям'я наша даўно ўжо ў гэтых месцах.

Шафёр шматзначна паглядзеў на палі ўздоўж дарогі, на палеглую, занесеную пылам кукурузу. З-пад пласта пылу сям-там вызіраў дробны пясчанік. Шафёр сказаў быццам сам сабе:

— Так і сядзіць на сваіх сарака акрах? І пыл яго не засыпаў, і трактары не сагналі?

— Апошні час я з дому вестак не меў.

— Значыць, даўнавата не меў, — сказаў шафёр. У кабіну заляцела пчала і з гудзеннем пачала біцца аб ветравое шкло. Шафёр працягнуў руку і асцярожна пасунуў пчалу да акенца кабіны, і там яе падхапіў вецер. — Здольнікам цяпер хана, — зноў загаварыў шафёр. — Адным трактарам адразу дзесяць сем'яў зганяюць. Трактары такога нарабілі! Заворваюць участак, а арандатара — прэч. Як гэта толькі стары твой утрымаўся? — Яго язык і сківіцы зноў заняліся забытай ужо гумкай, сталі жаваць яе і перакідваць з боку на бок. Кожны раз, як ён адкрываў рот, між губамі ў яго відаць быў язык, які ганяў гумавую жвачку з месца на месца.

— Я даўно не меў вестак з дому. Сам пісаць не люблю, бацька таксама не аматар. — Пасажыр паспешліва дадаў: — Але пісаць мы ўмеем, была б толькі ахвота.

— Працаваў дзе-небудзь? — Зноў такі ж дапытлівы, хітравата дагодлівы і быццам абыякавы тон. Шафёр зірнуў на палі скрозь паветра, якое трымцела ад спёкі, і, засунуўшы гумку за шчаку, каб не перашкаджала, плюнуў у акно.

— Канешне, працаваў, — адказаў пасажыр.

— Так я і думаў. Па руках відаць — мазолістыя. Кірка ці сякера, а то і кувалда. Я такое заўважаю. Ганаруся гэтым.

Пасажыр пільна паглядзеў на шафёра. Колы грузавіка, коцячыся па шашы, напявалі сваю бясконцую песню.

— Цябе яшчэ што-небудзь цікавіць? Дык я раскажу. Чаго табе дарма галаву ламаць.

— Ну вось, ужо і зазлаваў. Я ў чужыя справы не соваюся.

— Я сам усё раскажу. Мне таіць няма чаго.

— Ды кінь ты, не злуй. Проста я люблю да ўсяго прыглядацца. Хутчэй час ідзе.

— Я ўсё раскажу. Зваць мяне Джоўд, Том Джоўд. Бацька таксама Том Джоўд. — Вочы пасажыра заслала смугой, калі ён глянуў на шафёра.

Поделиться с друзьями: