Калодзеж і ківач

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Калодзеж і ківач

Калодзеж і ківач
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Эдгар Алан По

Калодзеж і ківач

Impia tortorum longos hic turba furores

Sanguinis innocui, non satiata, aluit.

Sospite nunc patria, fracto nunc funeris antro,

Mors ubi dira fuit vita salusque patent. *

* Хеўра забойцаў тут доўга людзей катавала, І прагавіта без стомы піла кроў нявінных. Вольная сёння Айчына і знішчана гнюснасць, Смерць перамогшы, жыццё й дабрадаць тут пануюць.

Я быў моцна знясілены, знясілены да смерці гэтым працяглым болем, і калі нарэшце яны мяне развязалі і дазволілі сесці, я адчуў, як пачуцці раптам пакідаюць мяне. Прысуд – страшэнны смяротны прысуд – апошняе, што яскрава

ўспрыняў мой слых. А пасля гукі галасоў інквізітараў зліліся разам у нейкі невыразны гул, што, падавалася, даносіўся аднекуль праз смугу сну. Гул нагадаў маёй душы пра ідэю кругазвароту, мабыць, таму, што быў дужа падобны да рыпення млынарскага кола. Аднак толькі на імгненне, бо ў хуткім часе я ўжо нічога не чуў, хоць яшчэ крыху бачыў. Але ж як скажаў усё мой зрок! Я бачыў вусны апранутых у чорнае суддзяў. Яны падаліся мне бледнымі, белымі – бялейшымі за аркуш, на якім я пішу гэтыя словы, – і гратэскава тонкімі. У іх танклявасці было столькі волі і цвёрдасці, непахіснай рашучасці, суровай пагарды да чалавечых пакутаў. Я бачыў, як іх вусны яшчэ прамаўлялі загады, што для мяне ўжо сталі Лёсам. Бачыў, як яны крывяцца, кажучы смяротныя словы. Бачыў, як яны звязваюць гукі ў маё імя, і скаланаўся, бо ніводзін з іх не дасягаў маіх вушэй. Таксама бачыў цягам некалькіх жахлівых імгненняў трызнення лёгкае, ледзь заўважнае калыханне чорных драпіровак на сценах залі. А потым мой позірк упаў на сем вялізных свечак на стале. Спачатку была ў іх нейкая міласэрнасць, яны падаліся мне высокімі белымі анёламі, якім наканавана выратаваць мяне, але праз нейкі час раптам мой дух агарнула страшная агіда, я адчуваў, як кожная часцінка мяне ўздрыгвае, нібы ад дотыку аголенага дроту гальванічнай батарэі. Анёлы ж мігам ператварыліся ў невыразныя здані з вогненнымі галовамі, і я адразу адчуў, што чакаць дапамогі ад іх ужо не выпадае. А потым, нібы прыўкрасная мелодыя, закралася думка, як прыемна і спакойна будзе мне ў магіле. Думка падкралася мякка, употай, і зусім не адразу я ацаніў яе належным чынам. Але як толькі мой дух па-сапраўднаму адчуў яе каштоўнасць і насалодзіўся ёю, постаці суддзяў расталі перад маімі вачыма, нібы падуладныя нейкім чарам, высокія свечкі згінулі ў нябыт і згасла дазвання іх полымя, а затым усё агарнула цемра. Падавалася, усе мае пачуцці паглынае імклівае, шалёнае падзенне, нібы душа спускаецца ў Аід. Потым спакой, ціша і ноч сталі маім сусветам.

Я быў у забыцці, але ўсё ж не магу сказаць, што не ўсведамляў нічога. Не буду спрабаваць вызначыць ці нават апісаць свае адчуванні, але ўсё ж я не страціў прытомнасці цалкам. Не глыбокі сон! не трызненне! не млосць! І не смерць! Нават у магіле яшчэ не канец. Іначай для чалавека не было б несмяротнасці. Прачынаючыся ад найглыбейшага сну, мы разрываем танюткае павуцінне дрымоты. І ўжо праз хвіліну (такім кволым бывае гэтае павуцінне) і знаку таго сну не маем у памяці. А па вяртанні з забыцця мы праходзім два этапы. Першы – усведамленне разумовае і духоўнае, другі – усведамленне фізічнае, усведамленне быцця. Магчыма, дасягаючы другога этапу, мы можам успомніць уражанні ад этапу першага. Нам толькі трэба адшукаць тыя яскравыя моманты, што адбіліся ва ўспамінах глыбокай бездані, з якой мы выкараскаліся. А гэтая бездань – чым яна ёсць? Ці як нам папросту адрозніць яе цень ад ценю магілы? Але ж калі ўражанні ад таго, што я назваў першым этапам, не хочуць падпарадкавацца нашай волі і ўсплыць у памяці, тады, праз доўгі час, ці не з’яўляюцца яны да нас раптоўна, неспадзявана, а мы толькі дзівімся іх нечаканаму візіту? Той, каму не выпадала трапіць у забыццё, ніколі не заўважаў дзівосных краінаў і страшна знаёмых твараў у жары вуголля; ніколі не назіраў за танцамі сумных відзежаў у паветры, відзежаў, якіх большасць ніколі не зможа пабачыць; ніколі не заміраў, удыхаючы водар незнаёмай кветкі, і ніколі яго розум не бянтэжыла сутнасць музычнага такту, што дагэтуль нічым не прыцягваў увагі.

Сярод частых і дбайных спробаў узгадаць, сярод старанных высілкаў аднавіць у памяці хоць знак таго стану, у які занурылася мая душа і які падаваўся нябытам, я перажываў рэдкія імгненні ўдачы. У тыя кароткія, вельмі кароткія хвіліны я аднаўляў свае ўспаміны, якія, як ясным розумам я пазней пераконваюся, маглі быць водгуллем толькі таго нібыта забыцця. Цьмяныя прывіды памяці нашэптваюць мне пра высокія постаці, што моўчкі паднялі мяне і пачалі апускаць долу... ніжэй... яшчэ ніжэй, пакуль не закружылася галава ад адной думкі пра бясконцае пагружэнне. Яшчэ яны апавядаюць мне пра няясную жуду, што затаілася ў маім сэрцы праз яго дзіўны, незвычайны спакой. Потым прыйшло адчуванне раптоўнай знерухомленасці ва ўсім, нібыта тыя, хто апускаў мяне (о, гэтая жудасная світа!) дасягнулі мяжы бязмежнага і замерлі, зняможаныя сваёй цяжкай ношай. Пасля ў памяці ўваскрасае адчуванне пляскатасці і вільготнасці, а потым гэта ўсё абарочваецца шаленствам – шаленствам памяці, якая ўрываецца на забароненыя ёй тэрыторыі.

І раптам мая душа знянацку робіцца рухавай, зноў здабывае магчымасць чуць, і гукі мітуслівага сэрца аддаюцца ўвушшу. А потым усё замірае, няма нічога. Пасля зноў і гук, і рух, і дотык – дрыготкае адчуванне напаўняе маю грудную клетку. Пасля толькі ўсведамленне быцця і ніводнай думкі – такі стан цягнецца доўга. За ім – нечаканая думка, жудаснае трымценне і старанныя спробы ўсвядоміць свой сапраўдны стан. Затым моцная прага зноў стаць непрытомным. Потым імклівае ажыўленне душы і ўдалая спроба паварушыцца. І пасля я ўспамінаю ўсё: і судовы працэс, і суддзяў, і чорныя драпіроўкі, і прысуд, і млосць, і забыццё. А затым зноў не памятаю нічога з таго, што пазней вялізнымі высілкамі мне ўдалося хоць

часткова ўзгадаць.

Дагэтуль я не расплюшчваў вачэй. Я адчуваў, што ляжу на спіне, нічым не звязаны. Я працягнуў руку, і, цяжкая, яна ўпала на нешта цвёрдае і вільготнае. Цягам доўгіх хвілінаў ляжала яна так, пакуль я адчайна спрабаваў уявіць, дзе я і чым ёсць. Адчайна імкнучыся да гэтага, я ўсё ж не наважваўся расплюшчыць вочы. Я вельмі баяўся кінуць першы погляд на тое, што мяне акаляе. І не столькі асцерагаўся пабачыць жудасці наўкола, колькі проста ледзянеў ад жаху, уяўляючы, што наўкола не будзе нічога. Нарэшце ў дзікім адчаі я хутка расплюшчыў вочы. І мае найгоршыя падазрэнні спраўдзіліся. Чэрань адвечнай ночы апанавала мяне. Я пачаў хапаць паветра ротам. Падавалася, бяздонная імгла насоўвалася і душыла мяне, такім невыносна шчыльным было паветра. А я ўсё ляжаў нерухома і намагаўся напружыць свой розум. Я паступова, адно за адным, прыгадваў дзеянні інквізыцыі і зыходзячы з гэтых узгадак спрабаваў зразумець, што са мной. Прысуд быў даўно выкананы, і мне здавалася, што з таго моманту прайшло ўжо даволі шмат часу. Але і на секунду я не мог дапусціць, што напраўду памёр. Такое дапушчэнне, нягледзячы на тое, што даводзіцца чытаць у раманах, цалкам супярэчыць сапраўднасці, дык дзе ж я і што са мной? Асуджаных на смерць, як я ведаў, звычайна чакала аўтадафэ, а адно з іх якраз мусіла адбыцца ў тую самую ноч, калі быў суд нада мною. Ці мяне зноў кінулі ў ранейшы склеп чакаць новага ахвярапрынашэння, што, магчыма, адбудзецца толькі праз некалькі месяцаў? Але гэтага, як я тут жа зразумеў, быць не магло. Прынесці ахвяру неабходна было адразу. Да таго ж, мой склеп дый камеры ў вязніцах Таледа мелі каменныя насцілы, і туды прабіваўся хоць які кволы прамень святла.

Ад страшнай здагадкі кроў забруіла ў маіх жылах, заіграла ў сэрцы, і на пэўны час я зноў праваліўся ў непрытомнасць. Прачнуўшыся, я адразу ж устаў на ногі. Трымценне працінала кожную клетку майго цела. Я шырока развёў рукі над галавою, па баках – паўсюль наўкол сябе. Нічога не было, і ўсё ж я баяўся зрабіць нават крок, каб не наткнуцца на сцены труны. Пот ліўся з кожнай поры майго цела і вялікімі халоднымі пацеркамі застываў на лобе. Нарэшце пакуты невядомасці сталі невыноснымі, і я асцярожна зрабіў крок наперад, выставіўшы перад сабой рукі і шырока раскрыўшы вочы, спадзеючыся заўважыць хоць ледзь прыкметны промень святла. Я зрабіў ужо шмат крокаў, але наўкола былі адно чэрань і пустэча. Я ўздыхнуў ужо вальней. Стала ясна – лёс мой яшчэ не з самых страшных.

І цяпер, калі я працягваў асцярожна прабірацца наперад, мне раптам прыгадаліся тысячы цьмяных чутак пра жахі Таледа. Пра яго сутарэнні хадзілі дзіўныя гісторыі, і хоць я заўжды лічыў іх байкамі, яны былі настолькі незвычайнымі і агіднымі, што іх можна было пераказваць толькі шэптам. Мяне пакінулі паміраць з голаду ў гэтым падзямеллі цямрэчы – ці быў прыгатаваны іншы, яшчэ больш жудасны скон? У любым разе ў канцы будзе смерць, смерць нечувана жорсткая, бо надта ж добра я ведаў норавы сваіх суддзяў. Якім чынам і калі я памру – вось што займала ці, хутчэй, бянтэжыла мяне.

Выцягнутыя наперад рукі нарэшце натыкнуліся на нешта цвёрдае. Гэта была сцяна, хутчэй за ўсё каменнай кладкі – вельмі гладкая, слізкая і халодная. Я пайшоў уздоўж яе, ступаючы з тым абачлівым недаверам, якія ўнушылі мне старажытныя хронікі. Але ўсё ж, рухаючыся такім чынам, я абсалютна не ўяўляў памераў свайго склепу, бо я мог бы папросту абысці яго вакол і вярнуцца ў тую ж кропку, адкуль пачаў, нават не здагадваючыся пра гэта, – такой роўнай і аднароднай падавалася сцяна. Таму я пачаў шукаць нож, які ляжаў у кішэні, калі мяне ўводзілі ў залю Інквізіцыі. Але яго не было. Маё адзенне замянілі на зрэбны балахон. Я хацеў усадзіць лязо ў шчыліну між кладкай і такім чынам пазначыць месца, з якога пачаў свой шлях. Цяжкасці ў гэтым не было ніякай, хаця майму хвораму ўяўленню такая задача спачатку падалася невырашальнай. Я адарваў кавалак крыса ад сваёй адзежыны і прымацаваў яго да сцяны. Абыходзячы па коле сваю вязніцу навобмацак, я б, натуральна, не прапусціў гэты баваўняны абрэзак, што знаходзіўся ў самым пачатку майго шляху. Прынамсі, я так меркаваў, але не ўзяў пад увагу ні памеры склепа, ні маю фізічную аслабленасць. Падлога была вільготная і слізкая. Я захістаўся, падаючыся наперад, потым раптам спатыкнуўся і ўпаў. Празмерная стома вымусіла мяне апусціцца долу, і ў хуткім часе мной авалодаў сон.

Прачнуўшыся і працягнуўшы руку, я знайшоў побач скібу хлеба і збанок вады. Я быў надзвычай стомлены, каб неяк абдумаць іх з’яўленне тут, але ж прагна паеў і папіў. У хуткім часе я працягнуў абыходзіць вязніцу і, хоць з цяжкасцю, але знайшоў той баваўняны лапік. Да моманту падзення я налічыў пяцьдзесят два крокі, а пасля таго, як зноў працягнуў свой шлях, налічыў яшчэ сорак восем, намацаўшы абрэзак. Такім чынам, разам атрымалася сотня крокаў і, прыняўшы, што два крокі – гэта ярд, памеры цямніцы, па маіх падліках, складалі пяцьдзесят ярдаў у дыяметры. Аднак ідучы ўздоўж сцяны, я сустракаў нямала кутоў і таму не мог меркаваць пра форму склепа, а наконт таго, што гэта быў менавіта склеп, я не меў ужо ніякіх сумневаў.

Мае блуканні былі практычна бязмэтнымі, бо нешта знайсці тут было амаль немагчыма, але ж нейкая няясная цікаўнасць штурхала мяне працягваць пошукі. Пакінуўшы вывучаць сцяну, я вырашыў перасекчы склеп наўскос. Спачатку я ступаў надзвычай асцярожна, бо падлога, хоць і здавалася цвёрдаю, была па-здрадніцку слізкая. Але нарэшце я набраўся смеласці і без асаблівых ваганняў пакрочыў даволі ўпэўнена, намагаючыся прайсці як мага больш роўным і простым шляхам. Такім чынам я адолеў дзесяць ці дванаццаць крокаў, калі раптам падраны падол майго балахона заблытаўся ў нагах. Я наступіў на яго і ўпаў, моцна ўдарыўшыся тварам.

Комментарии: