Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

Потым люстра пацьмянела, i ўсё знiкла. А калi засвяцiлася зноў, Бландзiна зноў убачыла бацьку. Ён пастарэў, валасы ў яго пасiвелi. Ён сумна сядзеў, трымаючы ў руцэ Бландзiнiн партрэт, цалаваў яго i цiха плакаў. Ён быў адзiн, нi каралевы, нi Брунеты Бландзiна не ўбачыла. Бедная Бландзiна горка заплакала.

– Чаму мой бацька адзiн?
– спытала яна.
– Чаму з iм нiкога няма? Дзе каралева з маёй сястрою Брунетай?

– Каралева зусiм мала смуткавала з-за тваёй смерцi (а ўсе лiчаць, што ты памерла), i ўрэшце кароль узненавiдзеў яе за гэта i паслаў назад да ейнага бацькi, караля Баламута, якi загадаў пасадзiць яе ў вежу, дзе яна неўзабаве памерла ад

нуды i шаленства. А твая сястра Брунета зрабiлася такая злая i невыносная, што летась кароль хуценька аддаў яе замуж за прынца Жарсткена, якi ўзяўся выправiць яе злы i зайздрослiвы нораў. Прынц абыходзiцца з Брунетаю вельмi жорстка, i яна пачынае ўжо разумець, што злосць не прыносiць нiякага шчасця. Таму яна патроху пачала выпраўляцца. Ты з ёю яшчэ пабачышся i сваiм узорам канчаткова выправiш яе.

Бландзiна ласкава падзякавала Добрай Козачцы за навiны i хацела спытаць, калi ж нарэшце зможа ўбачыцца са сваiм бацькам? Але падумала, што лепей для гэтага пытання пачакаць iншага выпадку. Бо цяпер Добрай Козачцы можа здацца, што яна спяшаецца пакiнуць яе, а гэта будзе няветлiва.

Цэлымi днямi Бландзiна была нечым занятая, i часу нудзiцца ў яе не было. Але зрэдку яна ўсё ж сумавала: пагутарыць яна магла толькi з Добраю Козачкай, а Добрая Козачка бывала з ёй толькi на ўроках ды падчас ежы. Каток-Вуркаток не ўмеў размаўляць i, каб Бландзiна яго разумела, усё паказваў на мiгах. I газэлi, якiя старанна прыслугоўвалi Бландзiне, таксама заўсёды маўчалi.

На шпацыр Бландзiна заўсёды хадзiла з Катком-Вуркатком, якi паказваў ёй найлепшыя прысады i найпрыгажэйшыя кветкi. Добрая Козачка ўзяла з Бландзiны слова, што яна нiколi не будзе выходзiць за агароджу парка i нiколi не захоча пайсцi пагуляць у лес. Бландзiна часта пыталася ў Добрай Козачкi, чаму ёй нельга туды схадзiць.

Але Добрая Козачка, уздыхаючы, заўсёды адказвала:

– Ах, Бландзiна, нават i не думай хадзiць у гэты лес, ён прыносiць толькi няшчасце. I я зычу, каб ты нiколi болей туды не трапiла!

Выправiўшыся на шпацыр, Бландзiна часам заходзiла ў альтанку, што стаяла на ўзгорку каля самае агароджы, за якой пачынаўся лес. Адтуль яна бачыла прыгожыя высокiя дрэвы, чароўныя кветкi, тысячы птушак, якiя спявалi, пералятаючы з галiнкi на галiнку, i нiбыта заклiкалi яе прыйсцi да iх пагуляць. "Ну чаму Добрая Козачка не хоча адпусцiць мяне пагуляць у лесе? думала яна.
– Хiба мне можа там што-небудзь пагражаць, калi яна сама мяне абараняе?"

Кожны раз, як яна гэта думала, Каток-Вуркаток, здавалася, прачытваў яе думкi i, ухапiўшы яе за прыпол, адразу пачынаў цягнуць прэч з альтанкi i жаласна мяўкаў.

Тады Бландзiна ўсмiхалася i йшла за Катком-Вуркатком гуляць далей па прыгожым, але бязлюдным парку.

Глава 7

Папугай

З таго дня, як Бландзiна прачнулася ад сямiгадовага сну, прайшло амаль паўгода. Цяпер ёй здавалася, што час iдзе вельмi марудна. Яна часта ўспамiнала бацьку, i гэты ўспамiн напаўняў яе сэрца сумам. Добрая Козачка i Каток-Вуркаток, напэўна, здагадвалiся пра яе думкi. Каток-Вуркаток пачынаў жаласна мяўкаць, а Добрая Козачка глыбока ўздыхала. Бландзiна рэдка гутарыла з iмi пра тое, што яе хвалявала, - яна баялася пакрыўдзiць Добрую Козачку, бо тая i так ужо тры цi чатыры разы казала ёй: "Ты ўбачыш яшчэ свайго бацьку, Бландзiна. Гэта здарыцца, калi табе споўнiцца пятнаццаць гадоў. А пакуль, павер, не трэба думаць пра будучыню. I сама галоўнае - не трэба спрабаваць ад нас уцячы."

Аднойчы ранiцай Бландзiна сядзела самотная, разважаючы пра сваё незвычайнае i аднастайнае жыццё. I тут яе думкi развеялiся,

бо нехта цiхутка тройчы пастукаў у шыбу. Яна падняла галаву i ўбачыла прыгожага зялёнага папугая з аранжавымi шыйкаю i грудзiнкай. Здзiвiўшыся нечаканаму незнаёмцу, Бландзiна адчынiла акно i ўпусцiла Папугая ў пакой. I здзiвiлася яшчэ болей, калi птушка загаварыла танюткiм траскучым галаском.

– Дзень добры, Бландзiна. Я ведаю, што ты часта сумуеш, бо табе няма з кiм пагутарыць. Вось я i прыляцеў пагаварыць з табою. Але, калi ласка, не кажы нiкому, што ты мяне бачыла, iначай Добрая Козачка скруцiць мне шыю.

– Ды ну, што ты, мiлы Папугай, - адказала Бландзiна.
– Добрая Козачка нiкому не робiць лiха. Яна не любiць толькi злыдняў ды злоснiкаў.

– Не, Бландзiна, калi ты не паабяцаеш, што нiчога не будзеш расказваць пра мяне Катку-Вуркатку i Добрай Козачцы, то я зараз жа палячу адсюль i нiколi больш не вярнуся.

– Ну добра, мiлы Папугай, калi ты ўжо так гэтага хочаш, я абяцаю. Давай трошкi пагутарым: я ўжо так даўно нi з кiм не гаварыла! Мне здаецца, што ты вельмi вясёлы i вельмi дасцiпны. I я ўпэўненая, што ты чым-небудзь мяне пазабавiш.

I Бландзiна пачала слухаць Папугаевы байкi, а той, як умеў, узяўся расхвальваць Бландзiну за яе прыгажосць, яе таленты i вялiкi розум. Бландзiна была зачараваная. Калi прайшла гадзiна, Папугай паляцеў i паабяцаў вярнуцца назаўтра. Так ён прылятаў яшчэ некалькi дзён запар i кожны раз расхвальваў Бландзiну i цешыў яе рознымi байкамi. I вось аднойчы ранкам ён пастукаўся ў шыбу i сказаў:

– Бландзiна, Бландзiна, адчыняй хутчэй, я прынёс табе вестку ад твайго бацькi. Толькi, калi ласка, не шумi, калi не хочаш, каб мне скруцiлi шыю.

Бландзiна хуценька адчынiла акно i спытала:

– Няўжо ты сапраўды прынёс мне навiны ад майго бацькi? Кажы хутчэй: што з iм i як ён?

– З тваiм бацькам усё добра, Бландзiна, - адказаў Папугай.
– Але ён вельмi журыцца, што цябе няма побач. Я паабяцаў яму зрабiць усё, што ў маёй невялiкай сiле, каб вызвалiць цябе з твайго вязення. Але я змагу зрабiць гэта, толькi калi ты мне дапаможаш.

– З майго вязення?
– здзiвiлася Бландзiна.
– Дык ты проста не ведаеш, што Добрая Козачка i Каток-Вуркаток са мной заўсёды вельмi добрыя i ласкавыя i вельмi клапацяцца пра маё выхаванне! Яны вельмi ўзрадавалiся б, каб у iх была магчымасць вярнуць мяне майму бацьку. Мiлы Папугай, калi ласка, хадзi са мной, i я пазнаёмлю цябе з Добрай Козачкай.

– Ах, Бландзiна, - адказаў Папугай сваiм траскучым галаском, - ты не ведаеш яшчэ Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка. Яны ненавiдзяць мяне, бо мне ўжо некалькi разоў удавалася ратаваць iхнiх ахвяраў. Нiколi табе не ўбачыць свайго бацькi, Бландзiна, i нiколi не выйсцi з гэтага леса, калi ты сама не здымеш таго талiсмана, якi цябе тут трымае.

– Якога талiсмана?
– зноў здзiвiлася Бландзiна.
– Я нiякага талiсмана не ведаю. Дый якая карысць Добрай Козачцы i Катку-Вуркатку трымаць мяне тут у палоне?

– А тая карысць, Бландзiна, што iм тут сумна жыць у адзiноце. Што ж да талiсмана, дык гэта звычайная Ружа. Калi ты яе сарвеш, яна вызвалiць цябе з твайго вязення, i ты зноў апынешся ў абдымках у свайго бацькi.

– Але ж у садзе няма нiводнае Ружы... Як жа мне яе сарваць?

– Прыйдзе дзень, i я скажу табе гэта. Але сёння мне болей нельга з табою гутарыць: хутка сюды прыйдзе Добрая Козачка. Але каб ты магла пераканацца ў цудадзейнай якасцi Ружы, спытай пра яе ў Добрае Козачкi, i ты ўбачыш, якi ў яе будзе выгляд. А цяпер - да заўтра, Бландзiна, да заўтра.

Поделиться с друзьями: