Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

– Падзякуй мне, Разалi, - сказала Мыш.
– Гэта я табе так цудоўна дапамагла. Гэта я пасылала табе прыемныя сны пра чароўнае дрэўца i прагрызла дзiркi ў покрыве, каб пад яго можна было зазiрнуць. Каб мне не ўдалася гэтая хiтрасць, я, напэўна, ужо назаўжды страцiла б i цябе, i твайго бацьку, i Чароўнага прынца. Але цяпер мне засталося ашукаць цябе яшчэ ўсяго толькi раз, i вы ўсе назаўжды зробiцеся маiмi рабамi.

Мыш радасна пачала скакаць вакол Разалi, але яе здзеклiвыя словы зусiм не раззлавалi дзяўчынку.

"Гэта я ва ўсiм вiнаватая, - падумала Разалi.
– Каб не мая злачынная цiкаўнасць,

Мышы нiколi не ўдалося б прымусiць мяне зрабiць такi дрэнны ўчынак. Я павiнна выправiць яго сваiмi пакутамi, сваiм цярпеннем i нязломнаю волей. Я павiнна вытрымаць трэцяе выпрабаванне, якое б цяжкае яно нi было. Дый чакаць мне застаецца ўсяго некалькi гадзiн. Няўжо я не здолею? Цяпер, як сказаў Чароўны прынц, ад адной мяне залежыць яго, маё i бацькава шчасце".

Падумаўшы гэтак, Разалi вырашыла стаяць на месцы i больш нiкуды адсюль не iсцi. I колькi Мыш нi старалася, яна так i засталася каля разбуранага палаца.

Глава 5

Куфэрак

Так прайшоў увесь дзень. Разалi страшна хацелася пiць, але яна казала сабе:

– Не, я павiнна яшчэ болей пакутаваць у пакаранне за тое, што прымусiла пакутаваць бацьку i прынца. I пакуль мне не споўнiцца пятнаццаць гадоў, я нiкуды адсюль не пайду.

Пачынала цямнець, калi на дарозе з'явiлася старая кабета. Яна падышла да дзяўчынкi i папрасiла:

– Маё мiлае дзiцятка, цi не зробiце вы мне такую паслугу i цi не даглядзiце за маiм куфэркам? А то ён такi цяжкi, а мне яшчэ трэба зайсцi да адной сваячанiцы тут непадалёку.

Разалi была дзяўчынка спагадлiвая, i таму адказала:

– Калi ласка, бабулька, пакiдайце куфэрак, я за iм дагляджу.

Старая кабета падала ёй куфэрак i сказала:

– Дзякуй, маё мiлае дзiцятка. Я пайду ненадоўга. Але вы не адчыняйце куфэрка i не глядзiце, што ў iм, бо там такое... такое, чаго вы не бачылi i нiколi не ўбачыце... Трымайце яго вельмi асцярожна i не стукнiце, калi захочаце паставiць на зямлю, бо ён вельмi нетрывалы i можа разламацца... I тады вы ўбачыце, што ў iм ляжыць... А гэтага нiхто не павiнен бачыць!

Сказаўшы гэта, старая кабета пайшла. А Разалi акуратна паставiла куфэрак побач з сабой на зямлю i пачала думаць пра ўсё, што з ёй здарылася. Ужо зусiм сцямнела, а бабулька ўсё не вярталася. Разалi скiнула вокам на куфэрак i са здзiўленнем убачыла, што зямля вакол яго свецiцца.

"Што гэта за святло iдзе з гэтага куфэрка?" - падумала яна.

Яна ўзяла куфэрак у рукi, пакруцiла яго, агледзеўшы з усiх бакоў, але так i не зразумела, ад чаго iдзе такi незвычайны бляск. Тады яна паклала яго зноў на зямлю i сказала:

– Якая рознiца, што ў iм ляжыць? Ён жа не мой, а той бабулькi, якая мне яго даручыла. Не буду болей пра яго думаць, а то мне захочацца яго адчынiць.

I яна сапраўды перастала на яго глядзець i нават пастаралася болей пра яго не думаць. Заплюшчыўшы вочы, яна вырашыла чакаць новага дня.

– Калi настане дзень i мне споўнiцца пятнаццаць гадоў, я зноў убачу Чароўнага прынца i бацьку, i мне болей не трэба будзе баяцца нягоднае варажбiткi.

У тую ж хвiлiну Разалi пачула танюткi Мышыны галасок, якi насмешлiва вiскнуў:

– Разалi! Разалi, я тут! Я болей табе не вораг. Каб давесцi гэта, я нават магу, калi хочаш, паказаць табе, што ў гэтым куфэрку!

Разалi

нiчога не адказала.

– Разалi, ты што - не чуеш, што я сказала?
– зноў завiшчала Мыш.
– Я твой сябар! Калi ласка, павер!

Але дзяўчына маўчала.

Тады Мыш, якой трэба было спяшацца, кiнулася на куфэрак i пачала грызцi ў яго вечка.

– Ах ты нягоднiца!
– крыкнула Разалi, выдзiраючы куфэрак у Мышы i прыцiскаючы яго да грудзей.
– Калi ты хоць раз яшчэ да яго дакранешся, я зараз жа скручу табе галаву!

Мыш злосна зiрнула на Разалi, але ўгнявiць яе пабаялася. Пакуль яна прыдумляла, як бы распалiць Разалiну цiкаўнасць, гадзiннiк прабiў паўночы. У тое ж iмгненне Мыш страшна завiшчала i крыкнула:

– Усё, Разалi, твой дзень нараджэння настаў! Цяпер табе споўнiлася пятнаццаць, i ты можаш болей мяне не баяцца. З гэтай хвiлiны вы ўжо не залежыце ад маiх чараў, нi ты, нi твой агiдны бацька, нi брыдкi прынц. А я назаўжды застануся гадкаю шэраю мышшу, пакуль не здолею завабiць у свае пасткi якую-небудзь iншую такую ж прыгожую дзяўчыну, як ты. Бывай, Разалi! Можаш цяпер адчынiць свой куфэрак.

Сказаўшы гэта, шэрая Мыш знiкла. Але Разалi не дала веры варажбiткiным словам i не зрабiла, як тая раiла. Яна вырашыла не адчыняць куфэрка, пакуль не настане дзень. I толькi яна прыняла гэтае рашэнне, як Пугач, што пралятаў над Разалi, выпусцiў з лапаў камень i трапiў iм якраз у самы куфэрак. Куфэрак разляцеўся на тысячы кавалкаў! Разалi крыкнула ад жаху i раптам убачыла перад сабой каралеву феяў, якая сказала:

– Не бойцеся, Разалi. Вы нарэшце перамаглi свайго жорсткага ворага, i цяпер я вярну вас да вашага бацькi. Але раней паешце ды папiце.

I чараўнiца падала ёй плод, аднаго кавалачка якога Разалi хапiла, каб наталiць i смагу, i голад. У тое ж iмгненне перад чараўнiцай узнiкла каляснiца, запрэжаная парай прыгожых, белых у шэрыя яблыкi, коней, яна села ў яе i запрасiла з сабой дзяўчыну.

Апамятаўшыся ад здзiўлення, Разалi шчыра падзякавала чараўнiцы за яе апеку i спытала, цi хутка можна будзе ўбачыцца з бацькам i Чароўным прынцам.

Бацька ўжо чакае вас у палацы ў прынца, - адказала каралева феяў.

– Як? А я думала, што прынцаў палац разбураны, а сам прынц паранены i стаў жабраком.

– Усё гэта было не па-сапраўднаму i было зроблена толькi дзеля таго, каб вы мацней спалохалiся сваёй цiкаўнасцi i не саступiлi ёй трэцi раз. А прынцаў палац вы ўбачыце такiм, якi ён i быў, пакуль вы не падралi покрыва, пад якiм хавалася каштоўнае дрэва, прызначанае вам у падарунак.

Пакуль чараўнiца прамаўляла гэтыя словы, каляснiца пад'ехала да палаца. На ганку Разалi ўжо чакалi бацька i прынц разам з усёю дворняй. Разалi кiнулася да iх, i яны шчаслiва абнялiся. Прынц, здавалася, зусiм забыў пра дрэнны ўчынак, якi Разалi ўтварыла напярэдаднi. Усё было ўжо гатовае да вяселля, i яго тут жа адсвяткавалi. На банкеце, якi доўжыўся некалькi дзён, былi чараўнiцы з усяе акругi. Разалiн бацька застаўся жыць разам са сваiмi дзецьмi. Разалi назаўжды пазбавiлася сваёй цiкаўнасцi i пражыла з Чароўным прынцам у каханнi ды шчасцi ўсё жыццё. У iх нарадзiлiся прыгожыя дзецi, i за хроснiц iм былi абраныя добрыя чараўнiцы, якiя заўжды абаранялi iх ад злых варажбiтак i чарадзеяў.

Поделиться с друзьями: