Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Шрифт:

Прызнайся, бедная мая Iза, што я па-свойму хацеў табе дабра, быў патрэбным, карысным табе, i, калi ты сёння даглядаеш хворых на рак, то гэтым яны абавязаны крыху i мне. Бо раней твая "любоў да блiзкага" датычылася толькi тваiх дзяцей. Iм ты аддавала ўсю сваю дабрату i пяшчоту. Дзецi... Дзецi... Дзецi... Больш ты нiкога не бачыла... I не толькi мяне, мужа свайго, але i ўсяго свету. Ты нават Богу малiлася толькi за здароўе i будучыню тваiх дзяцей. I за гэта я любiў уесцi цябе: "Iза, а цi не лепш было б сапраўднаму хрысцiянiну жадаць, каб Бог паслаў яго дзецям бяду, беднасць, хваробы?" Ты рэзка абрывала мяне: "Не хачу я з табой гаварыць! Сам не ведаеш, што мелеш..."

Але, на тваю бяду, са мной быў настаўнiк нашых дзяцей, дваццацiтрохгадовы семiнарыст, абат Ардуэн. У нашых спрэчках я браў яго ў сведкi i без нiякай лiтасцi ставiў маладога чалавека ў цяжкае становiшча, бо звяртаўся да яго

толькi тады, калi сам быў упэўнены, што праўда на маiм баку, а Ардуэн у пытаннях веры быў шчыры i не ўмеў хаваць сваiх думак. Калi пачалася справа Дрэйфуса, у мяне з'явiлася яшчэ больш падстаў нацкоўваць на цябе бедалагу абата. "Падумаць толькi: праз нейкага там жыда перастройваць усю армiю, падрываць яе моц, прэстыж!" - абуралася ты. Я хапаўся за гэтыя словы, нiбыта не згаджаўся з табой, i не супакойваўся да таго часу, пакуль не ўмешваўся абат Ардуэн. А ён-то ўжо ведаў, што гаварыць: "Нават у iмя выратавання радзiмы сапраўдны хрысцiянiн не можа дапусцiць, каб засудзiлi невiнаватага".

Зрэшты, я надта i не стараўся перамянiць твае адносiны да справы Дрэйфуса, пра якую ты ведала толькi з карыкатур, што змяшчалi на сваiх старонках добранадзейныя газеты. Да цябе, безумоўна, далучылiся i дзецi. I нават тады, калi, здавалася, я ўзяў верх у спрэчцы пра Дрэйфуса, вы ўсё роўна засталiся пры сваёй думцы, лiчылi, што мне ўдалося гэта дзякуючы маёй хiтрасцi. I вось вы дайшлi да таго, што згаварылiся маўчаць пры мне. Варта было мне толькi ўвайсцi, як разам змаўкалi ўсе размовы, - што, дарэчы, здараецца i цяпер. Але часам вы не ведалi, што я затаiўся ў кустах i падслухоўваю, а калi я нечакана выходзiў, вам не было куды дзявацца i вы мусiлi прымаць бой.

– Гэта святы чалавек, - гаварыла ты пра абата Ардуэна, - але яшчэ зусiм дзiця: нiяк не можа ўцямiць, што на свеце ёсць лiха. Мой муж гуляе сабе з iм, як кот з мышкай, таму i трымае яго ў доме... Бач, i на бязбожнасць забыўся...

Праўду кажучы, я згадзiўся наняць гэтага духоўнага настаўнiка толькi таму, што нiхто не захацеў бы цэлае лета займацца з дзецьмi за сто пяцьдзесят франкаў. Спачатку я лiчыў гэтага сарамлiвага, цыбатага юнака нiкчэмнай iстотай i не звяртаў на яго нiякай увагi. Ён даваў урокi дзецям, вадзiў iх на прагулкi, мала еў i ўвесь час маўчаў. Пасля вачэры ён адразу iшоў у свой пакойчык. Калi часам дома нiкога не было, ён спрабаваў iграць на пiянiна. У музыцы я не разбiраюся, але, як ты казала, "слухаць яго было прыемна".

Ты, канешне, памятаеш той выпадак з Ардуэнам, хоць, напэўна, i не здагадваешся, што iменна з-за яго памiж мною i гэтым маладым чалавекам завязалася нiтачка ўзаемнай сiмпатыi. Аднойчы дзецi прыбеглi i сказалi мне, што да нас iдзе святар. Я, як звычайна, адразу пашыбаваў у вiнаграднiк i схаваўся там. Але ты прыслала па мяне Хюбэра: у святара была нейкая пiльная патрэба. Праклiнаючы ўсё на свеце, я рушыў да дома. Не ведаю чаму, але я вельмi баяўся гэтага пажылога чалавека. Ён сказаў мне, што прыйшоў пакаяцца перад нашай сям'ёй. Калiсьцi ён нам рэкамендаваў абата Ардуэна як цудоўнага маладога чалавека, семiнарыста - выдатнiка i вопытнага духоўнага настаўнiка. Тады святар нам сказаў, што пасвячэнне Ардуэна ў сан крыху затрымлiваецца з-за яго здароўя. I вось наш святар толькi што даведаўся, што гэтая затрымка з'яўляецца дысцыплiнарным спагнаннем. Абат Ардуэн пры ўсёй сваёй дабрачыннасцi вельмi любiць музыку, i аднаго разу нехта з семiнарыстаў спакусiў яго пайсцi ў тэатр на канцэрт. З гэтай прычыны малады чалавек не начаваў у семiнарыi. Хоць ён быў у цывiльным, яго пазналi ў тэатры i данеслi дырэктару семiнарыi. Як знарок у той вечар у праграме ўдзельнiчала выканаўца арыi Таiс*, мадам Жаржэта Лебрэн. Калi яна выйшла на сцэну з голымi нагамi, у кароткай грэчаскай тунiцы, перахопленай пад грудзьмi сярэбраным поясам ("Кажуць, больш на ёй нiчога не было"), па зале пракацiлася спалоханае: "А-ах!" Нейкi стары чалавек з ложы гнеўна запратэставаў: "Ну, гэта ўжо занадта! Да чаго дакацiлiся?! Куды мы трапiлi?!" Вось на якiм канцэрце давялося пабыць абату Ардуэну i яго сябру. Адзiн злачынец быў адразу выключаны з семiнарыi. Ардуэну даравалi за яго выдатныя поспехi ў вучобе, але начальства пастанавiла затрымаць на два гады яго пасвячэнне ў сан...

* "Таiс" - лiрычная драма кампазiтара Ж.Маснэ паводле аднайменнага рамана А.Франса, якi прасякнуты скептычным стаўленнем да хрысцiянскага фанатызму.

I я, i ты, Iза, у адзiн голас супакойвалi святара i гаварылi, што пасля яго расказу наш давер да абата Ардуэна не зменшыцца. Але святар быў няўмольны i з таго часу заўсёды з непрыязнасцю ставiўся да Ардуэна, якi "так брыдка ашукаў самога сябе". Ты, вядома, памятаеш пра ўсё гэта, але ты не ведаеш, што было потым. Вечарам, калi я палiў

на тэрасе, да мяне падышоў абат Ардуэн i збянтэжана папрасiў прабачэння за тое, што сам не расказаў пра свой непрыстойны ўчынак. Я пачаў пераконваць абата, што тое юнацкае свавольства здалося мне хутчэй сiмпатычным, чым непрыстойным учынкам, аднак малады чалавек з нечаканай цвёрдасцю запярэчыў мне i ўпэўненым голасам выпалiў цэлую абвiнаваўчую прамову супраць самога сябе. З яго слоў выходзiла, што я не магу нават сабе ўявiць, якая вялiкая яго вiна: ён парушыў абавязак паслушэнства, апаганiў сваё прызванне, саграшыў супраць маралi. Акрамя таго, ён абняславiў усю семiнарыю... Словам, цяпер не хопiць усяго жыцця, каб выправiць бяду... Да сённяшняга дня стаiць у мяне перад вачыма згорбленая ад роспачы постаць гэтага чалавека. Пры ўсёй маёй непавазе да духоўных асоб я не мог западозрыць Ардуэна ў крывадушнасцi: увесь ён быў перапоўнены горам i смуткам. I, бедалага, усё прасiў дараваць яму, што ён адразу ва ўсiм не прызнаўся. Спрабаваў апраўдвацца, што прычынай гэтага была беднасць: яму трэба было знайсцi хоць якi заробак, каб не быць два месяцы абузай сваёй мацi, няшчаснай удаве, якая ходзiць па хатах i мые бялiзну ў Лiбурне. Я яму адказаў, што, на маю думку, ён не быў абавязаны папярэджваць нас пра гэты выпадак, якi датычыў толькi семiнарскай дысцыплiны. Тады ён узяў мяне за руку i сказаў такое, ад чаго я доўга не мог апамятацца:

– Вы добры чалавек...

Ты ж ведаеш, як я смяюся. Мой смех нават у пачатку нашага жыцця псаваў табе нервы. Гэты няскладны, працiўны смех яшчэ ў гады маёй маладосцi мог ушчэнт разбiць радасны настрой вакол мяне. У той вечар я клаўся ад смеху, пачуўшы гэтыя словы... Нарэшце я супакоiўся i змог гаварыць:

– Месье абат, вы самi не ведаеце, якую лухту вы толькi што сказалi. Спытайцеся ў кожнага, хто мяне ведае, добры я цi не. Паслухайце маю жонку, дзяцей, сваякоў, калег - i вы пачуеце толькi адно: злосць - вось яго натура.

Запiнаючыся, абат Ардуэн пачаў мне даводзiць, што па-сапраўднаму злы чалавек нiколi адкрыта не скажа пра сваю злосць.

– Паверце, месьё абат, - запярэчыў я, - вы не знойдзеце ў маiм жыццi таго, што вы называеце дабрачыннасцю.

Тады Ардуэн, намякаючы на маю адвакацкую прафесiю, прывёў словы Хрыста: "У цямнiцы я быў, i вы наведалi мяне..."

– Ды гэта ж мне выгадна, месьё Ардуэн! Да таго ж, гэта мая прафесiя, якая, дарэчы, прыносiць мне немалыя грошы. Калiсьцi я плацiў турэмным наглядчыкам, каб яны пры выпадку шапнулi на вуха падсуднаму маё прозвiшча... Вось як!.. А вы кажаце...

Не помню добра, што ён мне адказаў. Мы iшлi па лiпавай алеi. Што ж, ты, Iза, толькi рукамi развядзеш, калi я скажу табе, што мне было прыемна быць побач з гэтым чалавекам у сутане. А мне папраўдзе было з iм так добра!..

Здаралася, я ўставаў на золку i iшоў у сад, каб падыхаць свежым ранiшнiм паветрам. Я глядзеў, як абат спяшаўся на месу. Ён быў такi засяроджаны, што мог за два крокi не заўважыць мяне... Якраз у тую пару я даймаў цябе сваiмi кпiнамi i стараўся даказаць, што жывеш ты ў поўным разладзе з сваiмi прынцыпамi. Але сумленне маё не давала мне спакою: кожны раз, калi я лавiў цябе на скупасцi цi жорсткасцi, - я хоць i крычаў, што ў вас, набожных, не засталося i следу ад хрысцiянскага духу, - я ўсё ж такi ведаў, што пад маёю страхою жыве чалавек, якi застаўся адданым гэтаму духу - абат Ардуэн...

VIII

У нашым з табою жыццi, Iза, была адна падзея, пасля якой я атрымаў поўнае права лiчыць цябе агiднай. У 1896 цi 1897 годзе - табе гэта лепш ведаць памёр наш швагер барон Фiлiпо. Неяк ранiцай твая сястра Марынета прачнулася, загаварыла з мужам, а той - нi слова ў адказ. Яна адчынiла аканiцы i ўбачыла, што вочы ў старога закацiлiся, нiжняя скiвiца адвiсла. Да яе не адразу дайшло, што муж памёр, i некалькi гадзiн (а можа, i болей) яна праспала разам а трупам.

Я далёка не ўпэўнены, што кожны з вас адчуў усю подласць завяшчання гэтага нiкчэмнага чалавека: ён пакiнуў жонцы велiзарнае багацце, але пры ўмове, што яна застанецца ўдавою i другi раз замуж нiколi не выйдзе. У адваротным выпадку амаль уся спадчына павiнна была перайсцi да пляменнiкаў нябожчыка.

– Трэба цяпер больш клапацiцца пра Марынету, - паўтарала твая мацi. Дзякуй Богу, што сям'я наша дружная, - адзiн за аднаго. Не трэба пакiдаць яе адну.

Марынеце на той час было каля трыццацi, але ж ты памятаеш, як яна выглядала: прыгожая, зграбная, свежая - як дзяўчынка. У свой час яна паслухалася бацькоў, выйшла замуж за старога i пакорлiва жыла ў гэтым няроўным шлюбе. Нiхто з вас не сумняваўся, што Марынета лёгка пагодзiцца ўзяць на сябе i ролю безуцешнай удавы. Вы зусiм не ўлiчылi таго, якiм штуршком стане для яе вызваленне, выхад з цёмнага падзямелля на прастор, на святло.

Поделиться с друзьями: