Левы рэйс
Шрифт:
— Я так і зразумеў. Дык чым канкрэтна цікавіўся Рамейка? Калі зможаш, то слова ў слова.
Гэта не надта спадабалася гаспадару. Пэўна, было непрыемна ўспамінаць гутарку з нябожчыкам ды яшчэ для інспектара міліцыі. Міжволі адчуеш сябе ў чым-небудзь вінаватым яшчэ, апрача парушэння правіл дарожнага руху.
— Зразумела. — Абабурка задумаўся. — Табе патрэбны дэталі. Хто ж ведаў, што спатрэбіцца… Прыехаў, як звычайна прыязджаюць карэспандэнты. Сказаў, што начуўся пра нашы поспехі. Папрасіў лічбы. Што помніў, я сказаў, астатняе далі спецыялісты. А ты што, таксама газетны артыкул рыхтуеш? — пажартаваў ён, убачыўшы ў Корзунавых руках блакнот і аловак.
— Каб не забыцца.
— Запісвай,
— Усё ці здаецца? — Корзун падняў вочы ад блакнота.
— От ужо мне гэтыя следчыя, — прытворна ўздыхнуў Абабурка. — Журналіст не быў такім уніклівым.
— Ты не адказаў на маё пытанне.
— Хіба? Пра калгас мы на тым і скончылі. А як вяскоўцы прадаюць сваіх вепрукоў — не мой клопат.
— Хочаш сказаць, што Рамейка і пра гэта пытаўся? Так я цябе зразумеў?
— Іменна, дарагі Алесь. Хавай ты свой блакнот. Усё табе як на споведзі выклаў. Салаўя ж, як вядома, песнямі карміць не рэкамендуецца, так што пайшлі перакусім і мы таго-сяго. Усё роўна дзень ты мне сёння сарваў.
Корзун лічыў, што без пільнай патрэбы адрываць людзей ад працы нельга, і адчуў няёмкасць. Таму больш мякка, чым у пачатку, адмовіўся:
— Прабач, сапраўды не магу. Трэба яшчэ ў «Ляды» заскочыць.
— Гэй, — Абабурка дапытліва ўставіўся на Корзуна. — Вы што, згаварыліся былі? Гэта ж самае Рамейка мне слова ў слова сказаў.
— Тым болей, — развёў рукамі Корзун. Калі толькі заатэхнік не хітрыў, Рамейка, падобна, і намёкам не выдаў, чаго прыязджаў у калгас. Але навошта яму хітрыць? Прычын быццам бы няма…
Да саўгаса Корзун дабраўся ў канцы дня. У дырэктара сядзелі людзі, і ён хацеў пачакаць у прыёмнай, побач з маладзенькай сакратаркай, якая, смешна моршчыўшы нос, адным пальцам друкавала нейкую, напэўна, важную, паперу: націсне на клавіш і паглядзіць спачатку ў чарнавік, а потым у закладку — што атрымалася.
— У нас тут бягучыя пытанні,— выйшаў да яго дырэктар, — не перашкодзіце.
Корзун не стаў упірацца, падумаўшы, што нават у час кароткай нарады можна атрымаць уражанне аб атмасферы, у якой жыве кіраўнік.
І тут размова ішла аб кармах. «Ляды» — не «Зялёны Бор», гэта Корзун зразумеў адразу, на дапамогу збоку ў саўгасе не разлічвалі. Дырэктар напомніў аднаму з загадчыкаў фермы пра ашчаднасць, сказаў, што за апошні тыдзень на яго ферме двойчы давалі жывёле непрыгатаваную салому. У кабінеце дырэктар з выгляду быў самы маладзейшы. Але слухалі яго ўважліва, з павагай. Нездарма, відаць, у сельгасупраўленні спадзяюцца, што ён выцягне гаспадарку.
Корзун шчыра пазайздросціў дырэктару — лічы, аднагодак, а якую справу робіць! Не тое што ён, крыміналіст, — ведае, здаецца, усё, а разабрацца — нічога: закончыць справу, як вось цяпер, і застанецца ў яго аб жывёлагадоўлі даволі прыблізнае ўяўленне. І так, бадай, будзе з наступнай справай, з кожнай новай… Корзун разумеў, што і крыміналістыка — навука, прафесія, вынікі працы ў якой не заўсёды памацаеш рукамі, што і тут ёсць неабмежаваны прасцяг для ўдасканалення, творчасці, нарэшце. А ўсё роўна здаволенасці не адчуваў. Ці не таму, што перажываў цяжкі момант, што тыцкаўся туды-сюды, дакладна не ведаючы, чаго хоча?
Нарада скончылася, як дырэктар і абяцаў, хутка. Корзун міжволі параўнаў дырэктара саўгаса са сваім Юркаўцом. У Юркаўцовым кабінеце супрацоўнікі таксама не заседжваліся.
— Давайце спачатку пазнаёмімся, — сказаў гаспадар, калі кабінет апусцеў.— Рабека, Васіль
Паўлавіч.Корзун назваў сябе і расказаў, чаго прыехаў.
Рабека хвіліну разглядаў яго, быццам не зусім зразумеў пытанне. Нарэшце, відаць, зрабіўшы нейкі вывад, з жалем прамовіў:
— Шкада, такая недарэчная смерць.
— Смерць, бадай, заўсёды недарэчная, — Корзуну не спадабалася, што Рабека яго ўважліва разглядаў.
— Малады ён, гэта наогул не ўспрымаецца, — дырэктар спакойна ўдакладніў сваю думку і нагадаў: — Мы, здаецца, ухіліліся.
— Не зусім, — Корзуну гэта было прыемна: Рабека цаніў і чужы час. — Мае значэнне любая дробязь.
Дырэктар кіўнуў галавой.
— Цікавыя людзі карэспандэнты, — успомніўшы жывога Рамейку, Васіль Паўлавіч усміхнуўся. — Занатоўваў-занатоўваў у блакнот лічбы, факты, а тады схаваў яго ў кішэню і да мяне: «Ці не мала васемнаццаць парасят ад асноўнай свінаматкі?»
— Ён да вас у «Зялёным Бары» быў…
— Здагадаўся. Там паказчыкі проста выдатныя. Але і ў нас будуць, не такія, можа, але будуць. Я і карэспандэнту гэта гаварыў, расказваў, як збіраемся дабівацца павелічэння вытворчасці мяса. Ён слухаў нават больш, прабачце, зацікаўлена, чым вы, — Рабека адняў ад стала руку, папярэджваючы пярэчанне. — Думаю, у адрозненне ад вас, што, дарэчы, натуральна, ён меў пэўную мэту. Мне здалося, ён нібыта параўноўваў з нечым усё, што я гаварыў яму.
Корзун са здавальненнем падумаў, што пазнаёміўся з разумным, назіральным чалавекам. Развітаўся з ім цёпла, з жалем.
Гравійку пасля нядаўніх снежных заносаў расчысцілі, машыны паспелі яе ўжо добра ўкатаць, і райаддзелаўскі «газік» упэўнена бег па гладкім палатне, асвятляючы фарамі белыя адвесныя сцены-гурбы на абочынах. Шафёр ці саромеўся інспектара з абласнога ўпраўлення, ці наогул быў маўклівым. Ён сачыў за дарогай, не паварочваючы галавы да пасажыра.
Іншым разам Корзун сам загаварыў бы з вадзіцелем, бо і непрыгожа, і непрыемна сядзець з чалавекам поплеч як вады ў рот набраўшы. Тым болей што дарожная няспешная размова з новым субяседнікам заўсёды цікавая, нешта табе адкрывае. Але сёння было не да этыкету і цікаўнасці. Хацелася па свежых уражаннях адгадаць, што такое спадзяваўся карэспандэнт дазнацца ў гэтых гаспадарках. Корзун мусіў прызнаць, што, калі Рабека і Абабурка, вядома, нічога істотнага не ўпусцілі, Рамейка правёў гутаркі з імі па-майстэрску. Як кваліфікаваны следчы, які не хоча дачасна раскрываць свае карты. Здаецца, нічога асаблівага не спытаў, а паехаў, як думае Рабека, здаволены. А калі дырэктару гэта толькі здалося? Вунь ён, Корзун, лічы, нічога не ўлавіў, а едзе таксама здаволены — самім фактам знаёмства з Рабекам. Так што сэнс трэба шукаць у нечым іншым. Логіка падказвае, што нічога пэўнага Рамейка не даведаўся. Бо, каб сігнал пацвердзіўся б хаця напалавіну, на меншую частку, самы просты шлях ісці ў народны кантроль, міліцыю, райком, нарэшце. Каб з іх дапамогай праверыць да канца. А ён нікуды не пайшоў, больш таго, паехаў у суседні раён. Нічога не раскрыў ці, не будучы ўпэўнены да канца, збіраўся нешта высвятляць яшчэ? Верагодна і гэта.
Зарыпелі тармазы, «газік» прыпыніўся перад выездам на шашу. Мільгануўшы чырвоным ліхтарыкам, іх абагналі «Жыгулі».
— Вось так выконваецца план па металалому, — абурыўся шафёр. — Гора ад гэтых уласнікаў.
— Ліхач, — пагадзіўся Корзун, заняты сваімі думкамі.
— А ўжо ж! Дарэчы, ваш знаёмы, — Абабурка. Прыйдзецца ў ДАІ паведаміць.
— Выкруціцца, — усміхнуўся Корзун.
— А ўжо ж, — шафёр сярдзіта пераключыў хуткасць…
Шасцерні, як падзяляючы абурэнне гаспадара, загырчалі. Машына рванулася з месца. Далёка наперадзе паказаліся агні Яснагорска.