Левы рэйс
Шрифт:
— Але ён вінаваты! Вы згодны?
— Як Пратасеня — так. Як пракурор — не. Мы з табой пакуль не можам прад'явіць яму доказаў.
— Мне здаецца, Аркадзь Міхайлавіч, што галоўны доказ ёсць, можа, ён у мяне ў руках, можа, у гэтым пакоі,— ён азірнуўся, быццам спадзяваўся ўбачыць доказ побач.
— Як знойдзеш, пакажаш, — усміхнуўся Пратасеня. — А зараз давай яшчэ пройдземся па тым, што маем.
Корзун супакоіўся, задумаўся. Потым як схамянуўся:
— Помніце адбітак на партманеце?
— Гэта было б надта проста, — паківаў галавой Пратасеня.
— Але мы не правяралі.
— Кучаронак у Рамейкавы кішэні не лазіў.
— Ён — не, а нарыхтоўшчык?
— Параўнай, — згадзіўся Пратасеня. Ён не верыў, што той адбітак мае дачыненне да іх справы, але было прыкра, што не зрабіў праверку раней, паддаўся версіі «Кучаронак».
Паклікалі
— Правер, ці не Кунцэвічаў часам?
— Ну, гэта проста, — угледзеўся ён у адбітак, — гэта, як кажуць шахматысты, справа тэхнікі, прычым нескладанай…
— Балбатун ты, Віктар Пятровіч, як табе толькі вераць у гэтым раёне, — Корзун ведаў, што Шчэрба любіць пагаварыць, але зараз яму было не да жартаў, і ён падагнаў эксперта: — Ты давай у лабараторыю, давай…
Шчэрба ўсміхнуўся і выйшаў.
Ён вярнуўся праз некалькі хвілін, пераможна зірнуў на Корзуна і сказаў:
— Ты памыліўся! Але тваё шчасце, што ты маеш справу са мной. Я пайшоў далей, так сказаць, праявіў ініцыятыву. — Гэты, — паклаў Шчэрба першы здымак на пракурораў стол, — быў на партманеце. — Прыладзіў побач другі.— А гэты належыць Абабурку, нам яго прыслалі заўчора. Да ведама, бо нешта там у яснагорскага заатэхніка і на наш раён выходзіць…
Ен тлумачыў яшчэ, гэтак жа не надта дакладна падбіраючы словы, а Корзун тупа думаў: няўжо ён памыліўся з Абабуркам? Ён заўважыў, як раптам змоўк, здзіўлена паглядаючы на яго, эксперт, як уздыхнуў Пратасеня. Разумеў, што трэба гаварыць, даказваць, аспрэчваць, але ў галаве было пуста.
XVI
За акном увачавідкі сінела зусім нядаўна яшчэ такое светлае неба. Толькі на захадзе была затрымалася вузенькая палоска барвіны, аднак і яна неяк у адначассе згасла. У пакоі стала цёмна, няўтульна. Але Корзун паленаваўся ўставаць і ісці да дзвярэй, дзе быў уключальнік. Ён сядзеў і слухаў, як за сцяной Святлана дыктавала машыністцы ці то нарыс, ці то артыкул. Чытала яна манатонна, не адцяняючы голасам асобныя словы або фразы, быццам гаворка была аб бяздушных лічбах, а не людзях. А можа, так і трэба дыктаваць — суха, без эмоцый, каб машыністка не захапілася зместам і не прапусціла што-небудзь? Ён слухаў і хацеў, каб гэта — і цёмны пакой, і роўны голас за сцяной — працягвалася доўга, бясконца. Сёння яму, як ніколі раней, патрэбна была адзінота. Ён і ад пракурора пайшоў адразу, следам за экспертам. Пратасеня не затрымліваў, не суцяшаў. Кіўнуў на развітанне, і ўсё. А потым, відаць, пазваніў Святлане. Бо чаго інакш яна раптам завітала б у гасцініцу сярод дня? Сцягнула Корзуна з ложка і прывяла ў рэдакцыю, загадаўшы пасядзець, пакуль вызваліцца. Быццам ён у роспачы, у адчаі і наогул згубіў галаву і яго нельга пакідаць без догляду. А яму падумаць трэба, ён з тых, хто доўга ідзе да вываду, але ўжо затое цвёрда стаіць на сваім. Гэта не натурлівасць, гэта — вера ў сябе. Бо калі ты, як флюгер, калі хапаешся за кожны факт і факцік, лёгка адкідваючы папярэдняе, памылка будзе ўвесь час хадзіць з табой побач…
Вярнулася Святлана, уключыла электрычнасць, бадзёра сказала:
— Чаго хаваешся ў цемры?
— Я не хворы, Света, — усміхнуўся Корзун, — я толькі злы.
— Спадзяюся, не на мяне? — яна кінула хуткі, востры позірк на Корзуна і пачала раскладваць аддрукаваныя лісты. — От і добра. Пакуль я вычытаю, пагартай падшыўку. Супакойвае, па сабе ведаю.
Корзун хацеў быў адказаць — уедліва, здзекліва, але засаромеўся: хіба Святлана вінавата, што ў яго нелады ў рабоце? Калі і вінаваты хто, дык толькі ён сам. Не адказаўшы, узяў падшыўку і пачаў чытаць. Здаецца, маленькая газета раёнка і выходзіць на тыдзень усяго тры разы, а калі робяць яе людзі таленавітыя, зацікаўленыя, то і ў кароценькіх матэрыялах можна ўбачыць, як і чым жыве раён. І Корзун непрыкметна захапіўся. Спачатку прачытаў некалькі выступленняў Якушавай. Усё-такі была яна разумная дзяўчына, умела мысліць — не проста пісала аб падзеях, а як бы ўзнімалася над імі, абагульняла асобныя факты, гутарыла з чытачом. Корзун скоса паглядзеў на яе — засяроджаную, далёкую, здавалася, нават ад гэтага кабінета — і задаволена пасміхнуўся: здольны чалавек яго знаёмая Якушава! Гартаючы далей, заўважыў інфармацыю аб матчы на першынство вобласці па валейболу. Пра каманду Ляснога ён чуў даўно. Яна нават у рэспубліканскіх
сельскіх гульнях удзельнічала. І інфармацыю прачытаў з цікавасцю. Перамаглі мясцовыя валейбалісты, але сустрэча была напружанай, з пяці партый, і гульня ішла ачко ў ачко. Корзун задумаўся і раптам злавіў сябе на тым, што ўжо даўно глядзіць не на заметку, а на дату, калі выйшла газета. Ён аж пакруціў галавой: насланнё нейкае! І тады зразумеў, што матч адбыўся менавіта ў той вечар, калі загінуў Рамейка, чатырнаццатага лютага. Гэтыя дзве падзеі, вядома, ніяк не былі звязаны, проста ён, не зважаючы на сённяшнюю знаходку, у думках працягвае распрацоўку сваёй апошняй версіі з Кунцэвічам на першым плане…— Можна здаваць! — Святлана патрэсла ў паветры рукапісам.
А Корзун зноў усміхнуўся: усё-такі яна абыходзіцца з ім, як з хворым. Прапанаваў:
— Паблукаем?
— А што? Здаецца, пацяплела.
— Не, на мароз бярэцца, — ён на хвіліну выключыў святло, пачакаў, пакуль вочы прывыкнуць да цемры, — вунь якое неба чыстае.
— Нішто, у мяне кажушок.
На вуліцы было ціха, не вельмі холадна, і Корзун са здавальненнем крочыў, поўнячыся ад марознай свежасці маладой сілай. Дзённыя нягоды нібы адсталі, адсунуліся кудысьці назад, як і не было іх, і ў душы нараджалася ўпэўненасць, што ўсё будзе добра. Ён не задумваўся, адкуль гэта адчуванне, мае яно дачыненне да Абабуркі з Кунцэвічам або да чаго іншага. Не хацелася думаць. Бо не часта выпадае вось так бесклапотна, без пэўнай мэты ісці па вуліцы, раптам паварочваць у незнаёмы завулак, у другі, трэці… Усё роўна куды, абы рухацца, адчуваць сябе дзейным, моцным, здаровым.
Святлана моўчкі ішла побач, хутаючыся ў пушысты футравы каўнерык. Пра што яна думала? Пра штосьці сваё? Або, можа, пра яго, Корзуна, баючыся неасцярожным словам нагадаць нядаўняе, непрыемнае? Калі-нікалі выбралася з хлопцам пагуляць, і такая сумная атрымліваецца прагулка.
— Не замерзла? — Корзун сёння не баяўся адзіноты, як, напэўна, думалі Святлана з Пратасенем, наадварот, але ўсё роўна быў удзячны ёй — за ўвагу, клопаты.
— Мне падабаецца, — дзяўчына адгукнулася ахвотна. — Тры гады жыву ў Лясным, а тут — упершыню. Як цудоўна!
Вечар сапраўды быў прыгожы. Свяціў месяц, кладучы на белую зямлю доўгія чорныя цені, іскрыўся снег, ледзь чутна шумелі голыя галінкі старых таполяў на ўзбочыне.
— Вось бачыш. А то, каб не я, а можа, Пратасеня, га, не выбралася б, — Корзун спыніўся, павярнуўся да Святланы.
— Страшны ты чалавек, Сашка, — засмяялася дзяўчына, — нічога ад цябе не скрыеш.
— Такая мая прафесія, — ён узяў дзяўчыну пад руку. — Магу яшчэ дадаць, што я зусім не засмучоны, як вы з пракурорам надумалі.
— Веру, няўдачы цябе заўсёды толькі падсцёбвалі, як пуга рысака.
— Напэўна, рысакоў падганяюць усё-такі шпорамі. А мне дык заўсёды хочацца працаваць без памылак. У нас гэта асабліва неабходна.
— Абабурка сапраўды злачынец? — і да яе дайшоў почут.
— Без доказаў не арыштоўваюць.
— Гэта так, цяпер часам нават з доказамі не арыштоўваюць. А не кожнага ж можна перавыхаваць.
— У кожным асобным выпадку пракурор вырашае, — адказаў Корзун. Гэта прагучала, аднак, надта казённа, і ён жартаўліва дадаў: — Асабіста я за перавыхаванне.
— Абабурку многа наканавана?
— Каб я знаў,— пасля параўнання адбіткаў ён сапраўды нічога пэўнага не мог сказаць.
— Службовы сакрэт?
— Шчыра кажу, — і падумаў, што яго таксама непакоіць, у чым вінаваты заатэхнік.
— Негрунтоўны ён нейкі,— задумліва прамовіла Святлана. — Гэта не заднім чыслом кажу, павер. Вось зараз пастаралася ўспомніць, ці ставіўся ён да чаго сур'ёзна. Усё жартачкі ды прыгаворачкі. Да мяне сватаўся, то прыйшоў і як усё роўна браму за сабой не зачыніў: каб можна было, калі адмоўлю, з добрай мінай адступіць, маўляў, пажартаваў.— Яна памаўчала. — Быў бы іншым, напэўна, пайшла б. Відны, вясёлы — што яшчэ бабе трэба?
— Кажуць яшчэ: падабенства душ… Святлана засмяялася — сумна, стрымана.
— Аднойчы папрасіла: раскажы, як працуеш? «Яшчэ фельетон напішаш», — сказаў. Думала — чарговы жарт. А цяпер здаецца, што тады адзіны раз ён быў праўдзівы…
Яны падышлі да Святланінага дома.
— Зойдзем, — прапанавала дзяўчына. — Ты не павячэраў…
— Дзякую, Света, — адмовіўся Корзун. — Хопіць і таго, што ты мне сёння вельмі памагла, — заўважыўшы яе сумненне, растлумачыў крыху: — Ты сама не здагадваешся як. Сказаў бы болей, але гэта ўжо сапраўды службовы сакрэт.