Левы рэйс
Шрифт:
Прыняўшы рашэнне, лейтэнант супакоіўся, павесялеў, уявіўшы, як падпалкоўнік, даведаўшыся пра яго ўчынак, скажа: «Любіш ты пасля бойкі кулакамі памахаць. — Паківае галавой і дадасць: — У час трэба думаць».
Што праўда, то праўда. Ёсць такі грэх. Здараецца, зробіць вывад, а потым ужо, спакойна, не спяшаючыся, узважыўшы ўсе абставіны, заўважае, што нешта важнае прапусціў, праглядзеў. Стараецца зжыць у сабе гэту паспешлівасць, ды не заўсёды атрымліваецца. Праўда, у гэтым выпадку, здаецца, атрымалася нават наадварот — не ён, а начальства спяшаецца з вывадамі. Але гэта ўсё роўна не дае заспакаення…
Друг Сярковай у чымсьці аказаўся такім, якім Корзун яго сабе ўяўляў. Не надта малады, крыху за трыццаць, дужы мужчына, які
Валюжэніч з гумарам, капіруючы паводзіны кожнага ўдзельніка падзеі, расказаў пра вобыск Грамакоўскай. Аднак пра тое, што спрабаваў адгаварыць Сяркову, не ўспомніў. Корзуну гэта спадабалася, ён пачаў трымацца менш афіцыйна.
Відаць, і Валюжэніч адчуў гэту перамену, бо з усмешкай, як аднадумцу, нібы між іншым сказаў:
— Рву з Марусяй.
— Гэта чаму? — шчыра здзівіўся Корзун. Яму здавалася, што яны вельмі адпавядаюць адно аднаму: і ўзрост, і, відаць, характары падобныя.
— Грубая, ведаеце, — растлумачыў Валюжэніч. — Я даўно заўважаў. Думаў — выпадковае. А апошнім разам… — Ён змоўк, даючы субяседніку самому здагадацца, што менавіта выпадак з Грамакоўскай быў той кропляй, якая пазбавіла цярпення.
— Вам лепш ведаць, — нечакана для сябе сумеўся Корзун і раптам падумаў: «Цікава, а што сказала б Сяркова, каб пачула гэта?» І спытаў: — А пра грошы вы што-небудзь можаце сказаць?
Валюжэніч паціснуў плячыма, пасур'ёзнеў. Нейкі час маўчаў, нібы яшчэ раз перабіраў у памяці той выпадак, а потым адказаў.
— За руку нікога не злавіў. За Грамакоўскую магу паручыцца. Наіўнае дзяўчо, яна яшчэ не ведае цаны грашам. Навошта яны ёй? А вось… — ён змоўк, як і тады, калі гаворка ішла пра яго былую нявесту.
Корзун не любіў, калі яму спрабавалі што-небудзь навязаць, і сярдзіта звёў бровы:
— Трэба канкрэтна!
— Не, не, — ускінуўся Валюжэніч, — я ж казаў: за руку нікога не злавіў…
— Давайце павестку, — сказаў Корзун. — Калі да мяне пытанняў не маеце, можаце ісці.
У той дзень Корзун заседзеўся ў аддзеле: спачатку была нарада ў начальніка, пасля — камсамольскі сход. І толькі ідучы дадому, успомніў, што ў яго няма нічога на вячэру. Магазіны і сталоўка ўжо былі зачынены, і яму нічога не заставалася, як пайсці ў рэстаран. Ён не любіў хадзіць туды ўвечары. Тлум, клубы тытунёвага дыму, перамяшанага з пахамі кухні, п'яныя, якія сноўдаліся між столікамі,— усё гэта раздражняла яго. Яму было прыкра, што ёсць людзі, якія трацяць грошы і час на гэты п'яны чад.
У рэстаране, як ён і прадбачыў, наведнікаў напярэдадні суботы было больш, чым звычайна. Пашчасціла ў адным — вольнае месца знайшлося недалёка ад увахода, за сталом, які стаяў ля сцяны.
Афіцыянтка не спяшалася, і ад няма чаго рабіць Корзун разглядаў наведнікаў. Зайграла радыёла-аўтамат, з-за столікаў пачалі выбірацца аматары танцаў. І Корзун ад здзіўлення нават падаўся наперад: сярод пар ён пазнаў Валюжэніча і Хруцкую. Тую самую прадаўшчыцу трыкатажнай секцыі, заява на якую ляжала ў ягоным сейфе. Супадзенне спачатку здалося яму дзіўным. Аднак, прыгледзеўшыся, ён не мог не адзначыць, што Хруцкая і Валюжэніч добрая пара. Хруцкая выглядала не так вульгарна, як Сяркова: не крычала аб сабе касметыка, дый апранута яна была не проста ў дарагое адзенне, а з густам — шэры шарсцяны касцюм надаваў ёй асаблівую элегантнасць. Яна кружылася ў самазабыцці, не заўважаючы, здавалася, нікога і нічога вакол сябе.
Валюжэніч трымаў сябе больш стрымана, быццам падкрэсліваючы ўсім сваім выглядам: «Ну што зробіш, моладзь».
У
Корзуна ў грудзях варухнулася зайздрасць. Да Валюжэніча, які ўмее паводзіць сябе так проста і натуральна з прыгожымі дзяўчатамі. Потым успомніў заяву, што ляжала ў сейфе, і раптам раззлаваўся. І на сябе, і на Хруцкую з Валюжэнічам, і нават на сваю работу, якая не пакідала яму ніколькі часу.Гэта ўспышка хутка прайшла. Ён прымусіў сябе пераключыцца на думку пра блізкі адпачынак і турысцкую паездку па Каўказе, дзе ён ужо аднойчы адпачываў без пуцёўкі — «дзікуном». Тады ў іх падабралася добрая кампанія, цікавая. Былі і дзяўчаты. І калі ён ні на якой з іх не спыніў свайго выбару, дык толькі таму, што перад дзяўчатамі губляўся гэтак жа сама, як і перад начальствам, — не знаходзіў у патрэбную хвіліну слоў. Напэўна, яго лічылі дзіваком, бо ніводная з дзяўчат так і не прыняла яго ўсур'ёз. Пажартуе, і тым справа скончыцца.
Павячэраўшы, Корзун прыйшоў дадому і лёг спаць.
А сярод начы раптам прачнуўся ад нейкай трывогі. Ён не разумеў яе прычыны, і ў той жа час яму здавалася, што адказ недзе вельмі блізка: варта толькі напружыць думку — і ён знойдзецца, зробіць усё ясным.
Пра сваю трывогу ён думаў і пазней — па дарозе ў аддзел, і прыйшоўшы, калі пачаў прыкідваць план расследавання ва універмагу. І толькі дайшоўшы ў плане да Хруцкай, нарэшце ўспомніў: яго чамусьці занепакоіла спалучэнне — яна і Валюжэніч. Цяпер ён успрымаў іх не толькі як прыгожую пару. Ён ужо не мог забыцца, што Хруцкая, як і Сяркова, прадаўшчыца. Што гэта — выпадковасць ці Валюжэніч спецыяльна выбірае сабе дзяўчат пэўнай прафесіі?
Сёння Корзун ужо не адчуваў учарашняй зайздрасці да Валюжэніча. Тут ён не крывіў душой перад сабой. Але чаму так здарылася, чаму ў ім загаварыў следчы? Што адбылося за суткі, якія мінулі з таго часу, як з яго кабінета пайшоў Валюжэніч? Толькі тое, што ён убачыў Валюжэніча з дзяўчынай, якую падазраюць у спекуляцыі? Вядома, ёсць аматары пажыць за чужы кошт. Валюжэніч, падобна, з іх. У Кліне ў яго была жанчына з грашыма — Сяркова, тут — Хруцкая За гэта да адказнасці не прыцягнеш, не ён махлюе. Але гэта можа азначаць, што Хруцкая сапраўды займаецца спекуляцыяй. А мажліва — і Сяркова ўзяла тыя грошы, каб утрымаць жаніха, — такому невядома колькі іх трэба.
Корзун адклаў справу ўбок і паехаў на папяровую фабрыку, на якой Валюжэніч працаваў сетачнікам. У аддзеле кадраў яму сказалі:
— Да нас Валюжэніч прыехаў з Баравіцкай фабрыкі, сам. Спецыяліст ён невялікі, але нараканняў на яго працу няма, нядаўна далі пяты разрад. Халасты, больш дакладна — разведзены.
Усё гэта, за выключэннем апошняга, лейтэнант ужо ведаў. Валюжэніч расказаў, калі запаўнялі пратакол допыту. Таму, слухаючы супрацоўніка аддзела кадраў, ён пытаў у сябе: «А што, уласна кажучы, ты хочаш высветліць?» І не мог адказаць. Толькі пазней, калі вяртаўся, у галаве мільганула: «Чаму Валюжэніч не сказаў, што быў жанаты?» Аднак у гэтым нічога незвычайнага не было. Факт сам па сабе да справы дачынення не меў, а афішыраваць сваю ранейшую жаніцьбу Валюжэніч, мажліва, не хацеў, баючыся, каб пра гэта не даведаліся яго тутэйшыя каханкі. Аднак Корзун на ўсякі выпадак вырашыў пазваніць у Баравіцк. Яму адказалі адразу: Валюжэніч развёўся пасля таго, як яго жонку судзілі за буйную растрату ў магазіне, якім яна загадвала.
Праз гадзіну Корзун выехаў у Клін.
Сяркова сустрэла яго з ранейшай непрыветнасцю.
— Я ўнесла грошы! — адрэзала яна, не выказваючы жадання працягваць размову.
— Вам хочацца, каб вас лічылі растратчыцай? — ніякіх пэўных меркаванняў лейтэнант не меў, проста яму хацелася выклікаць у жанчыны патрэбу разгаварыцца, а тады магло што-небудзь і выявіцца.
— Дык гэта… — Сяркова аж захліпнулася ад абурэння. — Усе ведаюць, што я не брала.
— Нястачу з вас спагналі, так? — не адступаў Корзун. — Таму што, пакуль не даказан факт крадзяжу, пэўная віна ляжыць на вас.