Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лiст Якуба Малькевiча
Шрифт:

У Матыльды жоўты i злосны ад прыроды твар яшчэ пажаўцеў:

– Надулася, як смоўж, i сядзiць у бакоўцы.

– Чаго яшчэ ёй трэба? Анэта!

– Ат, можа, яна нездарова, пускайце, мае родныя, чарку, - падагнала Аўгiння.

Хведар раптам зноў сеў i прыгнуўся да Варывона:

– Ну то давай нечага будзем канчаць гаворку, трэба ж рабiць якi-небудзь лад.

– Я, васпане, не адказен хоць цяпер лад зрабiць... Што ж, Зося засталася бяздзетнаю, малое яе як памерла...

– Гэта то ўсё нiчога. Што ты мне пра гэта гаворыш... Пра дзецi ўспамiнаеш? Дык што, калi ў мяне на руках iх двое -

майму чацвёрты год i яе, нябожчыцы, - восьмы год. Што ж з таго! Большы ўжо гатовы пастух. А ў мяне гаспадарка!

– А як, васпане?

– А так што, я ж кажу, мы лiшне спрачацца з табою не будзем...

– Не, не, васпане, што не - то не, спрачацца не будзем...

Аўгiння зноў устрапянулася:

– А дзе ж гэта дзецi? Хай бы яны па паўчарачкi выпiлi. Шмат не можна, а трошкi - няхай паспытаюць.

Зося адразу выявiла клапатлiвасць новай мацi:

– Але дзе ж гэта малыя?

Агледзела трохi санлiвымi ад гарэлкi вачыма хату i, кiўнуўшы галавою Матыльдзе, вылезла з-за стала. Яна ўжо назвала Матыльду братаваю:

– Хадзем, братавенькая, да малых.

I ўзяла Матыльду пад руку.

У маленькай бакоўцы стаялi два ложкi i памаляваны столiк. Скрозь на сцяне вiсела адзежа, i вельмi было тут цесна.

На ложку сядзела заплаканая Анэта i трымала на каленях малога хлопчыка. Большы сядзеў на другiм ложку, як стары, успёршыся локцямi на каленi i падпёршы iмi твар. Ён наморшчыў лоб, падняў вочы i глянуў на Зосю i Матыльду. Зося пагладзiла яго па галаве.

– Няхай бы ты, сынок, туды, да таты, падышоў.

I Матыльда падышла да яго:

– Можа, ты з'еў бы чаго?

У Анэты зморшчыўся твар. Зося села поплеч з ёю. Матыльда, глянуўшы на яе, сцiснула губы.

– Нешта, мусiць, нездарова, Анэта, што сядзiш тут адна?

Зося прыхiнулася блiжэй да яе i пастаралася паказаць ласкавай усмешкай шчырае спачуванне. Анэта блiжэй прыгарнула да сябе малога. Тады ўскочыла вёрткая Аўгiння:

– Дайце ж сюды сыночка, няхай жа ён да стала падыдзе. Хадзем жа да таткi.

Яна папрабавала сцягнуць з ложка большага.

– Не хачу!

– Чаму? Чаму ж ты не хочаш?

– Не чапайце яго!
– жорстка сказала Анэта.

– Чаму?
– шчыра здзiвiлася Аўгiння.

– Таму...

Матыльда пастаралася ўлагодзiць усiх, каб спынiць гэтакiя непаразуменнi:

– Няхай бы ты, Анэта, гасцям гарбату падала.

– Добра.

I Анэта выйшла ў кухню. Тады Аўгiння сiлком узяла пад пахi большага i падвяла пад гасцей. Варывон Вiлач паглядзеў на хлапчука:

– Расце, васпане. Расцi, расцi, гаспадаром будзеш.

Аўгiння налiла паўчаркi гарэлкi i дала малому. Той узяў i баязлiва паглядаў на ўсiх.

– Пi, сынок, пi.

Малы нясмела глянуў на айчыма Хведара, як бы баючыся, што той скажа.

– Пi, - сказаў той, нагiнаючыся да Варывона, каб зноў загаварыць пра жаробку.

Усё застолле ўпарта пацвердзiла:

– Пi, сынку.

Малы памачыў губы i скрывiўся.

– Пi, пi.

Малы пацягнуў, белымi худымi рукамi шпарка паставiў чарку назад i моцна закашляўся.

– А-а, трэба было, васпане, разам!

Малы кашляў, цёр кулакамi па твары слёзы.

– Не, жаробкi я, васпане, не дам, - адразу схiлiўся да Хведара Варывон.

– А Зося як сама захоча?

Мы з ёю, васпане, не дзялiлiся i не сварылiся...

Анэта прынесла гарбату i ўбачыла: малы кашляў, за iм стаяла Зося i трымала на руках меншага. Аўгiння нешта тлумачыла суседу.

– Хоць бы хто адвёў яго ад стала назад. Нашто яго тут трымаць, сказала з пагардаю Анэта.

Хведар ускочыў:

– Чаго ты ўсё бурчыш? Чаго ты дзьмешся, сястрыца, на мяне! Што ты перад людзьмi мне брыдка робiш?

– Цiха, васпане.

– Бо я калi добра, дык добра, а як захаджуся, дык...

Зося занесла ў бакоўку малога i прыйшла назад, збянтэжаная.

– Мне як добра, дык добра, а не - дык я не пагляджу.

– На што ты не паглядзiш?

– На ўсё. За шыю ды з хаты, як жабу. Перад людзьмi гавару.

– Няможна, васпане.

– Каб у мяне тут у хаце!..

Анэта не даслухала, моўчкi пайшла ў бакоўку. Матыльда глянула на Хведара.

– Не крычы, Хведарка, што табе здалося...

Яна, вiдаць, трымала яго руку. Гасцям зрабiлася не па сабе.

– Пускайце, пане Варывоне, чарку.

– Я, васпане, не адказен. Здароў будзь, Хведар.

Але нiякавасць гэтак шпарка не прайшла. Зося пайшла следам за Анэтаю, а за Зосяю Хведар.

– Не варт iсцi, васпане, - зазлаваў раптам, сам не ведаючы з якой прычыны, Варывон Вiлач.

– Ты што гэта?
– сказаў Хведар Анэце яшчэ здалёк.

– Вам, можа, што трэба сказаць, братавенькае, цi што...

– Ат, - з'явiлася раптам Матыльда, - што тутака лiшне браць у шух. Калi ўжо на тое пайшло, дык тут жа льга сказаць у адкрытую.

– Але, васпане.

Ён ужо стаяў у дзвярах, вялiкi, плячысты, як гара.

– Панна Анэта, васпанна.

– Я не панна i не васпанна!

– Ого!

– Я вас прашу, iдзiце вы i не чапайце вы гэтых малых! Што яны вiнаваты перад вамi цi перад кiм!

– Ого!

– Што табе не падабаецца?

Анэта закрыла рукамi твар i пайшла. Перад ёю расступiлiся ў дзвярах, далi ёй дарогу. Малыя кiнулiся за ёю:

– Куды ты, цёця!

– Не iдзi!

А мой сынок, - абазваўся Хведар, - куды ты, чаго ты, хадзi да мяне. Iдзi от да цёцi Зосi, да яе... Гэта ж мама.

– Да мамы iдзi, васпане...

– Цёця Анэ-э-эта, - заплакалi малыя ўдваiх i кiнулiся бегчы.

Анэта ўжо стаяла ў кухонных дзвярах.

– Яны баяцца чужых людзей, - сказала Матыльда.
– Анэта, куды ты?

Дзецi сталi каля Анэты.

Хведар iрвануўся.

– Анэта, што гэта?

– А гэта што?
– крыкнула Анэта.
– Ты думаеш, дзецi нiчога не ведаюць? Ты думаеш, яны не ведаюць больш за цябе? Ты думаеш, яны не бачаць, што ты за бацька? Што каля iх робiцца?! А ты памятаеш, як гэты большы крычаў i людзей ззываў, калi ты бiў яго мацi? Можа, ты яго навек скалечыў гэтым самым. Можа, ён iншым цябе i не можа бачыць, як з узнятым паленам над яго нябожчыцаю маткаю. Можа, тое, што ён убачыў тады, навек сядзiць у яго сэрцы i, колькi ён будзе жыў, нiколi не вытравiцца з яго. Што ты тутака развёў гандаль перад iмi - цераз гэты гандаль i тады сям'ю раскiдаў i цяпер моцнай не зробiш! Як тады было не вяселле, а нейкi гандаль, дык i цяпер тое самае. Не навучыў цябе i астрог; хоць бы ты малых дзяцей пашкадаваў...

123
Поделиться с друзьями: