Лявон Бушмар
Шрифт:
Вiнцэнты раптам спынiў гаворку i палажыў рукi на полы вопраткi. Расцягнулася нiжняя губа, стала тоненькаю, i мяшкi пад вачыма пачырванелi. Ён трошкi прысеў, трошкi нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасля захiхiкаў:
– Хi-хi-хi, хi-хi-i-i...
Бушмар зусiм здзiвiўся, аж злосць папаўзла па твары яго.
– Хi-хi, гэта такi недурны нехта выдумаў, iмя яму даў - рабачок... падточвае гаспадароў... цi запiсалася ты, кажа, у рабачок... Хi-хi-i-i.
Зноў ён раптам зрабiўся сталым, пасля гэтай штучнай весялосцi:
– Страшная штука робiцца. Усё к чортавай матары пойдзе. Гады, запанаваць хочуць... Будзе табе яшчэ
– Што?
– гукнуў з усiх жыл Бушмар.
А той як бы наўмысля прыйшоў сюды, каб памучыць:
– I ўсiм нам тое самае будзе, калi, я ж кажу, не ратавацца.
Тут ён змоўк i ўздыхнуў. Бушмар, каб прымеў, дык увагнаў бы тут яго на месцы ў зямлю. Вiнцэнты яшчэ трохi памучыў:
– Гэта можна было адразу бачыць, што гэта будзе...
– Што?!
– нема раўнуў Бушмар.
I ўжо тут Вiнцэнты як мае быць дайшоў да справы:
– Усё пойдзе нанава. Гэта, што яны там панастаўлялi тычак i слупоў, дык увосень усё параскiдаюць самi ж. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць. I гэта, што падзялiлi гэтыя дзялянкi, што адхапiлi ад хутароў (i тваё тут дабро запала), - усё ў адзiн кацёл пойдзе. Усё, як ёсць! Нават больш яшчэ ад хутароў адхопяць, нават зусiм некаторых пазганяюць з месц сваiх - няма табе, кажа, нi хаткi, нi градкi. Народ, можа, паддавацца не будзе, але гэта... займi чорта ад варот, дык ён цераз плот! Ён цябе пройме навылёт, а свайго дойдзе... Згоняць усiх разам, выдзеляць табе, каб з голаду ўздоўж лавы лытак не стулiў, а рэштку спажыве той, хто будзе на чыёй шыi сядзець.
– Можа, да гэтага яшчэ не дойдзе, - разважыў сам з сябе Бушмар.
Ён аж панурасць сваю пачаў трацiць.
– Ты тут сядзiш, як воўк, i нiчога не ведаеш, што па людзях робiцца, цябе да калецтва як мае быць збiраюцца давесцi, а ты снедаеш сабе, як на выгодзе...
– Хто гэта хоча?
– Гады. Андрэй. Амiля нябось маўчыць табе. От папытайся ты ў яе, што Андрэй парабляе...
– Ну, дык што рабiць?
– Я табе скажу, што рабiць - яны сваё, а мы сваё. Няхай сабе iх там дзвесце сядзе каля аднаго катла, а мы тут удзесяцярох сядзем. Ты, я, хлопцы мае, можа, яшчэ хто з адзiн падахвоцiцца, от табе i кацёл. Без гадаў, без нiкога, сам сабе. I ўсё маё будзе пры мне, i пальцам нiхто не зачэпiць. Тады мы i адсудзiць можам законам, што i ад цябе забралi. Яны няхай сабе, а мы сабе, не канешне галетнiка ўспамагаць сваiм уласным ды родным. Ну як? Ты сядзiш i нiчога не чуеш?
Бушмар маўчаў.
– Я сам на гэты бок лесу перабяруся. Забудуем усё як мае быць. Уцячы адтуль, хай яны там хоць падушаць адзiн аднаго.
– Сюды? На гэты бок? Тут жа маё!
– Усё роўна забяруць.
Бушмар памаўчаў.
– Можа, нiчога яшчэ не будзе.
– Як-то не будзе. Ты сядзiш i нiчога не бачыш.
– Цi iм там мала?.. I так жа паадрэзвалi ад усiх.
– Хамскага горла нiколi не ўтхланiш.
– Дык што ж рабiць?
– Я ж табе гавару што.
– Пачакаем крыху, будзе вiдаць. Калi што якое...
– Позна будзе чакаць. Да восенi, калi пачакаем, дык там i аман будзе на ўсё.
Бушмар не ведаў, што рабiць i што думаць.
IХ
Вiнцэнты прыходзiў яшчэ раз, але Бушмар упарта не хацеў яго слухаць. Вiнцэнты ўгаворваў яго:
– Гэта не прыперла табе яшчэ бяда, дык ты атрэпаеш рук, а пачакай, што ўвосень будзе.
– Не ўсё роўна мне! Цi сцiснуць мяне, цi з кiм я за адным катлом буду нi госць,
нi гаспадар. Няхай што хочуць, то i робяць, а за адзiн кацёл я нi з кiм не сяду.Вiнцэнты тады пакiнуў хадзiць да Бушмара. Бушмар пачаў задумоўвацца.
Вясна ўжо зусiм увабралася ў сiлу i паддавацца пачала лету. Рыхтавалiся да сенажацi; буялi аўсы i ячменi, адкрасоўвала жыта.
Амiля тады стала больш сумнаю, як калi раней была. Яна цiха корпалася з цямна да цямна за сваёю работаю, сам Бушмар нiколi ў хаце не прыпыняўся, ледзьве ўхапiў управiць адзiн веснавое поле.
Адзiн раз у яго сялiбе была пакутная ноч.
Надвечар яшчэ ён заўважыў, што Амiля як бы рвецца штосьцi сказаць яму. Яна падыходзiла да яго колькi разоў, зазiрала ў вочы, а ён быў утомленым з поля, тупаў па хаце. Яны павячэралi моўчкi, толькi яна сказала разы са два штосьцi нецiкавае нi ёй, нi яму. Ён адказваў вяла, нехаця, як i заўсёды. Амiля ведала ўжо добра гэтую яго натуру, нiколi не зважала на гэта. Пасля ж ужо ўсёй хатняй упраўкi, калi ён раздзяваўся класцiся спаць, яна падышла да яго, паглядзела на яго з дакорам, просьбаю, замiлаваннем, паслушэнствам, села каля яго i сказала тое, ад чаго ён падняў вочы, але з твару не змянiўся:
– Ад мяне?
– А ад каго ж яшчэ?
– А можа, ад каго iншага?
– Лявонка?!
Ён маўчаў. Яна падсела яшчэ блiжэй, зазiрнула яму ў вочы, прыпёрлася галавою да пляча. Яна гаварыла хутка, выказвала ўсё, што сабралася за ўсю вясну, але што было дагэтуль цяжка выказаць Бушмару:
– ...Мы тады i малога майго забярэм сюды. Добра, Лявонка? Ён неўзабаве падрасце, дык i помач ад яго гатовая будзе. Ты, Лявонка, запiшыся са мною цi павянчайся - трэба зрабiць што-небудзь, цi скажы мне пэўнае слова, дык я тады спакойнаю буду, а не хочаш можа вянчацца цi запiсвацца, дык я так магу быць, адно каб ты мне сказаў напэўна, што я твая жонка. Можна i так, калi хочаш, людзi цяпер усякся жывуць...
Ён устаў падкруцiць у лямпе агонь. Яна чакала, сядзела ўсё. Ей здалося, што ён стаў тады такiм, якiм яна яго жадала сабе - ласкавым, добрым. Ён сеў поплеч з ёю i маўчаў доўга. Яна палажыла галаву яму на плячо. Тады ён адхiснуўся i не зводзiў з яе вачэй:
– А той твой хлапчук, якога трэба забраць сюды, ад каго? Можа, ад паручнiка?
Яна жахнулася:
– Нашто ты пытаеш тое, што сам ведаеш?
– А ты скажы.
– Нашто ты гэта?
Ён усё глядзеў на яе.
– Ну ад нябожчыка... памёр жа...
Яна моцна заплакала. Нагнулася i скiнула шпарка рукi.
Бушмар стаяў пасярод хаты, прыжмурыўшы вочы. Ён бачыў Амiлю ранейшую, калi яшчэ насiў яе на руках снежнымi палянамi з лесу. Чуў яе каля сябе там, на паваленым дрэве ў снегавыя ночы. Чуў i смех яе паручнiку. Чуў яе i ў раннюю вясну, у той вечар, калi, не памятаючы нiчога, хапiў за брамаю на рукi i мчаў у хату. I ўсе тыя наступныя днi i тыднi, нават, можа, месяцы... Калi ён ужо не пускаць пачаў яе да Андрэя, да гэтага ненавiднага брата яе, гэтага ворага, злыдня...
От ужо ён бачыць Андрэеў твар - гэты насмешлiвы твар!
Андрэй усё зробiць, усюды дападзе. Ён i праўда, што гатоў сагнаць з месца сялiбу, гэтак, як дарогу адапхнуў, як за лесам адрэзаў самую лепшую дзялянку. Усе слухаюць яго, не паможа i Вiнцэнтага хiтрасць. Усё будзе на восень, як казаў Вiнцэнты. Андрэй арудуе, Андрэй стараецца, Андрэй - Амiлiн брат.
– А калi багацце я сваё страчу?!
– смальнуў Бушмар.
– Дык як тагды будзе з жонкаю, з дзецьмi i з сваiмi, i з паручнiкавымi...