Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маё дзела цялячае
Шрифт:

Гаварыў ён проста, звычайным языком, так, як гаварыў заўсёды дома.

Усе з цiкавасцю слухалi, а iншыя, каб лепш пачуць, падышлi блiжэй к сталу. Скончыў ён так:

– Старайцеся выбiраць людзей савецкiх, бедных, якiя б маглi працаваць на агульную карысць. Выбiрайце людзей разумных.

– Але, - сказаў сабе пад нос Юлiк Карнавух, - выбераш тут савецкiх людзей, калi iх тут ёсць не больш як чалавек пятнаццаць. Найдзi папрабуй сярод хутаранскiх "ягомасцяў" хоць аднаго савецкага?! А нашы дурнi сядзяць сабе дома чакаюць, "як будуць людзi iсцi"...

– Называйце, таварышы, кандыдатаў!
– сказаў Кастусь

Курганец.

Не паспеў ён яшчэ змоўкнуць, як пачалi ўжо "выстаўляць" кандыдатаў:

– Гаронiм Цурубалка!
– крычалi з аднаго боку.

– Данiель Кiралейза!
– чулася адтуль жа.

– Тодар Грыб, - крычалi з другога боку.

– Мацвей Сцепанец!

– Янка Галубовiч!

– Няма iх на сходзе!

– Хвёдар Казёл!

– Няма на сходзе!

– Хама Скрут!

– Сучок!

– Фабiян Свiнкоўскi!

– Цiха, таварышы, не ўсе разам. Не гаварыце гуртам.

– Цурубалка, Кiралейза!
– закрычалi зноў хутаранцы.
– Свiнкоўскi, Мiхал Папсуй!

Курганец падняўся, падняў руку, каб зрабiць цiха, i сказаў:

– Усякi, хто назваў свайго кандыдата, павiнен сказаць аб iм некалькi слоў, чаму ён яго назваў, хто ён такi ёсць.

I вось пачалi гаварыць.

Кiралейзу "выставiў" Цурубалка, Цурубалку - Кiралейза. I абодва яны аказалiся людзьмi "разумнымi, сталымi, добрымi гаспадарамi, людзьмi, якiя нiколi нi з кiм не сварацца".

Пра Фабiяна Свiнкоўскага сказаў адзiн шляхцiц-хутаранец, што ён чалавек "богабаязны i справядлiвы".

Хама Скрут аказаўся чалавекам "добра граматным", а Тодар Грыб "добрым палiтыкам", i абодва яны - самымi бяднейшымi людзьмi ў вёсцы.

Як толькi Фабiян Свiнкоўскi назваў вясковага Мiхала Папсуя "чалавекам патрэбным у сельсавеце", падняўся маўчлiвы дагэтуль вясковы Марцiн Макарэня.

Ступаючы цiха лапцямi па падлозе, ён падышоў к сталу i сказаў:

– Я не буду баяцца Мiхала Папсуя i скажу, што ён чалавек багацейшы за ўсю вёску. Нашто ён у сельсавеце! Ды ён i не "савецкi".

– Няпраўда, - закрычалi з боку хутаранцаў.

– Пачакайце, я не кончыў, - гаварыў далей Макарэня, - замест яго я раю з хутароў Курловiча Яна. Гэта чалавек наш: ён быў у партызанах.

Курловiча запiсалi ў спiс кандыдатаў i сталi галасаваць.

Хутаранцы трымалiся дружна, паднiмалi рукi ўсе за сваiх. Разам трымалiся i вясковыя, але iх было менш. Дзякуючы гэтаму ў склад сельсавета ўвайшлi: Цурубалка, Кiралейза, Свiнкоўскi i вясковы Мiхал Папсуй.

Па большасцi галасоў "правалiўся" Курловiч. Потым, у самым канцы, аб iм доўга гаварылi; успамiналi, як быў у партызанах, як адвёў польскую роту ад вёскi к лесу, дзе на яе напалi чырвонаармейцы, памiналi яго беднасць i ахвоту працаваць i сяк-так увялi яго ў кандыдаты на члена сельсавета, хоць процi гэтага i гаварылi многiя хутаранцы.

А як iшлi са сходу, гаварылi вясковыя аб тым, што Кiралейза i Цурубалка некалi прыслужвалi паляцкiм жандарам, Фабiян Свiнкоўскi хацеў iсцi ў партызаны процiў бальшавiкоў. А вясковы Мiхал Папсуй, чалавек ужо стараваты, быў вялiкi багатыр i трымаў некалi багатую краму ў мястэчку. Але пра яго толькi думалi, бо сам ён iшоў тут жа, важна ступаючы i пагладжваючы сваю невялiчкую чорную бародку.

Чуючы гоман, праз светлыя акенцы хатаў выглядалi на вулiцу людзi, стараючыся пазнаць, куды гэта iдуць - на сход цi са сходу.

III

Адзiн

раз ноччу замерзла зямля, а назаўтра выпаў глыбокi снег. Яшчэ ранiцою ён ляжаў тоўстаю, белаю пярынаю, а к вечару яго прымялi санямi. Вёска стала зграбнай i чыстай. I стала неяк весялей i шумней у ёй.

Цэлымi днямi чуўся з цёмных гумен дробны стук цапоў, часам чутно было, як звiнiць пiла, гамоняць i смяюцца людзi. Па вулiцы часта цяглiся фурманкi з дзеравам.

А прыцемкам, як пакiдалi малацiць, к абледзянеўшым калодзезям паволi цягнулiся касматыя конiкi, шумна беглi каровы i схадзiлiся з вёдрамi людзi.

I, напаiўшы быдла, доўга яшчэ стаялi i ў розных гутарках праводзiлi на вулiцы сваю "шэрую гадзiну". Потым падыходзiлi яшчэ больш i, як саўсiм цямнела, усяёй грамадой валiлi куды-небудзь у хату.

Часцей за ўсё збiралiся ў Тодара Грыба.

Прыходзiў сюды Мацвей Сцепанец, чалавек малога росту з жоўтым худым тварам. Гаварыў ён скрыпучым голасам i меў вялiкую здольнасць бачыць ва ўсiм бяду.

З'яўляўся высокi, малады яшчэ, Янка Галубовiч; таксама малады i заўсёды вясёлы Хвёдар Казёл. А пазней за ўсiх прыходзiў стары Тарас Смольскi. Збiралася чалавек дваццаць, i кожны раз сядзелi за поўнач.

Адзiн раз было вось што.

Як ужо ўсе былi ў зборы, заскрыпеў дзвярыма Мацвей Сцепанец i, не пераступiўшы яшчэ нават парога, загаварыў з нейкаю калючаю ўсмешкаю ў голасе:

– Гы!.. Далi свабоду; свабода, нечага сказаць! Каб майму ворагу гэтакая свабода.

– Чаму, што?
– запыталiся ўсе разам.

– Што?!
– заскрыпеў Мацвей.
– Даўней пры Мiкалаю старшынёю альбо старастаю хто быў?!. Самы першы багатыр! К яму i даступу не было. А цяпер што?! Тая самая трасца! Хто цяпер у нас у сельсавеце?! Кiралейза з Цурубалкам - самыя "дзедзiчы". Чорт к яму цяпер прыступiцца. Сёння я быў у iх на хутарох, каб дроў як трохi прыдабыць, бо яны размяркоўваюць на сваё вобчаства шэсць кубаў дроў, якiя адпусцiла ляснiцтва цераз iспалком, - а дровы яны ўжо размеркавалi мiж сваiмi шваграмi ды кумамi. А Свiнкоўскi, якi быў там, дык проста сказаў, што багаты больш павiнен даставаць ад "савета", бо ён больш дае прадналогу, чым бедны. Вось табе i тая хвалёная свабода!

– А хто ж вiнават?
– запытаўся Юлiк Карнавух.

– Пэўна, што не я, - адказаў Мацвей.

– На нашых людзей яшчэ патрэбен бiзун, - умяшаўся Тарас Смольскi.
– Я чуў, што як "iх" выбiралi, дык на сходзе нашых нiкога не было. Усякi ўсё, сукiн сын, хоча, каб нехта за яго. А пэўна, каб нашы ўсе былi, то выбралi б каго-небудзь лепшага.

– I ты ж не быў!
– гукнуў нехта з кутка.

– Як бы за мною астаноўка, - засердзiўся Тарас.
– Гаворыш чорт ведае што. Што я там адзiн памог бы каму? Ды мне i часу не было - я парсюку катух гарадзiў.

– А мне тады нездаровiлася, - абазваўся Мацвей.
– I калi я не быў, дык i ўсiм не трэба iсцi?!

– Годзе пералiваць з пустога ў парожняе, - сказаў Юлiк Карнавух.
– Усе вы роўныя чэрцi. Слухайце: чуў я, што ў многiх хутаранцаў паўменшвалася ў спiсах жывёлы - каб зменшыць падатак. А з дрывамi гэта праўда?
– абярнуўся ён да Мацвея.

– От як я табе кажу, - адказаў Мацвей.

– А тут, лiха на яго, далёка яшчэ чакаць да новых перавыбараў, прагаварыў Хвёдар Казёл.

– А каб папрабаваць цяпер, - нясмела сказаў Янка Галубовiч.

Поделиться с друзьями: