Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мiколка-паравоз (на белорусском языке)
Шрифт:

Так i пайшлi.

Ужо цямнела, як прыселi яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункi. Адзiн за адным iшлi таварныя цягнiкi. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свiней, гагатанне гусей.

– Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць?
– запытаў Мiколка ў дзеда.

– Куды? У Нямеччыну, куды ж iначай...

– А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?

– Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукi, сялян жабракамi пускаюць, адбiраючы ўсё да нiткi.

– Ну, я б iм паказаў, як рабаваць!

– А што б ты зрабiў?
– запытаў дзед.

– А пастраляў

бы ўсiх!
– I Мiколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.

– Вось у тым-то i бяда, што мала ў нас зброi, цяжка з ёй супроць нямецкай вiнтоўкi ды кулямёта выступаць... Вось калi арганiзуемся як след, тады нiякi вораг нам не страшны...

Цiха гутарылi Мiколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкi патруль на чыгунцы, рашылi падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясцiну для начлегу.

Несцi пiсталет, вiдаць, было ў вялiкi труд дзеду, i ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае "аружжа". Тады Мiколка прасiў дзеда даць яму паднесцi пiсталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. I Мiколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялiкую чорную рулю, праўда, вельмi заржавелую i аблупленую. Мiколка цэлiўся з пiсталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне i быў вельмi задаволены такiм важнецкiм "аружжам".

"Усё роўна як вiнтоўка i страляе, мусiць, як з гарматы... Цяпер нiякiя немцы нам не страшны... Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!"

I Мiколка прыстаў, як смала, да дзеда:

– Давай паспрабуем, цi спраўна страляе!

Не было асаблiва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпiшся ад унука.

– Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады i паспрабуем...

Месца для начлегу выбралi надзвычай добрае. Старыя ялiны высока ўзнеслi свае лапы ў чорнае неба, на якiм мiгцелi рэдкiя зоры. Пад ялiнамi быў сухi ўзгорак, на якiм густа разраслiся верасы, папарацi i блiскучы бруснiчнiк. Яловыя лапы так моцна перапляталiся, што праз iх цяжка было прабрацца. Пад iмi было цiха, утульна. Сюды не дасягалi вятры, што глуха гулi ў верхавiнах дрэў, i нiякi дождж не прабiўся б тут праз густыя яловыя нетры.

На ўзгорак нацягалi сухога лiсця, моху i, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалi такiя мяккiя пасцелi, што дзед аж крактануў ад вялiкага задавальнення.

– Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка i пах якi духавiты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!

– А ты калi-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелi?
– запытаў Мiколка.

– Спаць не спаў, але думаю, што пасцелi ў буржуяў важныя, мяккiя... Нязручна ж з iх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.

Назбiраўшы яшчэ сушняку, Мiколка з дзедам расклалi невялiкi агонь, i ён весела патрэскваў, асвятляючы блiжэйшыя дрэвы i згушчаючы ценi за iмi. З агнём стала куды весялей. Ён нiбы разганяў i тыя гукi лесавыя, да якiх уважлiва прыслухоўваўся Мiколка i, не разумеючы iх, распытваў дзеда:

– А хто гэта там крычыць?

– А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу...

– А хто гэта нiбы рагоча так страшна?

– Гэта сава.

– Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пiсталета. Весялей будзе, i воўк уцячэ, калi пачуе...

– Ваўкi, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногiя звяры... А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.

А ўсё ж паспрабуем, паглядзiм, як страляе.

Дзе ты тут адчэпiшся ад Мiколкi! Згадзiўся дзед. Мiколка ўсё намагаўся, каб самому стрэлiць. Але дзед, узгадаўшы колiшняе паляванне, рашуча адмовiў i стаў сам рыхтавацца да стральбы. Зрабiўшы нажом метку на ялiне, дзед важна стаў у баявую позу i падняў пiсталет угору. Але калi пачаў цэлiцца, дык адвярнуў так далёка галаву ад пiсталета i так далёка адставiў руку са зброяй, што вiдаць было, як дзед яўна непакоiцца за вынiкi стрэлу, баючыся, каб не паўтарылася старая гiсторыя з "арудзiяй". I сапраўды, ён хутка крыкнуў унуку:

– Хавайся, Мiколка, за ялiны, а то чаго добрага...

Падаўся Мiколка за тоўстае дрэва i, высунуўшы з-за кары сваю кiрпаўку, назiраў за дзедавым практыкаваннем. А той стаяў усё з выцягнутай рукой i глядзеў зусiм у другi бок ад мiшэнi, вiдаць, баючыся выбуху.

– Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэлiш!
– дапамагаў Мiколка сваiмi парадамi.

Урэшце дзед адважыўся i, зажмурыўшы вочы, нацiснуў на курок. Мiколку здалося, што ў ялiну стукнуў пярун, бо ўся яна моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж iглiцы i шышак. Аж шорах пайшоў па лесе - так церушылiся шышкi. Ды агеньчык ледзь не згас ад стрэлу.

Дзед i Мiколка мнагазначна пераглянулiся:

– Вось гэта дык арудзiя, вось гэта дык б'е.

– Важнецкi б'е, не раўнуючы, як батарэя...
– задаволена адказаў дзед i пачаў масцiцца нанач, схаваўшы пад бок сваю слаўную "батарэю".

Аднак спалi трывожна. Насiлiся па лесе нейкiя таемныя гукi, пагрозлiва шумелi верхавiны ялiн, i абамшэлыя ствалы гудзелi працягла i сумна. Зрэдку падалi каплi дажджу. З цiхiм шолахам скочвалiся яны з ялiн i сiпелi, трапляючы ў прысак вогнiшча. Дзесьцi раздавалiся не то раскаты далёкага перуна, не то прыглушаныя стрэлы. А з поўначы палавiна неба зрабiлася барвовай. Барвовасць то рабiлася цьмянай, то набракала залацiстай чырванню, нiбы падмiргвала неба налiтым крывёю зрокам. Барвовыя спалохi неба наганялi жудасць i страх. Верхавiны дрэў нiбы загаралiся тады празрыстым полымем, i яшчэ гусцей быў змрок на зямлi.

А з ветрам, што кiдаўся зверху, з высокiх вяршалiн, даносiлiся водгукi нейкiх слоў, крыку. Нiбы нехта кiдаў у чорныя прасцягi ночы прыглушаныя словы цi то просьбы, цi то адчаю, цi гарачага заклiку да расправы, да помсты.

Мiколка бачыў, як дзед уважлiва прыслухоўваўся да нечага, прынiкшы вухам аж да самай зямлi. Твар дзеда быў трывожны.

– Што слухаеш, дзеду?

– Нiчога, унуча, гэта я так...
– схамянуўся дзед, заўважыўшы, што за iм назiрае Мiколка.
– Ты сабе спi спакойна...

Але адзiн за адным даляцелi гукi стрэлаў, i тады Мiколка рашуча запытаў дзеда:

– Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робiцца ноччу?

– А што можа рабiцца цяпер? Няйначай немцы вёску паляць, рабуюць. Бачыш, зарава на паўнеба, значыць, хаты гараць.

З паўночы крыху паспакайнела, i Мiколка з дзедам моцна заснулi пад яловым дахам. Але пад самую ранiцу, калi пачало ўжо шарэць на ўсходзе неба, iзноў упаўзла трывога ў лес. Прыслухаўся Мiколка да палахлiвых гукаў, насцеражыўся. Няйначай хто плакаў у лесе, да таго ж выразна чуваць былi паасобныя словы:

Поделиться с друзьями: