Мiколка-паравоз (на белорусском языке)
Шрифт:
Хутка i развiталiся. Мацi дзеда прасiла, каб сачыў ён за ўнукам, да бяды не дапускаў.
– А ты не клапацiся, мы-то ўжо адзiн за аднаго пастаiм, у крыўду не пусцiм.
Пайшлi на прыстань. Па дарозе дзед Астап заглянуў да Мiколкавага брата, потым забег на тэлеграф, на станцыю, да знаёмага тэлеграфiста, з сваiх.
– Ты ўжо стукнi па тэлеграфу на раз'езд, што мы выязджаем. З раз'езда нашым перададуць у атрад...
На прыстанi сустрэлiся. Абышлi горад, агледзелi, дзе i якая часць стаiць. Заўважылi на беразе Дняпра нямецкую батарэю. Недалёка ад прыстанi стаяў штаб. За штабам стаяла гарадская турма. Ля яе важна прахаджвалiся нямецкiя часавыя. Агледзелi ўсё, запомнiлi i пайшлi
Зiрнуў на яе дзед, уздыхнуў, на Мiколку глянуў.
– Разумею, дзеду, зайздросцiш? Гэта табе не турэцкая шабля!
Яны ўважлiва аглядалi ўсё, прымячалi кожную драбнiцу, пакуль не накiнуўся на iх капiтан парахода:
– Чаго вас носiць тут, д'яблы? Панам толькi вочы мазолiць... Айда ў трэцi клас, галадранцы!
Зiрнуў на яго Мiколка, кулакi сцяў. Нешта хацеў сказаць, але мiргнуў тут яму дзед, за руку ўзяў, унiз павёў. Шапнуў:
– Памятай, дзе знаходзiшся!
Адно, што добра было ў трэцiм класе цяпер, гэта прастора. Як вiдаць, звычайныя людзi мала карысталiся цяпер параходам. Усё больш паны ехалi са сваiмi манаткамi, чамаданамi, сабачкамi. Ехалi афiцэры. Ехалi эсэры i ўсякая iншая погань. Усе яны ратавалi свае шкуры ад бальшавiкоў, марылi аб жорсткай расправе над iмi.
– Мы iм пакажам матушку Русь! Мы iм адпомсцiм за бацюшку-цара! Мы павешаем iх на слупах тэлеграфных за святую царкву!
– толькi i чуваць было навокал. I асаблiва стараўся адзiн генерал. Стары, сiвы, недалужны, а такi ж заўзяты. Каб змог, дык, вiдаць, сваёй бы рукой перадушыў i бальшавiкоў, i сыноў бальшавiковых. Аж пенай пырскаў:
– Вось гетман iм пытлю дасць... Вось немцы вуму-розуму навучаць... Вось французы, ангельцы... Хоць немцам усю Расею аддаць, толькi не iм, бальшавiкам праклятым...
I аж сiпеў стары, шапялявiў. I "за бацюшку-цара" было ў яго "за бачушку-чара". I пра супастатаў-бальшавiкоў: "Я iх, шупаштатаў, на кожным шлупку паражвешваю, я ж iх кiшкi павыпушчаю..."
Нявесела было Мiколку слухаць гэтыя размовы, i калi генерал на якую хвiлiну астаўся з iм адзiн, Мiколка шапнуў дзеду, мацаючы пад поясам свой кiнжал:
– Дай я яго, дзеду, трохi штыком памацаю цi хоць стукну па дурным чэрапу...
Але дзед рашуча забаранiў:
– Не чапай яго! Ён i так акалее ад свае злосцi... А мы з табой тут адны пакуль што. Вось пачакаем ранiцы, а цяпер кладзiся i спi...
А ранiца выдалася надзвычай добрая. Узышло яркае сонца, i пад яго праменнямi хутка раставалi i знiкалi белыя пасмы туманаў. Паволi плыў параход. Дзед разбудзiў Мiколку:
– Уставай! Ужо час на работу, пад'язджаем.
Абмацаўшы за поясам сваю зброю, дзед з Мiколкам падалiся на гару, на верхнюю палубу. Было мала людзей на ёй. Яшчэ спалi. Толькi драмала ля кулямётаў некалькi салдат, хадзiў сонны афiцэр i курыў цыгарку, каб адагнаць рэшткi сну. Ды неўгамонны генерал сядзеў ужо на лаўцы, усё не супакойваўся i пагражаў "шупаштатам", памiнаў "бачушку-чара".
Дзед з Мiколкам скромна прыселi на скрутку канатаў. Дзед закурыў цыгарку i ленавата сплёўваў за борт, пiльна прыглядаючыся да берагоў. I, нешта заўважыўшы, раптам ажывiўся, падняўся, Мiколку крыкнуў: "Пара!" I адкуль толькi спрыт узяўся ў дзеда, кiнуўся ён бегма да капiтанскага мосцiка i, стрэлiўшы на бягу
з рэвальвера, закрычаў капiтану:– Ану, круцi да берага! Ды шпарчэй! А то галаву знясу!
Стрэл нарабiў перапалоху. За дзедам кiнуўся афiцэр. Перапалохалiся салдаты. I ўжо гатоў быў афiцэр выстралiць у дзеда, як з правага берага раздаўся дружны залп. Потым яшчэ i яшчэ. Толькi пырскi ўзнялiся ля бартоў партызаны стралялi так, каб не паранiць Мiколку i дзеда. Стары генерал як стаяў, так i сеў на лаўку, i падняцца не мог, прылiп ад страху. Прынiклi салдаты да кулямётаў, але тут раздалiся залпы з левага берага. Салдаты кiнулi зброю i пабеглi хавацца.
Прачнуўся народ на параходзе, пачалася несусветная сумятня. Iстэрычна крычалi панi i паненкi, выскачылi паны на палубу. Некаторыя ад страху перад партызанамi кiдалiся за борт у ваду. Толькi нямецкi афiцэр паспрабаваў яшчэ абараняцца, прыпаў да кулямёта. Але не паспеў ён зрабiць па беразе i дзесятка стрэлаў, як адцягнуў яго дзед ад кулямёта.
А параход, ткнуўшыся носам сюды i туды, паволi падплываў ужо да берага. Людзi на параходзе стаялi з паднятымi ўгору рукамi. З берага неслася моцнае "ўра". Адтуль вiталi дзеда, вiталi з перамогай слаўнага Мiколку.
Праз якую хвiлiну параход прыстаў да берага. Яго прывязалi канатамi, паклалi дошкi на бераг, пачалi высаджваць палонных. I чаго тут не рабiлася толькi. I крыку было, i панскiх вобмаракаў, i просьбаў, i паклонаў, i слёз. Яшчэ ўчора такiя гордыя i грозныя, сёння кiдалiся паны на каленi перад Сёмкам-матросам, перад дзедам, перад Мiколкам. Сёмка-матрос дзялiў палонных на дзве кучкi. У адну адсылаў жанчын, старых i маладых паненак, старых паноў i афiцэраў, камандаваў:
– Ану, мадамы ды старыя сiяцельствы, айда налева.
А маладзейшых адбiраў у меншую кучку. Тут былi заўзятыя ворагi бальшавiкоў. Людзi, якiя вербавалi сiлы для гетмана. Людзi, якiя ездзiлi ў савецкую Расею па контррэвалюцыйных справах, якiя прадавалi Расею сусветнай буржуазii. Мiколка ведаў, што чакае гэтых людзей, i нiколькi не шкадаваў iх, калi партызаны павялi iх у лес, у лагчынку.
Яго больш зацiкавiла гiсторыя з генералам. Той ад страху страцiў усякую прытомнасць, i як сеў на лаўку, так i прылiп да яе.
Зiрнуў на генерала Сёмка-матрос, а ў генерала i каленкi затрэслiся. Аж плюнуў тут Сёмка-матрос:
– Ну i абломак iмперыi, да чаго ж палахлiвы!
Паглядзеў на генерала i Мiколка. Успомнiў пра "бачушку-чара" i пра "шупаштатаў". Хацеў нешта грознае сказаць, але махнуў рукой i, пераймаючы Сёмкавы манеры, таксама плюнуў паважна i адышоўся ўбок.
– Што ж з генералам рабiць будзем?
– запыталi партызаны Сёмку.
– А паслаць яго да мадамаў!.. Няхай iдзе.
I тут звярнуўся Сёмка-матрос з вялiкай прамовай да незвычайных сваiх палонных:
– Вы, каторыя мадамы, старыя сiяцельствы i ўсякiя iншыя абломкi iмперыi! Айда адсюль хутчэй, ды на вочы больш не трапляйцеся! Пападзецеся зноў - народ мы недалiкатны: адзьё, мусью, на штык ды ў рэчку...
I нават Мiколку падмiргнуў: "Бачыш, як я па-французску з iмi наярваю!"
А "мадамы", "сiяцельствы" i ўсе "iншыя абломкi" не палiчылi патрэбным доўга ўпрошваць сябе i адразу ж далi заўзятага драпака, толькi лыткi мiльгалi. Адкуль i спрыту набраўся стары генерал: так бег, што аж "мадамы" з сабачкамi ззаду засталiся. Бег i шаптаў:
– Пожа, Пожа, выратуй маю душу!
I даваў такога спрытнага драпака, што толькi пыл курэў пад "абломкам iмперыi".
А "шупаштаты" аглядалi параход, прыводзiлi яго да парадку. Сёмка-матрос, жартуючы, назваў параход браняносцам, i гэтая назва так i засталася за iм. А паколькi Мiколка быў галоўным завадатарам усёй параходнай справы, то судна называлi яшчэ Мiколкавым браняносцам.