Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мiколка-паравоз (на белорусском языке)
Шрифт:

– Гэта не барада, дурань, а бакi.

– А чаму бакi?

– "Чаму, чаму"... Таму... У мужыка барада, а ў пана бакi. Усе генералы i афiцэры такiя бакi насiлi. Некаторыя i салдаты, каторыя спрытнейшыя, таксама бакi насiлi. Ну, а каторы не спрытны, таму з такiмi бакамi нязручна: самае выгоднае месца, каб за яго афiцэру ўчапiцца, да апошняга валаска выскубалi... Вось i мая барада калiсь пацярпела, аж напалавiну выскублi.

– За храбрасць хiба?
– пытаў не да ладу Мiколка.

– Ат, гавары з табой...

I дзед кiдаўся ў доўгую гутарку аб тым, што такое ёсць храбрасць. I не звычайная, а храбрасць мiкалаеўскага артылерыста,

якi войны прайшоў i турэцкiя крэпасцi браў. Мiколка ўважлiва слухаў, каб займець з гэтай храбрасцi сякiя-такiя здабыткi i для сябе. Дзед любiць, калi яго хто доўга слухае. I за гэта заўсёды пачастуе чым-небудзь. Вось i цяпер, калi дзед скончыў свае расказы аб турэцкiх крэпасцях, ён зрабiўся зусiм лагодным i запрапанаваў Мiколку:

– Хадзем хаця на станцыю, абаранак куплю!

На гэта Мiколка згодны. Яны iдуць на станцыю. Дзед доўга таргуецца з буфетчыцай, усё выбiрае, каб абаранак быў большым i мякчэйшым, ды паболей маку на iм. Так мiрылiся дзед з унукам, i Мiколка не пярэчыў тады дзеду i прызнаваў яго храбрым, хоць сам употайкi крыху сумняваўся ў гэтым. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзiн, праз якi страцiлася ў Мiколкi ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Аднае ночы ўсе прахапiлiся са сну ад вялiкага крыку.

Крычаў дзед:

– Ратуйце хутчэй!

Мацi кiнулася да лямпы, усё не магла нiяк патрапiць на яе, каб запалiць хутчэй. А дзед усё крычаў:

– Хутчэй, хутчэй! Ой, дапамажыце!

– Што з табой, дзеду?
– кiнуўся да яго Мiколка.

– Ой, гiну! Звяруга нейкая ў бараду ўбiлася, стрыжэ яе, як нажнiцамi...

Мiколка сцямiў тут, у чым справа, ды хуценька да дзеда, цап яго за бараду. Дзед яшчэ большы крык узняў:

– Уцякай, уцякай, звер i табе пальцы адгрызе!

Але Мiколка ўжо трымаў звера ў руках, толькi нiяк не мог вызвалiць яго з барады. Тут мацi лямпу паднесла, i ўсе ўбачылi ў дзедавай барадзе звычайнага рака, якi запоўз туды i заблытаўся ў валасах. Ледзь-ледзь супакоiўся дзед, пакуль Мiколка выблытаў рака.

– Гэта ж трэба! Сплю я i чую: нешта ў барадзе шамацiць. Я цап рукой, а ён, гэты звер, як шчыкане за палец, а потым за горла, думаў - галаву адгрызе.

Тут мацi ўжо на Мiколку ўскiнулася:

– Вечна ты з бацькам з гэтымi ракамi носiшся. А каб прыбраць iх як след, дык гэтага нямашака... Вось мог праз гэтага рака дзеда ў магiлу загнаць.

I смех тут быў, як кажуць, i грэх.

А дзед з таго часу не мог спакойна глядзець на ракаў, i калi толькi даведваўся, што днём лавiлi ракаў, дык перад ноччу абвяшчаў забастоўку, не хацеў класцiся спаць на падлозе. I мусiў тады Мiколка мяняцца з дзедам месцамi, даваў яму прытулак на сваiм тапчане, а сам iшоў на дзедава месца. Iшоў i папракаў дзеда:

– А яшчэ стары ваяка! Яшчэ з гармат страляў!

– Гарматы i ракi - розныя, браце, штукi...
– уздыхаў, апраўдваючыся, дзед.

– А яшчэ храбры! Вось я i то за цябе храбрэй, не баюся ракаў!

– Ну што ж, на ракаў ты храбрэц...
– згаджаўся дзед з Мiколкам i доўга крактаў, прыладжваючыся на тапчане.

Выйшла з дзедам i другая штука, калi аднаго разу рыбу лавiлi. Праўда, i Мiколка з бацькам набралiся тады здаровага перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Неяк у вольны дзень пайшлi рыбу лавiць на раку. Хоць дзед i не меў асаблiвай прыхiльнасцi да гэтага занятку, але паколькi ён быў вольны i хацелася яму крыху прайсцiся, дык i далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзiць ды парады

дае.

– Адтуль, адтуль заходзь - там самая рыба ходзiць!
– радзiць дзед ды пiпку смыголiць.

Спачатку Мiколка з бацькам з таптухай цялёпкалiся, а потым узялiся рукамi плотак лавiць памiж карчоў. I намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слiзкi, цяжка яго рукамi ўзяць. Бацька Мiколку на дапамогу клiкнуў. Ловяць рукамi, мiж карчоў шаруюць.

– Ну i вялiкi ж, няйначай хунтаў на шэсць!
– кажа Мiколка, стараючыся спрытней падчапiць неўваротную рыбiну.

Але як ты яе нi бяры, выслiзгваецца, ды годзе. Выслiзгваецца ад Мiколкi, падаецца пад карчом да бацькi. Ад таго зноў назад.

– За зябры яго, за зябры, гада!
– падае дзед параду.

– Ну, вядома, не за хвост...
– адказвае бацька i яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нiчога не выходзiць. А дзеда тут ужо i нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацiкавiўся. Трэба-такi сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.

– Рыба, яна, браце, заўсёды рыбiна! Гэта табе не ракi, з якiх нi смаку, нi наедку, а адна толькi прыкрасць ды барадзе маёй непакой...

I вось аж усхадзiўся на беразе дзед, забегаў. I пiпка ў яго даўно патухла, знае толькi - рукамi махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:

– Яшчэ рыбаловы! Iм рыбу! Вам толькi прусоў ганяць!

– Сам злавi, - усердаваў тут не на жарты бацька.

– I злаўлю!

– А паспрабуй жа.

– I што ты думаеш? I паспрабую. Ён у мяне не выслiзнецца, як у вас, у няўмекаў...

I дзед самым рашучым чынам скiнуў адзежу i, павесiўшы яе на плечы баяўся пакiдаць на беразе, каб не скралi пастушкi, - смела рушыў у ваду.

– Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з iм разам распраўлюся, з супастатам!

Аж Мiколка падзiвiўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасцi - дзед так захадзiўся каля карча, аж вада кiпела наўкола. I вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:

– Ага! Папаўся-такi, не мiнуў маiх рук! А вы - няўмекi!

Мiколку з бацькам засталося толькi пераглянуцца мiж сабой. Ну i дзед, не чакалi такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымi пальцамi было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй i падчапiў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасцi, каб не ўпусцiць часам рыбiну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвiлiну.

Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Мiколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такi ж вялiкi. Але тут падзеi прынялi зусiм нечаканы зварот. Толькi гэта дзед, урачыста гледзячы на Мiколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулi на яго Мiколкаў бацька ды i сам Мiколка i, як бачыш, сiганулi на бераг. Толькi пырскi паляцелi па вадзе. Аж збялеў Мiколка, засопся. Выскачыў на бераг, азiрнуўся. Стаiць дзед i на iх глядзiць, дзiвуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далi. Тут як закрычыць Мiколка не сваiм голасам:

– Ратуйцеся, дзеду, пакуль не позна!

Зiрнуў тады дзед на свайго ментуза - i ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кiне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубiў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавiў яго потым Мiколка, ад'ехаўшы на чаўне ад берага.

I калi аддыхалiся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Мiколку i на яго бацьку:

– I якое лiха панесла вас вужаку лавiць?

Поделиться с друзьями: