Нямоглы бацька
Шрифт:
— Не. Зіму разам. І цяпер — усе разам. Такі Закон — мой.
— Нашто ўсе разам? Хадзі, нешта скажу.
…І вось з'явіўся Пятро зноў пад дуб, дзе прыбітая маўчала ўся грамада.
— Усё, — толькі й сказаў сусед Максім, — цяпер дзяцей заб'ю, а пасля і сам. Ані зерня пасеяць… Ну, Пятро?
— Не трэба забіваць, — голасна сказаў Пятро. — Здыміце салому са стрэх. Ад застрэхі-капяжа і да сярэдзіны пакрыцця.
— І што? — скрывіўся Гнат.
— Абмалаціце. І падмяціце дошкі, што знізу падстрэшка.
І праўда, крылі ж страху, беручы неабмалочаныя
— І падзяліцеся сакрэтам з суседзямі, — сказаў Пятро.
— Чаго-о? — узвіўся Гнат. — Ды мы іх…
— Падзяліцеся. Іначай кепска будзе.
На радасцях падзяліліся. І — нібы ад палёгкі, нібы ад падзякі — жыта ва ўсіх пайшло густое, кашлатае, як мядзведзь.
— Чаму не да канца стрэхі загадаў агаліць? — спытаў Максім.
— А вось каб вымерзлі ўсходы — тады б аж да казлоў усе кроквы і латы агалілі, але знайшлі б што другі раз у зямлю кінуць.
— Вой, не на дабро такі розум, — сказаў Гнат. — Быці бядзе.
І як накаркаў. Пачало ўжо красаваць, пачало весяліцца жыта, калі аднойчы з'явілася над гаем вялікая галава. Ішоў Велікан. Не з добрых волатаў, а з тых, што народу ў шкоду. Нагой ступіць — вада ў след набягае і робіцца стаў.
— Жыта якое! — загрымеў, як сто перуноў. — Тут і пасялюся.
Наламаў бярвенняў, зрабіў на самай гіганцкай асіне падмосце, а на падмосці з валуноў пабудаваў сабе замак.
— Тут буду сядзець. Збожжа збераце — з'ем. З-пад казлоў збераце, засеяце — і тое з'ем. А пасля вас саміх з'ем.
Паспрабавалі стрэлы ў яго кідаць — не далятаюць стрэлы да замка. Велікан стральцоў злавіў і з'еў, каб астатнім непавадна было. Смяротна затужылі людзі. Прыйшоў Пятро ў хату.
— Усё, татка. Цяпер прападаць будзем.
— Не шкадуеш?
— І ў соты раз я такі б Закон пераступіў. Цяпер — разам.
— Нашто? — спытаў нямоглы бацька. — Хадзі сюды…
І зноў сказаў Пятро людзям, што сабраліся пад супольным дубам:
— Нічога мы з ім, Веліканам, не зробім сілаю.
— А нашто сілаю? — высунуўся Гнат. — Я яму падарункі нашу. Хвалю.
— Ён цябе пазней за ўсіх з'есць… Не, людзі, не хваліць яго трэба, а сабраць дзяцей, асабліва сірот тых, з'едзеных, і хай кожны дзень пад тую асіну яны ходзяць ды плачуць, ды моляць.
— А што з таго? — здзекліва спытаў Гнат.
— Нічога. Толькі сіроцкая сляза мацнейшая за ўсё. А вам, дзеці, я нешта шапну на вуха, хадзіце сюды.
Тыя слухалі без слёз. Бераглі іх для дрэва і замка на ім.
Што раніца, то глухла наваколле ад плачу дзяцей пад волатам асінай. Ляжаць ніцма адзін да аднаго, плачуць, моляць Велікана. А той толькі з неахайнай барады чырвоныя дзёсны ды белыя зубы паказвае. Так ідуць хвіліны, дні, тыдні. Скора жніво.
— Ну і выплакаў нешта? — спытаў Гнат у Пятра.
А Велікан рагоча на дрэве, як жарабец, і не бачыць, што пад падмосцем зжоўкла лістота.
Гнат зноў баламуціць. І людзі ўжо
з рукамі да Пятра падступіліся. А той стаіць спакойна і паверх галоў глядзіць на дрэва:— А вы цярпенне майце.
…І вось падступіла ўначы дзікая хмара, пачалі з яе лупіць бліскавіцы, заварочаўся дзікай каменнай крушняй пярун, наляцеў ураган. Хр-аснула, ляснула аб зямлю ў хмарах смярдзючай парахні дрэва, з ракатаннем і грукатам пасыпаліся з яго каменныя брылы, пахавалі пад сабой Велікана.
І ўстала над гэтай бясслаўнай магілай вясёлка.
Засыпалі багатае збожжа ў сусекі і ямы. Велікана пазбавіліся. З суседзямі мір. Дык не, зноў муціць, падбухторвае людзей Гнат. Злуецца на іх і на ўвесь свет. І вось аднаго рання падступілі ўсе з доўбнямі ды з камянямі да парога Пятровай хаты.
— Не сваім гэта ён розумам, — насаджваецца Гнат, — гэта ён у Чорнай Сілы розум пазычыў.
— Праўда, — сказаў Максім. — Ты просты розумам. Як мы.
— Так, не сваім, — адказаў Пятро. — Бацькавым.
— Дык ты ж яго ў пушчу звёз?
— А ноччу назад прывёз.
— Не верце, — раве Гнат. — Конь і калёсы ў двары былі.
— А я на спіне. Як ён мяне малога.
— Глядзеў я, — залямантаваў Гнат, — косці ў будане.
— Аленевыя косці.
Пайшоў Пятро ў хату і вывеў адтуль бацьку:
— Жылі сілай, а розум забівалі. Жылі сённяшняй карысцю. Знішчалі "ўчора" і таму не мелі права на "заўтра".
— Гнаць іх у лес! — гарлае Гнат. — Закон пераступілі! Што ён такое дзецям сказаў, што дрэва з Веліканам ляснулася?!
— Забыў ты, — сказаў бацька, — што "сіроцкія слёзы дарма не мінаюць, пападуць на белы камень — камень прабіваюць".
Кінуў Гнат камень у Пятра — дзверы ў трэскі разнёс.
— Вось што, — сказаў тады Максім, — правільна ён зрабіў, пераступіўшы такі закон. Болей таго не будзе. Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў… Кланяйцеся гэтым двум да долу, людзі!
І тыя пакланіліся.
— Ну а ты? — спытаў у Гната Максім.
— А я пры сваім, — сказаў той. — Я свайго, як час прыйдзе, завязу-такі ў пушчу.
— А мы не дамо, — сказаў Максім. — Наш ён цяпер, а не твой. А калі ўжо гнаць кагосьці ў пушчу, дык гэта цябе. Ідзі, вый там на ветах, воўк.
І тут натоўп зароў. Уся ярасць на Закон, увесь адчай і ўся палёгка вылілася ў рыку.
— Хай ідзе!
Той пачаў аддаляцца. Тады Максім спытаў у бацькі:
— Дык няўжо толькі слёзы бязбацькавічаў дрэва сушылі?
— Ну, не толькі, — усміхнуўся той, — і яшчэ нешта.
— А што ж тады?
— А гэтага ні я, ні дзеці вам пакуль не скажам, — адказаў Пятро. — На той выпадак, калі з'явіцца сярод вас хаця адзін на дзесяць тысяч такі вось Гнат. І вось калі пачне ён бацьку крыўдзіць, а тут наступіць яму на хрыбет бязлітасны Велікан — вось тады толькі хай бацька адплоціць яму дабрынёю за зло. Добрай мудрасцю за злосную дурасць. А мы пакуль памаўчым.
І людзі зарагаталі. А Гнат аддаляўся ў пушчу, як камяк былой нянавісці.