Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Олівер Твіст

Дыкенс Чарльз

Шрифт:

Нельга чакаць, што сістэма выхавання на ферме дала б нейкі незвычайны ці выбітны плён. Дзявяты дзень нараджэння заспеў Олівера Твіста бледным, кволым дзіцём, крыху недарослым і, безумоўна, занадта худым. Але прырода і спадчыннасць пасялілі ў грудзях Олівера здаровы добры дух. Дзякуючы мізэрнай дыеце, дух гэты меў процьму месца для свайго развіцця; магчыма, толькі дзякуючы гэтаму, Олівер наогул дажыў да свайго дзявятага дня нараджэння. Як бы яно там у рэшце рэшт ні было, але гэта быў яго дзень нараджэння, і ён сустракаў яго ў вугальным склепе, у выбраным коле з двух маладых джэнтльменаў, што падзялілі з ім добрую порцыю «бярозавае кашы» і

былі зачыненыя ў склепе пасля нахабнай заявы, што нібыта яны галодныя, калі раптам місіс Ман, славутая лэдзі, якая ўзначальвала гэты дом, была ўзрушаная раптоўным з’яўленнем містэра Бамбла, прыходскага кур’ера, які намагаўся адкрыць весніцы ў садовай браме.

— Святы Божа! Гэта вы, містэр Бамбл, сэр? — прамовіла місіс Ман, высунуўшы галаву з акна ў робленай афектацыі радасці. — (Сюзанна, прывядзіце наверх Олівера і тых двух хлапцоў і памыйце іх добра.) Шчыры Божа! Містэр Бамбл, як я сапраўды радая бачыць вас!

Містэр Бамбл быў тоўсты мужчына з кепскім характарам, таму замест таго, каб належным чынам адказаць на гэтае сардэчнае прывітанне з прэтэнзіяй на роднасныя адносіны, ён з магутнай сілай патрос весніцы, а потым нанёс па іх такі ўдар, які не мог быць нанесены нічыёй больш нагой, акрамя як нагой прыходскага кур’ера.

— Свят-свят, толькі падумаць, — сказала місіс Ман, выбягаючы з дзвярэй (бо тры хлапчукі былі ўжо да гэтага часу пераведзеныя куды трэба), — толькі падумаць! Гэта ж трэба — забыцца, што брамка праз нашых мілых дзетак была зачыненая знутры! Праходзьце, сэр, малю вас, праходзьце, містэр Бамбл, калі ласка, сэр.

Хоць гэтае запрашэнне і суправаджалася рэверансам, які размякчыў бы нават сэрца царкоўнага старасты, але гэта ніякім чынам не пахіснула жорсткай паставы кур’ера.

— Як вы мяркуеце, ці гэта паважліва і прыстойна, місіс Ман, — пытаўся містэр Бамбл, сціскаючы сваю кульбу, — прымушаць прыходскіх афіцыйных асоб чакаць каля вашых садовых весніцаў, калі яны прыходзяць сюды па прыходскіх справах, звязаных з прыходскімі сіротамі? Ці вядома вам, місіс Ман, што вы пэўным чынам выбарная асоба прыхода, і ад прыхода вам належаць грошы?

— Зразумела, містэр Бамбл, я толькі... э... э... сказала сяму-таму з нашых мілых дзетак, якія Вас гэтак любяць, што той, хто да нас... э... ідзе, — гэта вы, — адказала місіс Ман з вялікай пакорай.

Містэр Бамбл быў упэўнены ў сваіх надзвычайных аратарскіх здольнасцях і выключнай значнасці. Адно ён ужо выказаў, адначасова сцвердзіў другое. Цяпер ён памякчэў.

— Добра, добра, місіс Ман, — адказаў ён больш спакойна, — можа быць, усё і так, як вы кажаце. Мабыць. Хадзем у дом. Я прыйшоў па справах і маю тое-сёе вам сказаць.

Місіс Ман прапусціла кур’ера ў маленькую гасцёўню з цаглянай падлогай, прапанавала яму крэсла і паслужліва паклала перад ім на столік яго трохкутку і кульбу. Містэр Бамбл выцер з ілба пот, што праступіў пасля шпацыру, самазадаволена зірнуў на трохкутку, усміхнуўся. Напраўду, ён усміхнуўся. Прыходскія кур’еры, зрэшты, таксама ж людзі, вось і містэр Бамбл усміхнуўся.

— А цяпер не крыўдуйце за тое, што я вам скажу, — заўважыла місіс Ман з абаяльнай ветлівасцю. — Вы ведаеце, вы зрабілі добры кавалак дарогі... Каб не, дык я і казаць не стала б. Містэр Бамбл, вып’еце кроплю чаго-небудзь?

— Ні кроплі. Ні кроплі, — прамовіў містэр Бамбл, велічна, але і дабрадушна махаючы праваю рукою.

— Я думаю, што вы вып’еце, — сказала місіс Ман, якая зацеміла сабе тон адмовы і жэст, які суправаджаў гэта. — Толькі маленькую

кропельку, і крышку халоднай вады з кавалачкам цукру.

Містэр Бамбл кашлянуў.

— Ну, толькі маленькую кропельку, — пераконвала місіс Ман.

— Што гэта? — спытаў кур’ер.

— Ну, дык гэта тое самае, чаго пэўную колькасць я павінна заўсёды мець у доме, каб даліваць бедным дзеткам у мікстуру Дафі, калі яны хварэюць, містэр Бамбл, — адказала місіс Ман, адчыняючы буфет, і паставіла на стол бутэльку і шклянку. — Гэта джын. Я вам не маню, містэр Бамбл, гэта джын.

— Вы даяце дзецям мікстуру Дафі, місіс Ман? — дапытваўся Бамбл, не могучы адарваць вачэй ад цікавай працэдуры змешвання.

— Блаславі іх Божа, даю, хоць гэта і дорага, — адказвала нянька. — Не магу глядзець, як яны пакутуюць у мяне перад вачыма, разумееце?

— Зразумела, не можаце, — сказаў містэр Бамбл ухвальна. — Вы вельмі добрая жанчына, місіс Ман. (Ён падсунуў да сябе шклянку.) Я паведамлю пра гэта радзе, як толькі надарыцца нагода, місіс Ман. (Ён змяшаў джын з вадою.) Я — я шчыра п’ю за ваша здароўе, місіс Ман.

І ён пракаўтнуў палову змесціва шклянкі.

— А цяпер да справы, — сказаў кур’ер, выцягваючы з кішэні скураны гаманец. — Дзіцяці, ахрышчанаму Оліверам Твістам, сёння споўнілася дзевяць гадоў.

— Блаславі яго Божа, — уклінілася місіс Ман, да чырвані расціраючы левае вока канцом фартуха.

— І нам, нягледзячы на прапанаваную ўзнагароду ў дзесяць фунтаў, якая была потым павялічана да дваццаці фунтаў, нягледзячы на надзвычайныя і, я б сказаў, празмерныя высілкі з боку прыхода, так і не ўдалося даведацца, хто яго бацька, а таксама месца жыхарства, імя і стан яго маці.

Місіс Ман здзіўлена ўскінула рукі, аднак пасля хвіліннага роздуму спыталася яшчэ:

— Як выйшла наогул, што ён атрымаў імя?

Кур’ер з годнасцю выпрастаўся і прамовіў:

— Я прыдумаў яго.

— Вы, містэр Бамбл?!

— Я, місіс Ман. Мы называем нашых падкідышаў згодна з алфавітам. Апошні быў на «С» — Субол, так я назваў яго. Далей была літара «Т» — Твіст, так я назваў наступнага. Наступны за ім будзе Унвін, а яшчэ далей будзе Вілкінс. У мяне напагатове імёны да канца алфавіта, і новы цыкл паўторыцца, калі мы дойдзем да апошняе літары.

— Дык вы ж сапраўдны літаратар, містэр Бамбл! — сказала місіс Ман.

— Ну, вы скажаце, — камплімент, відавочна, прыйшоўся кур’еру даспадобы. — Можа быць, можа быць, місіс Ман.

Ён дапіў джын і дадаў:

— Олівер ужо выйшаў з таго ўзросту, калі можна заставацца тут, і рада пастанавіла адправіць яго назад, у працоўню. Я прыйшоў, каб забраць яго туды. Пакажыце мне яго, і хутчэй.

— Пастараюся прывесці яго як мага хутчэй, — сказала місіс Ман, выходзячы дзеля гэтага з пакоя.

Олівер, які да таго часу вызваліўся ад верхняга слою бруду, што ляжаў на яго твары ды руках і змываўся з першага разу, быў уведзены ў пакой яго велічнай апякункай.

— Пакланіся джэнтльмену, Олівер, — сказала місіс Ман.

Олівер пакланіўся напалову кур’еру, напалову яго капелюшу на стале.

— Ці хочаш ты пайсці са мною, Олівер? — велічна спытаў містэр Бамбл.

Олівер хацеў быў сказаць, што ён гатовы пайсці адсюль з кім заўгодна і з вялікай ахвотаю, як раптам, гледзячы ўверх, ён сустрэў пагляд місіс Ман, якая атабарылася за крэслам кур’ера і раз’юшана трэсла ў яго бок кулаком. Ён адразу зразумеў намёк — кулакі занадта часта пакідалі сляды на яго целе, каб не застацца ў памяці.

Поделиться с друзьями: