Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Падарожжа ў нябыт
Шрифт:

Чаканне. Павольнае прасоўванне наперад. Бой гадзiннiка, як удары нажа ў сэрца. Раз... Два... Чаканне перад лiфтам... Тры... Чатыры... Нiякiх надзей. Назад у горад. Кашмарная ноч... Ранiшняя беганiна. Чаканне каля агароджы. Чаканне перад будынкам Б. Чаканне

перад лiфтам. Марудны пад'ём да калiдора трыццаць чацвёртага паверха... 1451... 3452... 3454. Павольнае перасоўванне з крэсла ў крэсла... "Наступны!" Нарэшце я зноў пападаю ў кантору пана Франка.

– А! Гэта вы! Прынеслi вiзу?

– Прынёс, - адказваю я, падаючы ў крэсла ад слабасцi.
– Вось яна.

Спачатку ён глянуў з задавальненнем i добразычлiва, потым з прыкрасцю вытрашчыў на мяне вочы:

– Чаму ж вы не прыйшлi ўчора? Ваша вiза несапраўдная.

– Як несапраўдная? Чаму?

– Тэрмiн годнасцi вiз ККК - адны суткi. А чаму? Не ў маёй кампетэнцыi. Такое правiла. Хутчэй бяжыце да iх у кантору i папрасiце прадоўжыць тэрмiн. Яны вам зробяць адразу... Наступны!

Ад гэтых слоў я налiўся гневам. З нянавiсцю ўявiў свае бясконцыя бадзяннi, гразiшчу, слоту, марную мiтусню i, без усякай павагi да навакольнага камфорту, забыўшы пра дваццаць асоб, што слухалi мяне ў пярэдняй, закрычаў не сваiм голасам:

– Даволi, хопiць! Хопiць ганяць мяне па вашых канцылярыях, з чаргi ў чаргу, ад бюракрата да бюракрата! Хопiць вашых паперак! Наздзекавалiся! Намучылi! Хопiць! Хопiць! Хопiць!.. Калi выехаць адсюль так цяжка, я не паеду.

Я

стукнуў кулаком па стале пана Франка; ён, мабыць, спужаўся, i не без падставы, бо я ашалеў ад злосцi.

– Я не паеду! Я не паеду!

Франк паклiкаў сакратара, яны схапiлi мяне за плечы i выпхнулi з канторы. На шум з'явiлiся два здаравенныя вартаўнiкi, сцiснулi мне рукi i вывалаклi з будынка. Вырваўшыся на волю, я пачаў бегаць па пляцоўцы i крычаць:

– Я не паеду!

Навокал сабралася шмат пасажыраў. Некаторыя прабавалi мяне ўгаварыць, але я нiкога не слухаў.

– Я не паеду!

Раптам перада мной адкрыўся нейкi прасвет. Я кiнуўся туды. Свежы салёны вецер павеяў мне ў твар. Два агеньчыкi выблiснулi ў тумане. Дзе яны? На якiм беразе. Чуцён быў глухi грукат марскога прыбою.

– Я не паеду.

Агнi наблiжалiся. Што гэта? Агнi цi чалавечыя вочы? Гэта былi вочы, мiлыя шэрыя вочы, поўныя болю i смутку, вочы маёй жонкi Данацiны.

– Я не паеду, - прамовiў я слабым голасам.

* * *

– Доктар, - закрычала яна, - ён пачаў гаварыць!

– Значыць, хвароба адступiла, - пачуўся грубаваты голас доктара Галцье.

Апошнiя пасмы туману чаплялiся за фiранкi. Прывычныя контуры мэблi выразна вырысоўвалiся ў дзённым святле. На сценах зазiхацелi жывымi колерамi знаёмыя карцiны, i над самым маiм тварам, блiзка-блiзка, блiшчалi ў слязах вочы Данацiны, гордыя i поўныя любвi.

Поделиться с друзьями: