Шрифт:
Альбэр Камю
Падзенне
Пераклаў Змiцер Колас
Прабачце, пане, вы не палiчыце за назойлiвасць, калi я прапаную вам свае паслугi? Бо iначай, баюся, вам не ўдасца згаварыцца з гэтым шаноўным гарылаю, што кiруе лёсам у тутэйшай карчомцы. На жаль, ён размаўляе толькi па-галандску. I калi вы не дазволiце мне растлумачыць яму ваш iнтэрас, ён наўрад цi здагадаецца, што вы хочаце выпiць ядлаўцовай гарэлкi. Ну вось, асмелюся спадзявацца, ён мяне зразумеў; тое, як ён кiўнуў галавой, павiнна азначаць, што мае довады яго пераканалi. Бачыце? Сапраўды - пайшоў, i нават спяшаецца, але з якою ўмудронаю сталасцю ён гэта робiць! Вам, трэба сказаць, пашанцавала - ён не забурчаў. Бо калi ён хоча адмовiць клiенту, яму досыць буркнуць, i настойваць ужо нiхто не рашаецца. Лiчыцца толькi з сваiм гуморам прывiлей вялiкiх звяроў. Але дазвольце адвiтацца, быў вельмi рады вам дагадзiць. О, што вы, што вы, пане, я вам вельмi ўдзячны i з прыемнасцю прыняў бы гэтае запрашэнне, але баюся, што i так ужо надакучыў вам. Вы вельмi прыязны. Што ж, стаўлю свой кiлiшак побач з вашым.
Ваша праўда, яго маўклiвасць проста
Праўда, у нашага гаспадара, хоць ён i сам толькi цьмяна здагадваецца пра гэта, але такiя ўсё ж маюцца. У яго, ведаеце, вельмi недаверлiвы нораў, а ўсё таму, што ён абсалютна нiчога не разумее, што пры iм кажуць. Адсюль i такая пахмурна-паважная пыса - нiбы ён, прынамсi, займеў падазрэнне, што ў чалавечым грамадстве не ўсё iдзе гладка. Калi ў чалавека такi настрой, з iм не надта лёгка гутарыць пра тое, што не тычыцца яго рамяства. Дарэчы, зiрнiце на тую сцяну, углыбiнi, - бачыце, над самай яго галавой квадрат, нiбы там вiсела карцiна. А там, сапраўды, раней вiсела карцiна, i вельмi цiкавая, сапраўдны шэдэўр. Дык вось, я быў сведка таго, як тутэйшы гаспадар яе набыў i як потым збыў. У абодвух выпадках гэта рабiлася з аднолькавай падазронасцю, пасля некалькiх тыдняў перадумвання i перажоўвання. З гэтага пункту погляду грамадства, трэба прызнаць, крыху папсавала некранутую прастату ягонай натуры.
Заўважце, я зусiм не папракаю яго. Я нават паважаю ў iм гэтую абгрунтаваную недаверлiвасць i з ахвотаю падзялiў бы яе, каб мне не замiнала, як вы самi маглi пераканацца, мая прыродная таварыскасць. На жаль, я балбатун i вельмi лёгка сыходжуся з людзьмi. Праўда, я ўмею трымаць прыстойную дыстанцыю, але каб пазнаёмiцца, любы выпадак лiчу прыдатным. Калi я жыў у Францыi, я не мог прамiнуць нiводнага разумнага чалавека, каб адразу не наладзiць з iм сяброўскiх зносiн. Ага, як бачу, вам крыху не прывычны гэты дзiўны выраз? Што ж, прызнаюся, ёсць у мяне слабасць да такiх выслоўяў, як i да ўсякiх моўных выкрутасаў наогул. I я сам папракаю сябе за гэтую слабасць, паверце. Я, зрэшты, выдатна разумею, што густ да тонкай бялiзны зусiм не абавязкова азначае, што ў вас брудныя ногi. I ўсё-ткi! Вычварны стыль, як i кужаль, вельмi ччаста хавае каросту. Адзiнае, чым я суцяшаю сябе - што i нягеглыя мямлi таксама не чысцейшыя за нас, гаваруноў. О, вядома, возьмем яшчэ па кiлiшку.
Вы доўга будзеце ў Амстэрдаме? Прыгожы горад, праўда? Чароўны? Вось слоўца, якога я даўно ўжо не чуў. Бадай, з тых часоў, як пакiнуў Парыж, а колькi ўжо мiнула! Але ў сэрца свая памяць, i я не забыў нашай мiлай сталiцы, яе набярэжных над Сенай. Парыж! Чысты мiраж, блiскучая дэкарацыя, у якой рухаюцца i жывуць чатыры мiльёны чалавечых iстот. Ужо пяць, паводле апошняга перапiсу? Што ж, i гэтыя хутка народзяць сабе малых. Мяне гэта не здзiвiць. Мне заўсёды здавалася, што ў нашых суайчыннiкаў дзве непазбыўныя страсцi: юрыць i мыслiць. Дзе папала i калi папала, як той казаў. Але не будзем iх за гэта судзiць: яны не адны, уся Эўропа такая. Я часам уяўляю сабе, што скажуць пра нас будучыя гiсторыкi. Iм хопiць адной фразы, каб апiсаць сучаснага чалавека: ён юрыў i чытаў газеты. I гэтаю ёмiстай фармулёўкай, асмелюся далажыць, будзе сказана ўсё.
Галандцы? О не, яны зусiм не такiя сучасныя. У iх надта многа вольнага часу. Ды вы самi зiрнiце. Што яны робяць? Ну, вунь тыя паны, напрыклад, жывуць коштам тых вунь кабет. Але ўсе яны, вядома - i самцы, i самкi, - дужа буржуазныя людзi, яны прыходзяць сюды ад прагi да таямнiчага. Альбо проста ад дурасцi. Iначай кажучы - ад лiшку цi браку ўяўлення. Часам гэтыя iмасцi забаўляюцца кожыкам цi рэвальверам, але не думайце, што iм гэта так ужо трэба. Гэтага патрабуе роля, вось i ўсё, i яны памiраюць ад страху, выпускаючы астатнi набой. I ўсё ж я лiчу iх болей маральнымi за тых, хто забiвае пацiху, у сям'i, бярэ блiжнiх на змор. Вы не заўважалi, што наша грамадства выдатна прыстасавана да такога роду знiшчэння? Вы, натуральна ж, чулi пра тых дробненькiх рыбак, што жывуць у бразiльскiх рэках: яны тысячамi кiдаюцца на неабачлiвага плыўца i ўраз абгрызаюць яго сваiмi вострымi зубкамi, пакiдаючы адзiн голы шкiлет. Што ж, так ужо яны створаны, такi ў iх лад. "Хочаце жыць чыста? Як усе?" Вы кажаце - вядома, натуральна. Як тут скажаш - не. "Добра. Зараз мы вас абгрызём. Вось вам работа, вось вам сям'я, вось - арганiзаваны адпачынак". I вострыя зубкi кiдаюцца на цела - i да касцей, да касцей. Але я не маю рацыi. Трэба казаць: не яны - ты так створаны. Гэта наш лад жыцця: галоўнае - хто каго абгрызе першы.
Ну вось, нарэшце нясуць нам нашую ядлаўцоўку. Каб вам добра жылося! Ага, вы бачылi - наш гарыла разявiў рот, ён назваў мяне доктарам. У гэтых краях усе дактары. Цi прафесары. Галандцы
любяць паважаць - праз сваю дабрыню цi праз сцiпласць. Зласлiвасць, прынамсi, у iх зусiм не нацыянальная рыса. А я, дарэчы, не лекар. Да прыезду сюды, калi вас гэта цiкавiць, я працаваў адвакатам. А цяпер вось - суддзя-пакаяльнiк.Але дазвольце ж назваць сваё iмя: Жан-Батыст Кляманс, ваш пакорны слуга. Рады пазнаёмiцца. У вас тут, несумненна, нейкiя справы? Амаль што? Выдатны адказ! I галоўнае - слушны, бо мы ўсе i ва ўсiм усяго толькi "амаль што". Паслухайце, длазвольце я згуляю з вамi ў дэтэктыва. Вы амаль што майго ўзросту, у вас спрактыкаванае вока саракагадовага чалавека, якi амаль што ўсё паспеў зведаць у жыццi, вы амаль што добра апрануты - цi менавiта так, як у нас апранаюцца ўсе, - i нарэшце, у вас гладкiя, дагледжаныя рукi. Значыць... значыць, вы - буржуа, амаль што! I буржуа вытанчаны! Вам непрывычны мае выкручастыя фразы? Што ж, гэта толькi двойчы даказвае вашу высокую культуру, бо, па-першае, вы ўсё-ткi разумееце iх сэнс, а па-другое, яны вас абураюць. I нарэшце, хвалiцца не буду, але, па-мойму, я вас зацiкавiў, а гэта сведчыць пра пэўную шырыню вашага розуму. Прымаючы ж усё сказанае пад увагу, прыходзiм да высновы, што вы - амаль што... Зрэшты, якое гэта мае значэнне? Прафесii мяне цiкавяць меней за секты. Дазвольце, я задам вам пару пытанняў? Калi палiчыце iх нясцiплымi - не адказвайце. Вы багаты? Збольшага? Добра. I вы не падзялiлiся сваiм багаццем з жабракамi? Не. Значыць, вы належыце да тых, каго я называю садукеямi. Праўда, калi вы не чыталi Святога Пiсання, вам гэта наўрад цi што скажа. Нешта гаворыць? Дык вы ведаеце Святое Пiсанне? Слухайце, вы сапраўды вельмi мяне цiкавiце.
Што ж да мяне... Ну, тут ужо мяркуйце самi. Плячыма, ростам i сваiм, па агульным прызнаннi, лютым тварам я хутчэй нагадваю рэгбiста, праўда? Аднак калi меркаваць па гаворцы, мне нельга адмовiць у пэўнай вытанчанасцi. Поўсць, з якой зрабiлi тканiну на маё палiто, састрыглi, вiдаць, з кароставага вярблюда, затое пазногцi ў мяне дагледжаныя. Чалавек я спрактыкаваны, як i вы, але здаюся на вас без нiякай перасцярогi, цалкам давяраючыся толькi вашаму твару. I нарэшце - нягледзячы на свае добрыя манеры i вычварную мову, я сталы наведнiк матроскiх бараў у Зэйдыку. Але кiньце, можаце не шукаць адказу. У мяне дваiстая прафесiя, вось i ўсё. Як i ўся мая натура наогул. Я ж вам казаў: я - суддзя-пакаяльнiк. Са мною толькi адно проста: у мяне абсалютна нiчога няма. Праўда, раней я быў багаты, але не, я не дзялiўся сваiм багаццем з iншымi. Пра што гэта сведчыць? Што я быў такi самы садукей, як i вы... О! Чуеце - сiрэны ў порце? Сёння ноччу будзе туман над Зэйдэрзее.
Вы ўжо збiраецеся? Прабачце, калi затрымаў. З вашага дазволу я за ўсё заплачу сам. У "Мехiка-Сiцi" вы мой госць, i мне вельмi прыемна вас пачаставаць. Вядома, заўтра я таксама буду тут, як, зрэшты, i ў любы iншы вечар. З удзячнасцю прыму вашае запрашэнне. Кудой вам iсцi?.. Ну-у... Але, калi не палiчыце за назойлiвасць, я правяду вас да порта? Так будзе прасцей за ўсё. Адтуль вам застанецца абагнуць жыдоўскi квартал, i вы выйдзеце на тыя чароўныя вулачкi, дзе бегаюць трамваi, поўныя кветак i аглушальнай музыкi. На адной з iх - яна называецца Дамрак - ваш гатэль. Не, не, толькi пасля вас, прашу. А я, дарэчы, жыву ў жыдоўскiм квартале - прынамсi, так ён называўся, пакуль яго не падчысцiлi нашыя браты-гiтлераўцы. Вось ужо дзе пашчыравалi! Семдзесят пяць тысяч жыдоў вывезена цi забiта на месцы - як той казаў, чысценька падмялi! Мяне захапляе такая руплiвасць, такая цярплiвая метадычнасць. Калi не маеш характару, трэба выпрацаваць у сябе, прынамсi, нейкую методу. Тут яна, бясспрэчна, зрабiла цуды, i вось я жыву на месцы аднаго з сама вялiкiх злачынстваў у гiсторыi. Мусiць, якраз гэта дапамагае мне разумець нашага гарылу i прычыны яго недаверлiвасцi? Дзякуючы гэтаму я магу змагацца з сваёю прыроднаю схiльнасцю, да ўсiх ставiцца спагадна. Калi я бачу новы твар, нехта крычыць ува мне: "Цiшэй. Небяспека!" I нават калi мяне вабiць да каго-небудзь неадольна, я па-ранейшаму пiльны.
Ведаеце, падчас адной карнай экспедыцыi ў нашай вёсцы нямецкi афiцэр вельмi ласкава папрасiў старую кабету, каб яна сама выбрала, каторага з яе двух сыноў расстраляць як заложнiка. Каб сама выбрала - вы ўяўляеце? Гэтага? Не - таго. I потым глядзець, як яго павялi. Не будзем кiдацца ў крайнасцi, але, паверце, у гэтым свеце ўсё магчыма. Я ведаў, аднаго крыштальна чыстага чалавека, якi ўсiм сваiм нутром не прызнаваў недаверу. Гэта быў пацыфiст, прыхiльнiк неабмежаванай чалавечай свабоды, ён любiў непадзельнай любоўю ўсё чалавецтва i ўсiх звяроў на зямлi. Выбраная душа, гэта ўжо пэўна! I вось, калi пачалiся сучасныя рэлiгiйныя войны ў Эўропе, ён падаўся на вёску. I на парозе сваёй хаты напiсаў: "Адкуль бы вы нi прыйшлi, уваходзьце, вы тут - жаданыя госцi!" Хто ж, на вашу думку, адгукнуўся на гэта ласкавае запрашэнне? Фашысцкiя памагатыя. Яны ўвайшлi да яго, як у сваю хату, i выпусцiлi яму кiшкi.
О, прабачце, панi! Зрэшты, яна нiчога не зразумела. А як людна, га? I гэта нягледзячы на тое, што ўжо позна i некалькi дзён бесперастанку лье дождж. На шчасце, ёсць ядлаўцоўка, адзiны светлы праменьчык у гэтым змроку. Вы адчуваеце, як яна запальвае ў вас свой залацiста-жоўты агонь? Люблю вось так, вечарамi, хадзiць па горадзе i адчуваць, як ядлаўцоўка грэе мне кроў. Часам я магу хадзiць цэлую ноч i ўсё думаю, мару. Цi размаўляю сам з сабой. Вось як цяпер, ваша праўда. Але баюся, я вас ужо натамiў? Дзякуй, вы вельмi ласкавы. Я, ведаеце, увесь перапоўнены, досыць разявiць рот, i словы цякуць, цякуць... Бадай, мяне натхняе гэта краiна. Я люблю гэты люд, што кiшыць на ходнiках, зацiснуты ў вузкай прасторы памiж каналаў i дамоў, абложаны з усiх бакоў туманам, настылай зямлёй i морам, над якiм падымаецца пара, як над лугаванай вадой. Я люблю яго за тое, што ён таксама дваiсты. За тое, што ён тут i недзе вельмi-вельмi далёка.