Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Палескія рабінзоны
Шрифт:

– Хлеб! – закрычалі тыя і кінуліся да бандыцкай торбы з прадуктамі. Вынялі хлеб, сала, соль ды яшчэ кураціну і накінуліся на ўсё гэта, як звяры. Новы таварыш і сам хацеў есці, але ў такі момант нельга было гэтым займацца.

– Таварышы! – сказаў ён з дакорам. – Што вы робіце? Пачакайце крыху. Мы яшчэ не скончылі.

– Мы месяц не бачылі чалавечай яды! – азваўся Мірон з поўным ротам.

Таварыш здзіўлена паглядзеў на іх.

– Мы яшчэ ў час паводкі ехалі сюды па возеры, – дадаў Віктар. – Лодка перакулілася, і мы апынуліся тут. Гэтак і жылі цэлы месяц. А вы як трапілі да іх? Вы ведаеце, як выйсці? Пойдзем зараз.

– Пачакайце, пачакайце! – перапыніў таварыш. – Аб гэтым пасля. А цяпер у нас ёсць

справа важнейшая: трэба падрыхтавацца да сустрэчы новых гасцей.

– Такіх самых?

– Акурат такіх самых, – усміхнуўся таварыш. – Але спачатку трэба размясціць гэтых.

Другога бандыта адвялі туды, дзе быў першы. Старанна звязалі яго з дапамогай жардзіны, а таксама заткнулі і завязалі рот, каб палонны не мог крыкнуць. Праверылі і падправілі путы першага. Затым пайшлі да раненага. Той ужо быў мёртвы. Яго адцягнулі ў зараснік, дзе толькі што хаваліся хлопцы. Падклалі галля ў агонь, раскладзены бандытамі ля забітага зубра, а самі схаваліся ў бліжэйшых да вогнішча кустах.

Тады незнаёмы таварыш сказаў:

– Зараз павінны прыйсці яшчэ некалькі чалавек з іхняй кампаніі. Трэба іх прыняць не горш, як гэтых. Вы, мае дарагія таварышы, паказалі сябе храбрымі і свядомымі савецкімі рабятамі. Думаю, і цяпер вы прымеце ўдзел у аперацыі.

– А як жа! – усклікнулі яны з радасцю.

Пад кіраўніцтвам такога таварыша новая аперацыя здавалася ім нават прывабнай. Хоць і страшнавата, і сэрца сціскаецца ад хвалявання, але затое адчуваеш, што робіш важную справу.

– Я думаю, іх будзе не больш як два-тры чалавекі, – казаў далей таварыш. – Мы неспадзявана выскачым на іх, і яны напэўна здадуцца без бою. Тым больш што наўрад ці яны ўсе будуць мець зброю – для іхняга зборышча яна ім непатрэбная, а насіць так рызыкоўна.

– А калі іх будзе болей? – спытаў Віктар.

– Тады пабачым, што трэба будзе рабіць. А цяпер скажыце, як вас зваць.

Хлопцы адрэкамендаваліся і ў сваю чаргу спыталіся, як яго зваць і як ён трапіў у рукі гэтых бандытаў.

– Прозвішча маё Саўчук Андрэй Аляксандравіч, – пачаў ён свой расказ. – Служу я ў пагранатрадзе. Гэты чорны жыве на хутары кіламетраў за дзесяць адсюль. Той малады часта прыходзіць да яго з суседняга мястэчка. Аднаго разу мы атрымалі весткі, што гэты чорны (Станоўскім завецца) мае сувязь з кантрабандыстамі. Якраз учора трапіў мне на вочы гэты трэці, незнаёмы чалавек. Ён накіраваўся на хутар. А хутар гэты знаходзіцца ў глушы, наводшыбе. Я пайшоў за ім. Але, відаць, і гэты чорны дзядзька быў не дурны. Ён, відаць, чакаў гэтага госця і прадбачыў, што за ім могуць сачыць. Калі мы ўжо былі недалёка ад хутара, яны абодва накінуліся на мяне, звязалі і па глухіх сцежках прывялі сюды. Мусіць, вы чулі, як яны збіраліся мардаваць мяне, каб даведацца, якім чынам і ад каго мы пра іх даведаліся. Яны думалі забіць мяне, потым таго ці тых, хто сказаў, і гэткім чынам схаваць сляды. Каб не вы, – скончыў ён усхваляваным голасам, – я перацярпеў бы такія пакуты, перад якімі смерць – нішто. Дзякую вам!

– Завошта? – шчыра дзівіўся Віктар. – Хто ж гэтага не зрабіў бы на нашым месцы?!

– Усё ж такі вы рызыкавалі.

– Невялікая рызыка, – сказаў Мірон. – Вы для нас зрабілі болей, як мы для вас. А вось якім чынам вы прабраліся цераз балота? Мы аніяк не маглі знайсці выхада і збіраліся сядзець тут да зімы.

– З таго боку ёсць падрыхтаваныя кладкі, але яны ў балоце, зверху іх не відаць.

– Я ж казаў, што там пераход! – накінуўся Віктар на Мірона. – А ты ўсё мудрагеліў.

– Усё роўна вы не прайшлі б, – усміхнуўся Саўчук. – Там хітра зроблена. Вось такім чынам (ён начарціў на зямлі план). Калі вы нават знойдзеце адну кладку, дык яна хутка канчаецца і вы трапіце ў багавінне. Другая кладка зусім убаку. Каб трапіць на яе, трэба цягнуць з сабою доўгую дошку і перакінуць яе на тую другую кладку. А праз некалькі крокаў і тая

канчаецца. Тады трэба зноў шукаць наступную і зноў перакідаць дошку. Пераход цяжкі, марудны і небяспечны. Ніхто б не здагадаўся, калі не ведаць. Толькі вопытныя кантрабандысты маглі ўзяцца за гэткае мерапрыемства. Мусіць, іхняя справа мае шырокі размах.

– Нават занадта шырокі, – прамовіў Віктар і выняў паперы. – Вось зірніце.

– А там яшчэ ёсць і піраксілінавыя шашкі, – дадаў Мірон.

– Што вы кажаце? – усхапіўся Саўчук і з напружанай цікавасцю пачаў разглядаць паперы. – Гэта ж не толькі кантрабандысты, але шпіёнская і шкодніцкая арганізацыя. Ды яшчэ з удзелам, як кажуць, нейкай суседняй дзяржавы. Добрую справу вы зрабілі, таварышы! Раскажыце цяпер, як вы тут жылі, – папрасіў Саўчук.

Мірон і Віктар, перабіваючы адзін аднаго, расказалі пра сваё падарожжа, крушэнне, пра пакуты і прыгоды, пра бандытаў і іхні склад. Саўчук выслухаў іх з надзвычайнай цікавасцю, а затым сказаў:

– Хоць і ў неабдуманае, недарэчнае падарожжа вы пусціліся, але вас можна пахваліць за тое, што вы добра змагаліся за сваё існаванне, не апусцілі рук і, як відаць, засталіся такімі ж бадзёрымі і вясёлымі. Пасля такой практыкі вам ужо ніякія нягоды не будуць страшнымі.

Так, у гутарцы, прайшло гадзіны са дзве. Сонца пачало ўжо схіляцца на захад.

– Калі не прыйдуць праз дзве гадзіны, то мы пойдзем дадому, – сказаў Саўчук.

Словы «пойдзем дадому» прагучалі для нашых хлопцаў як нешта незвычайнае, казачнае. Няўжо сапраўды так бывае, што можна ўстаць і пайсці дадому?…

Уверсе, на дрэве, каркнула варона. Праз хвіліну каркнула на другім. Затым з'явілася варона на ніжняй галіне, потым яна спусцілася на зямлю і бокам-бокам пачала набліжацца да зубра.

– Эх, шкада гэтай цудоўнай жывёліны! – прамовіў Саўчук.

– Затое і забойца загінуў, – заўважыў Мірон.

– Ды хіба ён варты зубра? – горача ўсклікнуў Віктар. – Гэткіх бандытаў вунь колькі знайшлося, а зубр быў адзін і, можа, больш ужо не будзе.

Каля зубра ўжо скакала некалькі варон. Іх збіралася ўсё больш і больш. Яшчэ хвіліна, другая – і яны абляпілі ўсяго зубра.

– І адкуль толькі яны ўзяліся? – дзівіўся Мірон. – Цэлы месяц мы іх тут бадай не бачылі, а цяпер глядзі, колькі сабралася.

– Трэба іх разагнаць, – сказаў Саўчук, – а то ствараецца ўражанне, што тут і духу чалавечага няма, а гэта для нас нявыгадна: новапрыбыўшыя могуць занепакоіцца, куды падзеліся іх таварышы.

Віктар і Мірон стрэльнулі з рэвальвераў. Гул ад стрэлаў пакаціўся па лесе і закончыўся нібы новым, далёкім і глухім стрэлам.

– Што гэта – рэха ці нечы стрэл?

Саўчук упэўнена сказаў:

– Гэта яны стралялі ў адказ, бо гук пачуўся тады, калі рэха ўжо заціхла. Цяпер будзьце гатовы.

– Заўжды гатовы! – адказалі хлопцы весела, але ў іх галасах выразна адчувалася хваляванне, тое хваляванне, якое бывае не ад страху, а ад незвычайнасці моманту.

Далёка між дрэў замільгалі людзі… адзін… два… тры… чатыры… Болей як быццам няма. Ну што ж – не страшна. Яны смела накіроўваюцца да вогнішча; яны добра ведаюць, што там свае. У аднаго ў руках рэвальвер, з якога ён толькі што страляў. У іншых, як відаць, зброі няма. Зусім добра!…

– Я гэтаму пераб'ю руку ці плячо, – прашаптаў таварыш Саўчук, – а тады ўсе выскачым.

І ён накіраваў на яго стрэльбу. Віктар узяў у рукі свае абодва рэвальверы. Мірон, які раней аддаў свой другі рэвальвер Саўчуку, паглядзеў на Віктара з зайздрасцю.

Бандыты падышлі да вогнішча і спыніліся.

– Ці не на паляванне пайшлі? – пачуліся галасы. – Навошта? Вунь якую штуку забілі і яшчэ павалакліся.

Грымнуў стрэл… Чалавек з рэвальверам войкнуў і ўхапіўся левай рукой за правую; рэвальвер упаў на траву. Трое іншых не паспелі разабрацца, у чым справа, як убачылі, што да іх падбягаюць трое ўзброеных людзей.

Поделиться с друзьями: