Палескія рабінзоны
Шрифт:
– А ты не чытаў? Чаму ж ты не ведаеш?
– Ды неяк не звяртаў увагі на падрабязнасці. Пішуць, што труць і круцяць, а як – не цікавіўся.
– Каб ведаць, што яно спатрэбіцца… – уздыхнуў Віктар.
– Не ўмеем мы ўважліва чытаць кнігі, – з роздумам сказаў Мірон, – столькі разоў чытаў, а як – не заўважыў.
– Лепш тады выбіць агонь крэменем, – прапанаваў Віктар.
– Вядома, лепш, каб яго знайсці, – згадзіўся Мірон.
Але дзе там было знайсці крэмень сярод балота!
Думка аб тым, што агню здабыць не ўдасца, зусім збянтэжыла хлопцаў. На
– Падрыхтуй ты чаго-небудзь сухога на распал, а я буду церці хоць цэлы дзень. Галоўнае – не спыняцца.
Сцяўшы зубы, ён зноў пачаў церці – моцна, упарта, доўга. Кроплі поту падалі на дрэва і бадай што сіпелі ад гарачыні, а дыму не было. Нарэшце абодва кавалкі пакрышыліся ў руках. Віктар злосна кінуў іх і пачаў выціраць лоб.
– А можа, і загарэлася б, каб дрэва было цвярдзейшае, – нерашуча прамовіў Мірон.
Віктар толькі рукой махнуў:
– Дзе там! Каб туды ішло, то была б хоць якая-небудзь іскра ці дымок. А тут толькі гарачыня – і больш нічога.
– Але ў кнігах пішуць…
– Хай бы той сам паспрабаваў, хто піша, – сказаў Віктар, цяжка дыхаючы.
Ён стаяў, апусціўшы рукі, нібы толькі што вылез з вады. Мірон ніколі не бачыў у свайго прыяцеля такога выразу твару, як цяпер: гэта быў не жыццярадасны юнак, а сталы мужчына з суровым тварам і складкамі на лбе. Віктар нешта абдумваў. Затым цвёрдымі крокамі падышоў да зайца, падняў яго і пачаў разглядаць, адхіляючы пальцамі ў некаторых месцах поўсць.
– Што ты хочаш рабіць? – з жахам спытаў Мірон, здагадваючыся, у чым справа.
– Тое, што зрабіў бы на нашым месцы кожны разумны чалавек, – спакойна адказаў Віктар і, набраўшыся духу, нібы збіраўся кінуцца галавой у палонку, запусціў зубы ў спіну зайца…
Трэба адзначыць, што ў адным выпадку «геройства» Віктара было не ў тым, што ён з голаду адважыўся пакаштаваць сырога мяса, а ў тым, што ён аднымі толькі зубамі, праз поўсць і скуру, дабраўся да гэтага мяса. Гэта была вельмі цяжкая, складаная і непрыемная аперацыя…
– Ну, як? – затаіўшы дыханне, запытаўся Мірон, калі Віктар нарэшце адкусіў і праглынуў кавалак.
– Пакаштуй, – адказаў Віктар і працягнуў яму зайца.
Мірон нерашуча ўзяў, пакруціў яго, нацэліўся быў укусіць, але адклаў.
– Не, – прашаптаў ён, – не магу. Пакуль яшчэ не паміраю – пачакаю.
Віктар усміхнуўся.
– Не скажу і я, каб смачна было. І кусаць другі раз таксама пачакаю. Думаю, пакуль што і гэты кавалак што-небудзь дасць для арганізма. Але ўсё ж такі лічу за лепшае з'есці сырога мяса, чымся паміраць. Ну, смялей!
– Пачакай крыху, паспею, – прамовіў Мірон і зноў палажыў зайца на зямлю.
– Не надта паспееш, – сур'ёзна сказаў Віктар. – Калі доўга будзеш чакаць, то мяса і сапсавацца можа.
– Хоць трошкі пачакаем, – адмаўляўся Мірон, – а пакуль паспрабуем яшчэ іншым спосабам. Я там бачыў добрую палку.
Ён прынёс сухую гладкую альховую палку і падаў Віктару.
– Пастарайся завастрыць яе, а я пайду пашукаю яшчэ
што-небудзь.Віктар, не доўга думаючы, пусціў у ход свае зубы.
– Што ты робіш?! – крыкнуў Мірон і выхапіў палку. – Ты ж замочыш яе! Ты як-небудзь інакш.
Тады Віктар пачаў вастрыць яе аб дрэва, потым уціснуў канец у шчыліну ў дрэве і пачаў круціць. А Мірон пайшоў у лес.
Праз некаторы час ён закрычаў:
– Віктар! Сюды! Хутчэй!
Віктар пабег. Мірон стаяў каля зрэзанага пня і трымаў у руках некалькі шырокіх трэсак.
– Хіба ты не мог без мяне прынесці гэтыя трэскі? – сказаў Віктар.
– Не тое. Зірні, вунь некалькі зрэзаных пнёў.
– Ну дык што ж?
– Значыцца, тут людзі бываюць. Значыцца, мы не на бязлюдным востраве. Значыцца, і выхад павінен быць.
– Гэта, браце, невялікая радасць. Напэўна, гэта магло быць толькі ўзімку, праз возера. А сядзець тут да зімы…
– І то праўда, я забыўся, – збянтэжана адказаў Мірон.
Пачалі наладжваць новую прыладу.
– У дошчачцы трэба выкалупаць ямку, – тлумачыў Мірон. – Уставім туды востры канец палкі, вось так. Я каменем буду паступова прыціскаць зверху, а ты круці палку то ў адзін, то ў другі бок.
Лёгка было сказаць – «выкалупаць ямку». А калі дайшло да справы, то гэтае «калупанне» без прылады аказалася вельмі нялёгкай і маруднай справай. Колькі трэсачак пераламалі! Ды яшчэ трэба было сачыць, каб яны былі зусім сухія, бо іначай ямка зрабілася б вільготнай.
Нарэшце падрыхтоўчыя работы былі скончаны.
Віктар узяў палку між далонямі і пачаў круціць. Але машына спынялася кожную хвіліну: то рукі саслізнуць, то камень, то Мірон занадта прыцісне. Нарэшце Віктару далоні пачалі балець.
– Ды яно нават і не награецца, – з прыкрасцю сказаў ён. – І якім гэта чынам дзікуны робяць? Мы прызвычаіліся з пагардай зваць іх дзікунамі, а самі – дурнейшыя ад іх. Тут патрэбна спецыяльная машына, каб круціць.
Мірон стаяў, апусціўшы галаву, і напружана думаў. Нарэшце ён крыкнуў:
– Успомніў! Успомніў! Трэба зрабіць лук, абкруціць адзін раз палку напятай струной і піліць, як на скрыпцы. Яна тады і будзе круціцца як след. Калісьці я нават і малюнак такі бачыў у адной кніжцы.
– Пачакай яшчэ скакаць, – недаверліва сказаў Віктар. – Мы ўжо рабілі па кніжцы.
– Тое, ды не тое, – упэўнена адказаў Мірон.
Знайсці і зламаць патрэбную галіну было няцяжка. Але што на яе напяць? Азірнуліся навакол, зірнулі на сябе.
– Давай шнурок ад сваіх чаравікаў! – крыкнуў Мірон.
Прыладзіліся. Падрыхтавалі губу, драбнюсенькія трэсачкі. Пачалі шморгаць лукам. Справа пайшла іначай. Нават Віктар пачаў спадзявацца.
– Дынама-машына, ды і годзе! – засмяяўся ён.
Сучок круціўся, ямка паглыблялася.
– Поўны ход! Без перапынку! – камандаваў Мірон.
Віктар і без гэтага стараўся ваўсю. Але праз некалькі хвілін лук як тарганецца ды як скокне ўбок!… Ледзь Віктару вока не выбіў: гэта шнурок перапіліўся і парваўся.
– Вось няшчасце! – усклікнуў Віктар. – Чаму ж ты два шнуркі разам не скруціў?