Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пампушка (на белорусском языке)
Шрифт:

Здзiўлены граф загаварыў з дзякам, якi выйшаў з дома кюрэ. Стары царкоўны пацук адказаў яму:

– О, гэтыя не злыя; кажуць, яны не прусакi. Аднекуль далей, я нават i не ведаю скуль; i ў iх ва ўсiх засталiся дома жонкi ды дзецi; iм, канешне, вайна не радасць, што тут казаць. Напэўна, i там плачуць па мужыках; i там нэндзы ад усяго гэтага будзе не меней, чым у нас. Тут пакуль што не даводзiцца надта наракаць, таму што яны не чыняць зла i працуюць, як у сябе дома. Ведаеце, пане, бедныя людзi павiнны памагаць адзiн аднаму... Вайну ж распачынаюць багацеi.

Карнюдэ, абураны прыязнасцю, якая ўсталявалася памiж пераможцамi i пераможанымi, пайшоў назад, намераны лепей адседжвацца ў заезным двары. Люазо

кiнуў жарцiк:

– Яны пакрываюць страты насельнiцтва.

Пан Карэ-Лямадон сур'ёзна запярэчыў:

– Яны пакрываюць выдаткi.

А фурман усё не яўляўся. Нарэшце яго адшукалi ў пасялковай кавярнi, дзе ён па-братэрску дзялiў стол з дзеншчыком прускага афiцэра. Граф запытаўся:

– Хiба вам не загадвалi запрэгчы а восьмай?

– Загадвалi. А потым загадалi iншае.

– Што iншае?

– Увогуле не запрагаць.

– Хто даў вам такi загад?

– А Божа! Ды прускi камендант.

– Чаму?

– А я ведаю? У яго папытайцеся. Мне забаронена запрагаць - я i не запрагаю. Вось i ўсё.

– Ён сам сказаў вам гэта?

– Не, пане, гэты загад мне перадаў ад яго iменi карчмар.

– Калi?

– Учора вечарам, я акурат укладваўся спаць.

Трое пасажыраў вярнулiся дужа занепакоеныя.

Хацелi пагаварыць з панам Фалянвi, але служанка адказала, што з-за астмы гаспадар нiколi не ўстае раней дзесятай. Ён катэгарычна забаранiў будзiць яго раней, хiба што надарыцца пажар.

Хацелi былi пабачыцца з афiцэрам, аднак выявiлася, што гэта абсалютна немагчыма, бо хоць ён i жыў тут жа, у заезным двары, але толькi пан Фалянвi меў права гаварыць з iм пра цывiльныя справы. Вырашылi чакаць. Жанчыны разышлiся па сваiх пакоях i занялiся ўсякiмi дробязямi.

Карнюдэ ўладкаваўся ў кухнi каля высокага камiна, дзе палала яркае полымя. Ён загадаў паставiць побач столiк, прынесцi бутэльку пiва i дастаў з кiшэнi люльку, якая карысталася сярод дэмакратаў амаль такою ж павагай, як i ён сам, нiбыта служачы Карнюдэ, яна служыла самой радзiме. Гэта была цудоўная пенкавая люлька, выдатна абкураная, такая ж чорная, як зубы ў яе ўладальнiка, але пахкая, выгнутая, блiскучая, якая так натуральна глядзелася ў яго руцэ, так дапаўняла яго аблiчча. I ён замёр, прыкоўваючы позiрк то да полымя, то да пены, якая каранавала куфаль, i пасля кожнага глытка задаволена запускаў доўгiя худыя пальцы ў свае доўгiя сальныя валасы ды абсмоктваў махры пены з вусоў.

Люазо, нiбыта каб размяць ногi, падаўся да мясцовых гандляроў прыстройваць сваё вiно. Граф i фабрыкант завялi гамонку пра палiтыку. Яны абмяркоўвалi будучыню Францыi. Адзiн усе спадзяваннi ўскладаў на арлеанцаў, другi - на невядомага ратаўнiка, на героя, якi з'явiцца ў сама скрутны момант: на якога-небудзь дзю Геклэна цi на Жану д'Арк - хто ведае? Напалеона I. Ах, калi б наследны прынц не быў такi малады! Карнюдэ слухаў iх i ўсмiхаўся з выглядам чалавека, якому ведамы таямнiцы лёсу. Водар ад яго люлькi поўнiў усю кухню.

Калi прабiла дзесяць, з'явiўся пан Фалянвi. Усе памкнулiся да яго з роспытамi; але ён тройчы запар, без нiякiх змен, паўтарыў:

– Афiцэр сказаў мне гэтак: "Пан Фалянвi, забаранiце запрагаць заўтра карэту гэтых падарожных. Я не хачу, каб яны паехалi без майго дазволу. Вы зразумелi? Тады ўсё".

Вырашана было пагаварыць з афiцэрам. Граф паслаў яму сваю вiзiтную картку, на якой пан Карэ-Лямадон дадаў сваё прозвiшча i ўсе свае званнi. Прусак загадаў адказаць, што ён прыме гэтых людзей пасля снедання, гэта значыць, каля гадзiны дня.

З'явiлiся панi; нягледзячы на агульную трывогу, падарожнiкi перакусiлi. Пампушка, здавалася, захварэла i была моцна занепакоеная.

Калi дапiвалi каву, па графа i фабрыканта прыйшоў дзяншчык.

Люазо таксама пайшоў з iмi; паспрабавалi выцягнуць i Карнюдэ,

каб надаць вiзiту болей урачыстасцi, але той горда заявiў, што ўвогуле не жадае мець нiякiх стасункаў з немцамi, заказаў яшчэ адну бутэльку пiва i зноў усеўся на аблюбаванае месца.

Мужчыны ўтрох паднялiся на другi паверх i былi заведзены ў сама лепшы пакой заезнага двара, дзе iх i прыняў прускi афiцэр; захутаны ў пунсовы халат, напэўна, украдзены ў пакiнутым доме якога-небудзь буржуа з не дужа развiтым густам, афiцэр сядзеў у крэсле, задраўшы ногi на рашотку камiна i курачы доўгую фарфоравую люльку. Ён не ўстаў, не павiтаўся, не глянуў на вiзiцёраў. Ён дэманстраваў найдасканалы ўзор хамства, уласцiвага салдафону-пераможцу. Па якой хвiлiне маўчання ён нарэшце спытаўся:

– Чаго фы хошаце?

Слова ўзяў граф:

– Мы хацелi б ехаць далей, пане.

– Не.

– Смею ў вас запытацца, якая прычына гэтай адмовы?

– По я не хашу.

– Смею вам пашаноўна заўважыць, пане, што ваш генерал даў нам дазвол на праезд да самага Дзьепа, i, мне здаецца, мы не ўчынiлi нiчога, што магло б выклiкаць такiя суровыя меры з вашага боку.

– Я не хашу, фось i фсё... Мошаце iсцi.

Яны пакланiлiся i выйшлi.

Рэшта дня працякла паныла. Капрыз немца быў абсалютна незразумелы; у галовы падарожным лезлi сама дзiкiя меркаваннi. Усе сядзелi ў кухнi i бясконца абмяркоўвалi сiтуацыю, выказвалi сама незвычайныя здагадкi. Можа, iх хочуць пакiнуць заложнiкамi? Але з якой мэтай? Цi затрымаць як вязняў? Цi, найверагодней, садраць з iх вялiкi выкуп? Пры гэтай думцы ўсiх апанаваў жах. Наймацней перапалохалiся сама багатыя: яны ўжо ўяўлялi, як iм дзеля ўратавання свайго жыцця давядзецца аддаць гэтаму нахабу ў мундзiры цэлыя мяхi золата. Яны ламалi галовы, прыдумваючы хоць якую-небудзь праўдападобную лухту, каб утаiць свой скарб, прыкiнуцца беднымi, вельмi беднымi людзьмi. Люазо зняў з сябе гадзiннiкавы ланцужок i схаваў яго ў кiшэню.

Стала сутонiцца, i гэта яшчэ болей узмацняла трывогу. Запалiлi лямпу, а так як да вячэры заставалася яшчэ гадзiны дзве, панi Люазо прапанавала згуляць у трыццаць адно. Гэта хоць трохi мо разважыла б iх. Прапанова была прынята. Нават Карнюдэ з ветлiвасцi патушыў сваю люльку i прыняў удзел у гульнi.

Граф стасаваў карты, раздаў, i ў Пампушкi адразу ж выявiлася трыццаць адно ачко; захопленасць гульнёй злагодзiла пострах, што не даваў спакою думкам. Але Карнюдэ заўважыў, што муж i жонка Люазо пачынаюць на пару махляваць.

Калi селi вячэраць, зноў з'явiўся пан Фалянвi i хрыпата прамовiў:

– Прускi афiцэр загадаў папытацца ў мадэмуазель Элiзабэт Русэ, цi не перамянiла яна свайго рашэння.

Пампушка спалатнела i знерухомела на месцы; потым кроў кiнулася ёй у твар, але яе душыў такi гнеў, што яна не магла вымавiць нi слова. Нарэшце выбухнула:

– Скажыце гэтаму нягоднiку, гэтай паскудзе, гэтай прускай падле, што я нiколi не дам згоды! Чуеце? Нiколi, нiколi, нiколi!

Таўстун-карчмар выйшаў. Усе абступiлi Пампушку, пачалi дапытвацца, настойлiва ўпрошваць раскрыць таямнiцу яе размовы з афiцэрам. Спачатку яна адмаўлялася, але потым пераважыў гнеў.

– Чаго ён хоча?.. Чаго хоча?.. Ён хоча пераспаць са мною!
– усклiкнула яна.

Гэтыя словы нiкога не збянтэжылi - настолькi ўсе былi абураныя. Карнюдэ так моцна грукнуў куфлем па стале, што ён разбiўся. Усчаўся галас - ва ўсiх выклiкаў абурэнне гэты гнюсны салдафон, усе кiпелi гневам, усе з'ядналiся для супрацiўлення, быццам ад кожнага з iх патрабавалася доля таго ахвяравання, якога вымагалi ад Пампушкi. Граф з агiдай заявiў, што гэтыя людзi паводзяць сябе, як прымiтыўныя дзiкуны. Асаблiва гарачае, прыязнае спачуванне выказвалi Пампушцы жанчыны. Манашкi, якiя выходзiлi са свайго пакоя толькi да стала, схiлiлi галовы i маўчалi.

Поделиться с друзьями: