Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)
Шрифт:

Таму яны малiлi нiмфаў i Пана збавiць iх ад гэтых пакут i нарэшце зноў паказаць iм i iх статкам сонца; молячыся, яны шукалi рады, як iм адно з адным убачыцца. Хлоя ж зусiм нiчога не магла тут нi зрабiць, нi прыдумаць: з ёю ўвесь час была яе названая мацi, вучыла яе часаць воўну, круцiць верацёны ды ўсё нагадвала пра вяселле; а Дафнiс быў вольны i больш здатны на выдумкi, чым дзяўчына, таму i знайшоў спосаб, як убачыць Хлою.

5

Перад Дрыясавай хатаю, пры ўваходзе на панадворак, раслi два вялiкiя мiрты i плюшч. Мiрты стаялi побач, а пасярод iх - плюшч, так што ён раскiдваў, як вiнаградная лаза, свае парасткi на абодва бакi i сваiм пераплеценым лiсцем нiбы ўтвараў пячору; i шмат буйных ягад, як вiнаградныя гронкi, звiсала з галiнак. Там збiралася шмат зiмовага птаства, якому не ставала ў полi спажывы: шмат чорных i шэрых драздоў, туркавак, шпакоў i розных iншых птушак, ласых на плюшчовыя ягады. Удаючы, што збiраецца паляваць на гэтых птушак, i падаўся з хаты Дафнiс,

напоўнiўшы сваю пастуховую торбу мядовымi коржыкамi, а каб больш далi веры, узяў з сабою птушыны клей, сiлкi. Дарогi было ад сiлы стадыяў дзесяць; але снег яшчэ не растаў i шмат даў яму клопату; але для кахання сапраўды ўсё не бяда - нi агонь, нi вада, нi нават скiфскi снег.

6

Дабегшы пад Дрыясаву хату i абтросшы ногi ад снегу, ён расставiў сiлкi i намазаў доўгiя галiнкi клеем: тады прысеў, чакаючы птушак i Хлою. Птушкi зляцелiся вялiкiмi чародамi, i шмат iх злавiлася, так што нямала яму было работы, iх збiраючы, забiваючы i аскубаючы пер'е. Але з жылля нiхто не выходзiў, нi гаспадар, нi жонка, нi свойская птушка - усе аставалiся пры агнi ўсярэдзiне замкнуўшыся; так што Дафнiс зусiм разгубiўся, быццам злавесныя птушкi яго сюды прывялi; i надумаўся ён прывесцi якую прычапку, каб адчынiць дзверы, i пачаў перабiраць, што ж такое сказаць, каб больш верагодным здалося. "Я прыйшоў агню ўзяць".
– "А хiба няма суседзяў за стадый ад цябе?" - "Я прыйшоў хлеба пазычыць".
– "Але ж у цябе торба поўная яды".
– "Мне трэба вiна".
– "Але толькi ўчора цi заўчора збiраў вiнаград".
– "За мною гнаўся воўк".
– "А дзе ж воўчыя сляды?" - "Прыйшоў я птушак палавiць".
– "Чаго ж дадому не iдзеш, калi нешта ўпаляваў".
– "Я хачу Хлою ўбачыць".
– "Але ж хто прызнаецца ў гэтым бацьку i мацеры дзяўчыны?" Усюды непярэлiўкi. Што нi сказаў бы, выдавала б падазроным. Лепш я памаўчу. Хлою я зноў увесну ўбачу, бо, як мне здаецца, не суджана ўбачыць яе ўзiмку".

Так паразважаўшы, сабраў ён пацiху сваю здабычу i хацеў ужо iсцi; але злiтаваўся над iм Эрас, i вось што адбылося.

7

Дрыясава сям'я сядзела за сталом; мяса было падзелена, хлеб пададзены, вiно разбаўлена ў кратэры. Адзiн з аўчароў, улучыўшы хвiлiну, калi яго нiхто не бачыў, ухапiў кавалак мяса i ўцёк з iм праз дзверы. Разгневаны Дрыяс (а гэта была якраз яго доля) схапiў кiя i сам, як сабака, пагнаўся ўслед. Гонячыся за iм, ён апынуўся каля плюшча i ўбачыў Дафнiса, якi, узвалiўшы сваю здабычу на плечы, якраз збiраўся ўцячы. Тут жа забыўшыся пра мяса i пра сабаку, стары голасна ўсклiкнуў: "Здароў, сынок!", абняў, пацалаваў яго i, узяўшы за руку, павёў у хату.

Убачыўшы адно аднаго, Дафнiс i Хлоя ледзь не асунулiся долу; але авалодалi сабою i ўтрымалiся на нагах, прывiталiся, пацалавалiся; i ў гэтым як быццам бы апору сабе знайшлi, каб не ўпасцi.

8

Атрымаўшы насуперак спадзяванню i пацалунак, i спатканне з Хлояю, Дафнiс падсеў блiжэй да агню; зняўшы з плячэй, паклаў на стол туркавак i драздоў i расказаў, як ён, калi яму надакучыла сядзець у хаце, пайшоў на паляванне i як ён налавiў птушак - адных сiлкамi, другiх клеем, калi яны ласавалiся ягадамi мiртаў i плюшча. Усе пахвалiлi яго руплiвасць i запрасiлi адведаць з таго, што не паспеў ухапiць сабака. А Хлоi сказалi налiць вiна. I яна радасна падала ўсiм, а Дафнiсу пасля ўсiх; яна ўдавала, што гневаецца на яго, чаму ён, прыйшоўшы, хацеў уцячы, не пабачыўшы яе. Але ўсё ж яна прыгубiла, перш чым яму паднесцi, i толькi ўжо тады падала. А ён, хоць яго i даймала смага, пiў паволi, каб праз гэтую павольнасць падоўжыць асалоду.

9

Хутка стол апусцеў ад хлеба i мяса. Але яны аставалiся яшчэ сядзець, распытваючы пра Мiрталу i Ламана, называлi iх шчаслiвымi, бо доля паслала iм такую падпору на старасць. I ён быў рад пахвалам, iх жа чула Хлоя; калi ж яго папрасiлi астацца, бо назаўтра яны хочуць прынесцi ахвяру Дыянiсу, ён з радасцi ледзь не схiлiўся ў паклоне перад iмi замест Дыянiса. Тут жа выняў з пастуховай торбы шмат мядовых коржыкаў i злоўленых птушак, якiх i прыгатавалi на вячэру. Другi раз паставiлi кратэр з вiном i другi раз агонь распалiлi. Хутка надышла ноч, зноў пайшло другое банкетаванне, пасля якога расказвалi розныя паданнi, спявалi песнi, пакуль нарэшце не разышлiся спаць - Хлоя са сваёю мацi, Дрыяс з Дафнiсам. Хлоя не мела iншае радасцi, апроч тае, што заўтра зноў убачыць Дафнiса, а Дафнiс радаваўся сцiплай уцесе: уважаў за радасць тое, што ляжаў з Хлоiным бацькам; так што ён абдымаў таго i не раз цалаваў, мроячы ў дрымоце, што робiць усё гэта з Хлояй.

10

Надышоў дзень - мароз быў страшэнны, паўночны вецер усё ледзянiў. Яны ўсталi, прынеслi ў ахвяру Дыянiсу гадавалага барана, развялi вялiкi агонь i падрыхтавалi яду. Пакуль Напэ хлеб пякла, а Дрыяс смажыў барана, Дафнiс i Хлоя, улучыўшы вольную часiну, выбеглi з хаты туды, дзе рос плюшч: зноў паставiўшы сiлкi i намазаўшы галiнкi птушыным клеем, налавiлi нямала птушак. А заадно тут была асалода пацалункаў i радасная гаворка. "Дзеля цябе прыйшоў я, Хлоя".
– "Ведаю, Дафнiс".
– "Дзеля цябе пазбаўляю жыцця гэтых няшчасных драздоў".
– "Што ж я павiнна зрабiць для цябе?" - "Помнi

пра мяне".
– "Помню, клянуся нiмфамi, якiмi некалi паклялася ў той пячоры, куды мы зноў пойдзем, як толькi растане снег".
– "Але ж так шмат снегу, Хлоя, баюся, што я сам раней растану".
– "Мацуйся, Дафнiс, сонца ўжо грэе".
– "О Хлоя, каб жа яно было такое гарачае, як агонь, што палiць мне сэрца".
– "Жартуеш, дурыш мяне". "Не, клянуся тымi козамi, якiмi ты мне загадала клясцiся".

11

Калi Хлоя Дафнiсу так адклiкалася, як Эхо, Напэ з дамашнiмi паклiкала iх, i яны прыбеглi, несучы яшчэ багацейшую за ўчарашнюю здабычу; тады ўзлiлi яны Дыянiсу першыя кроплi з кратэра i пачалi банкетаваць, усклаўшы на галаву вянкi з плюшчу. А калi надышоў час i адгучалi iх усклiкi "Iакх!" i "Эвоэ!", яны правялi Дафнiса, папоўнiўшы мясам i хлебам яго пастухову торбу. Далi i туркавак i драздоў аднесцi Ламану i Мiртале, бо сабе ж яны могуць яшчэ налавiць, пакуль трывае зiма i не скончылiся ягады на плюшчы. I ён пайшоў, пацалаваўшы ўсiх iншых раней за Хлою, каб яе пацалунак чыстым астаўся на яго губах.

I ён не раз яшчэ хадзiў гэтаю дарогаю пад рознымi прычапкамi, так што не ўся зiма прамiнула для iх без кахання.

12

А ўжо калi надышла вясна, сышоў снег, выступiла зямля, адскочыла трава, пастухi пагналi статкi на пашы, а раней за ўсiх Хлоя i Дафнiс, бо служылi яны вышэйшаму пастуху. Тут жа пабеглi яны да нiмфаў у пячору, адтуль да Пана пад хвойку i нарэшце да дуба, пад якiм яны i ўселiся, статкi пасвiлi i адно аднаго цалавалi. Пачалi яны шукаць кветак, каб прыбраць вянкамi статуi багоў; а тых толькi што выманiлi з зямлi зефiр, песцячы, ды сонца, грэючы; але ўсё ж знайшлi фiялкi, нарцысы, кураслеп i ўсiх iншых узгадаванцаў вясны. Хлоя i Дафнiс надаiлi з-пад некалькiх коз i авечак свежага малака, зрабiлi ўзлiванне, пасля чаго ўпрыгожылi вянкамi статуi багоў. I на сiрынзе яны пачалi зноў iграць, як бы хацелi з салаўямi ў спевах паспрачацца; i тыя адклiкалiся з гушчарнiку i пакрысе ўдасканальвалi свае жальбы пра Iтыса, нiбы прыпамiналi сваю песню пасля доўгага маўчання.

13

Тут i там бляялi авечкi, тут i там падскоквалi ягняты i, залазячы пад маткi, ссалi вымя; за някотнымi авечкамi ганялiся бараны i, уздымаючыся на заднiя ногi, пакрывалi iх - адзiн адну, другi другую. Гэтак жа ганялiся казлы за козамi, скакалi ў нясцерпе вакол iх i змагалiся за коз; кожны меў сваiх i ахоўваў iх, каб нiякi iншы крадком не ўжыў з яго права.

Нават старых такое вiдовiшча пацягнула б да любоўных уцех, а Дафнiс i Хлоя - маладыя, поўныя здароўя i сiл, i ўжо доўгi час прагнулi кахання; палымнелi яны, чуючы ўсё гэта, знемагалi, бачачы ўсё гэта, i самi шукалi чагосьцi большага, чым пацалункi ды абдымкi, а найбольш Дафнiс. Бо, вядома, прасядзеўшы зiму ў хаце, нiчога не робячы, ён узмужнеў, i рваўся да пацалункаў, i ўспыхваў ад абдымкаў, i ва ўсiм зрабiўся больш гарачым i адважным.

14

Вось i пачаў ён прасiць Хлою, каб дазволiла яму ўсё, чаго ён хоча; голая з голым iм паляжала даўжэй, чым яны дагэтуль рабiлi; бо толькi гэта ўпушчана з Фiлетавых павучанняў, так што гэта якраз тыя адзiныя лекi, што iх каханне суцiшаюць.

Калi ж яна спыталася, што яшчэ ёсць больш, чым цалаванне, абдыманне i само ляжанне, i што ён будзе рабiць, калi будзе голы пры ёй голай ляжаць, ён сказаў: "Тое самае, што бараны робяць з авечкамi, а казлы з козамi. Хiба ты не бачыш, што пасля гэтага авечкi ад бараноў не ўцякаюць, а тыя не ганяюцца за iмi да стомы, а, ужыўшы супольнай асалоды, разам пасуцца; салодкая, як вiдаць, гэтая работа, i яна адольвае горыч кахання".
– "Але хiба не бачыш ты, Дафнiс, што козы i казлы, а бараны i авечкi робяць гэта стоячы, як козы i авечкi таксама стоячы iх прымаюць, тыя ж на iх скачуць, яны ж носяць iх на спiне? А ты хочаш, каб я з табою ляжала ды яшчэ i голая? Да таго ж наколькi шчыльней шэрсць iх пакрывае, чым мяне мая вопратка". Паслухаўся Дафнiс, лёг пры ёй i ляжаў так доўгi час, але, не ўмеючы зрабiць тое, да чаго ён палка iмкнуўся, падняў яе i, абняўшы ззаду, прыцiснуўся да яе, пераймаючы казлоў. Але яшчэ больш збянтэжаны прысеў i заплакаў з таго, што ў каханнi ён яшчэ менш разбiраецца, чым бараны.

15

Меў ён суседа, што абрабляў уласную зямлю, на iмя Хромiс, лепшыя гады якога ўжо адышлi. Той узяў сабе жонку з горада, маладую, у самым росквiце, куды больш прывабную за вясковых; Лiкэнiён было ёй iмя. Бачачы, як штодня Дафнiс праганяў сваiх коз на пашу, а пад ноч з пашы, Лiкэнiён захацелася, прынадзiўшы яго падарункамi, зрабiць сваiм каханкам. I вось неяк, падпiльнаваўшы яго аднаго, яна падарыла яму сiрынгу, мёду ў сотах i пастухову торбу з аленевай шкуры. Але прызнацца яму пабаялася, бо заўважыла яго каханне да Хлоi: добра ж бачыла, як ён хiнецца да дзяўчыны. Спачатку яна здагадалася з iх кiўкоў галавою i з усмешак, а неяк аднаго ранку, сказаўшы Хромiсу, што нiбыта iдзе адведаць парадзiху суседку, пайшла за iмi назiркам, схавалася ў гушчарнiку, каб яе не ўбачылi, i ўчула ўсё, што яны казалi, i пабачыла ўсё, што яны рабiлi; не прайшло паўз яе i што плакаў Дафнiс. Спачуваючы няшчасным i рашыўшы, што гэта двойчы зручны момант - iх ад мук уратаваць, а заадно i сваю пажадлiвасць утаймаваць - прыдумала яна такую хiтрасць.

Поделиться с друзьями: