Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Плата (на белорусском языке)
Шрифт:

– Не. Ён усё роўна ледзь рыпеў. Акрамя таго, можна было даплыць проста да дзвярэй. Нават не трэба было праходзiць каля людзей.
– Чэпi плюнуў за борт, каб пазбавiцца салёнага смаку марской вады ў роце.
– Там маэстра па масажу, якога завуць Бенi, хутка напаткае сюрпрыз. Можа, нават ужо.
– Ён не мог стрымаць усмешкi, думаючы пра гэта.

– I ўсё ж, стары, - сказаў Дэл, - такiмi дамовамi нават на хлеб не заробiш. А ў Бродэрыка грошы ёсць. Я не жартую, ён на самай справе мяшок з грашыма.

– Мне трэба толькi тое, што мне належыць. Каб трэба было

больш, я б яму так i сказаў.

– Ну, зразумела. Але ведаеш, колькi, як мне сказаў Ейц, каштуе гэты кацер "Бялiнда"? Сорак тысяч. А той iхнi "кадылак" у Пам-Бiч? Колькi ў iм усяго панапхана, не хапае, бадай, толькi аўтамата па продажы "кока-колы".

– Ну i што з таго? Што яны сабой уяўляюць - два тлустыя старыя з кучай грошай? Калi хочаш мець з iмi справы, трэба не забываць, што тлушч i старасць неад'емныя ад грошай рэчы.

– Тады гэта не той выпадак. Што будзе далей, пасля Фрыпорта? Ты ж не мяркуеш вяртацца разам з iмi?

– Нi ў якiм разе. Я думаю, што мы махнём на якiя-небудзь астравы ў тым баку. Потым, можа, у Мексiку. У Акапулька. Як ты наконт гэтага?

– Мне любое месца будзе ў самы раз, калi гэта не Дананг або што-небудзь накшталт таго, - азiрнуўся цераз плячо Дэл. I калi ўжо гаворка зайшла пра гэта, у небе зноў з'явiўся верталёт берагавой аховы. З моцным строкатам ён ляцеў уздоўж берага ў паўночным кiрунку.
– Слухай, мне робiцца моташна нават ад гуку вось такiх штук, - сказаў Дэл.
– Здаецца, - што спiна ломiцца ад амунiцыi.

– Ад рэчавага мяшка з поўнай паходнай выкладкай, - сказаў Чэпi, - даверху напханага ласункамi тыпу сухiх пайкоў.

Калi яны спынiлiся каля "Бялiнды II", Бродэрык стаяў за штурвалам кацера, а Ейц - каля борта, назiраючы за iмi. Ён узяўся за канец каната, якi кiнуў Чэпi, i прышвартаваў шлюпку да "Бялiнды II".

– Ну!
– вымавiў ён.
– Гляньце, хто вярнуўся ў наш дом! Каб расказаць, пэўна, нам гiсторыю пра тое, што не атрымалася i чаму.

Чэпi не звярнуў на яго нiякай увагi. Ён пералез цераз борт кацера. Да яго далучыўся Дэл пасля таго, як выцягнуў з вады рухавiк. Бродэрык абвёў iх позiркам.

– Нават не задыхалiся, - сказаў ён.
– Сапраўды крутыя хлопцы.

Чэпi падышоў да стала, за якiм Бродэрык i Ейц звычайна гулялi ў карты, калi хто-небудзь iншы стаяў за штурвалам. Ён выцягнуў з-за пояса цэлафанавы пакет i вытрас з яго на стол нож i вуха. Вуха набыло колер аконнай замазкi, а той бок, дзе яго рэзалi, быў чырвоны i лiпкi, з карычневымi згусткамi крывi.

Ухмылка спаўзла з твару Бродэрыка. Ён адпусцiў штурвал i пайшоў да стала, не зводзячы з яго вачэй. Дэл кiнуўся да штурвала i ўтрымаў кацер у раўнавазе.

– Ну, i чаго ты так здзiвiўся?
– звярнуўся ён да Бродэрыка.
– Няўжо ён не гаварыў, што зробiць гэта? I што прывязе доказы?

Бродэрык стаяў нерухома, не адводзячы вачэй ад стала. Потым гэтак жа ўважлiва паглядзеў на Чэпi, правёўшы далонню па вуснах.

– Ты што, на самай справе забiў чалавека?
– нарэшце хрыпла спытаў ён.
– Я сур'ёзна пытаю - ты забiў яго?

Чэпi кiўнуў галавой у бок стала.

– А ты што думаеш, ён ляжаў

там i прасiў мяне адрэзаць яму вуха?

– Але хто ён? Божа, ты, вiдаць, не мог нават даведацца, хто быў той чалавек!

– Я не спяшаюся, - адказаў Чэпi.
– Я магу пачакаць i даведацца, прачытаўшы заўтра газеты ў Фрыпорце. Але плату я хачу атрымаць, не чакаючы гэтага.
– Ён выставiў руку i на далонi зрабiў патрабавальны рух.
– Цяпер самы раз.

– Плату?
– перапытаў Бродэрык.

– Слухай, ты пайшоў у заклад, выставiў сваiх дзесяць даляраў супраць маiх дзесяцi цэнтаў, сцвярджаючы, што я не змагу гэтага зрабiць. Я гэта зрабiў. Так што надышоў час плацiць.

– Але клянуся Богам, я зусiм не ставiўся да гэтага сур'ёзна, - вымавiў у роспачы Бродэрык.
– Я нават не думаў, што ты гэта зробiш. Так, прыйшлося да слова. Ты ведаў, што гэта былi не больш чым разважаннi. Ты павiнен быў гэта ведаць.

– Ты паведамiў яму план гатэля, - уступiў у гутарку Дэл.
– Ты сказаў яму, дзе можна знайсцi чалавека для гэтай мэты. Менавiта ты асцерагаўся, што на зваротным шляху нас могуць заўважыць з верталёта. Дык цi не думаеш ты даваць заднi ход?

– Слухай, ты, - пачаў Бродэрык, але адразу ж асекся, матляючы галавой згодна са сваiмi думкамi.

Да Бродэрыка хуткiм крокам падышоў Ейц i ўзяў яго за руку.

– Слухай, Брэд, што я табе скажу як твой юрыст. Аддай яму любыя грошы, бо ты ўлез у гэтую справу па самыя вушы. I не надумай везцi iх на Багамы цi куды-небудзь яшчэ за межы краiны. Мы можам дабрацца, пакуль не сцямнела, да Кi-Ларга i выкiнуць iх там.

– Фрыпорт, Кi-Ларга - куды толькi вам падабаецца, - пацiснуў плячамi Чэпi. Ён узяў са стала нож, выцягнуў лязо, пакруцiў яго, любуючыся, як яно паблiсквае на сонцы. Потым скiраваў нож у бок жывата Бродэрыка.
– Але спачатку я атрымаю ўсё, што мне належыць.

Бродэрык глянуў унiз на нож, потым уверх - на твар Чэпi. З-за яго спiны, ад штурвала пачуўся голас Дэла:

Нас тут двое.

Бродэрык вызвалiў руку, якую моцна трымаў Ейц, i сунуў яе ў заднюю кiшэню. Выцягнуўшы адтуль пачак купюр у вялiкай залатой сашчэпцы, ён выцягнуў з яго дзесяцiдаляравую банкноту i сунуў яе Чэпi.

– За дзесяць вашывых даляраў, - сказаў ён, як бы ўсё яшчэ не верачы таму, што адбылося.

Чэпi ўзяў банкноту, агледзеў яе з двух бакоў, як бы правяраючы, цi не фальшывая яна. Потым разарваў яе на дзве паловы, высока ўзняў iх i пусцiў па ветру. Паперкi затрапяталi, падхопленыя ветрам, над гюйс-штокам ля кармы "Бялiнды II" i апусцiлiся на хвалю, што пенiлася за кацерам.

– Гэта была нiчога не вартая частка закладу, - сказаў Чэпi.
– Як цяпер наконт сапраўднай платы?

– Сапраўднай платы?
– перапытаў Бродэрык.

– Сэр, вы мне гаварылi, што, калi ўсё ж такi я гэта здзейсню, вы станеце перада мной i скажаце, што вы нiчога не ведалi наконт гэтага. Вы гаварылi, што, гледзячы мне проста ў вочы, скажаце, што цяпер у В'етнаме хлопцы не горшыя за тых мокрых курыц, з якiмi вы былi ў Карэi. Не горшыя i, можа, нават намнога лепшыя. Ну, дык гаварыце!

Поделиться с друзьями: