Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
Пастаяўшы на адхоне і нявесела разважыўшы, ён з апанураным сэрцам пачаў спускацца ўніз. І нечакана ў траве натрапіў нагою на штось мяккае, хапіў рукою і пазнаў: то была кепка. Жорсткая суконная кепка з цвёрдым даўгім казырком — знаёмая кепка Войціка. Аж спалохаўшыся ад тае знаходкі, ён замітусіўся на адхоне, прабег паўз канавы і ў стаптаным быльнягу ледзьве не наскочыў на чалавека. Цёмнай нерухомай купінай той ляжаў ніцма, і штосьці белае на ім выразнаю плямай свіцілася ў змроку.
Поўзаючы на каленях, Сушчэня абмацаў яго — то быў Войцік, і быў ён нежывы, ужо стаў халодны, як і зямля, на якой ляжаў. Вінтоўкі нідзе не было, паддзёўку з яго, мабыць, здзерлі, гамашы таксама — за адной нагой валаклася ануча, другая нага была босая. Кішэні штаноў матляліся вывернутыя, мабыць, шукалі зброі ці якой маёмасці, — забілі і кінулі. Сам не адчуваючы сябе ад страхавітага хвалявання, Сушчэня ўпоперак на плечы ўзваліў шчуплаватае цела Войціка і подбегам адолеў шашу. Трохі цяжэй было ўзлезці на адхон. Але наўкола па-ранейшаму
Апошнія крокі да таго месца, дзе ляжаў Бураў, ён ужо ледзьве брыў, знясілены раптоўнаю стомай, неяк усё ж датупаў з забітым на плячах да другога забітага і разам з ношаю ўпаў на дол. Здаецца, сілы ў яго ўжо не засталося, бо не засталося надзеі, усё зайшло ў абсалютны тупік, і толькі яшчэ недарэчна доўжылася яго жыццё, якое цяпер немаведама навошта яму. Што яму рабіць цяпер з ягоным жыццём, чым яму абараніць яго і ці варта абараняць наогул? Каму будзе шчасце з таго абароненага ім жыцця? Хто ўзрадуецца таму жыццю, калі самому яно ўжо не на радасць, а на беспрасветныя злыя пакуты.
Трохі паляжаўшы, ён заварушыўся, сеў. Выпрастаўшы ногі, сядзеў на золкім доле пагорка. Праз туман і голае вецце кустоўя ўнізе па-начному цьмяна і санліва паблісквала рака, і ляжалі побач двое забітых. Дзіўна, яны прыехалі на станцыю, каб забіць яго, ды ўсё атрымалася інакш: ён вось жывы, а яны мёртвыя. І во дзіва: яму няма з таго радасці. Нібы ён сам таксама ўжо мёртвы.
Сушчэня трохі пацягнуўся, паправіў Войціка — перакаціў яго на спіну. Пасля, падумаўшы, стаў на калені, падцягнуў яго танклявае, нібы ў падлетка, цела, паклаў побач з Буравым. Два партызаны, як у страі — плячо ў плячо. Толькі адзін босы, а так абодва ў кашулях, без шапак. Старэйшы і малады. З вольнымі рукамі, без зброі.
Зброя была ў яго — чорны міліцэйскі наган з сямю патронамі ў барабане. Але нашто яму сем патронаў? Яму патрэбны ўсяго адзін. Каб падвесці апошні рахунак жыццю. Ці выкараскацца з гэтага тупіка, у які яго загналі немцы, вайна і жыццё… Сумленна, як усе, на роўных правах з людзьмі жыць ён не мог, а несумленна ён не хацеў. У яго была жонка, радня, рос сынок Грышачка, як было класці пляму на іхнія лёсы? А не запляміць было ўжо немагчыма. Насуперак свайму жаданню, усім сваім намаганням. Што ж яму яшчэ засталося?
Ну, але, што ж, мусіць, усё мае свой сэнс і свае законы. Чалавек не ўсё можа. Часам ён не можа нічога. Загінулі ж гэтыя людзі, партызаны і патрыёты, чым ён лепшы за іх? Ён жа ў іх смертны час быў разам з імі і ўжо хоць бы таму заслужыў такую самую смерць? Хай яму даруюць людзі, жонка Анэля, сынок. Ён заўсёды стараўся быць добрым мужам і бацькам, ды вайна ці няшчасны лёс сталі мацней за яго. Бог ведае, як ён любіў іх і колькі натрываўся за іх! Мусіць, было б усё інакш, калі б не гэтая яго любоў, якую скарысталі з разлікам тыя, што загналі яго ў гэтую пастку, пакінуўшы іх заложнікамі. Немец Гросмаер скруціў яго лёс, але ён не пераможа ягонае волі. Ягоная вольная воля — можа, тое адзінае, што засталося непадлеглым нікому. Усё ж ён памрэ на свой выбар… Хай хоць гэта суцешыць яго ў яго горкай долі. Іншага суцяшэння сабе ён ужо не знаходзіў…
Золкай туманнай ноччу група падрыўнікоў партызанскай брыгады «Дзядзі Сашы» прабіралася на шашу, каб замініраваць мост цераз Рэсу. Хлопцы трохі заблудзілі звечара і выйшлі на дарогу ўбаку ад моста. Каб зноў не блукаць паначы і зэканоміць час, паціху пайшлі над адхонам. Ішлі моўчкі, насцярожана, след у след за пярэднім — старшым групы, вайсковым сяржантам з акружэнцаў. Вёсак паблізу тут не было, паліцыя ўначы не надта гойсала гэтай лесавой дарогай. Але ўсё ж…
Але ўсё ж трохі ўбаку і зводдаль нечакана раздаўся стрэл — нягучны шчоўкнуў у тумане, і хлопцы ўсе разам прыселі. Ды стрэлаў больш не было. Хвойны бор за дарогай моўчкі чарнеў у туманным паўзмроку, па другі бок, за сенажаццю, наогул няшмат што было відаць. Недзе ўгары, за аблокамі, ужо ўзышоў месяц, трохі падсвятліў ноч, якая, аднак, мляўка таілася ў шэрай туманнай навалачы.
— Так, балуецца нехта… Дурак нейкі, — ціха сказаў той, што ішоў за старшым. Старшы недаверліва пакруціў галавой у пілотцы, паслухаў і, мабыць, нічога больш не ўчуўшы, засцярожліва пайшоў далей.
Іншыя павалакліся следам.
Іхні галоўны клопат чакаў іх наперадзе.
Аблава
Раздзел першы. Чалавек на імшарыне
Прырэчная лугавая імшарына з раскіданымі па ёй бухматымі купкамі лазняку ды грыўкамі зрудзелага бярэзніку дружна зелянела позняю восеньскай атавай. У доле скрозь было мокра, няўходна, мох часам асядаў пад нагамі, і тады з-пад яго цвіркала мутная жыжа. Але мох дужа не правальваўся, дрыгвы тут не было. Гэта цяпер, увосень, імшарына набрыняла вадой і стала падобнаю на балота, а ўлетку, у пару сенакосу, дык тут скрозь было суха, вольна хадзілі касцы, бабы і нават ездзілі на брыках, калі звозілі сена. Дзе-нідзе ў доле яшчэ і цяпер налітыя чорнай вадой блішчэлі сляды конскіх ног. Пасля дажджоў прырэчнае балота шырока разлілося, заліло імшарыну, якая, бы цеста на дражджах, пачала пухнуць мяккім вільготным мохам. Скураныя пасталы на нагах у чалавека даўно раскіслі ад балотнай вады, анучы наскрозь змакрэлі.
Але чалавек не заўважаў таго і між кустоўя ўпарта імкнуўся кудысьці. Наўкола стаяла цішыня, нідзе не было нікога. Людзі завіхаліся на палетках, выбіралі бульбу, — нашто цяпер каму гэтая дальняя прырэчная імшарына? Чалавек, мабыць, ведаў тое і ўсё ж адчуваў сябе неспакойна, нават трывожна; хада яго была такая насцярожаная, што, здавалася, варта недзе каркнуць вароне, як ён здрыганецца і абамрэ на месцы.Быў ён немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы, з жылаватай выцягнутай шыяй. На даўно не голеным твары чырванеў даўгі прастуджаны нос, з-пад святлявых броваў насцярожана зыркалі шэрыя вочы. Рот яго быў трохі разяўлены — ад стомы ці залішняй увагі, і з-пад абвіслых вусоў вытыркаліся два ніжнія зубы, іншых спераду не было відаць. Дыханне ў чалавека чулася сіпатае і частае — усё ж, мусіць, далася яму ў знакі гэтая хада па балоце. Апрануты ён быў у зрудзелы ад старасці вясковы армячок-паддзёўку, залаплены на плячы чорным суконным лапікам, на запалым жываце скасабочана трымалася раменная папружка. Пакамечаная кепка на галаве даўно ўжо страціла сваю ранейшую форму і выглядала нібы аблавушка — відаць, насілі яе не адзін год. Мабыць, таксама, як і порткі, спераду і ззаду абсаджаныя лапікамі, на якія, у сваю чаргу, былі прышыты новыя лапікі — такія зношаныя былі порткі. Бадай, самае спраўнае на чалавеку былі ягоныя пасталы, хоць і раскіслыя ад вады, але з моцнай сырамятнай скуры, туга сцягненыя на нагах вераўчанымі забэрскамі, канцы якіх былі абкручаны аднізу на калашынах тых нехуцавых порткаў. Ніякай ношы ці хатулька ў чалавека не было відаць, вольныя рукі яго, аднак, не матляліся, а напаўсагнутыя насцярожана віселі па баках.
Відаць было па ўсім, што чалавек даўно ішоў адзін, звыкся са сваёй адзінотай і старанна абмінаў людзей. Людзі для яго былі найвялікшаю небяспекай у полі, на дарогах, ці не таму ён выбіраў шлях воддаль ад дарог, паселішчаў, між параснікаў і балацявін або цераз лес. За час блукання ён адвык ад чалавечага голасу, сам маўчаў, толькі напружана, да болю ў галаве, думаў і безупынна ўзіраўся ў наваколле. Слых яго стаў такі востры, што ён лёгка заўважаў самы кволы птушыны шолах у кустоўі, за вярсту лавіў стук калёс на дарозе; нягучны дзіцячы вокрык даваў яму знаць, дзе пасвіцца вясковы статак. Статка ён не баяўся, ужо разы тры, натрапіўшы на пастушкоў, разжываўся ў іх хлебам ці бульбінай, аднойчы нават паспытаў трохі сала. Сала дала дзяўчынка, якая разам з другой гэткай жа малечай пасвіла шэсць каровак на ржышчы пад лесам, і ён, вылезшы з кустоўя, спярша папытаўся, якая вёска здаля на пагорку і як клічуць дзяўчынку. Мусіць, тая ўсё ж напалохалася, але адразу выняла з кішэні бацькавай світкі загорнуты ў чыстую анучку свой полудзень і моўчкі аддала дзядзьку. Ён узяў, адышоўся і, хоць быў згаладнелы, бы воўк, не мог узяцца есці — так узрушыў яго той яснавокі позіркі дзяўчаці, які неспадзеўкі нагадаў яму ягоную дачушку Волечку. Добра адышоўшыся па ўзлеску, ён зашыўся ў гушчар і не стрымаўся — заплакаў, мо першы раз з таго часу як пахаваў дачушку. Не суджана было ёй пабачыць сваю зямельку, прыбраў бог на чужой старане, навек супакоіў над жвіровым абрывам далёкай сцюдзёнай ракі.
А бацька дайшоў.
Прырэчная імшарына разам з ракой крута паварочвала ўбок, наперадзе між кустоўя засінеўся хвойны грудок, і Хведар Роўба запаволіў хаду, гатовы зусім спыніцца. На твары яго адбіўся выраз тугі, нават болю, ён зморшчыўся сваімі зашчаціненымі маршчакамі, нібы збіраўся заплакаць. Ды і сапраўды ледзь не заплакаў, расчулены, можа, пазнаўшы памятную з дзяцінства мясціну — той пясчаны грудок сярод балацявіны, на якім зімой і ўлетку зелянела купка стромкіх старых хваін. Там, ведаў, была дарога, якою ён калісьці ездзіў на станцыю, у мястэчка, малы — з бацькамі на кірмашы, затым у раён да начальства, колькі разоў вазіў нарыхтоўкі збожжа, падатак просты і два разы цвёрды. Грудок, здаецца, не змяніўся за ўсе доўгія пяць гадоў, як Хведар не бачыў яго, хвойкі нібы папрыгажэлі нават і бухмата зелянелі зводдаль, быццам слалі яму прывітанне з таго даўняга самотнага дня, як ён апошні раз глядзеў на іх з воза па дарозе на станцыю.
Вельмі яму хацелася падысці да грудка, каб хоць зірнуць на знаёмыя мядзяныя камлі хвой, сухі жвірысты дол, ды ён не пайшоў. Блізка было і жадана, але… Наперадзе, мусіць, чакалі яго і яшчэ болей родныя мясціны, а там, за грудком на дарозе, маглі паявіцца людзі. Свае, знаёмыя, дзеравенцы. Але сустрэчы са сваімі і знаёмымі ён баяўся болей за ўсё.
«Божа літасцівы, чаму ж я такі нешчаслівы? — звыкла падумалася Хведару, як думалася бадай штодня ўсе пяць гадоў ягоных пакут. — Жывуць людзі, спакойна ходзяць па гэтай зямельцы, і, мусіць, ніхто не ведае, як без яе. А я…» А ён, калісьці гвалтам адарваны ад яе, здаецца, здзічэў нутром ад самоты па ёй, спарахнеў розумам. Двойчы за апошні год ён уцякаў — па-дурному, без падрыхтоўкі і аніякага шанцу, дзе ж было дапяцца да ўдачы. Але во ці не пашэнціла ўсё ж, калі ўжо зніклі ўсе спадзяванкі. Здаецца, і напраўду хутка ён убачыць свой родны кут, сваё поле, стрэхі маленечкай падлеснай вёскі Нядолішча, з яе малаўрадлівымі палеткамі, балоцістым выганам і параснікамі, дзе мінулі яго маладыя гады, дзе будучыня колісь паклікала яго да незабыўнага, зманлівага шчасця. Няўжо цяпер яму надарыцца такое? Ад таго грудка па дарозе заставалася тры вярсты да канчатковае мэты яго падарожжа. Няўжо яна спраўдзіцца?